Ігар Пракаповіч

беларускі паэт і краязнавец

І́гар Міха́йлавіч Пракапо́віч (1960, Паставы, Віцебская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі паэт, географ і краязнавец.

Ігар Пракаповіч
2009 год
2009 год
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 9 сьнежня 1960 (64 гады)
Паставы, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці географ
Гады творчасьці з 1986-га
Жанр паэзія
Мова беларуская
Дэбют верш «Гарыць агнём мой даўні лёс…» (13 сьнежня 1986 г., пастаўсткая газэта «Зьвязда»)
Значныя творы кнігі «Рэха малітваў» (1994) і «Пастаўшчына» (2020)
Прэміі Нацыянальная літаратурная прэмія (2020)
Узнагароды
Творы на сайце Kamunikat.org

Аўтар каля 40 краязнаўчых і паэтычных кніг. Ганаровы сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Ляўрэат Віцебскай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзімера Караткевіча. Ляўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі за кнігу «Пастаўшчына» (2020). Адкрыў у Пастаўскім раёне месца старажытнага паселішча каля возера Саранчаны і курганны могільнік каля вёскі Міхаліна.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сямСям’яі вайскоўца Міхаіла Аляксандравіча Пракаповіча родам з хутара Бароўка каля вёскі Брусы Мядзельскага раёну і наборшчыцы друкарні Раісы Ўладзімераўны Пракаповіч (дзяв. Зьвяругі) родам зь вёскі Шыкавічы Мядзельскага раёну (Менская вобласьць). У дзяцінстве лета праводзіў на радзіме бацькоў у Мядзельскім раёне на Нарачы. У Паставах (Віцебская вобласьць) скончыў сярэднюю школу № 2 і прафэсійна-тэхнічную вучэльню № 2. У 1985 годзе скончыў геаграфічны факультэт БДУ, дзе вывучаў фізычную геаграфію — геамарфалёгію і лімналёгію. Студэнтам праходзіў навучальную практыку ў экспэдыцыях лябараторыі азёразнаўства БДУ і лябараторыі вывучэньня ляндшафтаў Інстытуту геахіміі і геафізыкі Акадэміі навук Беларусі, у тым ліку ўдзельнічаў у навуковай практыцы на Кольскім паўвостраве. З 1985 году працаваў настаўнікам геаграфіі, біялёгіі і хіміі Апідамскай школы і старшынёй Палескага сельсавету. З 1986 году быў настаўнікам геаграфіі і астраноміі ў сярэдняй школе № 1 у Паставах. У 1995 годзе перамог на Віцебскім абласным конкурсе «Настаўнік году». У 1999 годзе завочна скончыў асьпірантуру пры Нацыянальным інстытуце адукацыі па спэцыяльнасьці «агульная пэдагогіка», дзе падрыхтаваў да абароны кандыдацкую дысэртацыю па тэме «Арганізацыйна-пэдагагічныя асновы пабудовы сыстэмы краязнаўчай працы ў агульнаадукацыйнай школе». З 2006 году пачаў настаўнічаць у Пастаўскай гімназіі. У 2007 годзе выдаў геаграфічнае дасьледаваньне «Фізычная геаграфія Пастаўскага раёну» (Кнігазбор, 124 с.). У 2009 годзе атрымаў званьне «Чалавек году Віцебшчыны» і перамог на конкурсе Таварыства беларускай школы «Беларускі настаўнік году».

Старшыня Пастаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, сябра Навуковай рады Беларускага геаграфічнага таварыства і сябра Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук. У Пастаўскім раёне адкрыў месца старажытнага паселішча каля возера Саранчаны і курганны могільнік каля вёскі Міхаліна.

Творчасьць

рэдагаваць

13 сьнежня 1986 году зьмясьціў першыя вершы «Няўтульная асенняя пара», «Гарыць агнём мой даўні лёс…», «I зноў настане дзень…» у пастаўскай раённай газэце «Зьвязда». У 1993 годзе выдаў кнігу паэзіі «Рэха малітваў», за якую ў 1994 годзе атрымаў літаратурную прэмію часопіса «Маладосьць». Пазьней выдаў зборнікі паэзіі «Намагнічаны космас» (1996), «Шляхі наканаванага бязьмежжа» (1999), «Я Вас каханьнем растрывожу…» (2005), «Луска вечнасьці» (2005), «Белая Панна» (2007), «Калядны ранак» (2007), «Хірургічная адысэя дзядзькі Антона» (2009). У 2015 годзе стаў ляўрэатам Віцебскай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзімера Караткевіча.

Напісаў навукова-пэдагагічныя працы «Сыстэма школьнага краязнаўства», «Мэтодыка вывучэньня роднага краю» і «Геаграфічныя назвы мацерыкоў». Аўтар кніг па краязнаўстве: «Фізычная геаграфія Пастаўскага раёну» (1994), «Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёну» (2000), «Крыжы і камяні» (2003), «Манькавічы» (з А. Вансовіч і І. Заяц) (2004), «Насельніцтва Пастаўскага краю» (2004), «Ваколіцы Паставаў» (2004), «Мястэчка каля пушчы: Груздава і ваколіцы» (з І. Собаль) (2005), «Мястэчка над возерам: Задзеўе і ваколіцы» (з І. Заяц) (2006), «Гута-Голбія» (з М. Арэхам) (2007), «Чароўны край — Пастаўшчына: (гісторыка-краязнаўчы курс „Паставазнаўства“)» (2009), «Назвы нашых мясьцін» (2013). Укладальнік кнігі «Дзе Мядзелка песьні пяе…» (Пастаўшчына літаратурная) (2006) і фотаальбому «Паставы» (2006). У кнізе «Пошукі забытага шляху» (2011) выклаў гіпотэзу пра старадаўні водны шлях, які праходзіў праз рэкі Дзьвіна, Дзісна, Мядзелка, Нарачанка, Вяльля і Нарачанскія азёры.

Літаратура

рэдагаваць
  • Заяц І. Дарога ў краіну краязнаўства / І. Заяц // Краязнаўчая газета. — 2005. — № 48 (снежань).
  • Пракаповіч Ігар // Пісьменнікі Віцебшчыны: даведнік / рэд. Ф. Сіўко. — Віцебск, 2001. — С. 59-63.
  • Пракаповіч Ігар Міхайлавіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў і інш. — Мн., 2001. — С. 521—522.