Адам Плуг

беларускі і польскі празаік, паэт, журналіст.

Адам Плуг (сапр. — Антон Антонавіч Пяткевіч; 23 кастрычніка 1823, в. Замосьце, Слуцкі павет, Менская губэрня (цяпер — Слуцкі раён, Менская вобласьць) — 2 лістапада 1903, Варшава) — польскі і беларускі празаік, паэт, журналіст.

Адам Плуг
лац. Adam Płuh
Герб «Трубы»
Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Антон Антонавіч Пяткевіч
Нарадзіўся 23 кастрычніка 1823
в. Замосьце, Слуцкі павет Менская губэрня (цяпер — Слуцкі раён, Менская вобласьць)
Памёр 2 лістапада 1903
Варшава
Пахаваны
Бацькі Антон Пяткевіч
Зюзана Рагазінская
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік, паэт, журналіст
Мовы польская, беларуская

Біяграфія

рэдагаваць

Паходзіў з шляхецкага роду гербу «Трубы». Бацька Антон быў арандатарам. У 18351842 вучыўся ў Слуцкай гімназіі. У 1841 сям’я пераехала ў вёску Жукаў Барок на Стаўпеччыне, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з Уладзіславам Сыракомлем. Працаваў хатнім настаўнікам. У 18451846 вучыўся на філязофска-літаратурным факультэце Кіеўскага ўнівэрсітэту. Матэрыяльная нястача прымусіла спыніць вучобу і заняцца настаўніцкай працай у мястэчку Джурын на Падольлі. У 1856 у Менску сустракаўся зь Вінцэнтам Дунін-Марцінкевічам і Станіславам Манюшкам.

У 1857 ажаніўся зь Людвікай Сержпутоўскай, узяў у арэнду маёнтак Паток каля Віньніцы. У 1859 пераехаў у Жытомір. Разам з жонкай заснаваў там мужчынскую гімназію з пансыёнам і быў яе кіраўніком. У 1861 улады пазбавілі іх права ўтрымліваць асьветніцкую ўстанову. У 1862 жонка Людвіка была арыштаваная за ўдзел у антыўрадавых маніфэстацыях і зьняволеная ў Оўручы. У 18641866 Антон Пяткевіч знаходзіўся пад арыштам у Жытоміры, потым у Кіеве. Вымушаны быў часта мяняць месца жыхарства, займаўся гувэрнэрскай практыкай. У 1868 аўдавеў.

У сьнежні 1874 прыняў прапанову выдаўца С. Левенталя і пераехаў у Варшаву. У 18751879 быў сурэдактарам, а ў 1879-1890 — рэдактарам часопісу «Kłosy» («Каласы») і аўтарам шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь. Пасьля спыненьня выхаду часопісу ў 18911903 — галоўны рэдактар Wielkiej Encyklopedii Powszechnej Ilustrowanej («Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыкляпэдыі»), адначасова зьяўляўся літаратурным рэдактарам часопісу «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894-1899), уваходзіў у склад рэдакцыі газэты «Kurier Warszawski» («Варшаўскі кур’ер», 1899—1903).

Адзін з арганізатараў беларускага літаратурна-асьветніцкага гуртка. Быў сябрам многіх дабрачынных, навуковых і літаратурных таварыстваў.

Памёр у Варшаве, пахаваны на Павонзкаўскіх могілках. У варшаўскім касьцёле сьв. Крыжа ў 1905 устаноўлены яго бюст.

Творчасьць

рэдагаваць

Дэбютаваў у друку ў 1847. У 1849 напісаў на беларускай мове чатыры апавяданьні і адну легенду (захавалася апавяданьне «Кручаная баба», апубл. у 1918). Першы паэтычны зборнік «Родны загон» (1854) заснаваны на рэаліях беларускага жыцьця. У зборніку «Каласы з роднай нівы» (1856) фальклёрныя і хрысьціянскія матывы. Рэалістычны паказ жыцьця шляхты ў цэнтры сацыяльных раманаў «Дух і кроў» (1859), «Афіцыяліст» (1866—1867) і інш.

Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культурнае жыцьцё Беларусі («Некалькі ўражаньняў з падарожжа на Літву», 1858; «Уладзіслаў Сыракомля», 1862; «Манюшка ў Менску», 1896, і інш.), вершаваных прысьвячэньняў В. Дунін-Марцінкевічу («Да В. Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы») і У. Сыракомлю. Адзін зь першых пераклаў на польскую мову творы В. Дунін-Марцінкевіча, Гайнрыха Гайнэ, Віктора Юго, Аляксандра Пушкіна і Ўільяма Шэксьпіра. Творы Адама Плуга друкаваліся ў Менску (у зборніку «Голас зь Літвы», 1859). Сумесна зь Вінцэсем Карытынскім падрыхтаваў выданьне «Выбранай паэзіі» У. Сыракомлі (т. 1-5, 1890). Карыстаўся вялікаю папулярнасьцю ў літаратурных колах Варшавы.

  • Zupełny zbiór pism. Ser. 1—2. T. 1—6. Żytomierz; Wilno, 1862—63.
  • Drzewo przeklęte.
  • Wigilia Świętego Jana: Opowiadanie fantastyczne, 1847.
  • Dzieciobójca: Obrazek z wiejskiego żywota, 1851.
  • Gość z grobu: Opowiadanie kościelnego dziadka, 1851.
  • Zaraza: Obrazek obyczajowy, 1852.
  • Zagon rodzinny: Zbiór obrazków, gawęd, fraszek rymowanych i nierymowanych. T. 1—3. — Wilno, 1854.
  • Kłosy z rodzinnej niwy, 1856.
  • Pamiątki domowe, 1858.
  • Głos z Litwy. Mińsk, 1859.
  • Duch i krew: Kilka zarysów z życia towarzyskiego. — Warszawa, Biblioteka Najcelniejszych Utworów Literatury Europejskiej, 1859. (2-е выд. - 1897).
  • Smętarz: Obrazek fantastyczny, 1862.
  • Sroczka: Obrazek zaściankowy. — Biblioteka Mrówki (tom: 6), 1869.
  • Wspomnienie Romanowa, 1879.
  • Trzy legendy z dawnych lat. 1889.
  • Officyalista: Powieść w trzech częściach. — Warszawa, 1895.
  • Ś. p. Kajetan Kraszewski, 1896.
  • Deotyma (Jadwiga Łuszczewska): Pamiątka jubileuszowa 1852-1897. 1900.

Беларускія пераклады

рэдагаваць
  • Кручаная баба // Варта (Мінск). 1918. 1.
  • Кручаная баба // Спадчына. 1992. № 4.
  • Да Станіслава Манюшкі. Жукаў Барок // Полымя. 1999. № 7.

На беларускую мову асобныя яго творы пераклалі Пятро Бітэль, Уладзімер Мархель, Кастусь Цьвірка.

Некаторыя творы таксама перакладзены на чэскую мову.

Літаратура

рэдагаваць
  • Мальдзіс А. Сябра беларускай літаратуры // ЛіМ. 1963, 26 сак.
  • Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А. І. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969.
  • Плуг Адам // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Календарыюм // Czasopis № 10/2003.
  • Pietkiewicz Antoni (pseud. Pług Adam)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць