Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў (Вільня)

Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°40′46″ пн. ш. 25°16′50″ у. д. / 54.67944° пн. ш. 25.28056° у. д. / 54.67944; 25.28056Каардынаты: 54°40′46″ пн. ш. 25°16′50″ у. д. / 54.67944° пн. ш. 25.28056° у. д. / 54.67944; 25.28056
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Архідыяцэзія Вільнюса[d] 
Архітэктурны стыль готыка і барокавая архітэктура[d]
Першае згадваньне 1392
Сайт cityofmercy.lt/en_GB/obj…
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў на мапе Летувы
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў на Вікісховішчы

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў — помнік архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў заходняй частцы Старога Места на Пясках, на рагу Троцкай і Францішканскай вуліцаў[a]. Дзее. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які пазьней набыў рысы барока і клясыцызму. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Комплекс Віленскага францішканскага кляштару займае пляц паміж Троцкай, Францішканскай, Лідзкай і Кейданскай вуліцамі і складаецца з касьцёла, кляштарнага корпуса і капліцы Сузіных. Кляштарную браму-званіцу на Троцкай вуліцы ў 1872 годзе зьнішчылі ўлады Расейскай імпэрыі. Касьцёл лічыцца адным зь першых гатычных кляштарных сакральных будынкаў Вялікага Княства Літоўскага.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Вялікі князь Гедзімін у сваім лісьце-пасланьні да манахаў-францішканаў Саксоніі, датаваным 26 траўнем 1323 году, запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае чатырох прапаведнікаў, каб яны маглі апеквацца двума касьцёламі, збудаванымі ў Вільні і Наваградку. Гедзімін ставіў умову і пажаданьне, каб місіянэры абавязкова ведалі польскую, зэмгальскую (у 1289—1290 гадох па паразе паўстаньня супраць Лівонскага ордэну у ВКЛ перасялілася каля 100 тысячаў зэмгалаў) і рускую мовы. У пасланьні таксама дадавалася, што гэтымі мовамі валодалі іншыя місіянэры, якія дагэтуль былі або яшчэ знаходзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім[1].

У 1390 годзе крыжакі спалілі драўляны касьцёл. У канцы XIV — першай чвэрці XV ст. замест яго збудавалі мураваны[2].

У XV ст. літоўскія князі і баяры склалі на лацінскай мове шэраг дароўных грамат Віленскаму кляштару францішканаў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаюцца выняткова беларускія словы і выразы[3]. У дароўнай грамаце віленскага мяшчаніна Мацея Волаха і яго жонкі Дароты ад 1422 году лацінскі выраз «situm circa fluvium Niemesz» («разьмешчаны ля ракі Нямежы») патлумачылі гутарковым выразам «на Нямежы» (in vulgari comuniter dicendo na Nemeszi)[4]. У грамаце 1436 году дзедзіча Жырмуноў Конрада Кучука (Cunradus alias Kuczuc) згадвалася мера мёду, якая па-народнаму называлася «шацец» (vulgariter dictam szathec)[4]. У 1452 годзе Магдалена, удава старосты лідзкага Ягінта, надала кляштару «пашню» (agrum alias pasznia) зь людзьмі ў Тракелях[5].

 
У панараме места. Т. Макоўскі, каля 1600 г.

У 1533 годзе згарэў дах касьцёла, па чым яго хутка аднавілі. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе кляштар і касьцёл разрабавалі маскоўскія захопнікі, а потым спалілі. Па 1661 годзе кляштарны комплекс аднавілі. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1702 годзе кляштар разрабавалі швэдзкія войскі.

У 1708 годзе на кляштарным цьвінтары збудавалі капліцу-пахавальню роду Сузінаў. У 1737 і 1748 гадох комплекс моцна пацярпеў ад пажараў, па чым яго аднавілі ў стылі барока. У 1764 і 1794 гадох па значных рэканструкцыях праводзілася асьвячэньне касьцёла. У 1773—1780 гадох завяршылася фармаваньне кляштару ў клясыцыстычным стылі[6].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Плян кляштару, 1870 г.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Складзены ў 1797 годзе каталёг кляштарнай бібліятэкі, у якой захоўваўся вялікі збор летувіскіх кнігаў[7], меў назву: «Каталёг кніг у мовах жамойцкай, рускай, габрэйскай, арабскай, грэцкай і нямецкай» (польск. Katalog ksiąg w Języku Zmudzkim, Ruskim, Hebrayskim, Arabskim, Greckim i Niemieckim)[8].

