Леанід Шаршнёў

савецкі генэрал і расейскі вайсковы прапагандыст

Леанід Іванавіч Шаршнёў (1938, Шчадрын, Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь — 2014, Масква, Расея) — савецкі і расейскі вайсковы прапагандыст.

Леанід Шаршнёў
13 сакавіка 193814 сьнежня 2014
Месца нараджэньня Шчадрын, Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца сьмерці Масква, Расея
Прыналежнасьць Савецкая армія
Род войскаў артылерыя
Гады службы 1953—1991
Званьне генэрал-маёр
Частка Група савецкіх войскаў у Нямеччыне (з 1968-га), 40-я армія (1979—1989)
Камандаваў узводам (1959—1968; Беларуская вайсковая акруга)
Бітвы/войны Савецкае ўварваньне ў Чэхаславаччыну (1968), Аўганска-савецкая вайна (1979—1989)
Узнагароды
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн За службу Радзіме 3 ступені
Ордэн За службу Радзіме 3 ступені
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Сувязі Леанід Шабаршын(ru) і Яўген Прымакоў

Генэрал-маёр. У 1968 годзе ў Групе савецкіх войскаў у Нямеччыне кіраваў прапагандай падчас савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну дзеля здушэньня Праскай вясны. У 1977 годзе прадказаў Ісламскую рэвалюцыю ў Іране за 2 гады да вяртаньня ў краіну Рухалы Мусаві Хамэйні. У 1979—1989 гадох падчас Аўганска-савецкай вайны быў кіраўніком падразьдзяленьня спэцпрапаганды вайсковага аддзелу Цэнтральнага камітэту КПСС. Суаўтар расейскай канцэпцыі гібрыднай вайны ў частцы інфармацыйна-душэўнага спаняверваньня[1]. Кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі (1980), «За службу Радзіме» 3-й ступені (1986) і Чырвонага Сьцягу Аўганістану (1985)[2].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1943 годзе пад нямецкай акупацыяй Беларусі згубіў бацькоў у 5-гадовым веку і патрапіў да Таемнай дзяржаўнай паліцыі Нямеччыны. У 1944—1953 гадох выхоўваўся сіратой у дзіцячым прытулку ў Шчадрыне Жлобінскага раёну (Гомельская вобласьць, Беларуская ССР). У 1953 годзе 15-гадовым юнаком паступіў у Кіеўскую артылерыйскую падрыхтоўчую вучэльню (Украінская ССР), дзе вучыўся ў 2-м батальёне і якую скончыў у 1955 годзе. У 1959 годзе скончыў Разанскую артылерыйскую вучэльню (Расейская СФСР) і ўступіў у Камуністычную партыю Савецкага Саюзу (КПСС). Заступіў на пасаду камандзіра ўзводу ў Беларускай вайсковай акрузе, дзе ў 1968 годзе завочна скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў[3].

Пазьней служыў у Групе савецкіх войскаў у Нямеччыне, у складзе якой кіраваў прапагандай падчас савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну дзеля здушэньня Праскай вясны. Затым заняў пасаду намесьніка начальніка аддзелу спэцыяльнай прапаганды Палітычнай управы Туркестанскай вайсковай акругі (Ташкент, Узбэцкая ССР). У 1977 годзе ў вайсковай годнасьці палкоўніка прадказаў Ісламскую рэвалюцыю ў Іране за 2 гады да вяртаньня ў краіну Рухалы Мусаві Хамэйні, пра што паведаміў у Цэнтральны камітэт КПСС. Пасьля спраўджаньня прадказаньня атрымаў прызначэньне ў цэнтральны апарат Камуністычнай партыі. У 1979—1989 гадох падчас Аўганска-савецкай вайны быў кіраўніком падразьдзяленьня спэцпрапаганды вайсковага аддзелу Цэнтральнага камітэту КПСС. Адначасна ўзначальваў групу спэцпрапаганды Галоўнай палітычнай управы Савецкай арміі і ВМФ СССР, якая дзейнічала пры 40-й арміі сярод мясцовага насельніцтва Аўганістану. Ладзіў дэзынфармацыю праз плёткі сярод мясцовых. У 1989-м заняў пасаду намесьніка начальніка ўправы Вайскова-тэхнічнага выдавецтва на замежных мовах. У 1990 годзе быў экспэртам Вярхоўнага Савету СССР пры распрацоўцы Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі[1].

