Іван Мележ
Іва́н Па́ўлавіч Ме́леж (8 лютага 1921 — 9 жніўня 1976) — беларускі пісьменьнік, драматург, публіцыст. Народны пісьменьнік Беларусі (1972).
Іван Мележ | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 8 лютага 1921[1] |
Памёр | 9 жніўня 1976 (55 гадоў) |
Пахаваны | |
Сужэнец | Лідзія Пятрова-Мележ[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | празаік, драматург, публіцыст |
Гады творчасьці | 1939 — 1976 |
Мова | беларуская мова |
Значныя творы | «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» |
Прэміі | Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа (1962) |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Біяграфія Рэдагаваць
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Глінішча Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы №1 у Хвойніках уладкаваўся на працу ў Хвойніцкі райкам камсамолу. У наступным годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філязофіі і літаратуры. Зь першага курсу быў прызваны ў Савецкае войска. Улетку 1940 году ўдзельнічаў у вызваленьні Паўночнай Букавіны. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны на фронце. 20 чэрвеня 1942 году пад Растовам быў цяжка паранены ў правае плячо. Накіраваны на лячэньне ў Тбілісі. Пасьля жыў у Бугуруслане (Арэнбурская вобласьць, Расея). З 1943 году на завочным аддзяленьні філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які працаваў у эвакуацыі на станцыі Сходня ў Маскоўскай вобласьці. Перавёўся на стацыянар і скончыў унівэрсытэт у 1945 годзе ўжо ў Менску, паступіў у асьпірантуру. У гэтым жа годзе ўступіў у Саюз пісьменьнікаў БССР. Выкладаў беларускую літаратуру ва ўнівэрсытэце, працаваў у рэдакцыі літаратурнага часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. У 1966 годзе Іван Мележ становіцца сакратаром Саюзу пісьменьнікаў БССР, у 1971—1974 намесьнік старшыні гэтай арганізацыі. Адначасова з 1967 да 1976 году дэпутат Вярхоўнага Савету БССР.
Жонка Лідзія Якаўлеўна[2]. Ёсьць унучка.
Творчасьць Рэдагаваць
У 1939 годзе дэбютаваў у літаратуры вершам «Радзіме» (газэта «Чырвоная зьмена»). Упершыню празаічны твор Івана Мележа апублікаваны ў 1943 годзе ў газэце «Бугурусланская праўда». Выдаў зборнікі аповесьцей і апавяданьняў «У завіруху» (1946) «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (апавяданьні, аповесьці, нарысы, 1961), «Жыцьцёвыя клопаты» (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975), «Белыя вішні і яблыні» (1976), «Першая кніга: Дзёньнікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977). Аўтар раману «Мінскі напрамак» (1952, дапрацаванае выданьне ў 1974), цыкла раманаў «Палеская хроніка» — «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1978). У 1969—1971 выйшаў збор твораў у шасьці, у 1979—1985 — у 10 тамах.
Напісаў п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданьне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэньня» (апублікавана й пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданьне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаньнем створаны ў 1996 годзе спэктакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 годзе спэктакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 годзе — «Страсьці эпохі» (паводле раману «Завеі, снежань»).
Зборнікі Рэдагаваць
- «У завіруху» (1946)
- «Гарачы жнівень» (1948)
- «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948)
- «Блізкае і далёкае» (1954)
- «У гарах дажджы» (1957)
- «Што ён за чалавек» (апавяданьні, аповесьці, нарысы, 1961)
- «Жыцьцёвыя клопаты» (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975)
- «Белыя вішні і яблыні» (1976)
- «Першая кніга: Дзёньнікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977)
Раманы Рэдагаваць
- «Менскі напрамак» (1952, дапрацаванае выданьне выйшла ў 1972)
- «Людзі на балоце» (1962, экранізаваны ў 1981 годзе)
- «Подых навальніцы» (1966, экранізаваны ў 1982 годзе)
- «Завеі, сьнежань» (1978)
П’есы Рэдагаваць
- «Пакуль вы маладыя» (1956, пастаўленая ў 1957, асобнае выданьне — 1957)
- «Дні нашага нараджэньня» (1958)
- «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданьне — 1966)
Па матывах раманаў «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і «Завеі, сьнежань» у 1982 годзе зьняты фільм «Апейка»[3].
Узнагароды Рэдагаваць
- Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце»
- Народны пісьменьнік БССР (1972)
- Ленінская прэмія (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»
- Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1976) за зборнік крытычных нарысаў і артыкулаў «Жыцьцёвыя клопаты» (пасьмяротна)
Ушанаваньне памяці Рэдагаваць
У гонар Івана Мележа названая вуліца ў Менску.
25 траўня 2021 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусьціў у абарачэньне памятныя манэты «Іван Мележ. 100 гадоў». Срэбраныя манэты мелі намінал 20 рублёў, а медна-нікелевыя па рублі. На рэвэрсе быў адлюстраваны партрэт Івана Мележа. Чаканку ажыцьцявіў «Летувіскі манэтны двор»[4].
Крыніцы Рэдагаваць
- ^ Мележ Иван Павлович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ https://web.archive.org/web/20160304130237/http://www.main.lim.by/?p=1503
- ^ Все белорусские фильмы. Т. 2. Игровое кино (1926—1970). Каталог-справочник. Минск: Бел.наука, 2001. 240 с.
- ^ Нацбанк выпускае ў абарачэньне памятныя манэты да юбілеяў Шамякіна, Мележа і Крапівы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 траўня 2021 г. Праверана 26 траўня 2021 г.
Літаратура Рэдагаваць
- Драздова, Зінаіда Уладзіміраўна. Майстэрства слова: Моўна-стылявыя асаблівасці «Палескай хронікі» Івана Мележа / З. У. Драздова; АН Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 136 с. — ISBN 5-343-00967-0.
- Ляшук, Вера Якаўлеўна. Іван Мележ у школе: Дапаможнік для настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў / В. Я. Ляшук. — Мн.: Аверсэв, 2002. — 191 с. — (Вывучэнне творчасці пісьменніка) (Школьнікам, абітурыентам, навучэнцам.). — ISBN 985-478-023-6.
- Кулешов, Ф. И. Подвиг художника: литературный путь И. Мележа. — Минск : Изд-во БГУ им. В. И. Ленина, 1982.
- Мележ Іван // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Мележ Іван // Іван Мележ. Людзі на балоце. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2002.