Летувіская Савецкая Рэспубліка

Летуві́ская Саве́цкая Рэспу́бліка, таксама вядомая як Летуві́ская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка (па-летувіску: Lietuvos Tarybų Respublika, Lietuvos Tarybų Socialistinė Respublika) — кароткатэрміновае дзяржаўнае ўтварэньне ў форме савецкае рэспублікі на тэрыторыі сучаснае Летувы, абвешчанае 16 сьнежня 1918 году часовым рэвалюцыйным урадам на чале зь Вінцасам Міцкявічусам-Капсукасам.

Летувіская Савецкая Рэспубліка
лет. Lietuvos Tarybų Respublika

1918—1919
Сьцяг Летувіскай Савецкай Рэспублікі
Сьцяг
Месцазнаходжаньне Летувіскай Савецкай Рэспублікі
Афіцыйная мова летувіская, расейская, беларуская, польская, ідыш[1]
Сталіца Вільня
Форма кіраваньня
Старшыня ўраду
Сацыялістычная рэспубліка
Вінцас Міцкявічус-Капсукас
Незалежнасьць
— фармаваньне
часовага
рэвалюцыйнага
ўраду
— аб’яднаньне з ССРБ

8 сьнежня 1918



27 лютага 1919

Спыніла сваё існаваньне 27 лютага 1919 году па аб’яднаньні з Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай Беларусі, разам зь якой па даручэньні расейскага ўраду была ўтвораная г. зв. Летувіска-Беларуская ССР (у гістарыяграфіі вядомая таксама як ЛітБел).

На думку гісторыкаў, незважаючы на намаганьні па прадстаўленьні ЛСР як нібыта выніку сацыялістычнае рэвалюцыі пры падтрымцы мясцовых жыхароў, рэспубліка насамрэч зьяўлялася прарасейскім марыянэткавым палітычным утварэньнем, створаным для апраўданьня вайны паміж Саветамі ды тагачаснай незалежнай Летувой. У сваю чаргу, прадстаўнікі савецкай гістарыяграфіі прытрымлівалася думкі, што прызнаньне Савецкай Расеяй савецкай рэспублікі ў Летуве разьбіла хлусьню імпэрыялістаў ЗША й Вялікабрытаніі пра драпежныя мэты Расеі ў Балтыцы[2]. Тым ня менш, летувісы не падтрымалі савецкае ўтварэньне на тэрыторыі краіны, падтрымаўшы ў асноўным незалежную дзяржаву, абвешчаную 16 лютага 1918 году летувіскай Тарыбай.

Утварэньне

рэдагаваць

Нямецкая імпэрыя атрымала паразу ў Першай сусьветнай вайне і 11 лістапада 1918 году падпісала Першае Камп’енскае замірэньне, паводле якога краіна пагаджалася на спыненьне баявых дзеяньняў. Узброеныя сілы Нямеччыны пачалі адступаць ад тэрыторыяў Обэр-Осту. Праз два дні ўрад Савецкае Расеі адмовіўся ад умоваў Берасьцейскага міру, згодна зь якім яна, у прыватнасьці, прызнавала незалежнасьць Летувы[3]. Савецкае кіраўніцтва пачало наступ на заходнія тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі, дзе былі абвешчаныя новыя незалежныя дзяржавы — Эстонія, Латвія, Летува, Беларусь, Украіна і Польшча. Наступ ажыцьцяўляўся з мэтаю распаўсюджаньня г.зв. пралетарскае рэвалюцыі і замены мясцовых нацыянальных рухаў стварэньнем савецкіх рэспублік[4]. Савецкія сілы рушылі ўсьлед адыходзячым нямецкім войскам, у выніку чаго напачатку практычна бяскроўна былі занятыя цэнтральныя часткі Беларусі, а потым, напрыканцы сьнежня 1918 году была дасягнутая тэрыторыя сучаснае Летувы[5].

