Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Гайна)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
| |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Гайна |
Каардынаты | 54°15′5.01″ пн. ш. 27°41′47.39″ у. д. / 54.2513917° пн. ш. 27.6964972° у. д.Каардынаты: 54°15′5.01″ пн. ш. 27°41′47.39″ у. д. / 54.2513917° пн. ш. 27.6964972° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі на Вікісховішчы |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Гайне. Знаходзіўся на паўночна-заходняй ускраіне мястэчка, на ўзвышаным беразе ракі Гайны. Твор архітэктуры віленскага барока. У 1950-я гады савецкія ўлады зруйнавалі помнік.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьКаля 1386 году Ўладзіслаў Ягайла заснаваў ў Гайне драўляны касьцёл. Лічыцца, што гэтая сьвятыня належыць да першых фундацыяў Ягайлы і зьяўляецца адной зь сямі, якія збудаваў на Літве вялікі князь на месцы былых паганскіх капішчаў[1]. Каралева Ядзьвіга адарыла касьцёл дарагім убраньнем і срэбрам. Вялікі князь Вітаўт надаў касьцёлу маёнтак Кацялі з 6 вёскамі, а Ягайла — фальварак побач з Гайнай у 6 валок. Па бітве пад Воршай у 1514 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары стаяў тут з войскам і адбываў набажэнства ў гонар перамогі. Пры гэтым ён адарыў сьвятыню каралеўскімі дарамі, новымі фундушамі і прывілеем з абавязкам 2 разы на год праводзіць тут імшу ў гонар Вітаўта Вялікага[2]. Гэтую падзею апісаў граф Яўстах Тышкевіч у сваёй кнізе «Апісаньне Барысаўскага павету»:
У 1514 годзе, па бітве пад Воршай, Жыгімонт Стары прыбыў з Барысава ў Гайну да найбліжэйшага касьцёла дзеля ўскладаньня Богу падзякаваньня — з войскам, зь сьвітай і з ваеннымі трафэямі. Знаходзіўся тут тры дні, адбываў жалобнае набажэнства і пахаваў дваіх слуг сваіх Станіслава Аарона і Станіслава Нізкоўскага, целы якіх былі прывезеныя з-пад Воршы; надаў плябаніі свае каралеўскія гарантыі, значна пашырыў землеўладаньні касьцёла дзеля таго, каб у знак памяці пра гэтую падзею сьвятары самі ці іх заступнікі ў кожны месяц адзін раз сьпявалі імшу аб Нараджэньні Найсьвяцейшай Панны Марыі з упамінаньнем двух Станіславаў, палеглых у бітве; нарэшце, пакінуўшы ў касьцёле дары, кароль выехаў да Вільні. Той цікавы прывілей, пісаны на лаціне, датаваны Жыгімонтам у Гайне 1514 годам у першую нядзелю па сьвяце Ўзьнясеньня Сьвятога Крыжа, яшчэ некалькі гадоў таму назад захоўваўся ў гаенскім архіве. | ||
— Як святкавалі Аршанскую бітву. «Віртуальны музей горада Лагойска». Праверана 25 студзеня 2011 г. |
У 1522 годзе пры касьцёле адкрылася кляштарная школа. Гэта была адна зь першых школаў у Вялікім Княстве Літоўскім. У 1720 годзе граф Тышкевіч хацеў аднавіць састарэлы драўляны касьцёл, але неўзабаве памёр. І толькі ў 1781 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1796 годзе) князь Цыдзік (Цыдрык) збудаваў новы мураваны касьцёл, асьвечаны ў 1788 годзе біскупам (жамойцім суфраганам) Тадэвушам Букатым.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Гайна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад Сьвята-Ўсьпенскую царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. За часамі Другой Сусьветнай вайны муры касьцёла атрымалі пашкоджаньні, а па вайне савецкія ўлады ўзарвалі іх з дапамогай сапёраў[2].
Архітэктура
рэдагавацьПомнік архітэктуры віленскага барока. Гэта была 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з двума пакрытымі бляхай купаламі-банямі.
Унутраная прастора падзялялася 4 слупамі на 3 нэфы. Інтэр’ер упрыгожвалі 5 алтароў, у галоўным зь якіх разьмяшчаўся абраз «Прачыстая», у бакавых — «Сьвяты Казімер», «Сьвяты Міхал» і іншыя. Вельмі шанаваўся абраз «Панна Марыя Гайнаўская». Срэбны крыж італьянскай работы пачатку XVI ст,, падараваны касьцёлу Жыгімонтам Старым, захоўваўся ў зборы Тышкевічаў у Лагойскім палацы. Крыж прададзены прыватнай асобе тагачасным уладальнікам палаца Аскарам Тышкевічам (1837—1897)[2].
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць- Вікарны біскуп жамойцкі Тадэвуш (Фадзей) Букаты, які асьвячаў касьцёл, надаваў гайненскай сьвятыні вялікую ўвагу, і ў старых, складзеных ім кніжках знойдзены песьні пра Гайну і пра любаваньні гэтымі мясьцінамі[1].
- Мяркуецца, што менавіта зь сьвяткаваньня Жыгімонтам Аршанскай бітвы пайшла старадаўняя песьня з Лагойшчыны: «Едзе-едзе Важымон!», і нават яшчэ ў XX стагодзьдзі існавала такая дзіцячая гульня[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Як святкавалі Аршанскую бітву. «Віртуальны музей горада Лагойска». Праверана 25 студзеня 2011 г.
- ^ а б в Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БелЭн, 2004. С. 386.
Літаратура
рэдагаваць- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 2 / Рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 485, [1] с.: іл. ISBN 985-11-0282-2.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Гайне, Radzima.org
- Як святкавалі Аршанскую бітву. «Віртуальны музей горада Лагойска». Праверана 25 студзеня 2011 г.
- Касьцёл у вёсцы Гайна. «Віртуальны музей горада Лагойска». Праверана 25 студзеня 2011 г.