Загародзкія гаворкі
Загаро́дзкія гаво́ркі (па-ўкраінску: Загородські говірки) — тэрмін, якім акрэсьліваюць берасьцейска-пінскія гаворкі заходнепалескага дыялекту. Утвораны ад назвы гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і аднайменнае раўніны. Уведзены ў навуковы зварот дыялектолягам Фёдарам Клімчуком у 1970-х.
Асаблівасьці гаворак паўднёва-заходняй Беларусі
рэдагавацьГаворкі паўднёва-заходняй Беларусі па фанэтычных ды лексычных характарыстыках набліжаюцца да суседніх валынска-палескіх гаворак украінскай мовы. На беларускіх дыялектных мапах іх збольшага вылучаюць у асобную палескую групу гаворак беларускай мовы[1], у той час як ва ўкраінскіх крыніцах іх часта называюць берасьцейска-пінскімі гаворкамі ўкраінскай мовы (а іх носьбітаў адпаведна залічваюць да «ўкраінцаў Берасьцейшчыны(uk)»[2]). Пры правядзеньні перапісаў насельніцтва ў XIX—XX стагодзьдзях у Расейскай імпэрыі, міжваеннай Польшчы ды СССР кожным разам выкарыстоўваліся іншыя падыходы да ідэнтыфікацыі заходніх палешукоў: у матэрыялах розных перапісаў яны фігуруюць як «малорусы», «белорусы», «русские», «тутэйшыя» ды іншыя. Пад час перапісаў, што ладзіліся ў другой палове XX ст., заходнія палешукі Берасьцейшчыны ідэнтыфікаваліся пераважна як беларусы[3].
У палескіх гаворках зьберагліся пэўныя архаічныя элемэнты. Вядомы ўкраінскі славіст Юры Шавялёў так акрэсьліў характар фармаваньня палескай дыялектнай зоны: «Уласна з прычыны паступовага пашырэньня „літоўскіх“, па сутнасьці протабеларускіх рысаў і іннавацыяў, з аднаго боку, і кіева-падольска-галіцкіх, з другога, тэрыторыя Кіева-Палескага рэгіёну звужалася, і з поўдня і з поўначы адбывалася размываньне палескага ядра. Калі факт уваходжаньня ў протабеларускую мову на поўначы і ў протаўкраінскую мову на поўдні стаў відавочным, у асяродку палескіх гаворак паўстаў тэрмін-самаазначэньне „тутэйшыя“, то бок тыя, што „тут“ спрадвеку і супраціўляюцца абодвум экспансіям — з поўначы і з поўдню»[4].
Сучасная зона пашырэньня заходнепалескіх гаворак у Беларусі займае паўднёвую частку сучаснай Берасьцейскай вобласьці ўздоўж граніцы з Украінаю, акрамя паўднёвага ўсходу вобласьці, прыкладна да Лунінца на ўсход і да Пружанаў на поўнач. На «Этнаграфічнай мапе беларускага племені», складзенай праф. Я. Ф. Карскім у 1903 р., гаворкі на гэтай тэрыторыі не аднесеныя да беларускіх.
Характэрнае адрозьненьне вымаўленьня ў заходнепалескіх гаворках ад рэшты рэгіёнаў Беларусі — «д» і «т» на месцы «дзь» і «ць»: «дэнь», «будэ (будыть)», «зять (зеть)», «ходыты» замест «дзень», «будзе», «зяць», «хадзіць».
Тэрытарыяльны падзел характэрнага вымаўленьня ў Берасьцейскай вобласьці
рэдагавацьПаводле зьвестак беларускага філёляга Фёдара Клімчука[3] характэрныя асаблівасьці вымаўленьня падзеленыя прыблізна такім чынам.
Берасьцюкі (сынонімы: пінчукі, загародцы, заходнія палешукі) насяляюць паўднёвую частку Берасьцейскай вобласьці, акрамя паўднёвага ўсходу. Месты ды пасёлкі мескага тыпу на гэтай тэрыторыі: Берасьце, Пінск, Кобрынь, Белаазёрск, Высокае, Дарагічын, Жабінка, Камянец, Столін, Янаў, Антопаль, Дамачава, Лагішын, Рэчыца. Па адметнасьцях гаворак сярод берасьцюкоў вылучаюць асноўныя ды пэрыфэрыйныя падгрупы. Асноўныя падгрупы — сярэднезагародцы, паўднёвазагародцы, паўночназагародцы і тараканцы. Пэрыфэрыйныя падгрупы — малечцы (Малецкі і Сігневіцкі сельсаветы Бярозаўскага раёну), паўночналагішынцы (некалькі вёсак на поўдні Івацэвіцкага і на поўначы Пінскага раёнаў), аброўцы (в. Аброва Івацэвіцкага раёну), сярэднепагорынцы (Столін і вакольныя вёскі), паўднёвацеляханцы (некалькі вёсак на поўдні Івацэвіцкага і на поўначы Пінскага раёнаў).
Прыклады характерных асаблівасьцяў мясцовых гаворак. Сярэднезагародзкія гаворкі: «він (вын) будэ (будэть) ходыты (худыты) в ліс, дэнь, нэбо, вэсна, высна, камынь, сын, зеть». Паўднёвазагародзкія гаворкі: «він будыть (будэ) ходыты (худыты) в ліс; дэнь, нэбо, вэсна, высна, камынь, сын, зеть». Паўночназагародзкія гаворкі: «вун будэ ходыты в ліс; дэнь, нэбо, высна, вэсна, камень, сын, зять». Тараканскія гаворкі: «він будыть (будэ) ходэтэ в ліс; дань, набо, высна, камынь, сэн, зеть». Малецкія гаворкі: «вуон будэ ходыты в ліес; дэнь, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять». Паўночналагішынскія гаворкі: «вон будэ ходыты в лес; дзень, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять». Аброўская гаворка: «вон будэ ходіты в лес; день, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять». Сярэднепагорынскія гаворкі: «вон (вун) будэ ходіті в лес (ліс); дэнь, нэбо, камень, вэсна, сын, зять». Паўднёвацеляханскія гаворкі: «вэн будэ ходіті в лес; дэнь, нэбо, вэсна, камэнь, сын, зять».
Носьбітамі пераходных гаворак між берасьцейска-пінскімі, з аднаго боку, ды паўночнаберасьцейскімі і ўсходнепалескімі зь іншага боку, ёсьць верхнеясельдцы, лунінцы, беражноўцы, бобрыкаўцы. Верхнеясельдцы насяляюць верхавіны р. Ясельда каля местаў Бяроза ды Пружаны. Характэрная гаворка: «вуон будэ ходзіці у ліес; дэнь, нэбо, камэнь, вэсна, сын, зять». Лунінцы насяляюць некалькі вёсак Лунінскага сельсавету Лунінецкага раёну. Характэрная гаворка: «вын буде ходіті в ліс; день, небо, камэнь, вэсна, сын, зять». Беражноўцы жывуць у некалькіх вёсках Столінскага раёну (Беражное, Альпень ды інш.). Характэрная гаворка: «вон буде ходіті в лес; день, небо, камэнь, вэсна, сын, зять». Бобрыкаўцы жывуць у некалькіх вёсках Бобрыкаўскага сельсавету Пінскага раёну. Характэрная гаворка: «вон буде хадіті у лес: день, небо, камэнь, вэсна, сын, зять». Носьбіты паўночнаберасьцейскіх ды ўсходнепалескіх гаворак насяляюць тэрыторыі, разьмешчаныя на поўнач і на ўсход ад арэалу берасьцюкоў-пінчукоў. Месты і мястэчкі: Лунінец, Давыд-Гарадок, Мікашэвічы, Целяханы, Шарашоў. Характэрныя гаворкі: «вон (вэн) будзе ходзіці (ходзіць, хадзіці) у лес; дзень, небо, вэсна (васна, весна), камэнь (камень), сын, зяць».
Дасьледаваньні
рэдагавацьСучасныя дасьледнікі — Фёдар Клімчук, Рыгор Аркушын, Юры Громік, Лена Леванцэвіч і іншыя. Асаблівасьці, а таксама культура носьбітаў вывучаецца Заходнепалескім навукова-краязнаўчым таварыствам «Загародзьдзе».
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі. Аўтар А. А. Крывіцкі. (Карта)
- ^ Тарас Марусик. Українці Берестейщини: минуле і сучасне. «Радіо Свобода», 15 кастрычніка 2003 р.
- ^ а б Фёдор Климчук. Этническая структура населения Брестской области
- ^ Шевельов Ю. Чому общерусский язык, а не вібчоруська мова? З проблем східнослов’янської глотогонії // Другий Міжнародний конгрес україністів: Доповіді і повідомлення. Мовознавство. Львів, 1993. С. 60. (цит. за [Г. А. Цыхун])