Яўген Анішчанка

беларускі гісторык і пісьменьнік

Яўге́н Канстанці́навіч Ані́шчанка (27 кастрычніка 1955, Бранцава, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць — 16 траўня 2021[1]) — беларускі гісторык, адзін з арганізатараў Грамадзкага аб’яднаньня «Асацыяцыя свабодных беларускіх гісторыкаў». Кандыдат гістарычных навук (1989).

Яўген Анішчанка
Дата нараджэньня 27 кастрычніка 1955(1955-10-27)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 16 траўня 2021(2021-05-16) (65 гадоў)
Месца вучобы
Занятак пісьменьнік, гісторык
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат гістарычных навук[d] (1989)
Сайт arhisan.com

Дасьледаваў гісторыю падзелаў Рэчы Паспалітай і іншыя тэмы з гісторыі Беларусі XVII—XIX стагодзьдзяў[2]

Біяграфія

рэдагаваць

Бацька — Анішчанка Канстанцін Дзянісавіч (аграном), маці — Ганна Рыгораўна (палявод). Да 7-га класа навучаўся ў бранцаўскай 8-гадовай школе, потым з 1968 году — у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве[a] ў адной клясе з мастакамі Андрэем Смаляком, Аляксандрам Ісачовым, Віктарам Ціханавым. Настаўнікамі жывапісу і малюнка былі Пётар Сьвентахоўскі з жонкай Валянцінай.

У 1973—1978 гадох навучаўся на гістарычным факультэце БДУ, які закончыў на выдатна з рэкамэндацыяй у асьпірантуру. Паміж 1978 і 1979 гадамі настаўнічаў у Пальмінскай сярэдняй школе Гарадоцкага раёну, потым 2 гады служыў у вайсковай частцы Ўручча камандзірам узводу.

Паміж 1981—1983 гадамі працаваў настаўнікам гісторыі і маляваньня ў менскіх сярэдніх школах № 43, 73 і 116, у 1983—1985 гадох — выкладчыкам на катэдры гісторыі СССР і замежных краінаў у Менскім інстытуце культуры. З 1985 году — у Інстытуце гісторыі АН БССР (з 1991 году — НАН Беларусі): старэйшы лябарант (1985—1986), малодшы навуковы супрацоўнік (1989—1992), навуковы супрацоўнік (1993), старэйшы навуковы супрацоўнік (1993—2007). Там жа ў 1989 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Земельные отношения в Восточной Белоруссии в конце XVIII — нач. XIX вв.» (навуковы кіраўнік доктар гістарычных навук В. Мялешка), у 2004 годзе — у пэдагагічным інстытуце імя Максіма Танка доктарскую дысэртацыю на тэму «Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай», якую, аднак, не зацьвердзіла Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі[3].

19 лютага 2007 году атэстацыйная камісія Інстытуту гісторыі абвясьціла яму аб неадпаведнасьці пасадзе старшэйшага навуковага супрацоўніка: зазначалася адсутнасьць рэцэнзіяў на публікацыі калег, слабую прэзэнтацыю вынікаў сваіх дасьледаваньняў на навуковых канфэрэнцыях і рэдкасьць выступленьняў на паседжаньнях аддзелу.

Паміж 2007—2009 гадамі працаваў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (у 2007—2008 гадох галоўным архівістам аддзелу публікацыі дакумэнтаў, у 2008—2009 гадох вядучым навуковым супрацоўнікам аддзелу інфармацыйных тэхналёгіяў). Па звальненьні ў 2009—2010 гадох быў дворнікам у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце, дзе працягваў займацца навукова-дасьледчай дзейнасьцю, напісаньнем кніг і іх выданьнем за свой кошт[4].

У 2010—2013 гадох працаваў дацэнтам у Інстытуце парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва спачатку на катэдры права, а потым на катэдры паліталёгіі. З 2014 году працаваў выкладчыкам гісторыі мэдыцыны і сацыялёгіі здароў’я на пасадзе дацэнта катэдры грамадзкага здароўя й аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту[2].

Жонкі: Людміла Корзун, Сьвятлана Груша, з 2004 году — Аліна Ажгірэй. Сыны Дзяніс (1979) і Аляксандар (1980). Браты Мікалай і Аляксандар, сёстры Зоя і Таіса.

Навуковая дзенасьць

рэдагаваць

Дасьледаваў сацыяльна-палітычныя працэсы на Беларусі пэрыяду падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэньня беларускіх зямель да Расейскай імпэрыі ў канцы XVIII — сярэдзіне XIX стагодзьдзяў[5].

Мае больш за 400 публікацыяў, у тым ліку 27 кніг без суаўтарства. Адзін з аўтараў кніг:

  • «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1, Мн.: Беларусь,1994),
  • «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, Мн.: Беларуская навука, 1997),
  • «Витебская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения (1802—1917)» (Мн.: БелНИИДАД, 2009),
  • «Могилевская губерния. Государственные, религиозные и общественные учреждения (1772—1917)» (Мн.: Беларусь, 2014).
  • Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697—1794). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Andrzej Rachuba i Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Andreja Macuka i Jewgienija Aniszczenki. Warszawa: DiG, 2004. 448 s.;
  • Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.

Аўтар мапаў у атлясах: «Гістарычны атлас Беларусі. Т. 1. Беларусь ад старажытных часоў да канца XVIII ст.» (Варшава, 2008), «Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах».

  1. ^ Цяпер — Рэспубліканская гімназія-каледж мастацтваў імя І. Ахрэмчыка
  1. ^ Памёр гісторык Яўген Анішчанка, Наша Ніва, 17 траўня 2021 г.
  2. ^ а б Спіс супрацоўнікаў кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БДМУ (рас.), Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт
  3. ^ Оргіш В. «Інкарпарацыя», або як адгукаецца палітычная гісторыя Беларусі ў сучасным жыцці // Народная Воля. 2-3 сакавіка 2005 г.
  4. ^ У Менску выдадзены пяты том збору навуковых працаў гісторыка Яўгена Анішчанкі «Абывацелі правінцыі. Інструкцыі шляхецкіх сэймікаў беларускіх земляў ВКЛ канца XVIII стагодзьдзя» (рас.), БелаПАН, 5.09.2009 г.
  5. ^ Корзенко Г. В. Историки Беларуси в начале XXI столетия. Биобиблиографический справочник. Мн.:Беларуская навука. 2007. С. 14; Институт истории НАН Беларуси в лицах. 1929—2008 гг. Биобиблиографический справочник. — Мн.: Беларуская навука, 2008. С. 111, 371, 386, 391

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць