Касмадром
Касмадром — тэрыторыя, на якой разьмешчаны комплекс збудаваньняў, прызначаных для запуску касьмічных апаратаў у космас. Звычайна касмадромы займаюць вялікую плошчу і аддаленыя ад густанаселеных месцаў, каб аддзеленыя ступені ракет не пашкодзілі жылыя тэрыторыі або суседнія стартавыя пляцоўкі.
Падкляса ад | пускавая пляцоўка, касьмічны цэнтар |
---|---|
Частка ад | зямны комплекс |
Частка больш агульнага | касьмічная тэхніка |
Хэшцэтлік | spaceport |
Схема існасьці для клясу | Entity schema not supported yet (E213) |
Найбольш прыдатным зьяўляецца разьмяшчэньне касмадрому — на экватары, каб носьбіт мог як мага лепей выкарыстаць энэргію вярчэньня Зямлі. Ракета-носьбіт, якая стартуе з экватару, можа зэканоміць да 10% паліва ў параўнаньні з ракетай, што стартуе ў сярэдніх шыротах. Адпаведна, той жа носьбіт можа вывесьці на арбіту болей карыснай нагрузкі. З экватару магчымы запуск на арбіту з адвольным нахіленьнем. Паколькі на экватары знаходзіцца няшмат дзяржаваў, здольных запускаць ракеты ў космас, зьявіліся праекты касмадромаў марскога базіраваньня.
У 2007 годзе Расея зьдзейсьніла 26 запускаў ракет, ЗША — 19, Кітай — 10, Эўрапейскае касьмічнае агенцтва — 6, Індыя — 3, Японія — 2.[1]
Дзейныя касмадромы
рэдагавацьНа 2021 год налічвалася 13 дзейных касмадромаў усебаковага выкарыстаньня, зь іх па 3 у Кітаі і Японіі, па 2 у ЗША і Расеі, а таксама па адным у Ізраілі, Індыі і Эўропе[2].
Кітай
рэдагаваць- Цзюцюань (аўтаномны раён Унутраная Манголія). Месьціўся ў раёне 41° паўночнай шыраты і 100° усходняй даўгаты. Служыў месцам запуску досьледных тэхналягічных спадарожнікаў з нахілам арбіты звыш 41°. Запускі ладзілі ў паўднёва-ўсходнім кірунку. Дастасавальны кут нахілу арбіты складаў ад 41° да 70°.
- Таюань (правінцыя Шаньсі). Знаходзіўся ў раёне 39° п.ш. і 112° усх.д. у высакагорнай паласе акругі Кэлань на паўночны захад ад гораду Тайюань на вышыні 1500 м над узроўнем мора. Запускі праводзілі ў паўночным, паўночна-заходнім і паўночна-ўсходнім кірунках. Дастасавальны кут нахілу арбіты складаў ад 70° да 99°. Пераважна запускалі вайсковыя спадарожнікі зь вялікім кутом нахілу на сонцава-сынхронную арбіту, а таксама палярна-арбітальныя спадарожнікі.
- Січан (правінцыя Сычуань). Разьмяшчаўся ў раёне 28° п.ш. і 102° усх.д. на паўночным захадзе гораду Січан. Запускі ладзілі ў паўднёва-ўсходнім кірунку ад Танкінскай затокі. У асноўным запускалі геастацыянарныя спадарожнікі.
- Вэньчан (востраў і правінцыя Хайнань). Месьціўся ў раёне 19° п.ш. і 109° усх.д. у раёнах Лунлоў і Дунцзяо непадалёк ад Паўднёва-Кітайскага мора. Запускі ладзілі на арбіту ад 0° да 99°. Кірункамі запускаў былі поўдзень да вострава Наньша, паўднёвы ўсход да заходняй часткі Ціхага акіяну і паўднёвы захад да Сіямскай затокі. Дазваляў запускаць ракеты-носьбіты з грузападымальнасьцю на 7,4 і 18,5 % большай, чым зь Січану і Цзюцюаню адпаведна[2].
Японія
рэдагаваць- Танегасіма. Заснаваны ў 1966 годзе. У яго склад уваходзілі 3 пускавыя комлексы: Такесакі, Осака і Ёсінобу. З Такесакі запускалі пераважна малыя спадарожнікі. З Осакі — цяжкія ракеты на вадкім паліве, у тым ліку клясы Н і Х-І. Ёсінобу пабудавалі для запуску ракетаў-носьбітаў клясы Х-ІІ. Налічваў 4 працоўныя паласы: захоўваньня і агляду рухавікоў на цьвёрдым паліве, падрыхтоўкі і зборкі спадарожнікаў, зборкі ракеты-носьбіта, пускавых пляцовак і вежы абслугоўваньня.
- Такесакі. Узьвядзеньне пачалося ў верасьні 1966 году. Уведзены ў дзеяньне ў 1968 годзе. Плошча пускавой пляцоўкі складала 0,79 кв.км. Месьціўся ў раёне 30°22' п.ш. і 130°57' усх.д. Улучаў: пускавую пляцоўку, асяродак кіраваньня пускам, зборачны цэх, комплексны выпрабавальны цэх, асяродак мэтэаралягічных назіраньняў, выпрабавальную плятформу для цьвердапаліўных ракетаў, склад ракетнага паліва і станцыю сачэньня.
- Осака. Будоўлю пачалі ў 1969 годзе і скончылі ў 1980-м. Плошча пусковай пляцоўкі складала 7,6 кв.км. Знаходзіўся ў раёне 30°23' п.ш. і 130°58' усх.д. У верасьні 1975 году запусьцілі ракету Х-І, якая даставіла на арбіту спадарожнік «Хрызантэма» вагой 83 кг. Улучаў: пускавую пляцоўку, асяродак кіраваньня, цэх зборкі ракетаў, сховішча ракетнага паліва, стэнд для статычных выпрабаваньняў ракетных рухавікоў і мэтэастанцыю.
- Ёсінобу. Узводзіць пачалі ў 1985 годзе. Вежу абслугоўваньня дабудавалі ў сьнежні 1986 году. Асяродак кіраваньня пускам пабудавалі ў жніўні 1988 году., а ўстаноўку для агнявых выпрабаваньняў ЛЕ-7 — у сьнежні 1988 году. Затым узьвялі вымяральна-наглядальны асяродак, энэргетычную станцыю, сховішча вадкага тлену і вадароду, а таксама газу высокага ціску. Пускавую пляцоўку разьмясьцілі за км на паўночны ўсход ад Осакі. Дазволіў запускаць 2 ракеты-носьбіты цягам 45 дзён. Выкарыстоўвалі адначаснае вядзеньня працаў, саматужны нагляд і ручны запасны нагляд, па адной перасоўнай пускавой устаноўцы і адным заводзе зборкі ракетаў, каб у ходзе зборкі адной ракеты другая была гатовая да запуску[2].
ЗША
рэдагаваць- Канавэрал (штат Флорыда). Пабудаваны ў траўні 1949 году і ўведзены ў дзеяньні ў ліпені 1950 году. 31 студзеня 1958 году на арбіту даставілі першы амэрыканскі штучны спадарожнік. Пазьней запусьцілі пілятаваныя касьмічныя караблі з праграмы «Мэркур» і «Блізьняты». Найбольшы палігон Міністэрства абароны ЗША, якім спачатку загадвалі Вайскова-паветраныя сілы ЗША. Праводзілі навукова-дасьледчыя выпрабаваньні стратэгічных і тактычных ракетаў. Таксама запускалі касьмічны апараты з кутом нахілу ад 0° да 60°. Сярод 60 збудаваных сродкаў запуску працягвалі выкарыстоўваць 10, у тым ліку № 37 і 41 для аднаразовых ракетаў-носьбітаў. Віды запушчаных апаратаў улучалі: ракеты-носьбіты «Атляс» (у тым ліку «Атлас-Аджэна»), «Тытан», «Скаўт» і «Сатурн» (у тым ліку «Сатурн 1Б» і «Сатурн 5»), касьмічны карабель «Апалён» і арбітальная станцыя «Скайляб», бесьпілётныя міжплянэтныя зонды, спадарожнікі сувязі, мэтэаралягічныя і навукова-дасьледчыя спажарожнікі.
- Касьмічны цэнтар імя Джона Кенэдзі (штат Флорыда). Месьціўся каля мыса Канавэрал на ўсходнім узьбярэжжы Флорыды ў раёне 28° паўночнай шыраты і 80° заходняй даўгаты. Меў агульную плошчу ў 560 кв.км. Запускалі касьмічныя апараты з малым нахілам арбіты ва ўсходнім і паўднёва-ўсходнім кірунках. Раней тут выпрабоўвалі стратэгічныя ракеты. У ліпені 1962 году пераўтварылі ў ракетную базу вайскова-цывільнага прызначэньня. Улучаў 4 паласы: прамысловую, пускавы асяродак № 39 з 2-ма пускавымі пляцоўкамі ЛЦ-39А і ЛЦ-39Б, будынак зборкі летакоў і асяродак для наведнікаў. Валодаў 2-ма вусенічнымі транспартэрамі вагой па 2721 тоне і плошчай па 40х35 м, якімі перавозілі ракеты, сабраныя тырчма. Дастаўлялі ракету зь месца зборкі да пускавой пляцоўкі за 5 гадзінаў з хуткасьцю 1,6 км/гадз. Прамысловая паласа зьмяшчала асяродак кіраваньня і месьцілася за 8 км на поўдзень ад цэха вэртыкальнай зборкі. Тамсама знаходзіліся ўстаноўкі вырабу абсталяваньня на Міжнароднай касьмічнай станцыі. Меў наземныя сродкі прызямленьня касьмічных чаўнакоў за 3,2 км на паўночны захад ад зборачнага цэха. Узьлётна-пасадачная паласа мела даўжыню 4572 м і шырыню 91 м. Да касьмічнай верфі побач вяла асфальтаваная дарога. Самалёт «Боінг 747» дастаўляў чаўнок і выгружаў яго з задняй часткі на ўзьлётна-пасадачную паласу, калі той ня мог выканаць пасадку.
- Вандэнбэрг (штат Каліфорнія). Заснаваны ў траўні 1964 году ў якасьці палігона Міністэрства абароны ЗША пад кіраўніцтвам Вайскова-паветраных сілаў. На заходнім палігоне месьцілася пускавая пляцоўка і 50 падземных адтулінаў, зь якіх працягвалі выкарыстоўваць 20. У 1984 годзе палігон № 6 пераўтварылі ў пускавую пляцоўку для выпрабаваньня стратэгічных ракетаў на прыдатнасьць і баявога выпрабаваньня зброі, а таксама для запуску вайсковых і палярных спадарожнікаў. Паласа прызямленьня стратэгічных ракетаў знаходзілася на васковай досьледнай базе Кваджалейн (Маршалавы астравы), якая была найважнейшай у сваёй галіне ў ЗША. Запускі ў асноўным ладзілі ў заходнім кірунку пры азімуце ад 140° да 121° і куце нахілу арбіты ад 56° да 104°. Касьмічныя апараты было магчыма таксама выводзіць на палярную арбіту ва паўднёвым кірунку. З усходняга палігона было магчыма запускаць ракеты ва ўсходнім кірунку. Віды запушчаных апаратаў: балістычная ракета сярэдняй далёкасьці «Тор», якую запусьцілі ў сьнежні 1958 году, міжкантынэнтальная ракета «Атляс Д», першы ў сьвеце арбітальны спадарожнік «Адкрывальнік 1» з дапамогай ракеты «Аджэна» і касьмічны чаўнок у 1972 годзе. У 1979 годзе пачалі перабудову, якую скончылі ў 1985 годзе[2].
Расея
рэдагаваць- Байканур (Кызылардзінская вобласьць, Казахстан). Пабудаваны ў 1955 годзе. Налічваў 90 пускавых установак. Быў найбуйнейшай ракетна-выпрабавальнай базай і базай для запуску касьмічных апаратаў у Савецкім Саюзе. Ладзілі выпрабаваньні стратэгічных ракетаў на вадкім паліве, цяжкіх ракетаў-носьбітаў, антыракетаў, зьнішчальнікаў спадарожнікаў, спадарожнікаў з кутом нахілу ад 52° да 65°, пілятаваных і бесьпілётных касьмічных караблёў, міжзорных зондаў і касьмічных станцыяў. Віды запушчаных апаратаў: пілятаваныя касьмічныя караблі, спадарожнікі, месяцавыя і плянэтарныя зонды, ракеты і ракеты-носьбіты. Праводзілі выпрабаваньні спадарожнікаў-перахопнікаў і арбітальных бамбавікоў. Адсюль запускалі раньнія спадарожнікі, зонды на Месяц, Марс і Вэнэру, пілятаваныя касьмічныя караблі «Усход», «Узыход» і «Саюз», а таксама шматмесны касьмічны карабель, арбітальную станцыю «Салют» і касьмічны карабель «Буран».
