Гарошкаў (Хвойніцкі раён)

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі

Гаро́шкаў[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Паселіцкага сельсавету.

Гарошкаў
трансьліт. Haroškaŭ
Дата заснаваньня: Перад 1618 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская вобласьць
Раён: Хойніцкі раён
Сельсавет: Паселіцкі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
СААТА: 3254836016
Геаграфічныя каардынаты: 51°58′46″ пн. ш. 30°5′58″ у. д. / 51.97944° пн. ш. 30.09944° у. д. / 51.97944; 30.09944Каардынаты: 51°58′46″ пн. ш. 30°5′58″ у. д. / 51.97944° пн. ш. 30.09944° у. д. / 51.97944; 30.09944
Гарошкаў на мапе Беларусі
Гарошкаў
Гарошкаў
Гарошкаў

Гісторыя рэдагаваць

Карона Каралеўства Польскага рэдагаваць

 
Герб «Бонча» роду Харлінскіх.
 
Герб «Сьвяты Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

Ці не найранейшая пакуль што зьвестка пра вёску маецца ў судовым дэкрэце ад 12 чэрвеня 1618 году. Тады пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Астраглядаўскіх добраў, паклікаў у суд панства маці і сына Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загальле адабралі валоў у людзей з Гарошкава, Карчовага, Малішава, Паселічаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Паселічы, Малішаў[a][2]. 8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[b] засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Гарошкавам) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. 7 верасьня 1631 — 26 студзеня 1632 году пададзены і актыкаваны адпаведны запіс і адносна долі маёнтку Самуэля, сына Юрыя, Харлінскага[c] пану Мікалаю Абрамовічу, зяцю нябожчыка і пані Гальшкі, за 13 500 злотых. У гэтым пераліку частка вёскі названа новым Гарошкавам[3].

Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хвойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле зьвестак на восень 1686 году з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясьціны. У інвэнтары 1698 г. маёнтку князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага, Гарошкаў, а таксама Малішаў, Карчовае ды неіснуючыя сёньня Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусьцелыя (wsi puste)[4]. Няма ніякіх зьвестак пра гарошкаў ў рэвізыі 1716 году і ў інвэнтары 1721 году, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хвойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча. Адсутнічае інфармацыя ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 і 1754 гадоў. Тады Хвойнікамі валодалі малодшы сын Дамініка князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.

Расейская імпэрыя рэдагаваць

 
Гарошкаў, Вялікі Бор, Карчовае, Рудзенька на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гарошкаў — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[5]. Паводле рэвізіі 1795 года, тут было 10 двароў з 41 душой мужчынскага і 39 жаночага полу прыгонных сялянаў. Прозьвішчы жыхароў: Данец, Бурак, Лабада, Прыходзька, Бардак, Ганчарэнка[6]. У «Камеральном описании... Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 году, вёска Гарошкаў названая сярод паселішчаў у складзе Хвойніцкіх добраў Людвіка Прозара[d], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Люізе Прозаравай[7].

Паводле інвэнтару Хвойніцкага маёнтку Ўладыслава Прозара 1844 года, вёска Гарошкаў належала да фальварку Валоцкі, мела 18 двароў, 126 жыхароў[8]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» Гарошкаў са сваімі 105 вернымі абодвух полаў пазначаны ў прыходзе Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы[9].

У парэформавы час Гарошкаў – у Хвойніцкай воласьці. У пачатку 1870 года тут налічвалася 57 мужчынскіх душ сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Гарошкаўскага сельскага таварыства[10]. Згодна зь ведамасьцю Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год, яе прыхаджанамі былі 72 асобы мужчынскага і 76 жаночага полу з 18 двароў вёскі Гарошкаў[11][e]. Згодна зь перапісам 1897 году, паселішча налічвала 35 двароў, 245 жыхароў, існавалі капліца і хлебазапасны магазын[8]. На 1909 год у вёсцы Гарошкаў Хвойніцай воласьці было 40 двароў, 253 жыхары[12]. У 1917 годзе — 52 двары з 307 жыхарамі.

Найноўшы час рэдагаваць

 
Гарошкаў на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Беоасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гарошкаў, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гэтмана Паўла Скарападзкага[13].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Гарошкаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 22 і 44 вучні[14]. У 1926 годзе вёска налічвала 76 двароў з 364 жыхарамі.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Гарошкаў — цэнтар сельсавету ў складзе Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі БССР. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Карчоўскага сельсавета. З 20 лютага 1938 году ў Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Гарошкаве быў 81 двор з 390 жыхарамі. У траўні-чэрвені 1943 году карнікі з баявой групы Шымана спалілі вёску і зьнішчылі 13 чалавек[15]. 19 вяскоўцаў загінулі на франтах[16].

8 студзеня 1954 году Гарошкаў — у складзе Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, вёска з насельніцтвам 191 жыхар належала да Забалацкага сельсавету. На 1970 год — у складзе Паселіцкага сельсавету, 154 жыхары[8].

Ліквідавана 21 верасьня 2010 году[17].

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Яшчэ названыя 16 паселішчаў, акрамя "іnszych wsiów i przysiołków".
  2. ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
  3. ^ За недарослага яшчэ Самуэля (напэўна, прэтэндаваў на меншую, як Шчасны, частку дзядзькавай фартуны) дакумэнт аформіў яго апякун пан Хведар Праскура, пісар земскі кіеўскі.
  4. ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
  5. ^ У даведніку «Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд» (Минск, 1879) зьвестка чамусьці адсутнічае.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów - Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. – Warszawa, 1894. S. 281, 637
  3. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 59
  4. ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133 адв.
  5. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  6. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 129-131
  7. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  8. ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 437
  9. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 666
  10. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. – Минск, 1870. Л. 69
  11. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40937. А. 234, 239адв.; гл. таксама: Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
  12. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 44
  13. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  14. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  15. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 36 — 37, 499
  16. ^ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна (далей: Памяць) / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. С. 259
  17. ^ Решение Хойникского районного Совета депутатов от 21.09.2010 г. № 25 Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района

Літаратура рэдагаваць