Засьценак (Хвойніцкі раён)
Засьценак[1] — былы пасёлак у Беларусі, каля ракі Тур’і. Уваходзіў у склад Алексіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Засьценак | |
трансьліт. Zaścienak | |
Дата заснаваньня: | перад 1795 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Алексіцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
СААТА: | 3254804021 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°55′0″ пн. ш. 29°37′34″ у. д. / 51.91667° пн. ш. 29.62611° у. д.Каардынаты: 51°55′0″ пн. ш. 29°37′34″ у. д. / 51.91667° пн. ш. 29.62611° у. д. |
± Засьценак |
Гісторыя
рэдагавацьУ крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, сказана, што сяло Абухаўшчына і хутар Засьценак належалі панам Абуховічам, «но ныне у Яна Оскирки по декрету[a]»[2].
У 1845 годзе ў маёнтку Засьценак пачала працаваць вінакурня[3]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 10 жыхароў двара Засьценак былі парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[4].
У парэформавы пэрыяд Засьценак належаў да Юравіцкай воласьці. На 1866 год 7 жыхароў двара Засьценак былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[5]. У 1876 годзе прыкладна з 1800 дзесяцін угодзьдзяў на ворыва прыпадала ўсяго 12 дз.; на адкорме стаяла больш як 40 галоў жывёлы[6]. Паводле сьпісу землеўладальнікаў Менскай губэрні, у 1889 годзе двор Засьценак з 1795 дзесяцінамі ўгодзьдзяў належаў Альфрэду, сыну Каятана, Абуховічу[7]. У 1903 годзе вінакурня ў Засьценку таго ж уладальніка сіламі 8 рабочых мела гадавую вытворчасьць сьпірту на 12 400 рублёў, перарабляла 31050 пудоў бульбы на 5782 рублі, зялёнага соладу 2250 пудоў[3].
На 1909 год у аднадворным фальварку Засьценак Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету было 16 жыхароў[8]. У даведніку 1910 году сказана, што вінакурня ў Засьценку Альфрэда Абуховіча заснаваная ў 1868 годзе[b], сьпірту сіламі 7 рабочых вырабляла 12 000 вёдраў на 8 000 руб.[9]. На 1912 год дадалася яшчэ зьвестка пра конны рухавік ды гадавы аб'ём на 11 110 руб.[10]
Згодна з матэрыяламі скразнога абсьледаваньня прыватнаўласьніцкіх гаспадарак Юравіцкай воласьці, у 1916 годзе маёнткам Засьценак, гаспадарча зьвязаным зь яго ж фальваркам Абухаўшчына, валодаў Станіслаў, сын Альфрэда[c], Абуховіч. Сям'я гаспадара складалася з 9 чалавек – 3 мужчын (усе работнікі)[e], 6 жанчын (3 работніцы). 1 мужчына на службе, 6 мужчын-работнікаў, зь якіх 1 бежанец (вайна), 12 жанчын, зь іх 4 работніцы. Усяго ў фальварку – 28 чалавек[11].
У 1917 годзе – 3 двары, 20 жыхароў, 153 дзесяціны зямлі. 9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Засьценак у складзе Юравіцкай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[12].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Пры землеўпарадкаваньні былога маёнтку ў 1920-я гады былі створаныя сад Засьценак і аднайменны саўгас.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году хутар Засьценак з 6 гаспадаркамі і 30 жыхарамі — у Глінішчанскім сельсавеце Юравіцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Мазырскай акругі, ад 10 лістапада 1927 году — у Алексіцкім сельсавеце. З 8 ліпеня 1931 году Засьценак у складзе Хвойніцкага раёну. Ад 20 лютага 1938 году ў Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Засьценку было 20 двароў з 79 жыхарамі. У вайну акупанты спалілі пасёлак[13].
З 8 студзеня 1954 году Засьценак — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году, у пасёлку — 92, у 1970 годзе — 53 жыхары.
Ліквідаваны 20 верасьня 2011 году[14].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ На той час дэкрэт ужо састарэў, бо і ўласныя добры стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі былі забраныя ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году.
- ^ Гэта супярэчыць зьвестцы даведніка 1903 г. (1845), перавыданьнем якога зьяўляецца даведнік 2010 г.
- ^ Спачыў 1 ліпеня 1913 г. у 67-гадовым узросьце. Пахаваны ў склепе на могілках паблізу двара Глінішча Эміля Аскеркі.
- ^ У тым сяле Абуховічы стала не жылі. У Астраглядаўскім парафіяльным касьцёле Вацлаў быў ахрышчаны.
- ^ Які лёс мог напаткаць людзей з гэтага працавітага сямейства, засьведчыў наступны запіс:Обухович Вацлав Альфре[дович] (1892)
Дата рождения: 1892 г. Место рождения: с. Острогляды[d], Микуличская волость, Речицкий уезд, Минская губерния. Пол: мужчина. Национальность: поляк. Образование: низшее. Место проживания: Брестская обл., Кобринский, Шеметовка. Приговор: приб. на спецпоселение в Архангельскую обл. 24.02.40, Плесецкий р-н, Островский. Осв. со спецпоселения по амнистии 05.09.1941. Источники данных: БД "Жертвы политического террора в СССР". База данных "Польские спецпереселенцы в Архангельской обл."
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
- ^ а б Список фабрик и заводов европейской России. – С.-Петербург, 1903. С. 577
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379
- ^ Подробные ведомости приходов римско-католического исповедания по Речицкому уезду Минской губернии. 1866 г.: НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1816. А. 404
- ^ Памяць. Калінкавіцкі раён. — Мінск, 1999. С. 90
- ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 372
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 73
- ^ Список фабрик и заводов России 1910 г. / 2-е изд. – Москва, 1910. С. 515
- ^ Список фабрик и заводов Российской империи. / Под ред. В. Е. Варзара. – С.-Петербург, 1912. Гр. XIб. С. 196
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 325. Воп. 2. Спр. 474. А. 20
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 499
- ^ «Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района». Решение Хойникского районного Совета депутатов от 20 сентября 2011 г. № 68 (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.