У вайну 1812 году ў кляштары разьмяшчаўся шпіталь. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1831 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, з 1837 годзе ў яго будынках разьмясьціўся архіў Віленскай губэрні. Пры здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл, па чым зьнішчылі фрэскі і скульптуры, а частку памяшканьняў кляштару перарабілі пад турму. У 1872—1876 гадох праводзілася перабудова касьцёла і кляштару паводле праекту расейскага архітэктара Мікалая Чагіна дзеля іх прыстасаваньня пад архіў (унутраную прастору касьцёла падзялілі на пяць паверхаў).

У 1902—1903 гадох з ініцыятывы і на сродкі графа Антонія Тышкевіча на кляштарным пляцы з боку Троцкай вуліцы зрабілі сквэр. У 1904 годзе праводзіўся рамонт капліцы Сузіных.

У 1908 годзе ў кляштарных будынках пачіла працаваць Летувіскае навуковае таварыства і 2-клясная летувіская школа. Тым часам хоць-якія беларускія школы ў Расейскай імпэрыі заставаліся пад забаронай.

Найноўшы час

рэдагаваць

У 1919 годзе касьцёл вярнулі каталікам. У 1931 годзе ў кляштарным сквэры адкрылі помнік Юзэфу Монтвілу. У 1934 годзе ў кляштарныя будынкі вярнуліся манахі-францішкане[9].

Па Другой сусьветнай вайне ў 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У будынках зноў разьмясьціўся архіў, у частцы памяшканьняў — кватэры, інтэрнат, склады і розныя ўстановы. У 1969 годзе праводзілася рэстаўрацыя капліцы Сузіных, па чым у ёй пэўны час працавала сувэнірная крама. У 1986 годзе ў былым кляштары разьмясьціўся Палац навукі і тэхнікі.

15 траўня 1998 году комплекс вярнулі манахам-францішканам, пачалася яго рэстаўрацыя.

Архітэктура

рэдагаваць

Касьцёл — помнік гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які пазьней набыў рысы барока. Амаль бязь зьменаў захаваў сваю пачатковую гатычную структуру: гэта 3-нэфная бязьвежавая базыліка, прытым два бакавыя больш вузкія нэфы ніжэйшыя вышынёй, што адрозьнівае яго ад пазьнейшых залявых касьцёлаў ордэну бэрнардынаў у Вільні і Коўне. Моцна выцягнуты прэзьбітэрыюм заканчваецца шматграннай апсыдай, сьцены якой умацоўваюцца контрфорсамі. З бакоў да бімы далучаюцца закрысьція і капліцы. Галоўны фасад праразаецца сьпічастым дзьвярным праёмам і аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэньнем, падзяляецца пілястрамі і карнізным пасам. У выніку рэканструкцыі другой паловы XVIII ст. атыкавы франтон галоўнага фасаду набыў плаўныя барокавыя лініі і валюты з бакоў. Пры крайніх праслах паўночнага фасаду разьмяшчаюцца цыліндрычная вежа і квадратная ў пляне капліца, вуглы якой ўмацоўваюцца контрфорсамі.

Унутраная прастора перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі без папярочных падпружных арак. У капліцы выкарыстоўваюцца гатычныя сотавыя скляпеньні. Усярэдзіне вежы — вітыя ўсходы[6].

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Афіцыйны адрас — Trakų g. 9 / Pranciškonų g. 1
  1. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 102.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 431.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
  4. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 176.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 178.
  6. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 432.
  7. ^ Pacevičius A. Vienuolynų bibliotekos Lietuvoje 1795—1864 m. — Vilnius, 2005. P. 180.
  8. ^ Lietuvos TSR aukstuju mokyklu mokslo darbai. Nr. 33—34, 1998. P. 33.
  9. ^ Baran C. C. OFMConv. Franciszkańskie sanktuaria maryjne. — Warszawa: Wydawnictwo Pelikan, 1990. S. 155—156.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць