Карчовае

вёска ў Беларусі

Карчовае, Карчоў[1] — вёска ў Беларусі, каля Вялікага каналу. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 116 чалавек. Знаходзіцца за 2 км на ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў.

Карчовае
трансьліт. Karčovaje
Дата заснаваньня: Перад 1600 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Паселіцкі
Вышыня: 127 м н. у. м.
Насельніцтва:
  • 113 чал. (2009)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247601
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°55′23″ пн. ш. 30°3′13″ у. д. / 51.92306° пн. ш. 30.05361° у. д. / 51.92306; 30.05361Каардынаты: 51°55′23″ пн. ш. 30°3′13″ у. д. / 51.92306° пн. ш. 30.05361° у. д. / 51.92306; 30.05361
Карчовае на мапе Беларусі ±
Карчовае
Карчовае
Карчовае
Карчовае
Карчовае
Карчовае

Гісторыя

рэдагаваць

Карона Каралеўства Польскага

рэдагаваць
 
Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Найраней вёска Карчовае, прыналежная да Астраглядавіцкіх добраў пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, згаданая ў судовай справе ад 22 чэрвеня 1600 года[a]. Тады колькі яе жыхароў зьбеглі да паселішчаў Брагінскага маёнтку князя Вішнявецкага, кіраванага адміністратарам Янам Бжыцкім[3]. Надалей ажно да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду Карчовае належала тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі, г. зн. пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

12 чэрвеня 1618 году пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Хвойніцкіх добраў, паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загальле забралі валоў у яго падданых з Карчоўкі (Korczewka), Паселічаў, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 12 днём сьнежня 1618 году датаваная скарга рэчыцкага старосты Аляксандра Служкі на пана Лукаша Сапегу за непрызнаньне яго паверанага ў справе разьмежаваньня маёнткаў Апачыцы і Чарнобыль асобай паўнапраўнай, бо, маўляў, той ня меў аселасьці ў Кіеўскім ваяводзтве. І гэта нягледзячы на сьведчаньне вознага пад прысягай, што ён увёў названага паверанага, шляхціча Аляксандра Нелавецкага, у пажыцьцёвае валоданьне сялом Карчоўка, згодна з запісам пана Мікалая Харлінскага[5]. 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчоўка[b][6]. 8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[c] засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Карчовым) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых[7].

 
Герб «Сьвяты Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука[d].

Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хвойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле зьвестак на восень 1686 году з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясьціны. У інвэнтары 1698 году добраў князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага, Карчовае, а таксама Малішаў, Гарошкаў ды неіснуючыя сёньня Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусьцелыя (wsi puste). У інвэнтары 1721 году, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хвойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча, у Карчовым згаданы хіба адзін з трох вясковых млыноў[8]. Адсутнічае інфармацыя пра паселішча ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 і 1754 гадоў. Тады Хвойнікамі валодалі малодшы сын Дамініка князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.

Згодна зь перапісамі габрэйскага насельніцтва, у Карчовым на 1765 год пражывала 8 чалавек альбо głow — плацельшчыкаў пагалоўшчыны, на 1778 год у Карчовым — 3, у Малым Карчовым[e] — 2, на 1884 год у Карчовым — 2, у Малым Карчовым — хрысьціянін (пагалоўшчыне не падлягаў). Юдэі належалі да Хвойніцкага кагалу[9]. Магчыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 году ў нейкай ступені паўплываў на колькасьць габрэяў у паселішчы, роўна як і на прыняцьце адным зь іх (напэўна, галавой сямейства) хрысьціянства.

Расейская імпэрыя

рэдагаваць
 
Герб уласны роду Прозараў.
 
В. Карчова і М. Карчова на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Карчовае ў складзе Рэчыцкай акругі апынулася ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе адміністрацыйна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10]. У крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вёскі Вялікая і Малая Карчова згаданыя сярод уладаньняў пана Людвіка[f] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[11]. Тады ў першай зь іх было 11 двароў з 32 душамі мужчынскага і 31 душой жаночага полу прыгонных, у другой — 3 двары. Абедзьве, разам з Паселічамі, хутарам Рашаўцы і слабадой Рашаў, трымаў у трохгадовай (02.04.1793–02.04.1796) арэндзе за плату ў 4077 злотых мсьціслаўскі стольнік Юстыніян, сын Юзафа, Фурс[12].

