Rahis

беларускі музычны гурт

«Рахіс» (бел. лац. Rahis) — музычны гурт, заснаваны ў 2000 г. двума студэнтамі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту — Дзянісам Філіпенкам і Зьмітром Язьвінскім (зь Нясьвіжу)[1]. Атрымаў першую вядомасьць акустычнымі канцэртамі. Пераможца 3-га музычнага фэстывалю «Рок-Каляды» (Горкі, 2003). Зь 2007 г. пачаў выступаць з электрычнай праграмай. Запісаў 2 студыйныя альбомы: «Сшытак з тэкстамі ў малюнках» з 11 песьняў (2010) і «Паміж сонцам і хмарамі» з 12 песьняў (2015)[2].

«Рахіс»
Гады З 2000-га
Месца ўтварэньня Нясьвіж (Менская вобласьць, Беларусь)
Мова Беларуская
Жанр Інды-рок, электронная музыка
Выдавец Студыя «Сонечныя кветкі» (Віталь Кулеўскі)
Удзельнікі Дзяніс Філіпенка, Зьміцер Язьвінскі, Павал Вялічка, Рыгор Заслаўскі, Алесь Юхнавец, Аляксандра Клінцэвіч
Былыя ўдзельнікі Раман Пашчанюк, Слава Цыпылоў, Яўген Ваньшын
rahis.by
  • «Сшытак з тэкстамі ў малюнках» (11 песьняў, 2010; 37 хвілінаў з бонусам): музыка — Зьміцер Язьвінскі (1, 3, 5, 6, 7, 9), Дзяніс Філіпенка (2, 4, 8, 10, 11); словы — Дзяніс Філіпенка (1, 2, 4, 8, 10, 11), Зьміцер Язьвінскі (1, 3, 5, 6, 7, 9), Глеб Лабадзенка (8, 10). Песьні:
    • 1) «Горад Н» (2:25),
    • 2) «Кухня» (2:32),
    • 3) «Пароль у лета» (2:30),
    • 4) «Позна» (3:41),
    • 5) «Пад цёплай коўдрай» (2:45),
    • 6) «Празь сеціва» (3:22),
    • 7) «Стронцый» (3:49),
    • 8) «Анёлка» (2:08),
    • 9) «ФМ» (3:38),
    • 10) «Файлікі» (3:30),
    • 11) «Чароўныя ноты» (3:44),
    • 12) «Хлопец» (3:20; бонус)[3].
  • «Паміж сонцам і хмарамі» (12 песьняў, 2015; 43 хвіліны): музыка — Дзяніс Філіпенка (1, 2, 3, 9, 10, 11), Зьміцер Язьвінскі (4, 5, 6, 7, 8, 12); словы: Дзяніс Філіпенка (1,2,3,9,10,11), Зьміцер Язьвінскі (4, 5, 6, 8, 12), Глеб Лабадзенка (7). Песьні:
    • 1) «Джа» (3:27);
    • 2) «Эўропа» (4:34),
    • 3) «Грэй мяне» (3:25),
    • 4) «Ямайка» (3:19),
    • 5) «Маўклівае неба» (4:05),
    • 6) «Мой горад» (3:01),
    • 7) «НЛО» (3:52),
    • 8) «Па праспэкце» (3:01),
    • 9) «Паміж сонцам і хмарамі» (3:00),
    • 10) «Ты ўсё ўбачыш» (3:00),
    • 11) «Вясна» (3:16),
    • 12) «Зьнічкі» (3:45)[4].

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 2000 г. 2 першакурсьнікі прыродазнаўчага факультэту Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту — Дзяніс Філіпенка і Зьміцер Язьвінскі (зь Нясьвіжу) — стварылі дуэт «Рахіс». Пазьней далучылася скрыпачка Кася. 23 сьнежня 2003 г. гурт «Рахіс» атрымаў галоўную ўзнагароду ў якасьці лепшага гурта на 3-м штогадовым музычным фэстывалі «Рок-Каляды» (Горкі, Магілёўская вобласьць), што ладзіла грамадзкае аб’яднаньне «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў»[5]. У 2004 г. даў 3 электрычныя канцэрты — у Менску, Віцебску і Наваполацку. У 2005—2006 гг., пасьля сканчэньня прыродазнаўчага факультэту БДПУ, супольныя выступы перапыніліся ў сувязі са службай Дзяніса Філіпенкі ў роце аховы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Тым часам скрыпачка Кася адпрацоўвала навучаньне ў ВНУ школьнай настаўніцай у Лагойску (Менская вобласьць). Зьміцер Язьвінскі працягваў выступаць з акустычнымі канцэртамі па Беларусі, Польшчы і Ўкраіне. 20 кастрычніка 2007 г. у менскім клюбе «Графіці» (зав. Калініна, д. 16) гурт даў 2-гадзінны канцэрт «Тры гады ўстрыманьня», на які квіткі распрадалі за 4 дні да выступу. Спачатку Дзяніс Філіпенка і Зьміцер Язьвінскі прасьпявалі пад акустычную гітару 7 песьняў, зь якіх адну («Вясна») Дзяніс Філіпенка напісаў увесну 2006 г. у войску падчас каравульнай службы. У другой палове выступу да гурта ўпершыню далучыліся вядучы гітарыст(en) Раман Пашчанюк, бубнач Слава Цыпылоў і бас-гітарыст Яўген Ваньшын. Пасьля антракту наступныя 6 песьняў прагучалі ў электрычным суправаджэньні[6].

17 сакавіка 2008 г. у менскім клюбе «Графіці» адбыўся канцэрт «Пароль у лета», што атрымаў назоў ад аднайменнай новай песьні для дэбютнага альбому[7]. У сувязі з посьпехам 25 красавіка адбыўся паўторны канцэрт «Празь Сеціва» з он-лайн-перадачай для 8 краінаў[8], паводле назову яшчэ адной новай песьні для альбому. 28 красавіка 2008 г. на менскай студыі «Сонечныя кветкі» (анг. SunFlowers; гукарэжысэр Віталь Кулеўскі) пачаўся запіс першага альбома зь песьні «Пароль у лета»[1], якую 17 чэрвеня прадставілі на радыё «Сталіца». 12 ліпеня 2008 г. гурт сыграў на музычным фэстывалі «Зьвяз року»(pl) (анг. Union of Rock; Вэнгажэва(pl), Вармінска-Мазурскае ваяводзтва, Польшча)[9]. 19 ліпеня 2008 г. «Рахіс» упершыню выступіў на 19-м музычным фэстывалі «Басовішча» (Гарадок, Беластоцкі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча)[10].

7 красавіка 2009 г. гурт «Рахіс» выпусьціў студыйны максі-самотнік «Празь Сеціва» з 4 песьняў, адну зь якіх («Стронцый») Зьміцер Язьвінскі напісаў у 1999 г. пры сканчэньні школы. На час выпуску максі-самотніка гурт меў звыш 30 песьняў пераважна ў выглядзе саматужных запісаў[11]. 18 ліпеня 2009 г. сыграў на 20-м фэстывалі «Басовішча» (Гарадок, Падляскае ваяводзтва)[12]. 18 траўня 2010 г. выпусьцілі 2-і самотнік «Файлікі» на верш паэта Глеба Лабадзенкі[13]. 8 чэрвеня 2010 г. выйшаў першы альбом «Сшытак з тэкстамі ў малюнках» з 11 песьняў, што ўлучаў песьні максі-сынгла «Празь Сеціва»[14].

