Эвалюцыя
Эвалю́цыя — тэрмін, які пазначае сукупнасьць усіх зьменаў у папуляцыі арганізмаў цягам пакаленьняў. Калі гэтыя зьмены выяўляюцца карыснымі, нашчадак мецьме большыя шанцы вытрываць ды працягнуць свой род, робячы зьмены больш пашыранымі ў наступнай генэрацыі. Такім чынам з часам адбываецца зьбіраньне карысных зьменаў, якія прыводзяць да агульных зьменаў у папуляцыі.
Эвалюцыя адбываецца дзякуючы зьменам у генах, «праграмы», за якой фармуецца арганізм. Пры размнажэньні невялікія выпадковыя зьмены ў генах робяць жывы арганізм адменным ад сваіх бацькоў. Зрэдку яны дапамагаюць яму выжыць. Тады карысныя гены могуць быць перададзеныя нашчадкам ужо гэтай істоты. Навуковая тэорыя эвалюцыі тлумачыць, як гэта адбываецца, ды сочыць за роднасьцю ды паходжаньнем відаў, што існуюць цяпер.
Існуе некалькі эвалюцыйных тэорыяў, якія тлумачаць мэханізмы, якія ляжаць у аснове эвалюцыйных працэсаў. У дадзены момант агульнапрынятай зьяўляецца сынтэтычная тэорыя эвалюцыі (СТЭ), якая зьяўляецца сынтэзам клясычнага дарвінізму й папуляцыйнай генэтыкі[1]. СТЭ дазваляе растлумачыць сувязь матэрыялу эвалюцыі (генэтычныя мутацыі) і мэханізму эвалюцыі (натуральны адбор). У рамках СТЭ эвалюцыя вызначаецца як працэс зьмены частасьці алеляў генаў у папуляцыях арганізмаў на працягу часу, які перавышае працягласьць жыцьця аднаго пакаленьня.
Нягледзячы на неадназначнае ўспрыманьне тэорыі ў грамадзтве, эвалюцыя як натуральны працэс зьяўляецца цьвёрда ўсталяваным навуковым фактам, мае велізарную колькасьць доказаў і не выклікае сумнёваў у навуковай супольнасьці[2]. У той жа час асобныя аспэкты тэорыяў, якія тлумачаць мэханізмы эвалюцыі, зьяўляюцца прадметам навуковых дыскусаў. Адкрыцьці ў эвалюцыйнай біялёгіі вырабілі велізарны ўплыў ня толькі на традыцыйныя вобласьці біялёгіі, але й на іншыя акадэмічныя дысцыпліны, напрыклад, антрапалёгію, псыхалёгію. Уяўленьні пра эвалюцыю сталі асновай сучасных канцэпцыяў сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяродзьдзя, шырока выкарыстоўваюцца ў мэдыцыне, біятэхналёгіі й многіх іншых сацыяльна значных галінах чалавечай дзейнасьці[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kutschera U, Niklas KJ The modern theory of biological evolution: an expanded synthesis // Naturwissenschaften. — 2004. — Т. 91. — № 6. — С. 255-276.
- ^ National Academy of Science Institute of Medicine. Science, Evolution, and Creationism. — National Academy Press, 2008. — ISBN 0309105862
- ^ Futuyma, Douglas. Evolution, Science, and Society: Evolutionary Biology and the National Research Agenda. — Office of University Publications, Rutgers, The State University of New Jersey, 1999. — P. 46.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЭвалюцыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Эвалюцыя BBC. (анг.)
- Праблемы эвалюцыі. (рас.)
- Як працуе эвалюцыя. Howstuffworks.com. (анг.)