Абвяшчэньне

рэдагаваць

Пачатак актыўнасьці камуністаў у Летуве адзначаецца з канца лета 1918 году. У пэрыяд з 1 па 3 кастрычніка ў Вільні, якая на той момант аспрэчвалася ўрадам БНР, адбыўся зьезд з 34 дэлегатаў, на якім было абвешчанае стварэньне Камуністычнае партыі Летувы[2]. Першым старшынём партыі быў абраны Пранас Эйдукевічус. Партыя вырашыла распрацаваць палітычную праграму на ўзор расейскіх бальшавікоў і арганізаваць сацыялістычную рэвалюцыю ў Летуве. Гэтыя пляны былі інсьпіраваныя і фінансаваліся расейскім урадам, кантралюючыся камуністычнымі дзеячамі Адольфам Ёфэ і Дзьмітрыем Мануільскім[6]. 2 сьнежня гэтага ж году Міцкявічусам-Капсукасам была пасланая давераная асоба[6] для перадачы 15 млн рублёў на фінансаваньне рэвалюцыі[6], а ўжо 8 сьнежня Камуністычная партыя Летувы сфармавала Часовы рэвалюцыйны ўрад з васьмі чальцоў, лідэрам якога стаў сам Міцкявічус-Капсукас. Іншымі ягонымі чальцамі сталі Зігмас Алекса-Ангарэціс, Сямён Дыманштэйн, Казімеж Ціхоўскі, Пранас Свотэліс-Пралетарас, Аляксандрас Якшэвічус, Канстанцінас Керновічус ды Іцхак Вайнштайн[7]. Тым ня менш, шэраг сучасных гісторыкаў маюць сумневы пра рэальнасьць сустрэчы гэтых дзеячоў у Вільні, як гэта сьцьвярджалася ў савецкіх гістарычных працах[6][8], больш верагоднай зьўляецца тэорыя пра прыход гэтага ўраду разам з Чырвонай арміяй.

У пэрыяд 1—5 студзеня 1919 году Вільня не кантралявалася ні Летувой, ні летувіскімі камуністамі, знаходзячыся пад кантролем мясцовай польскай самаабаронай[9]. Паміж 16 сьнежня 1918 году і 7 студзеня 1920 году летувіскі камуністычны ўрад знаходзіўся ў Дзьвінску[6].

Пазьней, у маніфэсьце, датаваным 16 сьнежня, было аб’яўлена пра стварэньне Летувіскае ССР[2]. 19 сьнежня гэтага ж году маніфэст быў апублікаваны ў расейскай газэце «Известия», а потым зачытаны па радыё[6]; празь пяць дзён маніфэст быў распаўсюджаны ў Вільні[10]. Праект маніфэсту быў падрыхтаваны непасрэдна Міцкявічусам-Капсукасам і зьмяшчаў у канцы лёзунг «Няхай жыве Расейская Савецкая Фэдэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка [разам] з Савецкай Летувой!»[6]. Канечне маніфэст быў адрэдагаваны тагачасным народным камісарам па справах нацыянальнасьцяў Сталіным і іншымі сябрамі РКП, у выніку чаго лёзунг набыў выгляд «Няхай жыве вызваленая савецкая Летува!»[6]. Міцкявічус-Капсукас не жадаў устанаўленьня незалежнай савецкай рэспублікі, агітуючы супраць сэпаратызму; да гэтых ідэяў ён прыйшоў пад уплывам Розы Люксэмбург[11].

Новаўтвораная ЛСР папрасіла дапамогі з боку РСФСР. 22 сьнежня РСФСР прызнала незалежнасьць савецкае Летувы[12], у той жа дзень Чырвоная армія авалодала мястэчкамі Езяросы і Сьвянцяны (на апошняе прэтэндаваў урад БНР), у наступным актыўнасьць Часовага ўраду рэзка зьнізілася[2], а армія незалежнае Летувы, будучы вельмі маладой, ня здолела аказаць супраціву савецкаму наступу. 5 студзеня Чырвоная армія, наўзамен польскай самаабароне, узяла пад кантроль Вільню. Ужо напрыканцы студзеня гэтага ж году Чырвоная армія кантралявала большую частку Летувы[5], пакінуўшы пад кантролем незалежнае Летувы толькі рэгіён Жамойці ды навакольляў.

У межах савецкага наступу падобныя прарасейскія савецкія ўтварэньні былі створаныя і ў іншых краінах Балтыі (Латвійская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка, Эстляндзкая працоўная камуна)

Летувіская Савецкая Рэспубліка зьяўлялася адносна слабым утварэньнем, якое было вымушана спадзявацца на дапамогу з боку Расеі[12]. Саветы ў Расеі, як правіла, найбольшую падтрымку мелі серад працоўных на прадпрыемствах, якіх было даволі мала ў Летуве[13]. 21 студзеня ўрад РСФСР прадаставіў савецкай Летуве крэдыт памерам 100 млн рублёў[14]. Савецкая Летува ня здолела стварыць уласнага войска; у лютым 1919 году Міцкявічус-Капсукас накіраваў тэлеграму ў Маскву, у якой паведамлялася, што прызыў летувісаў у савецкую армію толькі заахвочвае іх да прыходу добраахвотнікамі ў армію Летувіскай Рэспублікі[1]. У той жа час на тэрыторыях, акупаваных Саветамі, былі створаныя рэвалюцыйныя камітэты ды саветы на ўзор Расеі[1].

Савецкае кіраўніцтва патрабавала вялікіх кантрыбуцыяў з боку занятых населеных пунктаў. Так, месту Панявеж было прадпісана здаць на карысьць савецкае ўлады 1 млн рублёў, Уцяне — 200 тыс, тады як ад кожнага селяніна патрабавалася па 10 рублёў[13].

Былі нацыяналізаваныя камэрцыйныя ўстановы і буйныя маёнткі, выкарыстаньне зямлі было замененае зь невялікіх фэрмэрскіх гаспадарак на калектыўнае земляробства[13]. Эканамічныя цяжкасьці й недахоп грошай былі прадэманстраваныя дэкрэтам ад студзеня 1919 году, згодна зь якім любым фінансавым установам забаранялася плаціць жыхарам сумы больш за 250 рублёў[15]. Непапулярнасьці савецкае ўлады ў Летуве таксама паспрыялі шырокая ўкаранёнасьць у летувісах каталіцызму і нацыяналізму[1][13].

Ліквідацыя

рэдагаваць
 
Тэрыторыя міжваеннае Летувіскае Рэспублікі і яе тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Польшчы

Паміж 8 і 15 лютага 1919 году летувіскія й нямецкія добраахвотнікі спынілі савецкі наступ, выратаваўшы ад узяцьця пад савецкі кантроль тагачасную сталіцу Летувіскае Рэспублікі Коўна[5] (урадам Летувы сталіцай фармальна лічылася Вільня, аднак абсалютна большую частку свайго існаваньня ў міжваенны пэрыяд Летува не кантралявала гэты горад, з прычыны чаго рэальнай сталіцай рэспублікі быў горад Коўна, які лічыўся часовай сталіцай).

Сутыкнуўшыся зь непапулярнасьцю савецкае ўлады ў Летуве і пагрозай польскага наступу ў бок Беларусі, савецкае кіраўніцтва вырашыла аб’яднаць беларускую ды летувіскую савецкія рэспублікі ў адзіную — Летувіска-Беларускую ССР, на чале якой стаў Міцкявічус-Капсукас[16], таксама былі аб’яднаныя і камуністычныя партыі абедзьвюх ССР. Тым ня менш, дадзеныя меры не дапамаглі, і польскія войскі ў красавіку ўзялі Вільню, а потым, у жніўні, і Менск (гл. польска-савецкая вайна). З-за таго, што Польшча ўзяла пад кантроль амаль увесь цэнтар Беларусі, а ў склад БССР (якая ўвайшла ў склад ЛітБелу) не ўваходзіў усход сучаснае Беларусі, тэрыторыя пад кантролем ЛітБелу скарацілася да вельмі вузкай паласы зямлі між РСФСР ды Польшчай у раёне ракі Беразіна; у выніку гэтага ЛітБел спыніў сваё існаваньне спачатку фактычна, а потым і фармальна.

14 ліпеня 1920 году савецкія сілы ўзялі пад кантроль Вільню, але не перадалі яе навакольле і сам горад у рукі Летувы, як гэта было замацавана паводле Маскоўскае дамовы між РСФСР і Летувой, падпісанай двума днямі раней. Замест гэтага Саветы пачалі плянаваць зьвяржэньне ўраду Летувіскае Рэспублікі і аднаўленьне савецкага ўраду ў краіне, як гэта было зьдзейсьнена з БССР[1]. Тым ня менш, Чырвоная армія прайграла бітву пад Варшавай (г.зв. «Цуд на Вісьле») і была адкінутая Польшчай, што расцэньваецца некаторымі гісторыкамі як адзін з фактараў выратаваньня Летувы ад савецкага перавароту[17][18].

У міжваенны пэрыяд савецка-летувіскія адносіны ў асноўным насілі станоўчы характар, аднак празь некалькі месяцаў пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны Савецкі Саюз вырашыў акупаваць дзяржавы Балтыі, у тым ліку й Летуву, што было ажыцьцёўлена ў ліпені 1940 году. Паводле афіцыйнай савецкай прапаганды гэтыя падзеі апісваліся як аднаўленьне савецкае ўлады рэвалюцыйных мас[2]. У 1939 годзе яшчэ незалежнай Летуве была перададзеная Вільня з навакольнымі рэгіёнамі, якая на той момант трапіла са складу Польшчы ў склад БССР, праз год Летуве, ужо як рэспубліцы ў складзе СССР, былі перададзеныя дадатковыя тэрыторыі БССР, у прыватнасьці Эйшышкі, Салечнікі, Друскенікі і Гадуцішкі.

  1. ^ а б в г д Eidintas, Alfonsas; Vytautas Žalys, Alfred Erich Senn. Lithuania in European Politics: The Years of the First Republic, 1918–1940. — New York: St. Martin's Press, 1999. — С. 36. — 272 с. — ISBN 0-312-22458-3
  2. ^ а б в г д Jurgėla, Constantine R. Lithuania: The Outpost of Freedom. — Valkyrie Press, 1976. — С. 161-165. — ISBN 0-912760-17-6
  3. ^ Langstrom, Tarja. Transformation in Russia and International Law. — Martinus Nijhoff Publishers, 2003. — С. 52. — 494 с. — ISBN 90-04-13754-8
  4. ^ Davies, Norman. Europe: A History. — HarperPerennial, 1998. — С. 934. — ISBN 0-06-097468-0
  5. ^ а б в Ališauskas, Kazys. XV // Lietuvos kariuomenė (1918–1944). — Lietuvių enciklopedija. — Boston, Massachusetts: Lietuvių enciklopedijos leidykla, 1953-1966. — С. 94-99.
  6. ^ а б в г д е ё ж Čepėnas, Pranas. ІІ // Naujųjų laikų Lietuvos istorija. — Chicago: Dr. Griniaus fondas, 1986. — С. 318-323. — ISBN 5-89957-012-1
  7. ^ White, J. D. 23 // The Revolution in Lithuania 1918–19. — Soviet Studies, 1971. — Т. 23. — С. 192-193. — ISBN 0038-5859
  8. ^ Lesčius, Vytautas. Lietuvos kariuomenė nepriklausomybės kovose 1918–1920. — Vilnius: Вайсковая акадэмія Летувы імя генэрала Ёнаса Жэмайціса, 2004. — Т. Lietuvos kariuomenės istorija. — С. 32. — ISBN 9955-423-23-4
  9. ^ Kłos, Juliusz. Kronika powstań polskich 1794—1944. — Wydanie trzecie poprawione po zgonie autora. — Warszawa: Wydawnictwo Kronika, 1994. — С. 345. — 551 с. — ISBN 83-86079-02-9
  10. ^ Antanas Drilinga. Lietuvos Respublikos prezidentai. — Vilnius: Valstybės leidybos centras, 1995. — С. 51. — ISBN 9986-09-055-5
  11. ^ White, James D. 46 // National Communism and World Revolution: The Political Consequences of German Military Withdrawal from the Baltic Area in 1918–19. — Europe–Asia Studies. — 1994 Т. 8.
  12. ^ а б Eidintas, Alfonsas. Lietuvos Respublikos prezidentai. — Vilnius: Šviesa, 1991. — С. 36. — ISBN 5-430-01059-6
  13. ^ а б в г Lane, Thomas. Lithuania: Stepping Westward. — Routledge, 2001. — С. 7-8. — 246 с. — ISBN 0-415-26731-5
  14. ^ Lesčius, Vytautas. Lietuvos kariuomenė nepriklausomybės kovose 1918–1920. — Vilnius: Вайсковая акадэмія Летувы імя генэрала Ёнаса Жэмайціса, 2004. — С. 29. — ISBN 9955-423-23-4
  15. ^ Kvizikevičius, Linas; Saulius Sarcevičius. 68 // Pinigų cirkuliacijos Lietuvoje bruožai 1915−1919 m.. — Istorija. Lietuvos aukštųjų mokyklų mokslo darbai. — Т. 35.
  16. ^ Mawdsley, Evan. The Russian Civil War. — 2007. — С. 118. — 362 с. — ISBN 1-933648-15-5
  17. ^ Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569–1999. — Yale University Press, 2004. — С. 62-63. — 367 с. — ISBN 0-300-10586-X
  18. ^ Senn, Alfred Erich. 21 // The Formation of the Lithuanian Foreign Office, 1918–1921. — Slavic Review, 1962. — Т. 3. — С. 500-507.