Мэтэары́зм (грэц. μετεωρισμός — уздуцьце) — зьбіраньне ў кішачніку завялікай колькасьці газаў у выніку іх павышанага ўтварэньня і парушэньня вывядзеньня. Ускладненьне хваробы выклікае нэўроз, перабоі ў працы сэрца, пачашчанае сэрцабіцьцё, боль у цягліцах і парушэньне сну. Найбольш пашыраны сярод дзяцей і людзей пажылога ўзросту.

Чыньнікі

рэдагаваць

Газаўтварэньне ўзмацняецца праз ужыцьцё вугляводаў і грубай расьліннай абалоніны, газаваных напояў, зброджвальных (бараніна, квас, піва, разынкі і чорны хлеб) і малочных вырабаў. Таксама немачы спрыяе павышанае заглытваньне паветра (аэрафагія) пры размове падчас ежы, пасьпешлівым праглынаньні ежы, піцьці праз саломінку, жаваньні гумкі, паленьні і нашэньні зубных пратэзаў. Нядужасьць можа выклікацца і хваробамі стрававальнага тракта (атанія кішачніка, дысбактэрыёз, каліт і панкрэатыт).

Пры немачы адзначаецца ўздуцьце і буркатаньне жывата. Хвароба суправаджаецца прыступамі болю (газавая коліка) перад выхадам газаў, млоснасьцю, адрыжкай, непрыемным прысмакам у роце і зьніжэньнем апэтыту[1].