Аныж

від расьлінаў
(Перанакіравана з «Аніс»)

Аны́ж[1], га́нус, га́нуш[2], ганы́ж[3], ані́с (па-лацінску: Pimpinélla anísum), — аднагадовая травяністая расьліна, спэцыя; від роду Бядрынец (Pimpinella) сямейства Парасонавыя (Apiaceae).

Аныж
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
АддзелКветкавыя расьліны
КлясаДвухдольныя
АтрадПарасонакветныя
СямействаПарасонавыя
РодБядрынец
ВідАныж
Бінамінальная намэнклятура
Pimpinella anisum L., 1753
ITIS 29822 ·

Распаўсюджаньне і экалёгія

рэдагаваць

Вырошчваецца з мэтаю атрыманьня насеньня ва ўсёй Паўднёвай Эўропе, у Малой Азіі, Мэксыцы і Эгіпце.

Біялягічнае апісаньне

рэдагаваць
 
Суквецьце

 
Насеньне

Аднагадовая, тонкая і кароткая расьліна. Корань тонкі, верацёнападобны, стрыжневы. Сьцябло вышынёй да 60 см, прямастойнае, круглае, баразнаватае, у верхняй частцы галінастае.

Прыкаранёвае і ніжняе сьцябловае лісьце доўгачаранковае, кругла-пупышкападобнае, цэльнае, надрэзана-зубчастае ці лопасьцевае, ці з трох кругла-сэрдцападобных лісточкаў, два на кароткіх, канцавы на даўжэйшым чаранку. Сярэдняе лісьце з адваротна-клінападобнымі, часта дзьвюхлопасьцевымі бакавымі лісьцікамі і трохлопасьцевым канцавым, доўгачаранковае. Верхняе — сядзячае на вузкай похве, двойчы- ці тройчыпер’евыя зь лінейна-лянцэтападобнымі долькамі; самыя верхнія трох-пяціразьдзельныя ці цэльныя.

Кветкі дробныя, пяцічленныя, несамавітыя, сабраныя на канцах галінаў у складаныя парасонікі 2,5—6 см у папярочніку, з 7—15 каротка-расьсеяна-абшытымі прамянямі. Абгортка адсутнічае ці адналісьцевая, лісьцікі абгорткі ніцепадобныя, адзін — некалькі. Пялёсткі белыя, даўжынёй каля 1,5 мм, па краях вейкавыя, на сьпінцы каротка-шчэцева-абшытыя, з загнутай унутар верхавінай, звонку абшытыя. Тычачак пяць; слупок зь ніжняй дзьвюхгнёздавай завязьзю і двума слупкамі. Квітнее ў чэрвені—ліпені.

Плод зеленавата-шэры двунасенны, шырока-сэрдцападобна-яйкападобны, яйкападобны ці адваротна-грушападобны, карычнявата-шэры, даўжынёй 3—5 мм, крыху сьціснуты з бакоў, са слаба выступаючымі сьпіннымі рэбрамі. Плады з прыемным пахам і саладжава-рэзкім смакам. Паўплодзікі зь пяцьцю кантыкамі, двума сакрэцыйнымі каналікамі на плоскім і шматлікімі дробнымі каналікамі на пукатым баку. Вага 1000 адзінак «насеньня» (паўплодзікаў) 2—3,6 г[4]. Родзіць у жніўні.

Расьлінная сыравіна

рэдагаваць
 
Батанічная ілюстрацыя з кнігі «Köhler’s Medizinal-Pflanzen», 1887

У лекавых мэтах ужываюцца плады аныжу. Іх нарыхтоўваюць у часе высьпяваньня, калі плады першых парасонікаў пабурэлі, а плады астатніх парасонікаў яшчэ зялёныя. Зрэзаныя расьліны зьвязваюць у снапкі і сушаць пад навесамі, пасьля абмалочваюць і на веялках аддзяляюць плады ад прымясяў.

Сухія плады ўтрымліваюць 1,2—3,5% (часам да 6%) этэрнага алею, 16—28% тлустага алею, да 19% бялковых рэчываў, а таксама цукры і арганічныя кісьлі.

Галоўныя складнікі этэрнага алею — анэтоль (80—90%) і мэтылхавіколь (10%), акрамя таго, утрымліваюцца аныжавы альдэгід, аныжавы кетон, аныжавы сьпірт, аныжавая кісьля, α-фэляндрэн, α-пінэн, дыпэнтэн, камфэн, ацэтальдэгід, аніскетон. Этэрны алей атрымліваюць перагонкай парам пладоў аныжу.

Выкарыстаньне

рэдагаваць

Тлусты алей, якія здабываюць пасьля адгону этэрнага алею, прыдатна дзеля выкарыстаньня ў мылаварстве, а ягоная шчыльная частка служыць замяняльнікам какавы.

Ад паху аныжу гінуць казуркі: вошы, клапы, моль, прусакі, чмялі, кляшчы.

У кулінарыі

рэдагаваць

Плады і атрыманы зь іх аныжавы алей шырока прымяняюцца ў хлебапячэньні, у рыбнай і мясной прамысловасьці, кандытарскай і напоевай вытворчасьці.

У якасьці спэцыяў выкарыстоўваюцца пераважна плады, якія маюць інтэнсіўны лёгкі асьвяжальны водар. Іх дадаюць у пірагі, печыва, пернікі, аладкі, кексы, малочныя і садавінавыя супы, да шпінату замест мушкатовага гарэху й іншыя стравы.

На аснове аныжу вырабляюць такія моцныя сьпіртныя напоі, як аныж, пастыс, пэрно, рыкард, вуза, цыпура, арак, ракы, самбука, абсэнт, мастыка, пачаран.

У мэдыцыне

рэдагаваць

Прэпараты з аныжу валодаюць процізапаленчым, антысэптычным, спазмалітычным, анэстэзоўным і ветрагонным уласьцівасьцмі, дзейнічаюць як паслабляльны сродак; узмацняюць функцыю залозістага апарату бронхаў і кішачніку, павышаюць сакрэцыйную функцыю страўнікава-кішачнага тракту, зьмяншаюць сьціскі гладкай мускулятуры кішачніку; павышаюць сакрэцыю малочных залозаў і стымулююць маторную функцыю маціцы.

Дапамагаюць пры запаленьні нырак і мачавіку, выводзяць пясок з брулевыводных шляхоў. Рэкамэндуюцца таксама пры анацыдных гастрытах, мэтэарызме й іншых парушэньнях функцыі страўнікава-кішачнага тракту. Для павелічэньня колькасьці мацярынскага малака пры кармленьні, для аддзяленьня харкоціны пры кашалі, а таксама пры коліках карысна спажываць аныжавую гарбату.

  1. ^ Батаніка: Анатомія, марфалёгія і фізіялёгія расьлін. Сыстэматыка расьлін // Беларуская Навуковая Тэрміналёгія. У чатырох кнігах / Адказны за выпуск: Валер Булгакаў. — Выданьне другое, стэрэатыпнае. — Arche, 2010. — Т. 1. — С. 353.
  2. ^ Слоўнік тэрміналёгіі агульнае расьлінагадоўлі // Беларуская Навуковая Тэрміналёгія. У чатырох кнігах / Адказны за выпуск: Валер Булгакаў. — Выданьне другое, стэрэатыпнае. — Arche, 2010. — Т. 3. — С. 667.
  3. ^ Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік / укладальнік: Зоська Верас. — Вільня: Выданьне газэты «Голас беларуса», 1924.
  4. ^ Атлас лекарственных растений СССР / Гл. ред. Н. В. Цицин. — М.: Медгиз, 1962. — С. 42.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Аныжсховішча мультымэдыйных матэрыялаў