У траўні 1991 году звольніўся з вайсковай службы ў годнасьці генэрал-маёра. У 1992—1994 гадох удзельнічаў у распрацоўцы школьнага курсу «Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці» («АБЖ»). З 1994 году працаваў экспэртам у бясьпецы пры Дзяржаўнай думе Расеі і Савеце фэдэрацыі, дзе браў удзел у распрацоўцы адпаведных законаў. Заснаваў Фонд нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі (ФНМБ), на чале якога пачаў выдаваць часопіс «Бясьпека»[1]. Пры гэтым, ФНМБ разьмясьцілі ў Інстытуце вайсковых перакладнікаў Міністэрства абароны Расеі па Севастопальскім праспэкце, д. 56 у Маскве. Пагатоў, у назіральную раду ФНМБ увайшлі: апошні начальнік 1-й галоўнай управы КДБ СССР у 1989—1991 гадох — Леанід Шабаршын(ru) і кіраўнік Службы вонкавай выведкі Расеі ў 1991—1996 гадох — Яўген Прымакоў, які пазьней стаў міністрам замежных справаў (1996—1998) і старшынём ураду Расеі (1998—1999)[4].

У нумары часопіса «Бясьпека» за 1996 год акрэсьліў расейскую стратэгію інфармацыйнай вайны, якая вызначалася ў якасьці галоўнай, бо можа прымяняцца задоўга да пачатку баявых дзеяньняў. У якасьці мэты інфармацыйнай вайны называў перашкоду праціўніку ў атрыманьні своечасовай, поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі, што мела прывесьці да прыняцьця неадэкватных рашэньняў і прымусіць дзейнічаць сабе на шкоду. Асноўнымі захадамі мелі быць сплянаваная дэзынфармацыя і фальсыфікацыя праз сродкі масавай інфармацыі дзеля нанясеньня шкоды абаронным, гаспадарчым і палітычным зацікаўленасьцям іншай дзяржавы. Задачамі такой дзейнасьці былі падрыў міжнароднага аўтарытэту краіны і ўскладненьне прыцяцьця рашэньняў органамі кіраваньня, стварэньне атмасфэры грамадзкай няўстойлівасьці і зьнявераньня ў органы ўлады, падбухторваньне да веравальных і грамадзкіх, народных і грамадзянскіх беспарадкаў. Шаршнёў раіў падтрымліваць агентаў уплыву, якія спрыялі разьяднаньню дзяржаўных установаў, а таксама ўсчынаць стачкі і вулічныя беспарадкі, ствараць атмасфэру амаральнасьці і бездухоўнасьці, адмоўнага стаўленьня да культурнай спадчыны. Усе захады скіроўвалі на істотную душэўную і рэчыўную шкоду праціўніку, каб выклікаць у яго недарэчныя паводзіны. Празь зьмешваньне «ў кучу людзей і коней» прадугледжвалася душыць волю вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва да супраціву, а таксама замбаваць душэўны стан і маніпуляваць мысьленьнем, праграмаваць паводзіны ў побыце і баявых абставінах дзеля душэўнага дэмаралізаваньня да поўнай дэградацыі[1].

У 2000 годзе выдаў кнігу «Асаблівасьці інстытуалізацыі руху да новай бясьпекі ў ХХІ стагодзьдзі»[2]. 10 красавіка 2000 году стаў сябрам Прэзыдыюму Цэнтральнай рады «Саюзнай грамадзкай палаты» ў сувязі з падпісаньнем у 1999 годзе міждзяржаўнай Дамовы аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі. Выступіў адным зь ідэолягаў Шанхайскай арганізацыі супрацы (Кітай), заснаванай у 2001 годзе. У 2004 годзе выдаў у суатарстве кнігу «Шлях ваяроў Алага» і падручнік «Бясьпека жыцьцядзейнасьці» для вучэльняў[5]. 17 кастрычніка 2007 году заснаваў Фонд «Расейцы». Стаў у Расеі адным з аўтараў канцэпцыі гібрыднай вайны, у тым ліку супраць Украіны перад расейскім уварваньнем 2014 году. Быў адмыслоўцам у інфармацыйна-псыхалягічнай вайне[1].

  1. ^ а б в г д Дзьмітры Гурневіч. Як беларус прыдумаў расейскую інфармацыйна-псыхалягічную вайну // Беларуская служба Радыё «Свабода», 24 сакавіка 2022 г. Архіўная копія ад 20 лютага 2015 г. Праверана 25 сакавіка 2022 г.
  2. ^ а б Шаршнёў Леанід Іванавіч (рас.) // Расейская рада міжнародных справаў(ru), 21 траўня 2015 г. Праверана 25 сакавіка 2022 г.
  3. ^ Шаршнёў Леанід Іванавіч (рас.) // Бачына выпускнікоў Кіеўскай артылерыйскай падрыхтоўчай вучэльні (Ігар Канаеў), 2005 г. Праверана 25 сакавіка 2022 г.
  4. ^ Івіца Гжэўская. Новая стратэгія Крамля адносна маючых адбыцца выбараў ва Ўкраіне (рас.) // «Украінская праўда», 8 красавіка 2009 г. Праверана 25 сакавіка 2022 г.
  5. ^ Зьміцер Жураў, Зьміцер Іваноў. Шаршнёў Леанід Іванавіч (рас.) // «Нацыянальная палітычная энцыкляпэдыя» Расеі, 2009 г. Праверана 25 сакавіка 2022 г.