Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў (Віцебск)

(Перанакіравана з «Віцебскі езуіцкі калегіюм»)
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў, 1867 г.
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў, 1867 г.
Краіна Беларусь
Места Віцебск
Каардынаты 55°11′35.60″ пн. ш. 30°12′24.49″ у. д. / 55.1932222° пн. ш. 30.2068028° у. д. / 55.1932222; 30.2068028Каардынаты: 55°11′35.60″ пн. ш. 30°12′24.49″ у. д. / 55.1932222° пн. ш. 30.2068028° у. д. / 55.1932222; 30.2068028
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVII стагодзьдзе
Дата скасаваньня 1956
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Язэпа[a] і калегіюм езуітаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Віцебску. Знаходзіўся на левым беразе ракі Віцьбы, на тэрыторыі Ніжняга Замка, на рагу Задунаўскай і Вялікай вуліцаў. Дзеяў да 1820 году. Твор архітэктуры барока.

Комплекс Віцебскага езуіцкага калегіюму займаў вялікі пляц на зьбегу вуліцаў Вялікай, Задунаўскай і Замкавай, на заходнім баку якога разьмяшчаліся касьцёл і будынак калегіюму, што ўтваралі замкнёны прастакутны двор. Усходні бок займаў вялікі сад і агарод. Паміж садам і будынкамі касьцёла і калегіюму знаходзіўся гаспадарчы двор, пэрымэтрам якога стаялі мураваныя і драўляныя 1-павярховыя службовыя збудаваньні. На поўдзень ад гэтай тэрыторыі праз вуліцу знаходзілася 2-павярховая мураваная езуіцкая школа. Ля моста церазь Віцьбу стаяла мураваная брама з капліцай, дзе штодня праводзіліся набажэнствы. У 1872 годзе комплекс пацярпеў ад маскоўскай перабудовы, у 1956 годзе савецкія ўлады зруйнавалі помнік архітэктуры, да нашага часу захаваліся падмуркі.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
А. Корвін-Гасеўскі

Манахі-езуіты зьявіліся ў Віцебску ў 1637 годзе і ад пачатку дзеялі пры Фарным касьцёле[1]. У 1640—1644 гадох з фундацыі ваяводы смаленскага Аляксандра Корвін-Гасеўскага тут збудавалі першы драўляны касьцёл Сьвятога Язэпа, спалены ў 1708 годзе разам з усім местам на загад маскоўскага гаспадара Пятра I[2].

 
Былы кляштар у час маскоўскай акупацыі, 1664 г.

Езуіцкі кляштарны комлекс хутка стаў значным асьветніцкім асяродкам: пры ім дзеяла сэмінарыя для дзяцей зьбяднелай шляхты, друкарня і тэатар[2]. У 1682 годзе адкрыўся калегіюм, уводзіліся курсы філязофіі і маральнай тэалёгіі[3].

У 1716 годзе на сродкі кашталяна віцебскага Марцыяна Міхала Агінскага і мясцовай шляхты пачалося ўзьвядзеньне мураванага касьцёла, якое завяршылася ў асноўным да 1731 году. Кіраваў працамі італьянскі дойлід К. Англіяніні, аўтар алтара сьвятыні і выкладнік тэорыі архітэктуры ў калегіюме[4]. Асьвячэньне касьцёла адбылося ў 1751 годзе па аздабленьні інтэр’еру.

Мураваныя будынкі калегіюму будаваліся ў 1691—1714 і 1737—1755 гадох. Яны значна пацярпелі ад пажараў у 1757 і 1762 гадох[3]. Аднаўленьне калегіюму вялося да 1799 году, у выніку чаго ён набыў рысы пераходнага стылю ад барока да клясыцызму.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Праект перабудовы касьцёла

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і калегіюм працягвалі дзеяць. У 1820 годзе расейскія ўлады ліквідавалі ордэн езуітаў. У 1822—1839 гадох будынкі займалі базыляны (уніяты). Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-каталіцкай (Уніяцкай) царквы (1839 год), у 1843 годзе расейскія ўлады перадалі комплекс Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве), а касьцёл Сьвятога Язэпа перабудавалі і пераасьвяцілі пад сабор Сьвятога Мікалая (у гонар маскоўскага гаспадара). Зьявіўся праект замены фігурных завяршэньняў вежаў і цэнтральнага купала з «заломам», бачных на акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст., на паўсфэрычныя купалы, а над гадзіньнікавай вежай мусіў зьявіцца высокі ампірны шпіль. Аднак праект не ажыцьцявілі.

