Глінішча (Гомельская вобласьць)

вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі
(Перанакіравана з «Глінішча (Хвойніцкі раён)»)

Глі́нішча[2] — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці, цэнтар Алексіцкага сельсавету.

Глінішча
лац. Hlinišča
Глінішча
Дата заснаваньня: Перад 1591 годам[a]
Былая назва: Глін
Мясцовая назва: Глінішчы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Алексіцкі
Насельніцтва:
  • 513 чал. (2021)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247607
СААТА: 3254804006
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°56′11″ пн. ш. 29°39′36″ у. д. / 51.93639° пн. ш. 29.66° у. д. / 51.93639; 29.66Каардынаты: 51°56′11″ пн. ш. 29°39′36″ у. д. / 51.93639° пн. ш. 29.66° у. д. / 51.93639; 29.66
Глінішча на мапе Беларусі ±
Глінішча
Глінішча
Глінішча
Глінішча
Глінішча
Глінішча
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Месьціцца за 26 км у напрамку на захад ад Хвойнікаў, за 133 км ад Гомеля[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

У «Вялікім гістарычным атлясе Беларусі» найранейшая згадка пра вёску Глін датаваная 1591 годам[4]. Належала да Мазырскага павету[b] Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.

 
Герб уласны роду Абуховічаў (паводле апісаньня К. Нясецкага).

30 жніўня 1658 году права на ленныя маёнткі Алексічы і Глінішча (па-лацінску: bona Olexicze et Hliniszcze) было пацьверджана мазырскаму харунжаму Рыгору Круневічу[c] лістом караля Яна Казімера[6]. У 1671 годзе пісар гродзкі мазырскі Базыль Абуховіч абвінавачваў у судзе стрыечнага брата Дамініка Абуховіча ў памкненьні на забойства і ўчыненьні пагрозаў на шляхецкі гонар і здароўе. Валодаў у Мазырскім павеце спадчыннымі маёнткамі Абухаўшчына, Глінішча, Сядзельнікі, Трасьцяніца і часткай Шарэйкаў[7].

Вёска Глінішча ў добрах пана Багуслава Аскеркі, харунжага мазырскага, сустрэтая ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Алексіцкай Сьвята-Мікалаеўскай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. Таксама і ў візытацыі, выкананай 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам засьведчана, што паселішча належала да прыходу названай царквы. Колькасьць двароў у абодвух выпадках не названая[8].

 
Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

19 чэрвеня 1789 году адразу па нараджэньні ахрышчаны «з вады» (ex aqua) грэка-уніяцкім сьвятаром Іаанам Транцэвічам, парохам Алексіцкай царквы, Гервазі Антоні, сын шляхетных Севярына і Францішкі з дому Яшэўскіх Лянкевічаў зь вёскі Глінішча, а 4 лістапада т. г. з усімі ўжо касьцёльнымі цэрымоніямі – айцом Янам Казіцкім, парохам Юравіцкага касьцёлу, вікарыем канвэнту ордэна братоў-прапаведнікаў (дамініканаў). 15 ліпеня 1791 году ксяндзом Я. Казіцкім ахрышчаны Юзаф Антоні, сын тых жа сужэнцаў Лянкевічаў de villa Liniszcza[9].|

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глінішча — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10].

Згодна з крыніцай, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, «село Глинище с двором Станиславовым[d]» належала мазырскаму чашніку Станіславу Аскерку. Згадана капліца Юравіцкага парафіяльнага касьцёла[13]. Дзедзічны ўладальнік паведаміў рэвізорам, што ў яго фальварку жылі шляхцічы Юзаф, сын Яна, Анцыпаровіч, «учителем для детей», Севярын Лянкевіч з жонкай Францішкай, «на чинше», іх сыны Ян, Гервазі і дачка Зофія[14]. 21 сакавіка 1795 году ксяндзом-дамініканам Антоніем Блажэвічам ахрышчаны Іосіф Рыгор, сын Данілы і Клары Кудрыцкіх з Глінішча, кумамі былі Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава, Севярын Лянкевіч і Катарына Кулешына. 26 красавіка ксёндз Я. Казіцкі ахрысьціў Леона Вінцэнта, сына Станіслава і Францішкі з дому Грабскіх Аскеркаў, кумамі — Амброзі Аскерка, гэнэрал польнай булавы войскаў літоўскіх, і Тэадора Аскерчына, Фларэнцін Аскерка, судзьдзя земкі мазырскі, і Францішка Лянкевічава de willa Liniszcze[15].

С. В. Марцэлеў у артыкуле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» даводзіў, што ў вёсцы Глінішча ў 1795 годзе было 26 двароў, 138 жыхароў[1][e]. У мэтрычных кнігах павернутай да расейскага праваслаўя Алексіцкай царквы 1795 і 1796 гадоў названыя прозьвішчы глінішчанцаў — Чубаты, Вяліда, Богдан, Рымар, Малежык[h], Кудрыцкі (у будучым прозьвішча-лідар), Віньнік, Швец (Шавец), Бондар, Казёл (Козёл), Янчук, Мурашка[30]. 7 красавіка 1799 годe ксяндзом-дамініканам Гіацынтам Бачынскім ажрышчана Агнета, дачка шляхетных Вінцэнта і Ганны з дому Транцэвічаў Шэлянгоўскіх, кумамі — Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава de villa Hliniszcze[31].

Паводле шляхецкай рэвізіі 1811 году, уладальнік сяла Глінішча, у якім рэвізоры папярэдне, у 1795 годзе, налічылі 93 душы прыгонных «мужеска пола», Станіслаў Аскерка (55 гадоў) з сынамі Рыгорам (20 г.) и Леонам (16 г.) жыў у двары Азярын. Двор Станиславаў з Глінішчам трымаў ў арэндзе паручнік «бывших войск польских» Францішак, сын Юзафа, Капэрніцкі (35 г.). Таксама тут жылі яго сыны Юзаф (3 г.) і Нарцыз (2 г.), брат Адам (19 г.). Эканомам і «приказчиком» у фальварку служылі адпаведна Вінцэнт, сын Мацея, Кулеша (24 г.) і Ігнацы, сын Паўла, Шарфановіч (27 г.). Абодва — зь ліку «шляхетства беспоместного»[32]. Згодна зь сялянскай рэвізіяй 1811 г, у 24 дварах жылі людзі з прозьвішчамі Бунчак, Арцюшэнка, Кудрыцкі, Халімон, Дубадзел, Ліпніцкі, Малежык, Богдан, Рымарчук, Качанок (Качан), Макарчык (Макарчук), Козел, Дзеравяк, Чарняк, Казачэнка; усяго налічвалася 74 душы мужчынскага полу[33].

На 1834 год у Глінішчы налічвалася 18 двароў, у якіх – 55 жыхароў мужчынскага і 62 жаночага полу. Дадалося прозьвішча Падвойскі, а Малежыкі тут упершыню названыя (пакуль не настала) Мележамі[34].

 
Вёска і двор Глінішча на мапе Ф. Ф. Шубэрта 1826—1840 гг.
 
Глінішча, Азярын (Азяраны) і Алексічы на мапе Ф. Ф. Шубэрта. 1850 г.

. Згодна з інвэнтарамі 1845 і 1846 гадоў, у маёнтку Глінішча і Азярын пана Рыгора, сына Станіслава, Аскеркі пражывала 6 дваран, 2 аднадворцы, 9 вольных аратых. У аднаіменных вёсках разам было 22 двары, 75 цяглых сялян мужчынскага і 83 жаночага полу, 9 мужчын зь ліку сялян дваровых. У Азярыне, акрамя Качаноў, Казачэнкаў, Дубадзелаў, Кудрыцкіх, жылі Грыцкевічы. Частка маёнтку Глінішча з 35 прыгоннымі належала пану Солтану — 16 мужчын, 19 жанчын[35].

Рэвізіямі 1850 і 1858 гадоў ў Глінішчы засьведчана наяўнасьць 17 двароў з 55 падданымі-мужчынамі ў абодвух выпадках ды з адпаведна 58 і 81 жанчынай[36].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 129 жыхароў Глінішча і 31 жыхар Азярына абодвух полаў былі прыхаджанамі Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Алексічах, 8 жыхароў двара Глінішча, 7 жыхароў двара і 21 жыхар вёскі Азярын зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[37].

У парэформавы пэрыяд Глінішча — у Юравіцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў вёсцы налічвалася 64 мужчынскія душы зь ліку сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Глінішчанскага сельскага таварыства, 8 душ аднадворцаў, прыпісаных да воласьці; у засьценку Азярын — 3 аднадворцы[38]. Пасьля сьмерці бязьдзетнага Рыгора Аскеркі[m] добры дасталіся нашчадкам яго дзядзькі Леапольда, сына Багуслава, Аскеркі. Згодна са зьвесткамі 1876 і 1879 гадоў, жыхары Глінішча — сярод прыхаджанаў Алексіцкай Мікалаеўскай царквы[41]. У 1889 годзе Фелікс (Шчасны), сын Эміля, Аскерка[n] валодаў маёнткамі Глінішча (300 дзесяцін), Азярын (32 дз.), Дзеравішча (2788 дз.) і Маканавічы (8764 дз.)[43].

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы Глінішча — 61 двор, 270 жыхароў, школа граматы, хлебазапасны магазын, карчма[1]. На 1903/4 год сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, уладальнікам маёнтку Глінішча названы Станіслаў, сын Фелікса, Аскерка[44]. У 1909 годзе ў вёсцы налічвалася 77 двароў з 542 жыхарамі, у аднаіменным фальварку — 1 двор, 21 жыхар[45]. У 1913 годзе маёнтак Глінішча[o] ў 2380 дзесяцін угодзьдзяў быў уласнасьцю Эміля, сына Фелікса, Аскеркі[p][47].

Найноўшы час

рэдагаваць

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Глінішча ў складзе Юравіцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[48].

 
Глінішча і навакольлі на мапе 1924 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Глінішча — цэнтар аднайменнага сельсавету ў Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 году сельсавет скасаваны, а яго тэрыторыя далучана да Алексіцкага сельсавету. У 1930 годзе ў вёсцы 159 двароў, 903 жыхары. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Рассвет», правалі вятрак і кузьня[1]. З 8 ліпеня 1931 году Глінішча ў складзе Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году ў Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Глінішчы было 182 двара з 538 жыхарамі. У вайну акупанты спалілі 93 двары і загубілі 101 жыхара. 25 вяскоўцаў угналі на катаргу[49].

З 8 студзеня 1954 года — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года, — 879 жыхароў, сярэдняя школа[1].

З 15 жніўня 1974 году Глінішча — цэнтар Алексіцкага сельсавету[50]. Цэнтральная сядзіба калгасу «Ленінскі шлях».

У 1986 — 1990 гадох пабудаваныя мураваныя дамы на 50 кватэраў, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС мясьцінаў. Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, бальніца, дом культуры, бабліятэка, крама, адзьдзяленьне сувязі[1].

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 2021 год — 199 двароў, 513 жыхароў[51].
 
Дом-музэй І. П. Мележа ў Глінішчы.

* Іван Мележ, беларускі празаік, драматург

Адметнасьці

рэдагаваць
 
Надмагільная пліта з фамільнага склепу Аскеркаў паблізу двара Глінішча.
 
Фрагмэнт надмагільнай пліты.
 
Запіс пра шлюб Хведара Малежыка. 11 (22). XI. 1795
 
Запіс пра шлюб Ігната Малежыка. 1 (13). XI. 1836

Дом-музэй Івана Мележа[3].

 
Элемэнты дэкору труны Альфрэда Абуховіча.
 
Фрагмэнты дэкору труны.
  1. ^ Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[1]
  2. ^ Ня Рэчыцкага павету, як у С. В. Марцэлева[1].
  3. ^ Прывілей на Алексічы і Авадовічы паны Круневічы атрымалі яшчэ ў 1568 годзе[5], а Глінішча было адным зь іх выселкаў.
  4. ^ Ці не ўпершыню згаданы ў 1785 годзе[11], пасьля таго, як Багуслаў Аскерка разьдзяліў свае добры паміж сынамі (1782 г.). Надалей пра двор Станіславаў ёсьць запісы ад 6 кастрычніка 1799 г. з нагоды шлюбу Феліцыяна Ясэвіча з Элеанорай Цеханьскай і хросту 20 кастрычніка 1799 г. Уршулі, дачкі Томаша і Юстыны Крушэўскіх[12].
  5. ^ У сьпісе выкарыстаных С. В. Марцэлевым крыніцаў зьвестак пра Глінішча 1795 г., аднак, няма...
  6. ^ У кнізе М. В. Бірылы прыведзены абодва прозьвішчы з націскам адпаведна на другім і першым складах[24]. А яшчэ ў попісе войска ВКЛ 1567 г. згаданы ваяр з сугучным прозьвішчам – Іван Мелеш зь Лемяшэвічаў Пінскага павету[25]. Тут, аднак, ня выключана апіска, бо лягічна было б чакаць прозьвішча Лемеш.
  7. ^ Ёсьць зьвестка пра тое, як 1 (13) лістапада 1836 г. 19-ці гадовы глінішчанец Ігнат Хведараў Малежык (унук Гаўрылы) ажаніўся з 16-ці гадовай вадовіцкай дзяўчынай Эўфрасіньняй (не Кацярынай), дачкой Міхайла Сьцяпанавага Борыса. 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1838 г. у іх нарадзіўся сын Мікіта. Далей — болей. У войску Ігнат не служыў.
  8. ^ У кнігах Алексіцкай царквы 1795—1851 гг. прозьвішча, нібы па-вясковаму (?), запісвалася як Мале́жык[16]. У рэвізіі 1834 г. упершыню сустрэтае прозьвішча Ме́леж (Мѣлежъ)[17]. У інвэнтары 1845 г. — Іван і Андрэй Іванавы зь сямействамі Мале́жы, 28-мі гадовы Ігнат Хведараў Мале́ж з 25-цю гадовай жонкай Просяй[18]ёй[19]. У рэвізіі 1850 г. таксама названыя Мале́жы[20]. Гэты варыянт прозьвішча ад 1855 г. (Игнатій Федоровъ Малѣжъ) і надалей у мэтрыках ужываўся стала[21]. У рэвізіі 1858 г. ізноў — Мележ[22]. У мэтрыцы 1878 г. працягвалі пісацца Малежамі[23]. Недзе ад 1890 г., імаверна, з волі шматгадовага юравіцкага валасногага старшыні Хведара Ігнатавага ўжывалася выключна форма Ме́леж [f][26]. Магчыма, дзеля таго і была створана збольшага іранічная сямейная легэнда[27], зь якой вынікае нібыта
    род пайшоў ад чэха Ігната Мелешака аднекуль з-пад Прагі. Нейкім чынам Мелешак служыў у рускім войску. Прыйшоў аднойчы з сябрам, юравіцкім хлопцам, на пабыўку ў вёску Глінішчы – на радзіму ж далёка. І закахаўся тут у мясцовую дзяўчыну-прыгажуню Кацярыну. Прайшоў тэрмін службы ў войску, маладыя пабраліся шлюбам[g]. Было ў іх дзесяць дзяцей, сярод іх сын Фёдар. Прозвішча сваё на новай радзіме перайначыў – стаў Мележам. Марыў іншы раз: «Эх, пабываем мы, дзеткі, калі-небудзь у Залатой Празе...»

    Легэнда пераказана са слоў роднай сястры І. П. Мележа Тамары Аляхновіч. Напэўна, людзі з прозьвішчам Малеж або Малежык жылі ў Глінішчы яшчэ за часоў Рэчы Паспалітай, г. зн. задоўга да таго, як магла зьявіцца павіннасьць служыць у расейскім войску. У мэтрыцы 1795 г. ёсьць датаваны 11-м лістапада запіс пра шлюб 17-ці гадовага Хведара Гаўрылавага Малежыка з Матрунай, дачкой Міхала Віньніка; сьведкамі тады выступілі Іван Малежык і Павал Швец[28]. У мэтрыках 1801 і 1802 галоў ёсьць запісы пра сьмерць і пахаваньне 49-ці гадовага Гаўрылы Малежыка і 56-ці гадовага Піліпа Іванавага Малежыка[29]. Усё паказвае на тое, што з Чэхіі на Беларусь першы з Малежыкаў наўрад ці прыходзіў.

  9. ^ Усяго ў Багуслава ад дзьвюх жонак было сямёра сыноў — Зыгмунт, Леапольд, Фларэнцін, Філіп, Станіслаў Багуслаў, Амброзі, Міхал (гл.: Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С. Рыбчонак і інш. – Мінск, 2002. С. 328–334).
  10. ^ Год сьмерці паручніковай Евы з Дамброўскіх запісаны асобна ад імя, у ніжняй частцы тэксту, побач з годам судзьдзёвай рэчыцкай (жонкі Альбіна). У тым жа 1811 г. нарадзіўся іх малодшы сын Эразм Антоні. Магчымая сувязь нараджэньня і спачыну.
  11. ^ Паводле С. Урускага, жонкай Альбіна была дачка барона Остэн-Сакэна, імя якой засталося невядомым[39]. Ці ня быў то гэнэрал-фельдмаршал Фабіян Готліб фон дэр Остэн-Сакэн, які меў некалькіх дзяцей, народжаных па-за шлюбам? Альбін скончыў вайсковую службу ў чыне маёра, а іх з N сын Альфонс стаў палкоўнікам Гэнэральнага штабу расейскіх войскаў...
  12. ^ Яе сястра Францішка была жонкай Аляксандра, сына Альбіна і N з Остэн-Сакэнаў Аскеркаў[40]
  13. ^ Адбылося гэта ў 1872 годзе, што засьведчана надпісам на пліце з фамільнага склепу нашчадкаў харунжага мазырскага Багуслава Аскеркі і яго дзьвюх жонак – Ганны з дому Бандынэлі і Крыстыны з дому Лянкевічаў[i]. Тут пахаваныя Рыгор, яго бацька Станіслаў (†1839), маці Ганна Францішка з дому Грабскіх (†1841), сястра Барбара (†1835), а таксама дзядзька Міхал (†1823), уладальнік маёнтку Міхалёў, яго жонка Ева з Дамброўскіх (†1811[j]), іх сын Альбін (†1845), неназваная жонка Альбіна[k], судзьдзі рэчыцкага,(†1882), дачка Альбіна Ганна (1827—1843). Надмагільная пліта вядомая здаўна; 2 ліпеня 2019 г. навуковым супрацоўнікам адзьдзелу археалёгіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ю. В. Панковым і галоўным захавальнікам фондаў Хвойніцкага раённага краязнаўчага музэя А. Ю. Эсауленкам быў складзены адпаведны «Акт абсьледаваньня» помніка. 12 кастрычніка 2021 г. пры правядзеньні сельгасработ быў знойдзены і 19 кастрычніка абсьледаваны склеп з адным пахаваньнем, якое належала 67-гадоваму Альфрэду, сыну Каятана, Абуховічу, памерламу 1 ліпеня 1913 г. У сьпісах землеўладальнікаў Менскай губэрні 1889, 1903, 1911, 1913 (ідэнтычны сьпісу 1911) гадоў ён названы ўласьнікам добраў Абухаўшчына і Засьценак. Мог даводзіцца родзічам пані Мальвіне[l], дачцэ Зыгмунта Абуховіча, жонцы Шчаснага Аскеркі, а адпаведна і іх сынам – Станіславу і Эмілю Аскеркам, астатнім уладальнікам маёнтку Глінішча. Напэўна, тут былі ўладкаваныя старыя каталіцкія могілкі, асобныя ад колішніх могілак праваслаўных, зьніклых пад больш позьнімі пахаваньнямі. Сёньня іх разбурае сельскагаспадарчая тэхніка.
  14. ^ Гэта пра яго казаў вясковы музыка Іван Бурак з Гарошкава[42]:
    Ніхто так чудна ня грае на картапляні, як маканавіцкі пан. Калі глядзіш на яго пальцы, то падчас здаецца, што іх няма, да толькі нешта балванее. А як бы табе вочы хусткаю завязаў, то б, слухаючы, ня ведаў, у што ён грае, бо там абзываюцца ўсе прыправы, якія ты калі-небудзь чуў або ў сьне бачыў, да толькі не чутно абычнаго картапляна. Раз здаецца, што ета негдзе салавейкі або жаваранкі пяюць, то між німі зязюля кукае, а далей робіцца ўсё галасьней, усё весялей, і ты радуешся, але не доўга, бо ось быццам то хмарыцца, гудзе злавешча, тоўпіцца, тоўпіцца ў неперастаючы гром. І ты, здаецца б, прапаў, як бы не распагодзілося, начэ як бы зноў не пашлі з-пад яго пальцаў весялейшыя ігры да не абрадавалі...
    Чэслаў Пяткевіч удакладніў:
    Гаворка ідзе пра сьветлай памяці Ш. Аскерку, уладальніка Маканавічаў,.. вядомага шапэніста. У яго доме я бачыў сялянскія вясельлі зь вясковым скрыпачом, які іграў пад танцы і якому ён сам акампанаваў на фартэп'яна, калі вясельнікі танцавалі ў яго пакоях. Зрэшты,.. нічога дзіўнага, што Іван Бурак, запрашаны больш заможнымі гаспадарамі, меў магчымасьць чуць самых розных выканаўцаў на фартэп'яна і скласьці сабе крытычны погляд.
  15. ^ Ёсьць блізкае ў часе сьведчаньне Ч. Пяткевіча пра прыроднае асяродзьдзе рэгіёну[46]:
    У 1912 г., знаходзячыся ў доме паноў Аскеркаў у маёнтку Глінішча,.. на вялізным поплаве, зрэдку усеяным таполямі (сокарамі), за якім цягнуцца бязьмежныя балоты за ракою Віцю (доплыў Прыпяці), як можна было ахапіць вокам, я налічыў да 200 гнёздаў [бусьліных], па адным на кожным дрэве, без боранаў, колаў і розных прыстасаваньняў з боку чалавека.
  16. ^ Яго малодшаму брату Станіславу, які раней валодаў Глінішчам, перайшоў маёнтак Маканавічы.
  1. ^ а б в г д е ё Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 437—438
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  3. ^ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 296. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  4. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах: Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 149
  5. ^ Литовская метрика. Книга записей 51 (1566—1574). — Вильнюс, 2000. С. 177—179
  6. ^ Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 157—158, 234
  7. ^ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Абуховічы гербу Ключ раздвоены. // Спадчына. 6/1998. С. 215
  8. ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 105, 106, 171, 171адв.
  9. ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 36адв., 39
  10. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
  11. ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 31адв.
  12. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 241, 243
  13. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71, 74
  14. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 189
  15. ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 43адв., 44
  16. ^ Напрыклад: НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 492а. А. 360; 493, 132адв.; 494, 215; 504, 2-2адв.; 538, 36. Воп. 14. Спр. 427. А. 65адв. Спр. 433. А. 234адв. (1851 г. Игнатій Феодоровъ Малежикъ)
  17. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 338. А. 683адв.
  18. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1400. А 4адв., 5адв.
  19. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1400. А 4адв., 5адв.
  20. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 706. А. 42адв., 44адв.
  21. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 14. Спр. 435. А. 53адв. (1855 г.) Спр. 450. А. 77адв., 84адв., 87адв., 102адв. (1864 г.)
  22. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 1149. А. 36адв.
  23. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 14. Спр. 452. А. 103адв.
  24. ^ Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 2. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1969. С. 270, 283
  25. ^ Русская историческая библиотека. — Т. XXXІІІ: Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского. — Петроград, 1915. Стб. 1212; Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 1. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. – Мінск: Навука і тэхніка, 1966. С. 234
  26. ^ Памятная книжка Минской губернии на 1890 год. – Минск, 1889. С. 99; 1897. С 106; НГАБ. Ф. 136. Воп. 33. Спр. 67. А. 25адв., 28адв., 33адв. (1910 г.)
  27. ^ Памяць. Калінкавіцкі раён. — Мінск: Ураджай, 1999. С. 175—176
  28. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 492а. А. 360
  29. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 499. А. 304адв. Спр. 500. А. 376адв.
  30. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 492а. А. 358 і наст. Спр. 493. А. 130 і наст.
  31. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 284адв.
  32. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 110, 112, 172
  33. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. Ч. 2. А. 689-691адв.; 1816 г. Спр. 247. А. 215адв.-219адв.
  34. ^ НгАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 338. А. 681адв.-686
  35. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1400. А 1-34, 1406. А. 1-13
  36. ^ НГАБ. Ф. 333. Спр. 706. А. 41адв.-46. Спр. 1149. А. 31адв.-38
  37. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 725
  38. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68
  39. ^ Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. – Warszawa, 1916. Tom XIII. S. 45
  40. ^ Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. Rocznik XIX. / T. Żychliński – Poznań, 1897. S. 96
  41. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 13
  42. ^ Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мінск, 2004. С. 523
  43. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 372
  44. ^ Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. — Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
  45. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 37
  46. ^ Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе. С. 318
  47. ^ Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. — Mińsk, 1913. S. 108 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  48. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  49. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 288, 499
  50. ^ Рашэнне выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 15 жніўня 1974 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 25 (1435).
  51. ^ Зьвесткі пра колькасьць насельніцтва на тэрыторыі Алексіцкага сельсавету на 01.01.2021 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 296. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.