- Плясецк (Архангельская вобласьць). Пабудаваны ў 1957 годзе. Служыў для запуску спадарожнікаў зь вялікім кутом нахілу ад 65° да 85°, для выведкі, сувязі, навігацыі, мэтэаралёгіі і марскога назіраньня. Налічваў 30 пускавых установак. Быў галоўнай базай для запуску вайсковых спадарожнікаў. Ладзілі выпрабаваньні спадарожнікаў-перахопнікаў і супрацьспадарожнікавых сыстэмаў, а таксама міжкантынэнтальных ракетаў на цьвёрдым паліве і апэратыўна-тактычных снарадаў. Віды запушчаных касьмічных караблёў: «Усход», «Саюз», «Маланка» «Космас». Месьціўся на поўначы эўрапейскай часткі Расеі каля галоўнай чыгуначнай лініі Масква — Архангельск. Сярэдняя вышыня складала каля 100 м на вялікай балоцістай раўніне. Распасьціраўся на 100 км ў поўдня на поўнач і на 58 км з усходу на захад. Пляцоўку пабудавалі ў 1965 годзе на аснове ракетнай базы. Пабудовы месьцяцца на паўднёвым і паўночным усходзе, а палосы запуску на поўдні. За савецкім часам быў найбольш задзейнічаным касмадромам у сьвеце, адкуль штотыдзень ладзілі запускі[2].
Эўропа
рэдагаваць- Гвіянскі касьмічны цэнтар (Куру, Француская Гвіяна). Пабудаваны ў 1966 годзе. Эўрапейская касьмічная агенцыя (ЭКА; Францыя) ўзьвяла 3 пускавыя пляцоўкі для запуску ракетаў-носьбітаў клясы «Арыян». Скончылі будоўлю пляцоўкі для запуску ракеты «Арыян 5». Месьціцца блізу роўніка, што спрыяе запуску на роўнікавую і палярную арбіты. Віды запушчаных апаратаў: навукова-дасьледчыя і ўжытковыя спадарожнікі, мэтэаралягічныя ракеты і ракеты-носьбіты. Знаходзіцца на паўночна-ўсходнім узьбярэжжы Паўднёвай Амэрыкі ў раёне 52° заходняй даўгаты і 5° паўночнай шыраты. Нізкая шырата дае скарочаную адлегласьць ад кропкі запуску да кропкі арбіты і малы кут нахілу траекторыі, таму выдатак энэргіі для зьмяненьня арбіты ў апагеі ніжэйшы, што павялічвае карысную нагрузку, якую выводзяць на сынхронную арбіту.
- Арыян-1. Месьцілася за 18 км ад Куру ў раёне 5°14' п.ш. і 52°46' з.д. Вышыня пускавой плятформы складала 12,58 м. Будавалася на аснове існага комплексу «Эўропа-2». Абсталяваньне абнавілі і прыстасавалі для запуску ракетаў-носьбітаў клясы «Арыян». Стварылі новую пускавую пляцоўку, надбудову вежы абслугоўваньня. Перабудавалі трубаправод і асяродак кіраваньня. Пускавую пляцоўку падзялілі на палосы запуску, зборкі і паліўнага абсталяваньня, аналітычны асяродак, устаноўкі вырабу вадкага азоту і тлену. Выкарыстоўвалі для запуску ракетаў «Арыян 1», «2» і «3».
- Арыян-2. У чэрвені 1981 году ЭКА вырашыла пабудаваць пляцоўку для дадатковых пускаў, узьвядзеньне якой скончылі ў жніўні 1985 году пры выдатках на 12,5 млрд даляраў у цэнах 1986 году. У сакавіку 1986 году пачалі яе выкарыстаньне. Штогод гэтая пляцоўка дазваляла рабіць да 10 запускаў замест 6 на першай. Месьцілася за 500 м на поўдзень ад першай і складалася зь 2-х палосаў на адлегласьці ў 950 м адна ад другой: падрыхтоўкі ракетаў і запуску. Аддзяленьне палосаў дазволіла адной ракеце знаходзіцца ў паласе запуску пры канчатковай зборцы, а другой быць усталяванай тырчма, сабранай і выпрабаванай у паласе падрыхтоўкі. У паласе падрыхтоўкі правяралі гермэтычнасьць, электроніку і тэлемэтрыю ракеты пры адліку часу запуску.
- Арыян-3. Збудаваная для запуску ракетаў клясы «Арыян 5». Дазваляла дасягнуць 10 запускаў за год. Месьцілася на поўнач ад першай пляцоўкі. Праз двухшляхавую чыгунку злучалася з 2-й пляцоўкай і разгонным блёкам у паласе падрыхтоўкі[2].
Іншыя
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Россия опередила США и Европу по количеству запусков космических ракет в 2008 году (рас.). Інтэрфакс-Захад.
- ^ а б в г д е Кан Цзяньмін. Агляд галоўных касмадромаў сьвету // Пакарэньне космасу: гісторыя шляху кітайскай касманаўтыкі / адказн. Сяргей Байкоў, перакл. з кіт. — Менск: Белстан, 2021. — С. 132—141. — 418 с. — (Пояс і шлях). — 1000 ас. — ISBN 978-985-6944-93-5
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |