Адольф Ёфэ
Адо́льф Абра́мавіч Ё́фэ (10 кастрычніка 1883; места Сімфэропаль, Таўрыйская губэрня, Расейская імпэрыя — 16 лістапада 1927; Масква, Расейская СФСР, СССР) — расейскі палітык і дыплямат караімскага паходжаньня. Падпісаў Рыскую мірную дамову 1921 году аб падзеле Беларусі ды Ўкраіны з Польшчаю.
Адольф Ёфэ | |
Амбасадар СССР у Аўстрыі | |
---|---|
1924 — 1926 | |
Амбасадар СССР у Кітаі | |
1922 — 1924 | |
Наступнік: | Леў Карахан |
Старшыня Рады абароны Украінскай ССР | |
1919 — 1920 | |
Упаўнаважаны прадстаўнік РСФСР у Нямеччыне | |
красавік 1918 — 6 лістапада 1918 (высланы) | |
Дэпутат бальшавіцкай фракцыі ў Петраградзкай Думе | |
верасень 1917 — кастрычнік 1917 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
10 кастрычніка 1883 места Сімфэропаль, Таўрыйская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
16 лістапада 1927 (44 гады) Масква, Расейская СФСР, СССР |
Партыя: | Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), Расейская сацыял-дэмакратычная работніцкая партыя (да 1917 г.) |
Дзеці: | Надзея Ёфэ[d] |
Бацька: | Абрам Ёфэ |
Адукацыя: | |
Раньнія гады
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і жыдоўскага купца, які спавядаў караімскае юдэйства. Скончыў гімназію ў Сімфэропалі. У 1903 годзе ўступіў у Расейскую сацыял-дэмакратычную работніцкую партыю (РСДРП). Каб пазьбегнуць зьняволеньня за ўдзел у забурэньнях 1905 году ў Расеі, зьехаў на пачатку 1906 году ў Бэрлін. У траўні 1906 году праз высылку зь Нямеччыны пераехаў у Вену да аднапартыйца Лейбы Бранштэйна. З 1908-га па 1912 год выдаткоўваў бацькоўскія грошы на выданьне венскай газэты Бранштэйна «Праўда» (па-расейску: «Правда») ды рэдактаваў яе міжнародны разьдзел. У 1912 годзе яго арыштавалі ў Адэсе, выраклі на 10-месячнае зьняволеньне, затым выслалі ў Сыбір.
Партыйная й чынавенская кар’ера
рэдагавацьУ 1917 годзе вызваліўся з Сыбірскай ссылкі ў выніку лютаўскага перавароту ў Петраградзе. Адтуль вярнуўся ў Крым, дзе абраўся прадстаўляць мясцовую суполку РСДРП у Петраградзе. У траўні 1917 г. стварыў разам з Бранштэйнам фракцыю міжраёнцаў, што ўвайшла ў склад РСДРП (бальшавікоў) на яе 4-ым зьезьдзе. На гэтым зьедзе, што праходзіў 26 ліпеня — 3 жніўня, Адольфа Ёфэ абралі чальцом цэнтральнага камітэту (ЦК) РСДРП(б) без права голасу («кандыдатам»). 5 жніўня 1917 г. ЦК РСДРП(б) абраў яго ў склад сталага бюро ЦК. 6 жніўня Ёфэ стаўся кандыдатам у чальцы Сакратарыяту ЦК РСДРП(б), 20 жніўня — чальцом рэдакцыі бальшавіцкай газэты «Праўда», што праз забарону на выданьне выходзіла тады пад назовам «Пралятар» (па-расейску: «Пролетарий»).
У верасьні абраўся дэпутатам Петраградзкае Думы, у якасьці прадстаўніка ад якой 14-22 верасьня браў удзел ва Ўсерасейскай дэмакратычнай нарадзе. На нарадзе яго абралі чальцом Часовае рады Расейскае рэспублікі, са складу якой той выйшаў разам зь іншымі бальшавікамі 7 кастрычніка 1917 году. Браў удзел у кастрычніцкім перавароце.
З 30 лістапада 1917 году й да падпісаньня мірнае дамовы 3 сакавіка 1918 году з цэнтральнымі дзяржавамі ўзначальваў пасольства Расейскай СФСР (РСФСР) на перамовах у Берасьці. 2 сьнежня 1918 году падпісаў з цэнтральнымі дзяржавамі пагадненьне аб спыненьні агню.
У красавіку 1918 году Ёфэ прызначылі расейскім амбасадарам у Нямеччыне. Аднак 6 лістапада нямецкі ўрад выслаў яго разам з усімі супрацоўнікамі амбасады з краіны за падрыхтоўку камуністычнага перавароту. На 8-ым зьезьдзе Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) у траўні 1919 году яго не пераабралі ў склад ЦК партыі. У 1919—1920 гадох узначальваў Раду абароны Украінскай ССР. 2 лютага 1920 году падпісаў Тартускую мірную дамову з Эстоніяй, 12 ліпеня — Маскоўскую мірную дамову з Летувою, 11 жніўня — мірную дамову з Латвіяй. 12 кастрычніка 1920 году падпісаў у Рызе замірэньне з Польшчаю, што выклікала Слуцкі збройны чын у Беларусі. 18 сакавіка 1921 году падпісаў з Польшчаю Рыскую мірную дамову аб падзеле Беларусі ды Ўкраіны. Затым заняў пасаду намесьніка старшыні Туркестанскай камісіі Ўсерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту ды ўраду РСФСР. У 1922—1924 гадох быў амбасадарам СССР у Кітаі. У 1923 годзе падпісаў з кіраўніком Кантонскага ўраду Сунь Ятсэнам дамову аб дапамозе за супрацу Гаміньдана з Камуністычнай партыяй Кітая. У 1924-1926 гадох быў амабасадарам СССР у Аўстрыі.
У 1927 годзе праз хваробу пакінуў службу ды 16 лістапада скончыў жыцьцё самагубствам пасьля выключэньня 12 лістапада з Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) падтрымванага ім Лейбы Бранштэйна, які ўзначальваў нутрыпартыйную левую апазыцыю. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.