Аляксандар Валадзько
Алякса́ндар Па́ўлавіч Валадзько́ (нар. 18 чэрвеня 1986 году, Моталь, БССР) — колішні беларускі футбаліст і трэнэр. У 2012—2014 гадах правёў 9 гульняў за нацыянальную зборную Беларусі, у якіх забіў адзін мяч. Вядомы дзякуючы сваёй здольнасьці ў адборы, а таксама магутнымі й дакладнымі стрэламі здалёк, якія неаднойчы прыводзілі да голу ў браму супернікаў. Тройчы ўключаўся БФФ у сьпіс 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі: 2009, 2011, 2012.
Аляксандар Валадзько | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 18 чэрвеня 1986[1][2] (38 гадоў) | |
Рост | 177 см | |
Вага | 76 кг | |
Пазыцыя | паўабаронца | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
2005—2008 | Дынама Берасьце | 62 (3) |
2008—2017 | БАТЭ | 212 (15) |
2018 | Шахтар Караганда | 26 (1) |
2019 | Шахцёр Салігорск | 0 (0) |
2020 | БАТЭ | 4 (0) |
Зборныя | ||
2006—2009 | Беларусь (да 21) | 28 (1) |
2012—2014 | Беларусь | 9 (1) |
Кар’ера
рэдагавацьКлюбная
рэдагавацьВыхаванец берасьцейскага футболу. Першы трэнэр — Ігар Качула. У веку 19 гадоў пачаў прабівацца ў асноўны склад берасьцейскага «Дынама» праз два гады стаў паўнавартасным гульцом асноўнага складу каманды. Разам зь берасьцейскім клюбам стаў уладальнікам Кубку Беларусі. За «Дынама» правёў чатыры сэзоны, стаўшы адным зь лідэрам клюбу.
12 жніўня 2008 году стаў гульцом БАТЭ[3], які шукаў узмацненьня перад удзелам у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У барысаўскім клюбе Валадзько адразу прыдаўся да справы.
У Барысаве стаў дзейначаць у цэнтры поля, ад апорнай зоны да пазыцыі «пад нападнікам». Шматразовы ўдзельнік Лігі чэмпіёнаў, дзе забіў за клюб некалькі мячоў. Удзельнік Лігі Эўропы. Часам вызначаўся галамі здалёк, то бок 6 лістапада 2009 году ў матчы Лігі Эўропы супраць грэцкага АЕКу, запрыкмеціўшы далёкі выхад брамніка супернікаў, адважыўся на стрэл, які апынуўся голам. У сэзоне 2011 году часам выкарыстоўваўся на пазыцыі правага абаронцы, дзе, аднак, адчуваў сябе няўтульна. Гуляючы на гэтай пазыцыі 28 верасьня 2011 году ў хатнім матчы Лігі чэмпіёнаў супраць «Барсэлёны», здолеў адкрыць лік у матчы, але ўлучыўшы мяч ва ўласную браму (выніковы лік 0:5). 19 жніўня 2012 году падоўжыў кантракт з БАТЭ да канца 2015 году. 19 верасьня 2012 году забіў першы гол у браму францускага «Лілю», які дапамог БАТЭ атрымаць першую ў гісторыі перамогу ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў (3:1). Разам з барысаўскім клюбам атрымліваў перамогу ў сямі сэзонах айчыннага першынства запар.
У першай палове сэзону 2015 году адсутнічаў праз траўму, але з жніўня вярнуў месца ў пачатковым складзе. У сьнежні 2015 году падоўжыў кантракт з барысаўчанамі[4]. У першай палове сэзону 2016 году рэдка зьяўляўся на полі, але пачынаючы зь ліпеня зноў пачаў трывала зьяўляцца ў стартавым складзе. У пачатку сэзону 2017 году ня меў сталага месца ў асноўным складзе, але ў траўні замацаваўся ў першай адзінаццатцы, заняўшы месца ў цэнтры паўабароны. У студзені 2018 году па заканчэньні кантракта пакінуў БАТЭ[5].
У студзені 2018 году перайшоў у казаскі клюб «Шахтар» з Караганды[6]. У складзе «Шахцёра» гуляў у стартавым складзе. У лістападзе 2018 году стала вядома, што карагандзінскі клюб ня будзе падаўжаць кантракт зь беларускім спартоўцам[7].
У сьнежні 2018 году падпісаў кантракт з салігорскім «Шахцёрам»[8]. Аднак, за асноўную каманду гэтак і ня выходзіў на поле, правёўшы некалькі матчаў за дубль. Ён таксама быў у запасе ў фінальным матчы Кубка Беларусі, дзе «Шахцёр» здабыў перамогу над «Віцебскам» (2:0). Па заканчэньні сэзону 2019 году пакінуў салігорскі клюб[9]. У студзені 2020 году вярнуўся ў барысаўскі БАТЭ[10]. Зьяўляўся на полі эпізадычна, звычайна заставаўся на лаўцы запасных.
Міжнародная
рэдагавацьУдзельнік моладзевага чэмпіянату Эўропы 2009 году ў Швэцыі. У нацыянальнай зборнай Беларусі дэбютаваў 12 кастрычніка 2012 году ў матчы адборачнага турніру чэмпіянату сьвету 2014 году супраць зборнай Гішпаніі ў Менску (0:4). Забіў свой адзіны мяч за зборную 6 лютага 2013 году ў таварыскім матчы супраць зборнай Вугоршчыны ў турэцкім Бэлеку (1:1).
Трэнэрская праца
рэдагавацьУ студзені 2021 году завяршыў кар’еру і ўвайшоў у трэнэрскі штаб БАТЭ[11]. У студзені 2022 году быў пераведзены трэнэрам у дублюючы склад клюбу[12]. Працаваў у дублі да сьнежня 2022 году[13]. У пачатку 2023 году ўвайшоў у трэнэрскі штаб берасьцейскага «Дынама» ў якасьці трэнэра па фізычнай падрыхтоўцы[14]. Застаўся ў клюбе пасьля таго, як у красавіку 2023 году быў звольнены галоўны трэнэр Ігар Крывушэнка і прызначаны Аляксандар Юрэвіч. У верасьні 2023 году паводле пагадненьня бакоў пакінуў «Дынама»[15]. У лютым 2024 году стаў трэнэрам у салігорскім «Шахцёры»[16].
Дасягненьні
рэдагаваць«Дынама» Берасьце:
- Уладальнік Кубку Беларусі: 2007
БАТЭ:
- Чэмпіён Беларусі (9): 2008, 2009, 2010, 2011, 2012, 2013, 2014, 2016, 2017
- Уладальнік Кубка Беларусі: 2010
- Уладальнік Супэркубка Беларусі: 2010, 2011, 2013, 2014, 2016, 2017
- У сьпісе 22 найлепшых гульцоў чэмпіянату Беларусі: 2009, 2011, 2012
Статыстыка
рэдагавацьКлюб | Сэзон | Чэмпіянат | ||
---|---|---|---|---|
Дывізіён | Матчы | Галы | ||
БАТЭ | 2015 | Найвышэйшая ліга | 8 | 1 |
2016 | Найвышэйшая ліга | 16 | 6 | |
2017 | Найвышэйшая ліга | 24 | 1 |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Aleksandr Volodjko // Transfermarkt (мн.) — 2000.
- ^ а б в Alyaksandr Valadzko // FBref (мн.)
- ^ Володько перешел в БАТЭ. Football.by (рас.)
- ^ Александр Володько продлил контракт с БАТЭ (рас.)
- ^ Александр Володько покинул БАТЭ (рас.)
- ^ Александр Володько подписал контракт с карагандинским «Шахтером» (рас.)
- ^ Александр Володько остался без клуба (рас.)
- ^ Александр Володько подписал контракт с солигорским «Шахтером» (рас.)
- ^ Александр Володько покинул "Шахтер" (рас.) Архіўная копія ад 2020-01-15 г.
- ^ Александр Володько вернулся в БАТЭ (рас.)
- ^ Александр Володько завершил карьеру игрока и будет помогать в БАТЭ Жуковскому (рас.)
- ^ Виктор Гончаренко возглавил дубль БАТЭ (рас.)
- ^ "Желто-синие" приступили к тренировкам (рас.) Афіцыйны сайт БАТЭ
- ^ Футбол. Александр Володько вошел в тренерский штаб брестского "Динамо" (рас.) Архіўная копія ад 2023-02-03 г.
- ^ Юревич покинул пост главного тренера брестское "Динамо" (рас.)
- ^ Александр Володько вошел в тренерский штаб "Шахтера" (рас.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт БАТЭ. Аляксандар Валадзько (рас.)
- Статыстыка «ПБ-Инфо» (рас.)
- Профіль на soccerway.com (анг.)