Нарачанскія азёры — група азёр Беларусі, разьмешчаных на паўночным захадзе Мядзельскага раёна Менскай вобласьці Беларусі.

Азёры знаходзяцца ў басэйне ракі Нарачанкі. Азёры злучаныя між сабой невялікімі пратокамі і маюць агульны сьцёк у Нарачанку, апроч возера Белае, якое зьяўляецца бясьсьцёкавым.

Агульная плошча азёраў групы складае каля 100 км², агульны аб’ём вады — каля 800 млн м³ (0,8 км³), агульная плошча вадазбору азёраў групы — 279 км².

Азёры групы сфармаваліся падчас адтупаньня паазерскага ледавіка, калі вызваленыя ўчасткі Нарачана-Вялейскай нізіны пачалі запаўняцца расталай вадой. У выніку ўтварыўся азёрны басэйн, узровень вады якога быў на 5—7 м вышэй сучаснага. Прыток ледавіковых водаў спыніўся 10—12 тысячаў гадоў таму, з-за чаго панізіўся агульны ўзровень вады басэйна і пачалі фармавацца сучасныя азёры.

Сярод прадстаўнікоў іхтыяфаўны найбольш распаўсюджаныя ў азёрах групы ляшчы, шчупакі, акуні, плотка, ліны, судакі. Азёры неаднаразова зарыбляліся вуграмі.

Вакол азёраў створаны буйны рэкрэацыйны цэнтар з шэрагам санаторыяў, дамоў адпачынку, турыстычных гатэляў, дзіцячых лягероў. Таксама тут разьмяшчаюцца турыстычныя базы і базы адпачынку. Разьвіцьцю інфраструктуры спрыялі маляўнічасьць азёраў, хваёвыя лясы і добрыя кліматычныя ўмовы. На дзяржаўным узроўні ствараюцца захады па ахове прыроднага азёрналяндшафтнага комплексу. Азёры групы ўваходзяць у склад Нацыянальнага парку «Нарачанскі», які быў створаны ў 1999 годзе на тэрыторыі пераважна Мядзельскага раёну.

Найбуйнейшыя з азёраў, якія ўваходзяць у Нарачанскую групу:

Літаратура рэдагаваць

  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1