Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт
Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт» (УА БДЭУ) — адзін з найбуйнейшых унівэрсытэтаў Беларусі й галоўная вышэйшая навучальная ўстанова эканамічнага профілю.
Беларускі эканамічны ўнівэрсытэт | |
Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт | |
Заснаваны | 20 траўня 1933 (91 год таму) |
---|---|
Тып | урадавы |
Рэктар | Аляксей Ягораў |
Факультэтаў | 14 |
Месцазнаходжаньне | |
Горад | Менск |
Краіна | Беларусь |
Былыя назвы | Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (да 20 студзеня 1992 г.) |
Знаходзіцца ў складзе | Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь |
Вэб-сайт | www.bseu.by |
Гісторыя
рэдагавацьУ БДУ 1930 быў створаны самастойны факультэт народнае гаспадаркі зь пяцьцю аддзяленьнямі: прамысловым, сельска-гаспадарчым, плянава-статыстычным, фінансавым і каапэратыўным. У гэты час на факультэце навучалася 300 студэнтаў, а ў 1931 іх было больш за 700.
На базе факультэту грамадзкіх навук БДУ у адпаведнасьці з рэзалюцыяй пастановы СНК БССР № 215 ад 7 ліпеня 1931 былі створаныя 3 самастойныя інстытуты: Плянава-эканамічны, Фінансава-эканамічны й Інстытут спажывецкае каапэрацыі (Каапэратыўны) рознага адміністрацыйнага падначаленьня. Праіснавалі яны каля двух гадоў. Выпускі склалі 335 чалавек.
20 траўня 1933 СНК БССР прыняў пастанову № 721 аб арганізацыі на базе трох вышэйзгаданых ВНУ новае навучальнае ўстановы, якая спачатку была названая Інстытутам народнае гаспадаркі зь месцазнаходжаньнем у Менску.
Да восені 1933 Дзяржплян БССР зацьвердзіў статут Беларускага дзяржаўнага інстытуту народнае гаспадаркі (БДІНГ) і працоўны факультэт пры ім.
20 студзеня 1935 урад рэспублікі прыняў пастанову аб прысваеньні БДІНГ імя У. У. Куйбышава, якое ён насіў да 1992.
Падчас нямецка-савецкай вайны былі разбураныя вучэбныя карпусы, зьнішчанае абсталяваньне кабінэтаў, лябараторыяў, катэдраў, спаленая і часткова вывезеная за мяжу бібліятэка.
28 кастрычніка 1944 унівэрсытэт аднавіў сваю дзейнасьць. Рэгулярныя заняткі пачаліся 1 сакавіка 1945 у вячэрнюю зьмену ў будынку сярэдняй школы № 12 (зараз вул. Мясьнікова і корпус філфаку БДУ). У 1945 было толькі 12 выкладчыкаў і 54 студэнты; у 1945/1946 навучальным годзе — 38 выкладчыкаў і 252 студэнты; бібліятэка налічвала 6 000 кніг. У 1945 на рашэньне навуковае рады 11 студэнтаў (выпуск 1941) атрымалі дыплёмы. 2 сакавіка 1946 адбыўся першы пасьляваенны выпуск студэнтаў. Яго склад — 71 чалавек, сярод якіх 22 — удзельнікі нямецка-савецкай вайны. Пачыналі яны вучобу яшчэ ў даваенны час.
Усяго за 1946—1950 было падрыхтавана 455 адмыслоўцаў. 3 студзеня 1950 была здадзеная ў эксплюатацыю першая частка вучэбнага корпуса па вул. Сьвярдлова, 7. Другая — у 1952, апошняя — у 1954.
За заслугі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных адмыслоўцаў народнае гаспадаркі й разьвіцьцё навуковых дасьледаваньняў 28 красавіка БДЭУ быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга. 20 студзеня 1992 Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі пастановай Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь № 21 быў ператвораны ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. У 1997 яму афіцыйна быў прысвоены статут кіроўнае навучальнае ўстановы ў галіне падрыхтоўкі эканамічных кадраў.
Структура
рэдагавацьНа 2009 у БДЭУ існуюць наступныя факультэты:
- Факультэт маркетынгу
- Факультэт мэнэджмэнту
- Факультэт міжнародных эканамічных адносінаў
- Факультэт права
- Улікова-эканамічны факультэт
- Факультэт фінансаў і банкаўскай справы
- Факультэт эканомікі й кіраваньня гандлем
- Факультэт даўнівэрсытэцкай падрыхтоўкі
- Факультэт міжнародных бізнэс-камунікацыяў
- Факультэт псыхоляга-пэдагагічнай перападрыхтоўкі
- Інстытут сацыяльна-гуманітарнай адукацыі
- Вышэйшая школа кіраваньня і бізнэсу
- Вышэйшая школа турызму
- Інстытут падвышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі эканамічных кадраў
- Кансалтгандальцэнтар
- Бабруйская філія
Навуковая дзейнасьць
рэдагавацьУнівэрсытэт ёсьць галоўнай навучальнай установай у галіне падрыхтоўкі кадраў эканамічнай кваліфікацыі ў Беларусі й адным з найбуйнейшых эканамічных навукова-дасьледчых цэнтраў.