14 траўня 2015 г. гурт «Рахіс» выдаў самотнік «Эўропа», тэкст якога Дзяніс Філіпенка напісаў у пачатку 2000-х гадоў[15]. 8 чэрвеня 2015 г. выйшаў 2-і альбом «Паміж сонцам і хмарамі» з 12 песьняў, адну зь якіх («НЛО») запісалі на верш Глеба Лабадзенкі. Замест ранейшых музыкаў у запісе альбому ўдзельнічалі вядучы гітарыст Павал Вялічка, бас-гітарыст Рыгор Заслаўскі, бубнач Алесь Юхнавец і клявішніца Аляксандра Клінцэвіч[16]. 22 верасьня 2015 г. рэжысэр Ігар Чышчэня выдаў першы відэакліп на песьню «Грэй мяне» гурта «Рахіс» (з альбому «Паміж сонцам і хмарамі»), у якім здымаўся астраном Віктар Малышчыц. Здымкі доўжыліся некалькі веснавых і летніх месяцаў[17].

  1. ^ а б Воля Кузьміч. Гурт Rahis: «Уласнай апэратыўнай памяці ўжо не хапае, таму пачынаем запісвацца» // Пакаленьне Y, 28 красавіка 2008 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  2. ^ «Рахіс» // «Тузін гітоў», 30 верасьня 2015 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  3. ^ «Сшытак з тэкстамі ў малюнках» (2010) // «Рахіс», 8 чэрвеня 2010 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  4. ^ «Паміж сонцамі і хмарамі» (2015) // «Рахіс», 8 чэрвеня 2015 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  5. ^ Воля Кузьміч. У Горках прайшоў штогадовы музычны фэст «Рок-Каляды 2003» // Пакаленьне Y, 24 сьнежня 2003 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  6. ^ Воля Кузьміч. Rahis: «Позна вяртацца назад!» // Пакаленьне Y, 22 кастрычніка 2007 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  7. ^ Воля Кузьміч. «Рахіс» падбіраў «Пароль у лета» і прэзэнтоўваў новыя песьні з сюрпрызамі ад сяброў-музыкаў // Пакаленьне Y, 19 сакавіка 2008 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  8. ^ Воля Кузьміч. Гурт «Рахіс» у пятніцу ладзіць канцэрт «Празь Сеціва» // Пакаленьне Y, 22 красавіка 2008 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  9. ^ Воля Кузьміч. «Пароль у лета» — інтэрнэт-прэзэнтацыя першага запісу гурта «Рахіс» // Пакаленьне Y, 17 чэрвеня 2008 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  10. ^ Памідор/OFF: Каб мог, скасаваў бы вынікі інтэрнэт-галасаваньня на «Басовішча-2008» // Эўрарадыё, 24 чэрвеня 2008 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  11. ^ Воля Кузьміч. «Рахіс» прэзэнтуе першы максі-сынгл — «Празь Сеціва» // Пакаленьне Y, 7 красавіка 2009 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  12. ^ «Тузін гітоў». На «Басовішчы-2009» выступяць заснавальнікі беларускага року // Tut.by, 8 ліпеня 2009 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  13. ^ Гурт «Рахіс» прэзэнтуе сынгл «Файлікі» і анансуе першы альбом // Пакаленьне Y, 18 траўня 2010 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  14. ^ Гурт «Рахіс» запісаў першы альбом у выглядзе студэнцкага сшытку // Пакаленьне Y, 8 чэрвеня 2010 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  15. ^ Юра Сідун. «Рахіс» выдаў самотнік да 20-годзьдзя рэфэрэндуму: «Тады мы страцілі шанец» (прэм’ера) // «Тузін гітоў», 14 траўня 2015 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  16. ^ Юры Сідун, Юлія Сакалоўская. «Рахіс» прэзэнтаваў альбом «Паміж сонцам і хмарамі» (прэм’ера) // «Тузін гітоў», 8 чэрвеня 2015 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  17. ^ Rahis. Бліжэй да зораў (відэа) // «Тузін гітоў», 30 верасьня 2015 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць