Вольга Гапеева

беларуская паэтка

Во́льга Міха́йлаўна Гапе́ева (нар. 5 студзеня 1982, Менск, цяпер Беларусь) — беларуская пісьменьніца і перакладніца.

Вольга Гапеева
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 5 студзеня 1982 (42 гады)
Менск, Беларуская ССР, СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці мовазнаўства, пераклад
Гады творчасьці зь 1999-га
Жанр драматургія, паэзія, проза
Мова беларуская
Дэбют 1999 год
Значныя творы Кніга «Дзіцячы суп» (2014) і раман «Кэмэл-Трэвэл» (2019)
Прэміі «Залаты апостраф» (2010), прэмія Янкі Маўра (2013), «Кніга году» (2015)
Узнагароды
Творы на сайце Kamunikat.org
hapeyeva.org

Кандыдатка філялягічных навук (2012), дацэнтка (2015). Ляўрэатка літаратурных прэміяў «Залаты апостраф» (2010), імя Янкі Маўра (2013) і «Кніга году» (2015) за кнігу «Дзіцячы суп»[1].

У 2004 годзе скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, дзе ў 2005 годзе атрымала званьне магістаркі. У 2012 годзе абараніла кандыдацкую дысэртацыю па спэцыяльнасьці «параўнальна-гістарычнае, тыпалягічнае і супастаўляльнае мовазнаўства». Сяброўка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру[1].

Творчасьць

рэдагаваць

Напісала творы ў жанрах драматургіі, паэзіі і прозы. Ажыцьцяўляла мастацкі пераклад з 2-х моваў Азіі — кітайскай і японскай, а таксама з 3-х моваў Эўропы — ангельскай, латыскай і нямецкай. Яе творы перакладалі на 6 моваў — ангельскую, летувіскую, македонскую, нямецкую, польскую і чэскую. Друкавалася ў 13 літаратурных часопісах 5 краінаў Эўропы: у 7 беларускіх — «Дзеяслоў», «Архэ-Пачатак», «Партызан», «Тэксты», «Маладосьць», «Крыніца» і «Першацьвет»; у 2 аўстрыйскіх — «Літаратура і крытыка» і «Манускрыпт»; 2-х нямецкіх — «Оры» і «Ўсходняя агароджа», а таксама ў македонскім часопісе «Блясок» і польскім «Часе культуры». У 2001 годзе яе творы выйшлі ў складзе «Анталёгіі маладога вершу». У 2002 годзе — у складзе анталёгіі паэзіі «Верш на Свабоду». У 2003 годзе выдала сваю першую кнігу «Рэканструкцыя неба», а таксамае яе творы ўвайшлі ў анталёгію беларускай паэзіі «Краса і сіла», якую склаў Міхась Скобла, і ў анталёгію беларускіх і нямецкіх тэкстаў «Лінія Фронту». У 2007-м выдала кнігу «Няголены ранак», а таксама ўклала свае творы ў анталёгію «Лінія Фронту - 2». У 2009 годзе яе паэзія ўвайшла ў зборнік «Эўрапейскае памежжа». У 2010 годзе атрымала прэмію «Залаты апостраф» літаратурнага часопіса «Дзеяслоў». У 2012 годзе выдала кнігу «Мэтад муаравых крэсак», а ў 2013-м — «Прысак і пожня» і «Вядомыя гісторыі». Таксама ў 2013 годзе яе творы ўвайшлі ў анталёгію беларускай драматургіі «Лябірынт». У 2013 годзе з рукапісам кнігай «Сумны суп» (2014) перамагла на конкурсе дзіцячай літаратуры імя Янкі Маўра, а ў 2015 годзе атрымала за яе прэмію «Кніга году» ў намінацыі «Дзіцячая літаратура». Таксама ў 2014 годзе выдала дзіцячую кнігу вершаў «Дзьве авечкі»[1].

У 2019 годзе зьявіўся паэтыцкі зборнік «Чорныя макі»[2]. У гэтым жа годзе выдала раман «Кэмэл-Трэвэл»[3], які ў 2020 годзе ўвайшоў у кароткі сьпіс прэміі Гедройца.

У 2020 годзе выдала зборнік вершаў «словы якія са мной адбыліся»[4]. Назва сумысьля пададзеная малымі літарамі і без пунктуацыі.

Актыўна працуе як з прозай, так і паэзіяй.

Перакладніцкая дзейнасьць

рэдагаваць

В. Гапеева займаецца літаратурным перакладам, выкладае тэорыю і практыку перакладу. В. Гапеева не карыстаецца падрадкоўнікамі, заўсёды перакладаючы наўпрост з мовы арыгіналу. Аўтарка пераклала:

  • (зь нямецкай) — Робэрт Вальзэр, Ульяна Вольф, Гюнтэр Грас, Нора Гомрынгер, Фрыдэрыке Майрокер і інш.
  • (з ангельскай) — Сара Кейн, Сільвія Плац, Дылан Томас, Трыстан Х'ю і інш.
  • (з кітайскай) — Дай Ўаншу, Лінь Хуэйінь, Сю Чжымо, Бэй Дао, Тан Даньхон, Лань Лань.
  • (з японскай) — Мары Кона.
  • (з латыскай) — Майра Асарэ.
  • (з расейскай) — Сухбат Афлатуні, Сьвятлана Буніна, Сямён Ханін, Сяргей Цімафееў і інш.
  1. ^ а б в Гапеева Вольга // Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2021 г. Праверана 13 лютага 2021 г.
  2. ^ У. Гарбацкі, «Чорныя макі» Вольгі Гапеевай, Новы Час, 19-05-2019, https://novychas.by/kultura/czornyja-maki-volhi-hapeevaj
  3. ^ У. Гарбацкі, «Захаваць што-кольвек з тых часоў, якія мы пакінулі навечна…», Новы Час, 02-12-2019, https://novychas.by/kultura/zahavac-szto-kolvek-z-tyh-czasou-jakija-my-pakin
  4. ^ У. Гарбацкі, «У імя маці дачкі і святой душы». Словы, якія адбыліся з Вольгай Гапеевай, Новы Час, 06-01-2021, https://novychas.by/kultura/u-imja-maci-daczki-i-svjatoj-duszy-slovy-jakij

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць