Іван Чарота
Іва́н Аляксе́евіч Чаро́та (16 верасьня 1952, Лышчыкі, Кобрынскі раён — 7 лістапада 2024) — беларускі славіст, перакладчык, літаратуразнавец, доктар філялягічных навук, прафэсар, акадэмік Сэрбскай Акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, загадчык катэдры славянскіх літаратур БДУ.
Іван Чарота | |
Дата нараджэньня | 16 верасьня 1952 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 7 лістапада 2024 (72 гады) |
Месца вучобы | |
Занятак | перакладнік, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, славіст, гісторык культуры, грамадзкі дзяяч, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | літаратуразнаўства і крытыка[d] |
Месца працы | |
Сябра ў | Саюз пісьменьнікаў СССР, Сэрбская акадэмія навук і мастацтваў[d], Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Саюз пісьменьнікаў Беларусі |
Навуковая ступень | доктар філялягічных навук[d] |
Узнагароды |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьЗ 1969 па 1974 год навучаўся на аддзяленьні расейскай мовы і літаратуры філялягічнага факультэту БДУ. Пасьля заканчэньня яго працаваў тры гады настаўнікам у Паляцкіскай сярэдняй школе Воранаўскага раёну. У 1977 годзе прыняты на працу ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе займаў, адпаведна, пасады выкладчыка — старшага выкладчыка, дацэнта, а потым, прайшоўшы на працягу 1991 па 1994 гады навучаньне ў дактарантуры, стаў загадваць новастворанай катэдрай славістыкі (славянскіх літаратур). Кандыдацкую дысэртацыю «Творчасьць Мікалая Шолахава і літаратурны працэс Югаславіі (1956—1986)» абараніў у ЛДПІ (Ленінград, 1986), доктарскую — «Беларуская літаратура ХХ стагодзьдзя і працэсы нацыянальнага самавызначэньня» у БДУ (Менск, 1998).
Перакладаў з сэрбскай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моваў на беларускую і расейскую, а таксама зь беларускай і расейскай на сэрбскую. Заснавальнік, укладальнік і перакладчык сэрыі «Сэрбскае багаслоўе ХХ стагодзьдзя»[1].
Навуковыя працы і кнігі
рэдагавацьСвае навуковыя інтарэсы засяродзіў перш за ўсё на літаратурах і культурах славянскіх народаў. Дасьледуючы іх генэтычныя, тыпалягічныя і кантактныя ўзаемадзеяньні, ён сьцьвердзіўся як вядучы паўднёваславіст Беларусі, высокааўтарытэтны спэцыяліст у галіне параўнальнага літаратуразнаўства і культуразнаўства, аўтар каля 600 навуковых прац, сярод якіх кнігі «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (Менск, 1988 — у сааўтарстве), «Пошук спрадвечнай існасьці: Беларуская літаратура ХХ стагодзьдзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэньня» (Менск, 1995), «Сэрбская Праваслаўная Царква» (Менск, 1998), «Беларуская мова і Царква» (Менск, 2000), «Косовская битва продолжается» (Менск, 2000), «Антологија белоруске поезије», (Београд: 1993; 2-е выданьне — 2012), «Югаславянскія казкі» (Менск, 1999), «Антологија лирике источних Словена» (Београд, 2000), «Насустрач Духу. Анталёгія беларускай хрысьціянскай паэзіі» (Менск, 200]), «Насустрач Духу. Анталёгія беларускай хрысьціянскай прозы» (Менск, 2002), «Слово и Дух. Антология русской духовной поезии ХХ -ХХ вв.» (Менск, 2003, 2005, 2010), «Ні на небе, ні на зямлі. Казкі славянскіх народаў» (2013), «Српска књижевност. Антологија текстова. Књ.І -V» (Менск, 2002—2007 — на сэрбскай мове), «Тэорыя і практыка мастацкага перакладу» (Менск, 2012), «Испод крила роде. Антологија савремене белоруске поезије» (Подгорица, 2014), «Беларусы пра Сербію-Югаславію» (Менск, 2015, « Белорусија и Србија: Трагом узајамног упознавања и деловања»(Шабац, 2016)[2].
Навукова-мэтадычная сфэра
рэдагавацьПрафэсар Чарота быў сябрам рэдкалегій 11 пэрыядычных выданьняў (6 замежных), навуковым кансультантам Беларускай Энцыкляпэдыі; сакратаром Біблійнай камісіі Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы і выканаўчым рэдактарам часопісу «Праваслаўе».[3]
У навукова-мэтадычнай сфэры плён яго складаюць такія дапаможнікі, як «Советская литература в связях и взаимодействиях: Начала сравнительного и системного анализа» (Менск, 1989), «Мастацкі пераклад на беларускую мову : Асновы тэорыі і практычныя рэкамэндацыі» (Менск, 1997), «Югаславянскія літаратуры і культуры» (Менск, 1999 — у суаўтарстве), праграма «Гісторыя славянскіх літаратур» (2000), «Гісторыя сэрбскай літаратуры. Практыкум» (2007)[4].
Перакладчыцкая праца
рэдагавацьСябар Саюзаў пісьменьнікаў СССР (адпаведна, Саюзу пісьменьнікаў Беларусі), а таксама Расеі і Сэрбіі; актыўна выступаў у друку як літаратуразнавец, крытык, эсэіст, публіцыст. Больш за дваццаць пяць гадоў узначальваў бюро сэкцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, займаўся перакладам з сэрбскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моваў на беларускую і расейскую, а таксама зь беларускай і расейскай на сэрбскую.
Яго наробак — больш за 1200 друкаваных перакладаў, у тым ліку звыш 70 кніжных выданьняў, сярод якіх творы наступных аўтараў: Патрыярх Сэрбскі Павал, Мікалай Веліміравіч, Юсьцін Попавіч, Марка С. Маркавіч, Фадзей Штрбулавіч, Іва Андрыч, Браніслаў Нушыч, Радэ Драінац, Добрыца Чосіч, Нэвена Вітошавіч Чэкліч, Зоран Гаўрылавіч, Міра Радоевіч і Любадраг Дзіміч, Момір Лазіч, Драган Лакічавіч, Драгаслаў Міхаілавіч, Гроздана Олуіч, Горан Петравіч, Ліляна Хаб’янавіч-Джуравіч, Бена Зупанчыч, Прэжыхаў Воранц, Ёсіп Юрчыч, Драга Янчар і інш.
Заснавальнік, укладальнік і перакладчык сэрыі «Сэрбскае багаслоўе ХХ стагодзьдзя», у якой ужо выйшла больш за чатыры дзясяткі кніг. Перакладзены Чаротам зборнік «Мовы ўсяго жывога: Сэрбскія народныя казкі» (Менск, 2007) прызнаны найлепшай кнігай Беларусі ў галіне перакладу на 2008 год і адзначаны Нацыянальнай прэміяй[5].
Узнагароды
рэдагаваць- прэмія прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэньне» (2003)
- Міжнародная прэмія імя К. Астроскага (Польшча, 1999)
- Міжнародная прэмія імя Ф. М. Дастаеўскага (Сэрбія, 2007) (уручана ў 2012 г.)
- прэмія Саюзу пісьменьнікаў Сэрбіі (2000)
- прэмія часопісу «Збиља /Reality» (СРЮ, Бялград, 2000, 2006);
- Сусьветная праваслаўная літаратурная прэмія «Багародзіца Трохручыца» (сэрбскі Фонд імя Іванкі Мілошавіч — Чыкага, ЗША, 2011)
- Міжнародная літаратурная прэмія імя Радэ Драінца (Сэ)
- ордэн Прападобнага Сергія Раданескага ІІІ ступені (РПЦ,2002)
- памятны мэдаль Саюзу славацкіх пісьменьнікаў (2003)
- ордэн Сьвятога Савы III ступені (СПЦ, 2004)
- Залаты знак Культурна-асьветнага таварыства Сэрбіі (2008)
- ордэн сьвяціцеля Кірыла Тураўскага ІІ ступені (БПЦ, 2012)
- сярэбраны мэдаль «За заслугі» (Сэрбія, 2014)
- мэдаль Аляксандра Пушкіна (Расея, 2015).
- грамата Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі (2017)[6].
- прэмія Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэньне» (2019)[7]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Іван Чарота атрымаў ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага
- ^ 70 год філфаку
- ^ Філялягічны факультэт БДУ
- ^ [ttp://elib.bsu.by/bitstream/123456789/40003/1/charota.pdf Шляхі станаўленьня катэры славянскіх моваў]
- ^ Служэньне словам і справай, Беларусь сегодня
- ^ Свидетельство № 5-02/114 от 15 ноября 2017 года
- ^ https://web.archive.org/web/20210219163932/http://sozvuchie.by/intervyu/item/5362-perakladchyki-biblii-na-rodnuyu-movu-shanavany-vysokaj-uznagarodaj.html
Літаратура
рэдагаваць- Іван Аляксеевіч Чарота // Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Гардзіцкі А. К. Чарота Іван Аляксеевіч // Беларускія пісьменьнік:Даведнік. Менск,1994.С.584.
- Гарэлік Л.М, Махнач Т. М. Чарота Іван //Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 6. Менск, 1995. С. 275—277.
- Ляшук В. Я., Снітко Г. Н. Літаратура Берасцейшчыны. Берасьце, 1999. С.326, 368.
- Трус М. В. Чарота Іван Аляксеевіч // Беларуская Энцыкляпэдыя. У 18 т. Т. 17. Менск, 2003. С.245.
- Б.п. Чарота Иван Алексеевич // Регионы Белоруссии. Энциклопедия. Т.1. Кн. 2. Менск, 2009. С. 453.
- Б.п. // Філялягічны факультэт. Да 70-годдзя заснаваньня. Менск : БДУ, 2009. С. 133—136.
- Сибиновић М. Чарота Иван // Енциклопедија српског народа. — Бялград, 2008. С.1249.
- Навойчык П. Чарота Іван Аляксеевіч // Гісторыя славянскіх літаратур і праблемы іх параўнальнага вывучэньня: тэорыя і практыка. -Менск, 2015.С. 141—142.
- Штэйнер І. З любоўю да славянскага пісьменства // Полымя.2017, № 9. С. 39-42.