Замошша (Іканскі сельсавет)
Замо́шша[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 6 км на поўдзень ад Іканаў, на захад ад шашы Р3. Замошша ўваходзіць у склад Іканскага сельсавету.
Замошша | |
трансьліт. Zamošša | |
Першыя згадкі: | 1594 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Іканскі |
Вышыня: | 190 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 33 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222135 |
СААТА: | 6208833041 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°26′51.0″ пн. ш. 28°12′59.0″ у. д. / 54.4475° пн. ш. 28.216389° у. д.Каардынаты: 54°26′51.0″ пн. ш. 28°12′59.0″ у. д. / 54.4475° пн. ш. 28.216389° у. д. |
± Замошша |
Назва
рэдагавацьЗамошша — адна з найбольш распаўсюджаных назваў вёсак на Беларусі. Некалькі пасяленьняў з такім айконімам было раней і на Барысаўшчыне. Але толькі адно зь іх захавалася да нашага часу.
Гісторыя
рэдагавацьДаўнія часы
рэдагавацьЧас заснаваньня вёскі Замошша невядомы. Яе назва сьведчыць пра тое, што ўтворана яна была як славянскае пасяленьне. Таму яго ўзрост, верагодна, меней за ўзрост тых шматлікіх тутэйшых вёсак, якія маюць назвы балцкага паходжаньня. Тым ня менш, заснавана вёска Замошша была вельмі даўно. Найбольш старое зь вядомых пісьмовых сьведчаньняў пра Замошша датуецца 12 сакавіка 1594 году. У адным з тагачасных дакумэнтаў яна згадваецца як сяло. Валодаў ім ваявода віцебскі Станіслаў Кішка. Асобы такога ўзроўню не жылі ў такіх правінцыйных месцах. Кіравалі справамі там іх прадстаўнікі. Магчыма, што пан Войцах Вількоўскі, які згадваецца ў тым самым дакумэнце, і быў такой асобай. Акрамя Кішкі і Вількоўскага ў старым дакумэнце згадваецца замоскі старац Васіль Ваяводыч. Старцы ў тыя часы абіраліся зь сялянаў на сходах вяскоўцаў. Яны назіралі за выкананьнем грамадзкіх работ, зьбіралі даніну.
Пасьля 1594 году зьвесткі пра Замошша на некалькі стагодзьдзяў губляюцца.
Па словах старажылаў, вёска Замошша ў даўнія часы знаходзілася трошкі ў іншым месцы. Тое месца цяпер называюць Могілкі. Там цяпер ляжаць камяні. На пытаньне: «Калі і па якой прычыне людзі перабраліся ў новае месца?» цяпер у вёсцы ўжо ня зможа адказаць ніхто. Але калі тое і мела месца, то перасяленьне вёскі адбылося не пазьней чым у ХVІІІ — самым пачатку ХІХ стагодзьдзя.
Маёнтак
рэдагавацьПаколькі ў вышэй названым дакумэнце 1594 году згадваецца замоскі пан, то можна зрабіць выснову, што маёнтак у Замошшы ў той час, хутчэй за ўсё, існаваў. Аднак больш ці менш дакладныя зьвесткі пра яго сустракаюцца ў дакумэнтах толькі з ХІХ стагодзьдзя. Згадваецца маёнтак у Замошшы ў сувязі з падзеямі 1812 году. У 1847 годзе ён згадваецца як фальварак. Валодаў ім Манюшка (імя яго невядома). На 1834 год да яго адносілася 80 прыгонных сялян. У 1960-х гадах у маёнтку Замошша, які належаў А. Манюшку, працаваў півавараны завод (ён згадваецца ў 1862 годзе). У 1865 годзе маёнтак пераходзіць да Эміліі Манюшкі, якая, хутчэй за ўсё, даводзілася былому гаспадару маёнтку жонкай. На той час у маёнтку адзначаецца 49 «рэвізійных душ мужчынскага полу» і 11 дваравых. Двароў і сялян са сваімі гаспадаркамі і палявымі ўчасткамі было 14. На 1875 год да маёнтку ў Замошшы адносілася 196 дзесяцін зручнай для сельскагаспадарчых прац зямлі, 695 — лесу, так званай нязручнай зямлі — 200 дзесяцін.
У 1875—1876 гадах Эмілія памірае і маёнтак у Замошшы пераходзіць у спадчыну Данату Манюшку. Данат атрымаў гаспадарку, якая мела 1170 дзесяцін. Кіраваў ён ёй сам.
Маёнтак у даўнія часы знаходзіўся амаль за кілямэтар на паўночны ўсход ад вёскі. Там была панская сядзіба і комплекс гаспадарчых будынкаў. Сярод іх варта адзначыць паравы млын. Быў ён драўляным і знаходзіўся ля малога возера.
ХІХ стагодзьдзе
рэдагавацьРэгулярныя зьвесткі пра Замошша сустракаюцца ў розных дакумэнтах толькі з пачатку ХІХ стагодзьдзя. На той час гэта была вёска невялікіх памераў, якая ляжала на досыць важным для тамтэйшых навакольляў шляху з Зэмбіна на Бягомель. Таму ня дзіўна, што Замошша паказана на ўсіх падрабязных мапах ХІХ стагодзьдзя.
У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя вясковыя могілкі знаходзіліся на паўночнай ускраіне вёскі (гэтыя могілкі функцыянуюць па наш час). Сама ж яна распачыналася ад іх і цягнулася ўздоўж дарогі на Пагранічча, Ганцавічы. Шлях з Зэмбіна раней падыходзіў да вёскі ля могілак (па дарозе, якая цяпер вядзе да запрудзіны сажалкі). Тут ён паварочваў направа і ішоў так, як ідзе цяпер галоўная вясковая вуліца.
На 1886 год у Замошшы было 14 сялянскіх двароў, у якіх жыло 136 чалавек. Столькі ж сялянскіх гаспадарак адзначаецца ў вёсцы і ў 1890 годзе. Яна на той час адносілася да Ганцавіцкага сельскага таварыства (цяпер Ганцавічы — вёска ў Лагойскім раёне ля самай мяжы Барысаўскага раёну) Зэмбінскай воласьці.
На пачатку ХХ стагодзьдзя
рэдагавацьНа пачатку ХХ стагодзьдзя жыцьцё ў Замошшы пачалося патрошку зьмяняцца. Вёска, як і большасьць пасяленьняў Барысаўшчыны, пачынае расьці больш хуткімі тэмпамі, чым раней. У 1909—1911 гадах ля Замошша праводзіліся працы па ўкладцы бруку на шашы з Зэмбіна на Мсьціж. У другім дзесяцігодзьдзі ХХ стагодзьдзя тут была адкрыта аднаклясная сельская вучэльня.
Перамены
рэдагавацьНа 1919 год у Замошшы быў 201 жыхар. Яшчэ 19 чалавек жыло на тэрыторыі маёнтку. Там, дзе раней знаходзіўся панскі двор (цяпер гэта месца мясцовыя жыхары называюць паркам), пры савецкай уладзе быў утвораны саўгас. Ён так і называўся — «Замошша». У парку былі зроблены алеі (магчыма падноўлены былыя панскія), быў адкрыты клюб. Усталявалі ў парку і арэлі. Вёска да вайны была вялікай, шчыльна заселенай.
Распавядаюць, што палітрук саўгасу заўсёды хадзіў зь пісталетам. Калі мужыкі косяць сена, палітрук лазіў па хмызьняку і падслухваў хто што казаў. Потым, калі размовы калгасьніка былі на погляд палітрука не «благанадзейнымі», яго ноччу палітрук выклікаў на допыт. І селянін быў вымушаны пасьля дзённай працы ў полі яшчэ ноч праводзіць у непрыемных адказах на пытаньні. Палітрука баяліся ўсе. Ён змог нават дырэктара саўгасу Новіка пасадзіць на дзевяць месяцаў у турму ў Барысаве.
Сярод старшыняў саўгасу мясцовыя жыхары згадваюць Сантара. Ён быў маладым. Запомніўся тым, што з дапамогаю трактароў зрабіў запруду і ўтварыў ля вёскі возера (якое захавалася да нашага часу). Былі закуплены ў «Волме» карпы і запушчаны ў штучна створаны вадаём. Аднак яны потым прапалі, бо вада ў возеры стаячая, не праточная. Сам жа Сантар пазьней перабраўся ў Барысаў, быў там старшынём райвыканкаму.
У даваенны час у Замошшы працягвала працаваць школа. Яна была сямігодкай, мела добры драўляны будынак.
Недзе каля 1936 рабілі новы прамы шлях з Зэмбіна на Бягомель, які прайшоў міма вёскі і па наш час выкарыстоўваецца як асноўны. Ранейшыя ж шляхі, як кажуць старажылы, пракладваліся панамі. Прычым кожны зь іх дарогу праз сваю зямлю вёў так, як яму было больш зручна.
Перад самай вайной у 1939 годзе ля вёскі пачалі будаваць ваенны аэрадром (бо мяжа адсюль была недалёка). Кіравалі будаўніцтвам Турбовіч і Бернштэйн, якія былі паселены ў хаце мясцовых жыхароў. Мясцовыя жыхары былі задзейнічаны ў будаўніцтве. Яны на конях звозілі камяні з поля, выконвалі іншую працу. На выраўненае і ачышчанае поле завозілася ўгнаеньне, пасьля чаго была пасеяна канюшына. Месца працы ў цёмны час асьвятляліся з дапамогаю электрычнасьці, якая ў самой вёсцы зьявілася толькі ў 1950-х гадах.
Перад вайной саўгас быў зьліквідаваны. Будынкі сьвінарнікаў і іншыя засталіся. Такое становішча вырашылі выкарыстаць вайскоўцы. Яны прыехалі ў Замошша, быў скліканы сход вяскоўцаў. На ім вайскоўцы абвясьцілі, што будуць закупляць былыя саўгасныя пабудовы. На тым яны зьехалі. Болей іх ня бачылі. Рэалізавацца іх пляны не змаглі з-за таго, што распачалася вайна.
Апошняя вайна
рэдагавацьУ нядзелю 22 чэрвеня 1941 году некалькі жыхароў вёскі Замошша хадзілі на базар у Мсьціж. Там яны даведаліся пра тое, што распачалася вайна. Аднак іх прасілі, каб пра гэта яны нікому нічога не казалі. Неўзабаве над Замошшам пачалі лётаць самалёты. Чые яны — ніхто ня ведаў. Моладзь у нядзелю яшчэ гуляла вечарынкі. Але ў хуткім часе зь Іканскага сельсавету былі дастаўлены ў вёску павесткі ў войска, і моладзь пешшу пайшла ў Барысаў.
Праз пэўны час з-пад Вялейкі праз Замошша (ішлі праз Плешчаніцы) у бок Пяліку адступала кавалерыя. У іх на мапах там быў пазначаны мост. Сьледам туды ж гналі тэхніку, цягнулі гарматы. А там — балоты. Рабілі так: чаплялі гармату да трактара, які накіроўвалі ў балота. Давалі поўны газ, і салдат выскокваў з трактара. Апошні ішоў у балота і цягнуў гармату пакуль не захлёбваўся.
У балотах ля Пяліку скапілася нямала вайскоўцаў Савецкай Арміі. Яны былі галодныя. Жыхары з Замошша хадзілі да іх. Там можна было абмяняць булку хлеба і кавалак сала на каня. Па шляху да Пяліку ў лясах можна было ўбачыць пакінутыя кулямёты, снарады, розную тэхніку, у тым ліку і грузавікі. Практычна ўсе салдаты, якія трапілі ў пастку да Пяліку, загінулі.
Пасьля адыходу апошніх частак Савецкай Арміі быў маленькі перапынак. Потым з боку Ганцавічаў зьявіліся тры нямецкія танкі. Яны абстралялі «хвост» савецкіх вайскоўцаў, праехалі Замошша, потым праз Завіднае і пайшлі ўдагонку тым, хто адступаў. Так распачалася нямецкая акупацыя Замошша. Шмат людзей зь вёскі ў тую вайну загінула. У 1943 годзе, калі была спалена вёска, яе жыхароў адвезьлі ў Зэмбін. Там іх трое сутак пратрымалі ў зачыненай царкве. Пасьля таго былі допыты. Адразу пасьля іх частку людзей расстрэльвалі ў прадмесьці мястэчка.
Вызвалена Замошша, як і ўся Барысаўшчына, была ў 1944 годзе.
Пасьля вайны
рэдагавацьУ час вайны згарэлі ня толькі падворкі жыхароў вёскі, але і паравы млын (у 1943 годзе), іншыя панскія будынкі, школа. Пасьля вайны мясцовыя дзеці вучыліся па хатах. Потым пачалі хадзіць у школу ў Ганцавічы.
Царква ў Замошшы была закрыта пасьля вайны. У яе будынку спачатку сушылі зерне, потым яе закінулі. Былы храм доўгі час стаяў пустым, патрошку разбураўся. Некалькі гадоў таму яго будынак спарахнеў настолькі, што купал з крыжом са званіцы зваліўся на зямлю. Мясцовыя жыхары зьвярнулі ўвагу на тое, што купал на зямлю ўпаў не бокам, стаў вэртыкальна крыжом у верх. Канчаткова рэшткі царквы ў Замошшы былі разабраны ў верасьні 2008 году.
Замошша ў пасьляваенныя часы працягвала пашырацца. Непасрэдна вёска і месца, дзе раней знаходзіўся маёнтак, ужо даўно зьліліся ў адно цэлае. Але цяпер Замошша, як і амаль усе вёскі Барысаўшчыны, старэе, колькасьць яе жыхароў памяншаецца. Тут няма цяпер ня толькі школы або царквы, але нават і звычайнай крамы. Пра тое, што тут было ў былыя часы, цяпер практычна нічога ня сьведчыць. Хіба толькі што ліпы на месцы былой панскай сядзібы і старыя камяні.
Традыцыі, народная памяць
рэдагавацьУ Замошшы раней шырока адзначалі такія народныя і рэлігійныя сьвяты, як Каляды, Вялікдзень і іншыя. Адным з найбольш папулярных тамтэйшых сьвятаў было вясельле Цярэшкі. Кірмашы ў Замошшы ніколі не праводзіліся. Народныя сьвяты вельмі актыўна адзначаліся яшчэ да вайны, нават у яе час. У пасьляваенны час гэтыя традыцыі пачалі затухаць.
Сьведчаньні пра даўнюю гісторыю вёскі застаюцца ў паданьнях і гісторыях, якія перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Гэта паданьне пра крыніцу, якую праклялі, пра старыя могілкі і інш. Адной з найбліжэйшых вёсак да Замошша зьяўляецца вёска Пагранічча (адносіцца да Лагойскага раёну, зьяўляецца старой вёскай), ці як яе здаўна называюць тутэйшыя жыхары — Граніца. Кажуць, што тут у даўнішнія часы была мяжа. Але якая і з кім — ніхто ня можа на гэта адказаць.
Гісторыя Замошша і яе навакольляў чытаецца ў назвах ўрочышчаў Аэрадром, Могілкі (старыя, а не сучасныя), Падлясьсе, Пасёлак і іншыя.
Насельніцтва
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1886 год — 14 двароў, 136 жыхароў; 1890 год — 14 двароў
- XX стагодзьдзе: 1919 год — 201 жыхар; 1999 год — 73 жыхары
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 33 жыхары
Інфармацыя для турыстаў
рэдагавацьСтрачаная спадчына
рэдагаваць- Міхалаўская царква
Царква
рэдагавацьЧас заснаваньня царквы ў Замошшы невядомы. Паводле ўскосных зьвестак можна выказаць меркаваньне, што ў 1594 годзе яна ўжо магла існаваць, прычым як прыходзкая.
Дакладна вядома, што ў часы ўніяцтва храм у Замошшы існаваў. Больш таго, будынак апошняй царквы, які захоўваўся да нашага часу, быў узьведзены яшчэ ўніятамі. Знаходзіўся ён на могілках. Уніяцкай царква ў Замошшы заставалася да 1839 году, калі ўніяцтва было скасавана наогул. Пераход у маскоўскае праваслаўе тамтэйшых вернікаў адбываўся досыць складана. Прадпрымаліся спробы пераводу іх насуперак намаганьням новых уладаў у каталіцтва. Захавалася справа пра тое, як у 1839 годзе (зразумела, што без дазволу чыноўнікаў) у Замоскай капліцы (магчыма, што на той час бажніца ў Замошшы мела такі статус) набажэнства праводзіў ксёндз Нявельскі, які, згодна афіцыйнай вэрсіі, меў на мэце перавесьці вернікаў у каталіцтва.
Міхалаўская царква ў Замошшы адносілася да Ўсьпенскай царквы ў Кіміі (зьвесткі за 1864 год, пачатак ХХ ст.). Аднак у 1878 годзе яна адзначалася як прыпісаная да прыхода Міхалаўскай царквы ў Зэмбіне.
Па словах старажылаў, у царкве ў Замошша было шмат абразоў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 72
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Замошша — вёска, у якой жылі дзесяткі пакаленьняў тутэйшых жыхароў(недаступная спасылка) // Міхась Мацельскі, Гоман Барысаўшчыны