 
Праект перабудовы калегіюму

У 1872 годзе ў час капітальнага рамонту комплексу вежу калегіюму цалкам разабралі, а завяршэньні касьцёла перабудавалі ў стылістыцы дойлідзтва Маскоўскай дзяржавы. Віцебскі краязнаўца Пётар Красавіцкі яшчэ ў пачатку XX ст. зазначаў, што ў выніку гэтай перабудовы «атрымалася дысгармонія і зьмяшэньне стыляў»[5].

Найноўшы час

рэдагаваць

Неаднаразовыя перабудовы значна зьмянілі аўтэнтычны выгляд помніка, аднак яго значэньне ў арганізацыі прасторы і сылюэтнай панарамы цэнтру Віцебску як і раней заставалася істотным. Разам з комплексам бэрнардынскага кляштару калегіюм езуітаў ствараў адзіны архітэктурны ансамбль — нібы люстэркавую сымэтрыю Рынку і зьбегу вуліцаў Вялікай, Задунаўскай і Замкавай. Аднак у 1956 годзе (паводле іншых зьвестак у 1957[3]) бальшавікі зьнішчылі абодва кляштарныя комплексы з мэтай «упарадкаваньня і рэканструкцыі» цэнтру места[6].

У 2000-я гады афіцыйныя ўлады плянавалі адбудаваць колішні езуіцкі комплекс з далейшай перадачай будынкаў Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. Плянавалася, што аднаўленьне адбудзецца не ў пачатковым барокавым выглядзе, а з пазьнейшымі маскоўскімі перабудовамі (залатыя купалы-цыбуліны над вежамі і барабанам, зьнявечаны франтон галоўнага фасаду ды іншае).

Архітэктура

рэдагаваць
 
Будынак школы

Касьцёл — помнік архітэктуры позьняга барока. Гэты была 2-вежавая 3-нэфавая базыліка з паўкруглай апсыдай і бакавымі закрысьціямі. Над асноўным аб’ёмам узвышаўся магутны 8-гранны сьветлавы барабан, які завяршаўся высокім ліхтаром[4]. 2-ярусны галоўны фасад завяршаў плястычна выгнуты франтон, з бакоў фасаду ўзвышаліся 2-ярусныя 8-гранныя вежы (па маскоўскай перабудове набылі завяршэньні ў выглядзе купалоў-цыбулінаў). Аналягічныя галоўнаму фігурныя франтоны завяршалі крылы трансэпту. Другі ярус галоўнага фасаду падзяляўся аркавымі аконнымі праёмамі ў плястычных ліштвах і пілястрамі, перадапошні ярус вежаў — аркавымі прасьветамі-званамі. Пад будынкам была скляпеністая крыпта[7].

Калегіюм

рэдагаваць

Фасад П-падобнага 2-павярховага корпусу калегіюму, што выходзіў на чырвоную лінію забудовы Вялікай вуліцы, побач з касьцёлам, падзяляўся сымэтрычным ўваходным аб’ёмам, які завяршаўся 3-яруснай вежай з гадзіньнікам (у 1872 годзе пры капітальным рамонце гэтую вежу цалкам разабралі).

Будынак меў калідорны плян. На першым паверсе разьмяшчаліся пакоі навучэнцаў, архіў, рэфэктар з кухняй, на другім — кельлі манахаў і цёплая капліца, у цокальным паверсе — гаспадарчыя службы. Памяшканьні ўсіх паверхаў перакрываліся крыжовымі скляпеньнямі, а залі рэфэктару і капліцы над ім — люстэркавымі скляпеньнямі з падугамі (найбольш пашыраны тып скляпеньня пэрыяду барокавага клясыцызму)[8].

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Іншыя варыянты імя Сьвятога: Юзэф, Ёсіф
  1. ^ Kałamajska-Saaed M. Rosyjskie plany klasztorów skasowanych w roku 1832. T. 1. — Warszawa, 2021. S. 1067.
  2. ^ а б Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 167.
  3. ^ а б в Пазднякоў В. Віцебскі езуіцкі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 454.
  4. ^ а б Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 171.
  5. ^ Давидовская О. «Прогулки по незнакомому Витебску». Какая площадь помнит страшный взрыв и находку-сенсацию?, TUT.BY, 9 жніўня 2019 г.
  6. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 168.
  7. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 230.
  8. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 167—168.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць