Канстанцін Севярынец

беларускі журналіст, паэт

Канстанці́н Па́ўлавіч Севяры́нец (Кастусь Севярынец; 4 верасьня 1952, в. Унорыца, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласьць — 1 кастрычніка 2021, Віцебск) — беларускі журналіст, паэт, публіцыст, перакладчык, аўтар паэтычных кніжак для дзяцей.

Канстанцін Севярынец
лац. Kanstancin Sieviaryniec
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 верасьня 1952(1952-09-04)
Памёр 1 кастрычніка 2021(2021-10-01) (69 гадоў)
Сужэнец Тацяна Севярынец[d]
Дзеці Павал Севярынец і Ганна Севярынец
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, журналіст
Узнагароды
мэдаль „За адвагу на пажары“

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Скончыў Унорыцкую пачатковую школу, васьмігодку ў в. Глыбаве, сярэднюю школу ў г. Таўрогі (Летува). Вучыўся на расейскім аддзяленьні філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту, спэцыяльнасьць — настаўнік расейскай мовы і літаратуры. У 1972—1974 гадах праходзіў службу ў адной з артылерыйскіх брыгад Маскоўскай вайсковай акругі. Падчас службы быў узнагароджаны мэдалём «За отвагу на пожаре»[1]. У 1976 годзе працаваў дырэктарам у Пагасьцянскай васьмігодкі пад Воршай[2].

З 1979 году працаваў ў журналістыцы. Працаваў карэспандэнтам БЕЛТА—ТАСС па Віцебскай вобласьці, у рэспубліканскіх газэтах «Советская Белоруссия», «Семь дней», райгазэце «Ленінскі прызыў», шматтыражцы «Красный Октябрь», віцебскай абласной газэце «Народнае слова», часопісе «Служба спасения 01», на Беларускім радыё. Пісаў вершы для дзяцей. У якасьці віцебскага ўласнага карэспандэнта пісаў крымінальныя нарысы для менскай «Детективной газеты»[3].

Творчасьць

рэдагаваць

Дэбютаваў на старонках «Знамя юности» і «Сельской газеты». Нізкі вершаў і перакладаў, як на беларускай, так і на расейскай мовах, у розныя гады друкавалі «Настаўніцкая газета», «Советская Белоруссия», «Чырвоная змена», «Наша ніва», пэрыядычныя выданьні раённай і абласной прэсы. Са сваімі творамі друкаваўся ў часопісах «Нёман», «Беларусь», «Вожатый», «FloriДа», альманаху «Па камянях як па зорах», штогодніку «Далягляды», кнізе-дасьледаваньні «З глыбінь жыватворных».

У 2008 годзе — ляўрэат прэміі «Лепшыя радкі „Фларыды“»[4] расейскамоўнага часопісу «FloriДа» (Маямі, ЗША) за шэраг паэтычных публікацыяў. Пераможца міжнароднага конкурсу радыё «Свабода» на найлепшы пераклад тэксту песьні «Fairitaile» (па-беларуску: Казка), зь якой Аляксандар Рыбак перамог на «Эўрабачаньні-2009»[5]. Суаўтар першай беларускай азбукі для iPod «Буквар: Родная азбука»[6][7].

Перакладаў з сэрбскай і харвацкай моваў[8]. У сааўтарстве з Іванам Чаротам перакладаў для беларускіх часопісаў, альманахаў і анталёгій творы паэтаў з былой Югаславіі. Пераклаў на беларускую мову творы З. Джуканавіча, Д. Тадзіянавіча, С. Янковіча, Г. Крклеца, клясыкаў Й. Ёванавіча-Змая і Д. Максімовіч. Пераклады друкаваліся ў альманаху «Далягляды», часопісах «Нёман», «Беларусь», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва».

Аўтар пяці зборнікаў крымінальных нарысаў (у сэрыі «Библиотечка детективной газеты»), зборніку абранай лірыкі «Пока дышу», кніжкі дзіцячых вершаў «Там, где радуга живёт».

Літаратурны крытык прафэсар Іван Штэйнер характарызуючы паэзію Кастуся Севярынца, піша: «У нечым пераклікаючыся з выслоўем Андрэя Вазьнясенскага „Стихи не пишутся — случаются, как утро или же закат…“, Севярынец сьцьвярджае ўласнае: „Вдруг захлестнет меня стихотворенье и невзначай взойдет из-под пера…“. Канстанцін Севярынец — перш за ўсё лірык, які ўласнымі вачыма глядзіць на гэты сьвет і адкрывае ў ім прыгажосьць, якую яшчэ не заўважылі людзі, і імкнецца падзяліцца гэтым адкрыцьцём з усімі на чароўнай зямлі»[1].

Галоўны рэдактар часопіса «FloriДа» (ЗША) Аляксандар Росін піша пра паэзію Севярынца: «Усё пераплецена ў гэтым сьвеце. Я ўчытваюся ў радкі Кастуся Севярынца, а пазнаю штосьці новае пра сябе. У гэтым хітрасьць сапраўднай паэзіі. І прыдуманы Маркэсам горад Маконда, і сапраўдны горад Таруса, у якім дагэтуль лунае дух Паўстоўскага, Забалоцкага, Цьвятаевай, Бродскага, і маленькая палеская вёсачка Унорыца, дзе прайшлі дзіцячыя гады Кастуся. — для мяне, чытача, зьвёны аднаго ланцуга»[9].

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец выказаўся пра кнігу Кастуся Севярынца «Шабаш негодяев»: «асаблівасьці пісьмовай манеры зносін Кастуся Севярынца з чытачом ва ўменьні знайсьці дэталь і, адштурхнуўшыся ад яе, пазначыць характар, вызначыць тып да поўнай пазнавальнасьці. Нарысы, сабраныя ў гэтай кніжцы, напісаны па гарачых сьлядах падзей. Але пры цалкам вытлумачальнай рэзкасьці малюнку на мамэнтальных здымках такога пляну, у іх выразна праступае пазыцыя аўтара: „даказаць ад адваротнага“, што праўдзівую каштоўнасьць у чалавечых узаемаадносінах складаюць хрысьціянскія запаведзі, а не выродлівая філязофія пэрсанажаў з „Шабашу негодяев“…»[1].

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • «З глыбінь жыватворных» (1990 г.), напару зь Мікалаем Лясьнічым
  • «Пока дышу» (1997 г.), зборнік выбранай лірыкі
  • «Там, где радуга живёт» (2007 г.), кніга дзіцячых вершаў
  • «Шабаш негодяев»
  • «Пока цветёт сирень» (2012 г.), лірыка
  1. ^ а б в Іван Штэйнер Мои корни – в деревеньке Унорица Праверана 24 ліпеня 2015 г.
  2. ^ Кастусь Севярынец. Govorim.by. Праверана 18 снежня 2012 г.
  3. ^ Кастусь Севярынец: «Калі Паша з дзяўчынай пабярэцца, то будзе ёй добрым памочнікам!..». Народная Воля (8 лютага 2011). Праверана 24 ліпеня 2015 г.
  4. ^ Кастусь Северинец. час. «Флорида». Праверана 24 ліпеня 2015 г.
  5. ^ «Казка» па-беларуску. Свободные новости плюс. Праверана 24 ліпеня 2015 г.
  6. ^ Вершы Кастусь Севярынец: Свая азбука. Мова нанова (26 красавіка 2014). Праверана 24 ліпеня 2015 г.
  7. ^ Ася Паплаўская (17 ліпеня 2013) Беларуская азбука для дзетак. Вучыце з планшэта!. БелаПАНПраверана 24 ліпеня 2015 г.
  8. ^ 13 км — мой шчасьлівы чортаў тузін : час.. — Т. 2007. — № 3 (54).
  9. ^ Росін А. М. Экспресс «Кастусь Северинец » Праверана 24 ліпеня 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць