Вацлаў Агрыпа
Вацлаў (Венцлаў) Іван Агрыпа (па-польску: Wacław Iwan Agryppa (Agrippa), каля 1525 — 1597) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, дыплямат, палеміст. Маршалак на сойме 1574 году, пісар вялікі літоўскі 1576 — 1585, неманойскі староста (дзяржаўца), 15 ліпеня 1586 году названы кашталянам менскім, 25 сакавіка 1590 «па сьмерці Астафея Тышкевіча» смаленскі кашталян.
Герб «Дембна зьменены» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1525 |
Памёр | 1597 |
Род | Агрыпы[d] |
Бацькі | Венцаслаў Мікалаевіч Кацярына Станіславаўна |
Жонка | Магдалена Рэгіна Дарагастайская |
Дзеці | мерк. Барбара Вацлаваўна[d][1] |
Дзейнасьць | перакладнік |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і лацінскага сакратара канцылярыі ВКЛ Венцаслава (Венцлава, Вацлава) Мікалаевіча з Майшаголы, вядомага як пісьменьніка пад псэўданімам Міхалон Літвін. Карыстаўся ўласным гербам «Дэмбна зьменены». Спачатку быў вядомы як Іван. Зь якой сям’і была яго маці Кацярына Станіславаўна (першая жонка Венцаслава Мікалаевіча, памерла да 1537 году), невядома, але прыватны герб Вацлава Агрыпы дазваляе сьцьвярджаць, што яна карысталася гербам «Ляліва», а яго бабулі гербамі «Ястрабец» і «Даліва». Вядома таксама, што Кацярыне Станіславаўне належала частка Яшунскага двара, якую атрымаў у спадчыну яе сын і ў 1554 годзе прадаў за 300 коп грошай.
Навучаўся ў Ляйпцыскім (1545), Кракаўскім (1548) і Вітэнбэрскім пратэстанцкіх унівэрсытэтах, дзе падтрымліваў кантакты зь лютэранскімі публіцыстамі (у тым ліку з Філіпам Мэланхтонам(ru)). У 1552 годзе каморнік ваяводы віленскага Мікалайя Радзівіла «Чорнага», у 1563 годзе каралеўскі сакратар у Інфлянтах і камісар для правядзеньня пахаваньня ў выпадку сьмерці рыскага арцыбіскупа, прымаў удзел у кампаніі 1563 году, у 1569—1570 пісар польны інфлянцкі, апісваў роты ў 1569 і 1570, у 1572 рэвізор каралеўскіх маёнткаў у Інфлянтах. Разам зь Фюрстэнбэргам (Fürstenberg) і Вансовічам (Wąsowicz) у Шмільтыне (Szmіltyn) выдаў шмільтынскаму старосьце Кацпару Млодаўскаму (Kacper Młodawski) сьведчаньне аб належным стане яго атрада.
Падпісаў акт элекцыі ў кастрычніку 1573. Быў абраны маршалакам Пасольскай Ізбы на каранацыйным сойме 1574 году, на якім каранаваны Генрык Валезы. З-за недахопу красамоў’я яго замяшчаў рэфэрэндар Чарнкоўскі. У час безкаралеўя 1574—1575 разам з Радзівіламі быў на баку аўстрыйскіх Габсбургаў. У 1575 годзе падпісаў элекцыю імпэратара Максыміліана II Габсбурга(pl). Узначальваў пасольства прыхільнікаў імпэратара ў Вену, з прашэньнем неадкладна прыбыць у Рэч Паспалітую, каб перашкодзіць элекцыі Стэфана Баторыя. Сустрэўся з імпэратарам 10 ліпеня 1575 у Празе. Пасьля пагадзіўся з новаабраным каралём Стэфанам Баторым. Як староста неманойскі 1 сакавіка 1579 году падпісаў акт фундацыі Віленскай Акадэміі. У 1576—1586 вялікі пісар ВКЛ, працаваў у канцылярыі караля, удзельнічаў у яго паходах на Гданьск, Вялікія Лукі (у 1580 прымаў там маскоўскіх паслоў) і Пскоў. 7 красавіка 1581 прымаў разам з Салікоўскім(pl) прысягу Рыгі. Разам з Мэльхіёрам Гедройцам і Янам Валмінскім уваходзіў у склад камісіі Стэфана Баторыя для рэгуляваньня мяжы з Інфлянтамі. Кашталян менскі ў 1585—1590 і смаленскі з 1590 году. Быў знаўцам публічнага і дзяржаўнага права, прымаў удзел у стварэньні Статута ВКЛ 1588. Быў рэкамэндаваны Львом Сапегай на падканцлерства літоўскае разам з Войнай, які гэты ўрад атрымаў. У 1592 годзе разам з жонкай судзіўся з нашчадкамі Філона Кміты Чарнобыльскага.
Сям’я
рэдагавацьВацлаў Агрыпа быў жанаты двойчы. Яго першай жонкай была Магдаліна (ў першым шлюбе Пельгрымоўская), астанкі якой пахаваны ў лютэранскім зборы, заснаваным яе мужам каля 1568 году ў Гадэтанах. Свайму пасынку, ў будучым таксама літаратару Гальяшу Пельгрымоўскаму, сыну Магдаліны, Агрыппа запісаў у тэстамэнце сваю бібліятэку лацінскіх і нямецкіх кніг. Другой жонкай Вацлава Агрыпы была Рэгіна, дачка полацкага ваяводы Мікалая Дарагастайскага і Ганны Война. Пасьля сьмерці Агрыпы яна пабралася шлюбам другі раз (у 1599 годзе) з новагародзкім ваяводай Мікалаем Сапегам.
Літаратурная і палемічная дзейнасьць
рэдагавацьАўтар кнігі «Пахавальная прамова пра … князя … Яна Радзівіла, князя на Нясьвіжы і Алыцы, жыцьцё і сьмерць» («Oratio funebris de illustrissimi principis et domini, domini Iohannis Radzivili Oliciae et Nesvisii ductis, vita et morte» (1553, бязь месца выданьня, імаверна Вітэнбэрг), у якой крытыкаваў магнатаў за прыхільнасьць да азартных гульняў. Да яе былі дапасаваны «Epicedion» Мэлянгтона (Epicedion scriptum a Philippo Melanchthone), а таксама праца «Аб валашскіх тыранах …» (Addita est narratio, scripta a fide digno de Vualachorum tyrannis, quae ostendit, turcicos tyrannos non solum crudelitate, sed etiam astutia magna et frandibus grassari). Вызнаваў лютэранства, якое бараніў у публічнай дзейнасьці. Вёў рэлігійную палеміку з папскім нунцыям у Рэчы Паспалітай Алёйзы Ліпаманам(en), пераклаў на польскую мову казаньні нямецкага рэфарматара Ёгана Брэнца(pl) (Ewanielia od Jana świętego Apostoła i Ewanielisty napisana półtorastu kazaniem językiem łacińskim wyłożona, выдадзены ў 1588 годзе ў Вільні ў друкарні Яна Карцана).
Эдмунд Буршэ(de) лічыў яго аўтарам вершаванага твора «Апалягетыкус, гэта ёсьць абарона канфэдэрацыі …» (Apologeticus, to jest Obrona konfederacyej. Przytym Seditio, albo bunt kaplanski na ewanieliki w Wilnie z wolej a laski milego Boga przed harapem wynurzony) выдадзеннага, імаверна, ў 1582 годзе ў Вільні. Але зь ім быў нязгодны Генрык Барыч(pl), які лічыў яго аўтарам Станіслава Нініньскага (Stanisław Niniński).
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Boniecki A. Herbarz polski, T. 1-17, dodatek — Warszawa 1899—1913.
- Niesiecki K. Herbarz Polski, wyd. J.N. Bobrowicz, Lipsk 1839—1846
- Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej, T. 1-15 — Warszawa 1904—1938.
- Konopczyński W. Polska Akademia Umiejętności, Instytut Historii (Polska Akademia Nauk). Polski slownik biograficzny. t. 1-2. A-Brownsford. 1935.
- Михалон Литвин О нравах татар, литовцев и москвитян / Перевод на русский Хорошевич А. Л. — М.: 1994.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4