Сьвяты Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі
У НДР афіцыйнымі сьвятамі (і выходнымі днямі, ня лічачы выпадкаў, калі дзень заўсёды выпадае на нядзелю, як, напрыклад, Вялікдзень) былі наступныя дні:
- Новы год — 1 студзеня;
- Гарачая пятніца — пятніца перад Вялікаднём;
- Вялікдзень — заўсёды нядзеля;
- Сьветлы панядзелак — панядзелак пасьля Вялікадня (сьвята да 1967 году);
- Міжнародны сьвяточны дзень барацьбы працаўнікоў за мір і сацыялізм — 1 траўня;
- Дзень вызваленьня — 8 траўня (сьвята да 1967 году, затым у 1985 годзе);
- Дзень капітуляцыі — 9 траўня (толькі ў 1975 годзе, на 30-годзьдзе);
- Ушэсьце Хрыстова — 39-ы дзень пасьля Вялікадня (да 1967 году);
- Сёмуха — заўсёды нядзеля;
- Панядзелак пасьля Сёмухі — 50-ы дзень пасьля Вялікадня;
- Дзень Рэспублікі — 7 кастрычніка;
- Дзень Рэфармацыі — 31 кастрычніка (да 1966 году);
- Дзень споведзі й пакаяньня — 23 лістапада (да 1966 году);
- 1-ы дзень Раства Хрыстова — 25 сьнежня;
- 2-ы дзень Раства Хрыстова — 26 сьнежня.
Скасаваньне шэрагу сьвятаў у 1966—1967 гг. зьвязанае са скарачэньнем працоўнага дня (для кампэнсаваньня).
У НДР існавалі таксама ганаровыя і памятныя дні (Ehren- und Gedenktage), якія не зьяўляліся непрацоўнымі, напрыклад, дзень памяці забойства Карла Лібкнэхта і Розы Люксэмбург (нядзеля пасьля 15 студзеня), дзень антыфашысцкіх герояў (8 лютага), Міжнародны жаночы дзень (8 сакавіка), міжнародны дзень моладзі і студэнтаў (24 красавіка), іншыя міжнародныя дні (пісьменнасьці, дзяцей, міру, барацьбы з расаваю дыскрымінацыяй і інш.), дзень Інтэрбрыгад (18 ліпеня), угодкі Кастрычніцкае рэвалюцыі (7 лістапада), пачатку ВАВ (22 чэрвеня) і Патсдамскае дэклярацыі (2 жніўня), дні салідарнасьці з народамі ПАР і Палестыны, дні заснаваньня КПГ, СЕПГ, Саюзу моладзі й піянерскае арґанізацыі, а таксама дні працаўнікоў розных сфэраў працы, аналягічныя «дням» працаўнікоў у СССР.