11 сьнежня 1802 году ў Рэчыцкім земскім судзе быў актыкаваны запіс Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар, якім уласьніца Хвойніцкіх добраў узнагародзіла за службу Яна і Марыяну зь Ляўкоўскіх Арліцкіх правам на валоданьне фальваркам Малы Карчоў зь вёскай Вялікі Карчоў[13]. Трымаў Ян Арліцкі, ротмістр берасьцейскі, Карчоў з 60 душамі прыгонных мужчынскага полу і ў 1811 годзе. У шляхецкай рэвізіі 1816 году, Ян, сын Казіміра, Арліцкі (60 г.) запісаны ўдаўцом. Разам зь ім у Карчове жылі сын Леон (5 г.), дочкі Людвіка (16 г.), Францішка (9 г.), Ёганна (7 г.). Сыны Пётр (14 г.), Людвік (14 г.), Дамінік (12 г.) навучаліся ў Мазыры[14].

Згодна з інвэнтаром, складзеным 10 сьнежня 1844 году, фальварак і вёска Карчовае з 22 дварамі і 144 жыхарамі належалі да маёнтку Хвойнікі пана Уладзіслава, сына Караля, Прозара[15]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 129 жыхароў абодвух полаў зь вёскі Карчовае былі прыхаджанамі Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы, 9 мужчын і 19 жанчын належалі да парафіі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[16].

У парэформавы пэрыяд Карчовае належала да Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 года тут налічвалася 73 мужчынскія душы сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Карчоўскага сельскага таварыства[17]. Згодна зь ведамасьцю Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год, яе прыхаджанамі былі 104 асобы мужчынскага і 78 жаночага полу з 26 двароў вёскі Карчовае[18].

На 1897 год у вёсцы было 46 двароў, 331 жыхар, працавалі школа граматы і хлебазапасны магазын[2]. У 1909 годзе ў вёсцы Карчоў (Карчев) налічвалася 64 двары, 413 жыхароў, побач у аднайменным урочышчы — адзін двор з 2 жыхарамі[19].

Найноўшы час

рэдагаваць

9 лютага 1918 г., яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Карчовае ў складзе Хвойніцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гэтмана Паўла Скарападзкага[20].

 
Вёска Карчоў, хутар Карчоў, Небытаў і станцыя Хвойнікі на мапе 1924-26 гг.

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Хвойніцкая воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Паводле запіскі пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў школе першай ступені (г. зн. пачатковай) вёскі Карчовае было адпаведна 12 і 20 вучняў[21].

 
Корчев, Красный Пахарь, Октябрь на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году вёска Карчовае — цэнтар сельсавету ў Хвойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году — у складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет узбуйнены праз далучэньне тэрыторыі скасаванага Гарошкаўскага сельсавету. На 1930 год у Карчовым налічвалася 56 двароў, 296 жыхароў, арганізаваны калгас «Сацыялізм», працавала кузьня[2]. З 20 лютага 1938 году — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала патрыятычнае падпольле (кіраўнік — М. А. Колас).

16 ліпеня 1954 году Карчоўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Забалацкага сельсавету[22]. Тады ў вёсцы працавала сямігадовая школа[23]. З 8 студзеня 1954 году Карчовае — у Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, у вёсцы было 386 жыхароў. У складзе калгаса «Рассвет» з цэнтрам у вёсцы Паселічы[2].

У 1959—1966 гадах — у складзе Небытаўскага сельсавету[24].

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 2021 год — 44 двары, 96 жыхароў; яшчэ 24 гаспадаркі, 49 жыхароў у частцы Карчовага, якую па-вясковаму называлі Папоўшчынай, перайменаванай у 1920-я гады ў Октябрь[25].

Забудова

рэдагаваць

Плян Карчовага складаецца з простай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, забудаванай з двух бакоў драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу[26].

  1. ^ Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2]
  2. ^ Яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя "іnszych wsiów i przysiołków".
  3. ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
  4. ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  5. ^ Відавочна, гэта — новаствораны фальварак. У савецкія часы меў назвы Двор, Красный Пахарь.
  6. ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 444—445
  3. ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów - Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. – Warszawa, 1894. S. 56
  4. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  5. ^ Опись актовой книги Киевского центрального архива. – №13. / Сост. Л. В. Ильницкий. – Киев, 1882. С. 86
  6. ^ ZD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. – S. 281, 637
  7. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 59
  8. ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 128, 133 адв.
  9. ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  10. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  11. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  12. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 136-136адв., 198-200адв.
  13. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 7-8, 33
  14. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 244. А. 67. Спр. 263. А. 165
  15. ^ НГАб. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 1-105
  16. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666
  17. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
  18. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40937. А. 234, 239адв.; гл. таксама: Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  19. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 82
  20. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  21. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласьці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  22. ^ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  23. ^ Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2
  24. ^ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 30 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142).
  25. ^ Інфармацыя аб насельніцтве Паселіцкага сельсавету на 01.01.2021г.
  26. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.

Літаратура

рэдагаваць