Гісторыя Асіпавічаў

Асіпавічы — маладое места, якое ўтварылася зь невялікай вёскі на мяжы гістарычных Случчыны, Меншчыны і Рэчыччыны (Панізоўя). Імкліваму росту паселішча паспрыяла пракладаньне чыгуначных лініяў у 2-й палове XIX ст.

Заснаваньне

рэдагаваць
 
Чыгуначная станцыя Асіпавічы, 1874 г.

У адрозьненьне ад іншых местаў сучаснае Беларусі, Асіпавічы зьяўляюцца параўнальна маладым населеным пунктам. Гісторыя места цесна зьвязаная з пракладкай праз Асіпавічы Лібава-Роменскае чыгункі ў другой палове ХІХ стагодзьдзя.

На XVIII стагодзьдзе прыпадае верагодны час узьнікненьня паселішча[1]. У 1777 годзе, паводле тарыфу Слуцкай парафіі, у Асіпавічах было 16 дымоў[1].

У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Асіпавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ўвайшлі ў склад Бабруйскага павету Менскае губэрні. Паводле рэвізіі Бабруйскага павету, таго ж году яны былі ўладаньнем Дамініка Гераніма Радзівіла, месьціліся ў складзе заставы Ратынскага. Паводле гэтае ж рэвізіі, у тагачасных Асіпавічах налічвалася 83 мужчынскія душы й 71 жаночая, існавала карчма[1].

 
Вакзальная вуліца (паўночна-ўсходняя палова места), пач. ХХ ст.

У другой палове 1794 году ў час паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі ў Менскай губэрні адбыўся рэйд 3-тысячнага аддзелу палкоўніка Стэфана Грабоўскага, які прайшоў у тым ліку і праз Асіпавічы, аднак 4 верасьня быў разьбіты пад Любаньню[2].

У 1872 годзе за 2 км ад Асіпавічаў заснавалі аднайменную станцыю Лібава-Роменскай чыгункі, дзе існавала 5 двароў і пражывала сорак чалавек. У 1880—1890 гадох у Асіпавічах збудавалі два лесапільныя заводы і млын, адкрыўся паштовы аддзел[3]. На 1890 год станцыя Асіпавічы займала на Лібава-Роменскай чыгунцы трэцяе месца па звароце грузаў пасьля Рудзенску і Бярэзані, а ў 1896 годзе была пракладзеная вузкакалеўка Асіпавічы — Дараганава. Перапіс насельніцтва Расейскай імпэрыі 1897 году засьведчыў існаваньне на месцы сучасных Асіпавічаў трох асобных населеных пунктаў з назвай Асіпавічы: вёскі з насельніцтвам у 526 жыхароў і ўтрыманьнем 78 гаспадарак, чыгуначнае станцыі з насельніцтвам блізу ста жыхароў і ўтрыманьнем адзінаццаці гаспадарак, а таксама пасёлка насельніцтвам у прыкладна дзьвесьце чалавек з утрыманьнем 3 гаспадарак і наяўнасьцю заезнага двара й чатырох крамаў. Пазьней гэтыя населеныя пункты зьліліся й утварылі сучаснае адзінае мястэчка[3]. У 1899 годзе каля станцыі Асіпавічаў збудавалі лесапільны завод, праз 5 гадоў — яшчэ адзін, а таксама млын і некалькі жылых будынкаў.

Разьвіцьцё

рэдагаваць
 
Вуліца Рынкавая, пач. ХХ ст.

На пачатак ХХ стагодзьдзя ў Асіпавічах было каля 150 будынкаў, 246 двароў; працавалі школа для дзяцей чыгуначнікаў і царкоўна-прыходзкая школа, паштова-тэлеграфнае аддзяленьне; з прамысловых прадпрыемстваў — паравознае дэпо, і два лесапільныя заводы, два млыны, сукнаваляльня, воўнабітная майстэрня, піварозьліўны завод, таксама шэраг дробных кавальскіх, бандарных, каўбасных, гандлёвых і іншых установаў. У 1900 годзе засноўваецца шпалапрапітны завод, празь дзевяць гадоў — смаляны, таксама ў 1909 годзе адкрыўся тэлеграфны пункт. Існуюць зьвесткі пра існаваньне ў тагачасных Асіпавічах большае колькасьці двароў (больш за трохсот), 41 вуліцы й аднаго завулку, пры гэтым насельніцтва мястэчка складала каля 1 500 чалавек. У 1917 годзе перапіс насельніцтва засьведчыў пражываньне ў Асіпавічах прыкладна 4 200 чалавек[3]. На той момант у складзе Бабруйскага павету ўваходзілі ў склад Замашанскае воласьці[4].

Рэвалюцыйны пэрыяд

рэдагаваць

У сьнежні 1905 году працоўнымі Асіпавічаў была зладжаная першая забастоўка, працоўныя шпалапрапітачнага заводу 17 сакавіка 1908 году арганізавалі эканамічную стачку з патрабаваньнямі паляпшэньня ўмоваў працы, якая, аднак, была здушаная паліцыяй і салдатамі. Летам 1915 году адбыліся салдацкія хваляваньні на чыгуначнай станцыі. Па рэвалюцыі ў Расеі 1917 году ў Асіпавічах былі ўсталяваныя савецкія органы ўлады, што адбылося ў лістападзе, у сьнежні гэтага ж году быў створаны мясцовы чырвонагвардзейскі атрад[3].

Зь 19 лютага па травень 1918 году Асіпавічы былі занятыя польскім корпусам Доўбар-Мусьніцкага, адразу ж пасьля чаго ў рамках парушэньня расейска-нямецкага міру ад 15 сьнежня 1917 году Нямеччына акупавала мястэчка, што працягвалася да 4 сьнежня 1918 году[3]. Гэтыя зьмены на фронце былі замацаваныя дзякуючы Берасьцейскаму міру, заключанаму 3 сакавіка 1918 году. Неўзабаве 25 сакавіка гэтага ж году Радай БНР была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата, паводле ўмоваў якой Бабруйскі павет склаў адну з заяўленых тэрыторыяў Беларускае Народнае Рэспублікі, але органы ўлады рэспублікі не разгарнулі ў мястэчку дзейнасьць з прычыны агульнае неарганізаванасьці сярод структураў БНР і адмоўнага стаўленьня нямецкага франтавога камандаваньня да ўтварэньня БНР. Разам з тым, на фоне Лістападаўскае рэвалюцыі ў Нямеччыне й адкліканьня нямецкіх войск у сьнежні 1918 году бальшавікі занялі большую частку Менскае губэрні, пасьля чаго Асіпавічы апынуліся ў складзе Заходняе вобласьці Расеі.

1 студзеня 1919 году Заходняя вобласьць распускаецца, Бабруйскі павет фармальна перадаецца ў склад абвешчанае ССРБ. З 20 жніўня 1919 да 10 ліпеня наступнага году тэрыторыя гораду знаходзіцца пад акупацыяй Польшчай[3], дзе месьцілася ў Бабруйскім павеце Грамадзянскае Ўправы Ўсходніх Земляў, пасьля чаго на кароткі час трапляе ў склад Бабруйскага павету Летувіска-Беларускай ССР, якая ўжо 31 ліпеня 1920 году была распушчаная зь перадачай земляў цэнтральнае Беларусі ў склад новаўтворанае БССР. У часы польскай акупацыі ў навакольлі гораду дзейнічала партызанка агульным складам блізу 200 чалавек[3], дзейнічаў асобны атрад на чале зь Я. Багдановічам і А. Каральком[5].

Савецкае кіраваньне

рэдагаваць

Са студзеня 1922 году Асіпавічы становяцца цэнтрам воласьці і праз два гады ўваходзяць у склад Бабруйскай акругі БССР, дзе становяцца цэнтрам раёну, 17 ліпеня 1924 году Асіпавічы атрымліваюць статус мястэчка[3]. Варта адзначыць, што Асіпавічы не былі закранутыя перадачай земляў усходу беларускага этнічнага арэалу ў склад РСФСР, што адбылося праз два тыдні пасьля абвяшчэньня ССРБ у 1919 годзе. З 15 студзеня 1938 году — цэнтар аднайменнага раёну, што непасрэдна ўваходзіў у склад БССР з прычыны скасаваньня акруговага падзелу, але 20 лютага гэтага ж году раён увайшоў у склад Магілёўскае вобласьці, дзе знаходзіцца й дагэтуль[6].

У 1921 годзе пра чыгуначнай станцыі быў адкрыты клюб «Чырвоны кастрычнік», дзе існавала таксама бібліятэка-чытальня. У наступным годзе збудоўваюцца электрастанцыя, у 1923 годзе — бібліятэка. У 1925 годзе адкрытыя лякарня й амбуляторыя, у 1927 годзе — дзіцячы сад, празь пяць гадоў — маслазавод і маторна-трактарная станцыя[3].

15 ліпеня 1935 году Асіпавічы атрымліваюць статус гораду, паводле стану на 1939 год у горадзе пражывала 13,7 тыс. чалавек. У 1941 годзе ў Асіпавічах працавалі дзьве сярэднія школы, два дзіцячыя сады, дзьве амбуляторыі, лякарня, дванаццаць прамысловых прадпрыемстваў з каля дзьвюх тысячаў працаўнікоў, у тым ліку паравознае дэпо, вагонарамонтны пункт, маторна-трактарная станцыя, маслазавод, прамысловы камбінат, лясная прамысловая гаспадарка і чатыры арцелі («Перадавік», «Прагрэс», «Зьвязда», «Чырвоны хімік»). З 1931 году дзейнічала чыгуначнае адгалінаваньне ў бок Магілёву[3].

 
Помнік асіпавіцкім габрэям-ахвярам Галакосту, поўдзень гораду, ля скрыжаваньня вуліцаў Працоўна-Сялянскай і Казлоўскай

30 чэрвеня 1941 году падчас Другой сусьветнай вайны горад трапіў пад акупацыю Нямеччыны, пры гэтым у часы нямецкай акупацыі горад не знаходзіўся ў складзе Генэральнай акругі Беларусь, а адносіўся да больш усходніх тэрыторыяў, падпарадкаваных вайсковаму камандаваньню на ўсходнім краі фронту. У 1941 годзе на поўдні гораду было створанае габрэйскае гета, ліквідаванае ў 1942 годзе.

У ліпені 1941 году створаная падпольная суполка КП(б)Б, якой 14 кастрычніка 1942 году рушыла ўсьлед стварэньне суполкі ЛКСМБ, абедзьве дзейнічалі да 2 ліпеня 1944 году. Таксама разгортвалі дзейнасьць падпольнікі, якія распаўсюджвалі ў горадзе савецкія СМІ, і партызанскія групы: першая Асіпавіцкая, першая Бабруйская, 161-я імя Р. І. Катоўскага партызанскія брыгады, зь ліпеня 1943 году — Асіпавіцкая вайскова-апэрацыйная група. У 1943 годзе было створана каля дваццаці падпольных камсамольскіх групаў. 30 ліпеня 1943 году на чыгуначнай станцыі Асіпавічы была зьдзейсьненая дывэрсія, падчас якой было зьнішчана чатыры эшалёны, у тым ліку эшалён з танкамі Тыгар. Наогул падчас падпольнае дзейнасьці ў Асіпавічах было зьнішчана трыццаць эшалёнаў і пашкоджана 70 паравозаў, рабіліся рэйды на адміністрацыйныя будынкі, зьнішчаліся прадпрыемствы[7]. 26 чэрвеня 1944 году над Асіпавічамі ўзноўлены кантроль СССР дзякуючы войскам Першага Беларускага фронту[3].

У 1946 годзе на вуліцу Кастрычніцкую (паўднёвы ўсход Асіпавічаў) зь вёскі Зборск Асіпавіцкага раёну пераносяць праваслаўную Царкву Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, якая была збудаваная ў 1826 годзе ў гэтай вёсцы ў стылі народнага дойлідзтва на сродкі графа Завішы й раней звалася Сьвята-Козьмадзям’янаўскай. Як сьведчаць жыхары места, набажэнствы ладзіліся кожныя выходныя безь перапынкаў не зважаючы на адмоўнае стаўленьне савецкае ўлады да праяваў рэлігійнага жыцьця вернікаў[8].