У цяперашні час ува ўнівэрсытэце дзейнічае пяць цэнтраў: Цэнтар навуковых дасьледаваньняў (ЦНД), Цэнтар макраэканамічных дасьледаваньняў (ЦМЭД), Цэнтар праблемаў кіраваньня й кансультацыйных паслугаў (ЦПКІКП), Цэнтар таваразнаўчых дасьледаваньняў (ЦТД), Цэнтар разьвіцьця інфармацыйных дасьледаваньняў (ЦРІД).
Міжнародныя кантакты
рэдагавацьУнівэрсытэт актыўна разьвівае міжнароднае супрацоўніцтва, асноўнымі кірункамі якога ёсьць:
- навучаньне замежных грамадзянаў ува ўнівэрсытэце па кантракце на платнай аснове;
- умацаваньне й разьвіцьцё акадэмічных сувязяў з замежнымі ўнівэрсытэтамі;
- праца ў рамках двухбаковых і шматбаковых акадэмічных праектаў з замежнымі ўнівэрсытэтамі, фондамі і арганізацыямі.
Ува ўнівэрсытэце ў рамках Міжурадавых дамоваў аб акадэмічным супрацоўніцтве навучаюцца прадстаўнікі з 16 краінаў СНД, Балтыі, Азіі, Афрыкі, Эўропы.
БДЭУ стала пашырае сфэру супрацоўніцтва з замежнымі ўнівэрсытэтамі. У дадзены момант БДЭУ мае дамовы з 36 унівэрсытэтамі СНД, Азіі, Эўропы, ЗША, Канады. Асабліва дынамічная праца праводзіцца ў рамках сумесных праектаў БДЭУ з Інстытутам кіраваньня прадпрыемствамі пры Парыскім унівэрсытэце (Францыя) і Ўнівэрсытэтам Сэры (Вялікабрытанія).
БДЭУ актыўна прыцягвае для чытаньня лекцыяў замежных прафэсараў і адмыслоўцаў у рамках Фулбрайт, «Грамадзянская адукацыя», «Лідэр», «REAP» і інш.
Унівэрсытэт праводзіць сталую працу ў якасьці чальца Асацыяцыі Эўрапейскіх Унівэрсытэтаў, шукае новыя шляхі й магчымасьці пашырэньня замежных кантактаў і праграмаў, падтрымлівае цесныя кантакты з замежнымі амбасадамі й арганізацыямі ў Менску, такімі як: Інфармацыйная служба Амбасады ЗША (РАО), Амэрыканская Рада па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі (ACCELS), Рада па міжнародных дасьледаваньнях і абменах (IREX), Брытанская Рада, Нямецкая служба акадэмічных абменаў (DAAD).
Скандалы, палітычныя рэпрэсіі
рэдагавацьУ канцы 2005 г. студэнтка-выдатніца Тацяна Хома была выключаная з факультэту міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ пасьля ўдзелу ў канфэрэнцыі Эўрапейскага саюзу студэнтаў (European Students' Union, ESIB), на якой яна была абраная ў склад кіраўніцтва гэтай арганізацыі.[1] Гэта выклікала актыўныя міжнародныя пратэсты і заяву міністра адукацыі Швэцыі. Эўрапейская ўнівэрсытэцкая асацыяцыя (European University Association) замарозіла супрацоўніцтва з БДЭУ ў сувязі з гэтым скандалам.[1][2][3] На студэнтаў БДЭУ, блізкіх да Тацяны Хомы, аказваўся ціск з боку адміністрацыі БДЭУ і КДБ[4].
Пасьля пратэстаў, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 г., студэнтаў БДЭУ, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, пад пагрозай выключэньня прымушалі публічна каяцца за гэта[5].
У 2020 г., падчас масавых пратэстаў, што пачаліся пасьля выбараў Прэзыдэнта Беларусі, кіраўніцтва БДЭУ накіравала ў міліцыю сьпіс удзельнікаў пратэсных акцый зь ліку сваіх студэнтаў і папрасіла прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасьці[6].
Выбітныя студэнты і выпускнікі
рэдагаваць- Алег Цывінскі — сусьветна-вядомы эканаміст
- Аляксей Янукевіч — палітык, старшыня Партыі БНФ
- Алесь Аркуш — паэт, эсэіст, выдавец
- Сяргей Налівайка (1995) — 4-ы міністар па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (з 27 сьнежня 2014 году).
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Таццяна Хома: "Я ўсё роўна скончу Беларускі эканамічны ўніверсітэт" Generation.by, 9 сьнежня 2005 г.
- ^ Riding Roughshod Over Rights in Belarus - US COMMISSION ON SECURITY AND COOPERATION IN EUROPE]
- ^ Тацяна Хома: "Імідж БДЭУ ад гэтага пацярпеў – гэта дакладна" - Радыё Свабода, 5 сьнежня 2005 г.
- ^ [1] - Радыё Свабода, 27.03.2008
- ^ Дэкан БДЭУ патрабаваў публічнага пакаяньня студэнткі (фота) - Радыё Свабода, 19.04.2006
- ^ Кіраўніцтва БДЭУ пісала ў міліцыю заявы на студэнтаў - Эўрарадыё, 10 сьнежня 2020
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сайт унівэрсытэту (рас.)
- Неафіцыйны сайт унівэрсытэту (рас.)