Казаньаргсынтэз
Каардынаты: 55°52′24″ пн. ш. 48°59′8″ у. д. / 55.87333° пн. ш. 48.98556° у. д.
«Казаньаргсынтэз» («КАС») — хімічнае прадпрыемства Расеі, заснаванае ў ліпені 1958 году ў якасьці «Казанскага заводу арганічнага сынтэзу» (цяпер Татарстан).
рас. Казаньоргсинтез | |
Тып | публічнае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | МБ: KZOS |
Заснаваная | 14 ліпеня 1958 (66 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Савет міністраў Расейскай СФСР |
Уласьнікі | Банк «Авэрс» (52%), «Нацыянальны разьліковы дэпазытарый» (18%), «Цэнтральны дэпазытарый Татарстану» (11%), «Сувязьінвэстнафтахім» (9%), «Тэлекам-Мэнэджмэнт» (2%)[1] |
Краіна | Расея |
Разьмяшчэньне | Татарстан |
Адрас | Казань, Маскоўскі раён, Беламорская вул., д. 101[2] |
Ключавыя фігуры | Фарыд Мінігулаў, Рафаэль Сафараў[3], Руслан Шыгабутдзінаў[4] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | ацэтон, бісфэноль, полікарбанат, поліэтылен, поліэтыленавыя трубы, фэноль, этаноламін, этыленгліколь і этылен |
Абарачэньне | ▼62,935 млрд рас.руб. (2020 г.; 851,9 млн $) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼10,107 млрд рас.руб. (2020 г.; 136,8 млн $) |
Чысты прыбытак | ▼8,431 млрд рас.руб. (2020 г.; 114,1 млн $)[5] |
Лік супрацоўнікаў | 8300 (2019 год) |
Матчына кампанія | «Татара-амэрыканскія інвэстыцыі і фінансы» (Казань) |
Даччыныя кампаніі | «Палац культуры хімікаў» (Казань)[6] |
Аўдытар | «Прайсўотэрхаўс-Купэры» (Ангельшчына) |
На 2021 год прадпрыемства было адзіным вытворцам полікарбанатаў у Расеі і адным з найбольшых вытворцаў поліэтылену. Належала ААТ «Татара-амэрыканскія інвэстыцыі і фінансы» («ТАІФ», Казань). Вытворчая плошча складала 4,2 кв.км і мела адзіную інфраструктуру перавозак, сувязі і энэргетыкі. Прадпрыемства ўлучала 7 заводаў: 1) этылену, 2) поліэтылену высокага ціску (ПВЦ), 3) поліэтылену нізкага ціску (ПНЦ), 4) бісфэнолю А (БФА, фэнолю і ацэтону), 5) полікарбанатаў (ПК), 6) арганічных прадуктаў і тэхнічных газаў (АПТГ), 7) капітальнага рамонту (КР). «Казаньаргсынтэз» вырабляў 170 найменьняў хімічных злучэньняў, у тым ліку: этылен, поліэтылен, полікарбанат, поліэтыленавыя трубы, бісфэноль, фэноль, ацэтон, этыленгліколь і этаноламін. Гадавая вытворчасьць складала 1,7 млн тонаў вырабаў, якія пастаўлялі ў 31 краіну. У якасьці асноўнай сыравіны выкарыстоўваліся: этан, этылен, звадкаваны вуглевадародны газ (прапан, бутан), бэнзоль, вокіс этылену, прапан-прапіленавая фракцыя і вінілацэтат. Прадпрыемства зьяўлялася найбольшым экспартэрам поліэтылену ў Расеі[7].
На 2021 год «Казаньаргсынтэз» пастаўляў свае вырабы ў 7 краінаў Азіі — Азэрбайджан, Казахстан, Кітай, Кыргыстан, Таджыкістан, Турэччыну і Ўзбэкістан, а таксама ў 18 краінаў Эўропы: Баўгарыю, Беларусь, Бэльгію, Брытанію, Італію, Латвію, Летуву, Нідэрлянды, Нямеччыну, Польшчу, Румынію, Сэрбію, Украіну, Фінляндыю, Чэхію, Швайцарыю, Швэцыю і Эстонію. У Беларусь пастаўлялі ацэтон, полікарбанат ды поліэтылен высокага і нізкага ціску[8].
Вытворчасьць
рэдагавацьНа 2021 год вытворчасьць «Казаньаргсынтэзу» складалася зь 7 заводаў: 1) поліэтылену нізкага ціску (ПНЦ) — 54,6 % вырабаў, 2) поліэтылену высокага ціску (ПВЦ) — 21 %, 3) полікарбанатаў — 10,4 %, 4) этылену — 8,4 %, 5) бісфэнолю А — 3,8 %, 6) арганічных прадуктаў і тэхнічных газаў (АПТГ) — 1,9 %, 7) капітальных рамонтаў[9]. Завод поліэтылену нізкага ціску налічваў 861 супрацоўніка і ўлучаў 3 вытворчасьці: 1) поліэтылену — бімадальнага і лінейнага, у тым ліку мэталацэнавага; 2) плястмасавых вырабаў — поліэтыленавых трубаў; 3) соманомэраў — бутэна-1[10]. Завод поліэтылену высокага ціску меў 776 працаўнікоў і вытворчасьці 3-х чэргаў: 1) заснаваная ў 1980 годзе вытворчасьць сэвілену, 2) вытворчасьць ПВЦ нізкай шчыльнасьці шляхам палімэрызацыі этылену пераксыдам ў аўтакляўных рэактарах пры ціску да 1500 кгс/см² і цеплыні да 280°C, 3) вытворчасьць ПВЦ з прымяненьнем тлену ў трубчатых рэактарах пры ціску да 2000 кгс/см² і цеплыні да 300°C — адзіная ў Расеі вытворчасьць электраправодных кампазыцыяў поліэтылену для кабэляў і трубаправодаў выбухоўкі ў рудніках, таксама прызначаецца для буйнагабарытных і шнуравых вырабаў, як і высакахуткаснай экструзіі[11].
Запушчаны ў 2008 годзе завод полікарбанатаў налічваў 522 супрацоўнікі і меў магутнасьць 65 000 тонаў за год. Вырабы атрымлівалі бесфасгенным спосабам — пераэтэрыфікаваньнем дыфэнілкарбанату бісфэнолам А. Зь іх выраблялі ўтулкі, фары і шасьцерні самаходаў, аптычныя лінзы, ахоўныя шлемы, фільтры для крыві. Таксама іх выкарыстоўваюць у вытворчасьці высокатрывалага шматслойнага шкла і ашкленьня будынкаў ды цяпліцаў[12]. Завод этылену налічваў 838 працаўнікоў, быў найбольшым паводле плошчы і даваў сыравіну іншым заводам, таму быў найстарэйшым. Налічваў 4 чаргі вытворчасьці ў складзе 7 цэхоў: 1) № 0204-0205 і 0201-0203, 2) 2021-2045, 3) 0771-0776, 4) 58-68 і 65-76, 5) цэх рамонту абсталяваньня. Выпускаў прапілен і этылен з этанавай фракцыі, якая паступала па трубаправодзе з «Арэнбурскага гелевага заводу» і «Мінібаеўскага газаперапрацоўчага заводу» (Альмецьеўскі раён), а таксама з прапан-бутанавай фракцыі ў чыгуначных цыстэрнах. Вырабы атрымлівалі піролізам з наступным нізкатэмпэратурным газаразьдзяленьнем. Атрыманы этылен прызначаўся для вытворчасьці вокісу этылену і поліэтылену, а прапілен — для вырабу ацэтону, вокісу прапілену, поліпрапілену і фэнолю[13].
Завод бісфэнолю А (БФА) налічваў 513 супрацоўнікаў і 2 вытворчасьці: 1) фэнолю і ацэтону, 2) бісфэнолю А. Сыравінай служылі бэнзоль і прапілен, якія апрацоўвалі кумольным спосабам. Быў першым заводам у ланцугу пераробкі. Каля 85 % фэнолю і 45 % ацэтону ішло на вытворчасьць бісфэнолю А. Астатні фэноль выкарыстоўвалі ў вытворчасьці капраляктаму, дыфэнілпрапану, лекаў, сынтэтычнай смалы, плястыфікатараў і гэрбіцыдаў. А ацэтон — у вытворчасьці воцатнага ангідрыду, ацэтанцыангідрыну, дыфэнілолпрапану і ў якасьці прамысловай рашчыны. Пушчаная ў 2007 годзе вытворчасьць бісфэнолю А ажыцьцяўлялася кандэнсацыяй ацэтону і фэнолу ў прысутнасьці катыёнаабменнай смалы ў якасьці каталізатара. Звыш 85 % грануляванага бісфэнолю А ішло на вытворчасьць полікарбанатаў. Рэшту выкарыстоўвалі ў вытворчасьці эпаксыдных смолаў для лакафарбаў і парашковых пакрыцьцяў, клеяў і электронных платаў. Урэшце БФА прымянялі ў вырабе полісульфонавых, поліарылятных, фэнолальдэгідных, поліэтэрных імідных і ненасычаных складанаэтэрных смолаў, а таксама бромаваных інгібітараў гарэння і стабілізатарах палімэраў[14]. Завод арганічных прадуктаў і тэхнічных газаў (АПТГ) налічваў 851 працаўніка і быў утвораны шляхам зьліцьця заводу арганічных прадуктаў і заводу азоту, тлену і холаду. Складаўся зь 7 цэхоў і 3-х службаў. Вытворчасьць арганічных прадуктаў выкарыстоўвала ў яксьці сыравіны вокіс этылену для выпуску бутылцэлазольваў і этаналамінаў, а таксама дээмульгатараў, праксанолаў-праксамінаў і інгібітараў карозіі і парафінаадкладаньня для першаснай падрыхтоўкі нафты. Бутылцэлазольвы прымянялі ў вытворчасьці лакафарбаў і парфумэрыі, а этаналаміны — для ачысткі газаў ад кіслых і серкаўтрымальных арганічных злучэньняў у нафтагазавай прамысловасьці. Дээмульгатары нафты і інгібітары карозіі ды парафінааддзяленьня выкарыстоўвалі для аддзяленьня нафты ад вады і павышэньня нафтааддачы плястоў і абароны буравога абсталяваньня ў нафтаздабычы. Вытворчасьць тэхнічных газаў выпускала газападобныя і вадкія азот, аргон, двухвокіс вугляроду і тлен, а таксама сьціснутае асушанае паветра і холад. Каля 90 % гэтых вырабаў спажывалі іншыя заводы прадпрыемства. Іншым спажыўцам пераважна адгружалі вадкія азот, аргон і тлен у цыстэрнах для крыягенных вадкасьцяў, а таксама газападобныя аргон і тлен у сталёвых балёнах пад ціскам 14,7 МПа (150кгс/см²) і пры цеплыні 20°C. Газападобны азот выкарыстоўвалі ў захоўваньні акісьляльных вырабаў і гарачай мэталаапраўцы, а вадкі — для ахаладжэньня. Тлен — для газаполымнай мэталаапрацоўкі, а аргон — для ахоўнага асяродзьдзя пры зварцы, рэзцы і плаўцы актыўных і рэдкіх мэталаў і стопкаў на аснове алюміну і магну, сталі і хроманікелевых жаратрывалых стопкаў, а таксама ў мэталюргічным рафінаваньні[15].
Мінуўшчына
рэдагаваць14 ліпеня 1958 году Савет міністраў Расейскай СФСР зацьвердзіў управу «Казанскага хімічнага заводу» (Татарская АССР). У жніўні 1958 году 1-м кіраўніком заводу стаў Уладзімер Лушнікаў, які заставаўся на пасадзе да 1982 году. У 1960 годзе адчынілі кіраўнічы корпус і тэхнічную вулэльню № 11 пры заводзе. У 1961 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Казанскі завод арганічнага сынтэзу», пры якім пабудавалі 1-ю прахадную і пажарнае дэпо. 13 ліпеня 1963 году атрымалі 1-ю партыю ацэтону і фэнолю на адкрыцьці вытворчасьці ацэтону і фэнолю гадавой магутнасьцю 27 500 тонаў і 45 000 тонаў адпаведна. У 1963 годзе адчынілі Галоўную заводзкую лябараторыю. У 1964-м пусьцілі вытворчасьць ізапрапілбэнзолю магутнасьцю 84 000 тонаў за год і ўвялі ў дзеяньне прадуктаправод «Мінібаева — Казань» даўжынёй 288 км. У студзені 1965 году здалі вытворчую лінію 1-й чаргі магутнасьцю 62 400 тонаў этылену і 16 500 тона прапілену. У сьнежні 1965 году атрымалі 1-ю партыю поліэтылену выкокага ціску (ПЭВЦ) на 1-й чарзе магутнасьцю 24 000 тонаў за год. У 1966 годзе пачаліся пастаўкі за мяжу: у Вугоршчыну, Чэхаславаччыну, Швайцарыю і Японію. У 1967 годзе пусьцілі вытворчасьць вокісу этылену 1-й чаргі магутнасьцю 30 000 тонаў за год. У 1968 годзе вылучылі 4 вытворчасьці: газаразьдзяленьня, фэнолю і ацэтону, поліэтылену, арганічных вырабаў. Таксама запусьцілі вытворчасьць ПЭВЦ 2-й чаргі магутнасьцю 48 000 тонаў за год і вытворчасьць 2-й чаргі магутнасьцю 60 000 тонаў этылену за год і 27 000 тона прапілену. У 1969 годзе пачалі вытворчасьць этаноламінаў магутнасьцю 14 500 тонаў[16].
У 1970-м пачалі выраб арганічных перакісаў і стварылі цэх вылічальных машынаў. У 1973 годзе пусьцілі вытворчасьць вокісу этылену 2-й чаргі магутнасьцю 60 000 тонаў і павялічылі магутнасьць вытворчасьці ПЭВЦ 2-й чаргі да 68 000 тонаў. Таксама стварылі інфармацыйна-вылічальны цэнтар. У 1974 годзе запусьцілі вытворчасьць этылену 3-й чаргі магутнасьцю 100 000 тонаў («Этылен-100»). У 1975-м завод пераўтварылі ў Казанскае вытворчае аб'яднаньне «Поліэтылен». У 1976-м адчынілі 3-ю чаргу вытворчасьці ПЭВЦ і этыленаправод «Ніжнякамск — Казань». Таксама вытворчае аб'яднаньне перайменавалі ў «Арганічны сынтэз». У 1980 годзе пусьцілі вытворчасьць поліэтыленавых трубаў і магутнасьцю 53 000 тонаў, а на 1-й чарзе вытворчасьці поліэтылену выпусьцілі 1-ю партыю сэвілену. У 1982-м адчынілі вытворчасьць поліэтыну 4-й чаргі («Этылен-200»). Таксама ў 1982 годзе новым кіраўніком прадпрыемства стаў Юры Малышаў, які з 1968 году быў галоўным інжынэрам. У 1983-м адчынілі вытворчасьць поліэтылену нізкага ціску (ПНЦ) магутнасьцю 200 000 тонаў. У 1987 годзе стварылі 5 заводаў: этылену, арганічных прадуктаў, поліэтылену нізкага ціску (ПНЦ), поліэтылену высокага ціску (ПЭВЦ) і плястмасавых вырабаў. Адначасна ўтварылі вонкавагандлёвае прадпрыемства для паставак за мяжу. У 1988-м увялі ў дзеяньне цэх перапрацоўкі вадкіх і газападобных адкідаў. У 1989-м магутнасьць 4-й чаргі вытворчасьці этылену павялічылі да 160 000 тонаў за год. У 1991 годзе 1-ю чаргу ПЭВЦ пераўтварылі ў ААТ «Сэвілен», а таксама стварылі дачынныя прадпрыемствы для вырабу спажывецкіх тавараў. У 1992 годзе аўтаматызавалі ўстаноўку «Этылен-100», дзе замянілі печы піролізу. У 1993-м прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У 1998 годзе на заводах поліэтылену высокага і нізкага ціку ўсталявалі лініі пакаваньня ў кляпанныя мяхі[16].
У 2000 годзе магутнасьць вытворчасьці ПЭВЦ 2-й чаргі павялічылі да 72 000 тонаў, а 3-й чаргі — да 117 000 тонаў. У 2002-м магутнасьць 4-й чаргі вытворчасьці этылену павялічылі да 205 000 тонаў, на на заводзе ПНЦ усталявалі нямецкую лінію («Тайсан») прыгатаваньня поліэтыленавых канцэнтратаў тэхнічнага вугляроду. У 2003 годзе ААТ «Татара-амэрыканскія інвэстыцыі і фінансы» («ТАІФ») набыло кантрольны пакет акцыяў прадпрыемства. У 2005-м на заводзе этылену запусьцілі печ піролізу «Ліндэ» для перапрацоўкі прапан-бутанавай фракцыі, а на заводзе ПНЦ адчынілі вытворчасьць лінейнага поліэтылену. У таварных цэхах завода ПЭВЦ укаранілі штабэлефармавальныя і палетавальныя машыны. Цэх азоту, тлену і холаду пераўтварылі ў завод. У 2006-м павялічылі магутнасьць вытворчасьці фэнолю і ацэтону да 65 000 і 41 000 тонаў за год адпаведна. У 2007-м на заводзе ПНЦ стварылі вузлы ачысткі газу і збору скідных газаў, падачы суспэнзійных каталізатараў і злучэньня парашка поліэтылену магутнасьцю 30 тонаў за гадзіну. Магутнасьць вытворчасьці ПНЦ павялічылі з 200 000 да 510 000 тонаў за год. Пачаў працу завод бісфэнолю А магутнасьцю 70 000 тонаў. У 2008-м пусьцілі завод полікарбанатаў магутнасьцю 65 000 тонаў, а таксама ўстаноўку «Бутэн-1» і новую вытворчасьць вугляроду магутнасьцю па 20 500 тонаў. У 2010 годзе магутнасьць вытворчасьці этылену павялічылі з 430 000 да 605 000 тонаў за год праз увод комплексу «Э-500». У 2011-м вытворчасьць поліэтылену павялічылі са 112 000 да 140 000 тонаў за год. Таксама ўкаранілі мікрафільтраваньне прамыслова-ліўневых сьцёкаў, мэмбраннае фільтраваньне вады і замкнёнвы цыкль ачысткі вады да якасьці пітной. У 2012 годзе ААТ «Казаньаргсынтэз» набыў маёмасьць ААТ «Нафтахімсэвілен». У 2014-м усталявалі пакавальную машыну ПНЦ і лінію палетаваньня мяхоў і пакаваньня ў чахол са стужкі. У 2015-м увялі ў дзеяньне 2-камэрную печ піролізу магутнасьцю 138 000 тонаў этылену за год. На заводзе ПНЦ пусьцілі лінію грануляваньня бімадальнага поліэтылену высокай шчыльнасьці. Таксама ў 2015 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў публічнае акцыянэрнае таварыства[16].
У 2019 годзе «Казаньаргсынтэз» выпусьціў 748 000 тонаў этылену, што складала звыш 40 % яго вытворчасьці ў Расеі. Таксама прадпрыемства вырабіла 76 000 тонаў бісфэнолю А і 74 000 тонаў полікарбанатаў, ды зьяўлялася адзіным іх вытворцам у Расеі. Сярод іншага, на прадпрыемстве выпусьцілі 71 000 тону фэнолю і 46 000 тонаў ацэтону (звыш 30 % расейскай вытворчасьці), 24 000 тонаў поліэтыленавых трубаў (каля 10 %) і 16 000 тонаў этаноламіну (звыш 40 %)[17].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Уладзімер Лушнікаў (1958—1982)
- Юры Малышаў (1982—1986)
- Наіль Юсупаў (1986—2003)
- Леанід Алёхін (2003—2012)
- Фарыд Мінігулаў (зь 2012 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Будова акцыянэрнага капіталу (рас.) // ПАТ «Казаньргсынтэз», 31 сьнежня 2020 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Пра кампанію (рас.) // ПАТ «Казаньргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Выканаўчая ўправа (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Рада кіраўнікоў (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Уладзімер Каноплін. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць паводле МСФС за 2020 год (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Прадпрыемствы з долевым удзелам (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Пра кампанію (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Геаграфія паставак (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Вытворчасьць (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Завод поліэтылену нізкага ціску (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Завод поліэтылену высокага ціску (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Завод полікарбанатаў (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Завод этылену (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Завод бісфэнолю А (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Завод арганічных прадуктаў і тэхнічных газаў (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ а б в Гісторыя (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
- ^ Фарыд Мінігулаў. Справаздача за 2019 год (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 3 ліпеня 2020 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны (рас.) // ПАТ «Казаньаргсынтэз», 22 сакавіка2021 г. Праверана 21 красавіка 2021 г.