25 верасьня 1944 году Асіпавічы застаюцца раённым цэнтрам, пераходзячы ў падначаленьне Бабруйскае вобласьці, з 8 студзеня 1954 году — зноў у складзе Магілёўскае вобласьці. З 25 сьнежня 1962 году Асіпавічы пераходзяць у склад Бабруйскага раёну, пасьля 7 сакавіка 1963 году атрымліваюць статус места абласнога падпарадкаваньня, але выходзяць са складу Бабруйскага раёну толькі 6 студзеня 1965 году. Паводле стану на 1959 год у горадзе пражывала 15,8 тыс. чал.[3]

За часамі другой паловы ХХ стагодзьдзя горад значна пашырыў свае межы, у ім пачалі дзейнічаць або працягвалі сваю дзейнасьць завод аўтаагрэгатаў, хлебазавод, маслазавод, кардонна-рубэройдавы завод, завод жалезабэтонных канструкцыяў, камбінат хлебапрадуктаў, кансэрвавы завод, фабрыка канцылярскіх тавараў; пяць сярэдніх агульнаадукацыйных школаў, школа-інтэрнат, музычная школа, дзіцяча-юнацкая спартовая школа, сярэдняя вячэрняя школа, адзінаццаць дашкольных установаў, міжшкольны вытворчы камбінат, дом піянэраў і школьнікаў, два клюбы, дзевяць бібліятэк, два кінатэатры[3].

Сучаснасьць

рэдагаваць

З 25 жніўня 1991 году — у складзе незалежнае Беларусі. У 2002 годзе на вуліцы Інтэрнацыянальнай, што ў цэнтры гораду, быў усталяваны помнік у выглядзе раней дзеючага паравоза Эм726-23, перад якім усталяваная памятная шыльда (варта адзначыць, што на шыльдзе зьмешчаны надпіс, дзе сьцьвярджаецца пра заснаваньне гораду ў 1872 годзе; гл. фота ніжэй). 3 студзеня 2005 году былі зацьверджаныя два ўказы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць выкарыстаньне сьцяга й герба Асіпавічаў[9]. З гэтага ж пэрыяду вядзецца пабудова новых шматкватэрных дамоў на паўночным усходзе места, зьдзейсьненая рэканструкцыя пешаходнага мосту над чыгуначнымі шляхамі станцыі Асіпавічы. Зь лета 2013 году з чыгуначнае станцыі Асіпавічы ў бок Бабруйску працягнутыя кантактныя лініі, якія да гэтага часу заканчваліся ў Асіпавічах, што дазволіла фармаваньне цягнікоў па маршрутах Менск—Бабруйск і Менск—Жлобін на аснове электрычнае цягі.

  1. ^ а б в Анішчанка Я. Асіповічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 257.
  2. ^ Грыцкевіч А. Паўстанне 1794 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2.
  3. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Валахановіч А., Дулеба Г. Асіповічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
  4. ^ Jelski A. Osipowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. — S. 640
  5. ^ Ладысеў, У. Ф. Беларусь на пераломе эпох // Гісторыя Беларусі. Курс лекцый: у 2 ч. / П. І. Брыгадзін [і інш.]. — Мінск: РІВШ БДУ, 2002. — Т. 2. ХІХ—ХХ стст. — С. 318. — 655 с.
  6. ^ Административно-территориальное деление Беларуси (рас.). Белорусский научно-исследовательский центр электронной документации. Праверана 27 жніўня 2014 г.
  7. ^ А. М. Літвін. Асіпавіцкае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
  8. ^ Мордаунт, Юрий (2009) Царква Узвышэння Святога Крыжа. Крестовоздвиженская церковь (рас.). Radzima.orgПраверана 27 жніўня 2014 г.
  9. ^ Геральдические символы (рас.) Афіцыйны партал Асіпавіцкага раённага выканаўчага камітэту. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Праверана 27 жніўня 2014 г.

Літаратура

рэдагаваць