Дзень Рэфармацыі
Дзе́нь Рэфарма́цыі — хрысьціянскае сьвята, якое адзначаецца 31 кастрычніка ў гонар Рэфармацыі, асабліва лютаранскімі і некаторымі рэфармаванымі цэрквамі. Гэты дзень сьвяткуецца на дзяржаўным узроўні ў Славеніі, Чылі і некаторых землях Нямеччыны.
Пратэстанцкая традыцыя | |
Значэньне | Пачатак Рэфармацыі |
---|---|
Дата | 31 кастрычніка |
Мінуўшчына
рэдагавацьУ гэты дзень у 1517 року аўгустынскі манах Мартын Лютэр разаслаў мясцовым япіскапам свае славутыя 95 тэзаў, у якіх выклаў сваё стаўленьне да такое шырока распаўсюджанае тады зьявы, як гандаль папскімі індульгенцыямі і ў цэлым да каталіцкае царквы. Таксама, паводле паданьня, Лютэр прыбіў у гэты ж дзень свае тэзы да ўваходных дзьвярэй Вітэнбэрскага храму. Гэтая падзея стала пачаткам глыбокіх і ўсебаковых пераўтварэньняў у рэлігійным, грамадзкім і палітычным жыцьці Эўропы, вядомых як Рэфармацыя.
«95 тэзаў» былі хутка перакладзеныя з лаціны на нямецкую мову, надрукаваныя і шырока распаўсюджаныя, ужо да 1519 ахапіўшы новай плыняй Францыю, Ангельшчыну і Італію. Рэфармацыйны рух спрычыніўся да таго, што Нямеччына, Ангельшчына, Швэцыя высунуліся на першы плян у культурным, палітычным і эканамічным разьвіцьці[1].
Ідэі Рэфармацыі не абмінулі й Беларусь. У 1553 року канцлер ВКЛ, ваявода віленскі Мікалай Радзівіл «Чорны» вярнуўся зь Нямеччыны, дзе пазнаёміўся з рэфарматарскім рухам. У сваім замку ў Берасьці ён заклаў першы на Беларусі рэфармацыйны збор, а ў сярэдзіне 1550-х гадоў прыняў кальвінізм і афіцыйна абвясьціў сябе апекуном айчынных пратэстантаў[2]. Ягоная дзейнасьць паклала пачатак распаўсюду Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім і, у выніку, «Залатога веку Беларусі(en)».
Сьвяткаваньне
рэдагавацьУжо ў XVI стагодзьдзі Дзень Рэфармацыі часткова адзначаўся 10 лістапада або 18 лютага (дні нараджэньня і сьмерці Мартына Лютэра). Быў сьвятам таксама і дзень Аўгсбурскага вызнаньня 25 чэрвеня.
У 1667 року курфюрст Саксоніі Ёган Георг II абвясьціў сьвяточным днём 31 кастрычніка, і гэтая дата атрымала прызнаньне ў большасьці эвангельскіх краінаў.
У лютаранскай царкве Дзень Рэфармацыі адзначаюць штороку. Да XX стагодзьдзя большасьць цэркваў адзначалі гэты дзень 31 кастрычніка, у наш час яго пераносяць на найбліжэйшую нядзелю («Нядзеля Рэфармацыі»). Літургічны колер — чырвоны, што сымбалізуе Сьвятога Духа і кроў мучанікаў хрысьціянскай веры.
У адрозьненьне ад тыпова лютаранскага сьвята ў памяць пра Аўгсбурскае вызнаньне, сьвята Рэфармацыі адзначаецца й іншымі эвангельскімі і пяцідзясятніцкімі цэрквамі.
Сьвята зьяўляецца дзяржаўным у Славеніі (дзе Рэфармацыя аказала глыбокі ўплыў на культурнае разьвіцьцё), Чылі (ад 2008) і фэдэральных зэмлях Брандэнбург, Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Турынгія Нямеччыны. У 1949—1967 гадах было таксама дзяржаўным сьвятам НДР.
У Беларусі
рэдагавацьУ Беларусі сьвяткаваньне Дню Рэфармацыі пачалося параўнальна нядаўна, да 450-рочча беларускай Рэфармацыі (2003). У 2002 року быў створаны Нацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні «Году Рэфармацыі», куды ўвайшлі прадстаўнікі асноўных пратэстанцкіх цэркваў: рэфарматы, лютаране, баптысты, эвангелісты[2], — а таксама прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі: Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Леанід Лыч, Уладзімер Арлоў, Вячаслаў Чамярыцкі, Аляксей Марачкін, Уладзімер Басалыга, Міхась Чарняўскі, Уладзімер Конан, Алесь Пашкевіч, Сяргей Цвор, Леанід Міховіч, Барыс Чарнаглаз, Зьміцер Зяленскі, Станіслаў Акіньчыц, Герман Родаў ды іншыя[3].
Сьвяткаваньне Году Рэфармацыі было адзначанае шматлікімі канцэртамі, культурнымі падзеямі і набажэнствамі па ўсёй краіне[4]. Імаверна, найбольш масавым было набажэнства 17 жніўня 2003 на менскай плошчы Бангалор, удзел у якім узялі каля 5000 вернікаў[5].
Канцэрты на Дзень Рэфармацыі з удзелам музычных калектываў ладзяцца ў Менску з 2002 року[6].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Газэта «Новы час» надрукавала артыкул Станіслава Акіньчыца «Час узьнёсласьці» Рэфармацыя ў Беларусі Праверана 31 кастрычніка 2012 г.
- ^ а б Сьвятлана Ішчанка. Юбілей Залатога веку — сёлета // Культура. — 1—7 сакавіка 2003.
- ^ Рэдакцыя часопіса «Arche». (17 сакавіка 2012) Пад штандарам Эвангельля. Прадмова да новага «Arche». Arche. Праверана 31 кастрычніка 2012 г.
- ^ Падзеі года Рэфармацыі Рэфармацыя ў Беларусі Праверана 31 кастрычніка 2012 г.
- ^ У Менску на плошчы Бангалор прайшло сьвяточнае набажэнства ў гонар 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі Рэфармацыя ў Беларусі Праверана 31 кастрычніка 2012 г.
- ^ Дзень Рэфармацыі Concert.by Праверана 31 кастрычніка 2012 г.