Задзіночаньне беларускіх студэнтаў
Задзіно́чаньне белару́скіх студэ́нтаў — грамадзкая арганізацыя, што ўзьнікла напрыканцы 1980-х гадоў у выніку працы нефармальных студэнцкіх аб’яднаньняў. У 1992 годзе ЗБС было афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь як «Рэспубліканскае маладзёжнае грамадзкае аб’яднаньне „Задзіночаньне беларускіх студэнтаў“». 3 сьнежня 2001 году рашэньнем Вярхоўнага Суду РБ ЗБС пазбаўлена рэгістрацыі. Выдавала газэту «Студэнцкая думка» (цяпер аднайменны часопіс).
Задзіночаньне беларускіх студэнтаў | |
Абрэвіятура | ЗБС |
---|---|
Дэвіз | Яднайма лепшыя памкненьні |
Дата ўтварэньня | 1989 |
Тып | Маладзёвае |
Юрыдычны статус | Грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | Выхаваньне грамадзянскай адказнасьці студэнтаў |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Дарашэвіча, д. 4 (да 2002 г.)[1] |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Сяброўства | Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, Эўрапейскі зьвяз студэнтаў(en) (Брусэль, Бэльгія) |
Старшыня | Настася Доль |
Кіроўны орган | Рада |
Сайт | studentby.org |
СтруктураРэдагаваць
Першасныя структуры ЗБС — суполкі, што ствараюцца пры наяўнасьці ня менш як трох сябраў ЗБС па месцы навучаньня, жыхарства альбо паводле інтарэсаў. Пры наяўнасьці трох і больш суполак могуць утварацца рэгіянальныя філіі ЗБС. Найвышэйшы кіраўнічы орган ЗБС — Зьезд, які склікаецца не радзей за адзін раз на 2 гады. Паміж Зьездамі дзейнасьцю ЗБС кіруе й ажыцьцяўляе каардынацыю працы суполак і філіяў Рада ЗБС. Некалькі разоў на год склікаецца Калегія — каардынацыйны й дарадчы орган, у які ўваходзяць сябры Рады, старшыні ўсіх структурных адзінак ЗБС, старшыні камісіяў ЗБС і старшыня Рэвізійнае камісіі. Рэвізійная камісія — кантрольны орган ЗБС у пэрыяд паміж Зьездамі, справаздачная толькі перад Зьездам.
МінуўшчынаРэдагаваць
У лістападзе 1988 г. Студэнцкае патрыятычнае згуртаваньне «Сьвітанак» выдала ў Менску першы нумар беларускамоўнага часопіса «Студэнцкая думка» на 8 старонках фармата(en) А5[2]. Першым рэдактарам часопіса быў 5-курсьнік Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Ігар Міхно. У 1989 г. у Менску (Беларуская ССР, СССР) студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Менскага мэдычнага інстытуту і Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту стварылі антыкамуністычнае моладзевае аб’яднаньне «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» (ЗБС). У 1990 г. ЗБС пераняло выданьне часопіса «Студэнцкая думка», рэдактарам якога стаў Зьміцер Вайцяховіч. У выніку наклад часопіса да канца году вырас з 1000 да 5000 асобнікаў, выраб якіх ажыцьцяўляўся на ротапрынтах(de) у навукова-дасьледчых інстытутах паводле прыватных вусных дамоваў з былымі сябрамі ЗБС сярод супрацоўнікаў НДІ[3].
У 1992 г. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала ЗБС у якасьці рэспубліканскага маладзёвага грамадзкага аб’яднаньня. У 1993 г. ЗБС правёў канфэрэнцыю «Нацыянальная вышэйшая адукацыя ў Беларусі». У кастрычніку 1994 г. зладзіў сустрэчу маладых беларусаў сьвету з больш як 10 краінаў. За 1990—1995 гг. удалося выдаць 4 слоўнікі і некалькі музычных альбомаў беларускамоўных рок-гуртоў і сьпевакоў. У 1999 г. ЗБС уступіў у Эўрапейскі зьвяз студэнтаў(en) (ЭЗС; Брусэль, Бэльгія) і пачаў выпуск «Студэнцкай газэты», што ў 2007—2008 гг. адначасна мела флэш-выданьне. 13 красавіка 1999 г. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала часопіс «Студэнцкая думка»[4]. У 2001 г. стварылі вэб-сайт studenty.by, які ў 2003 г. увайшоў у 5-ку найбольш наведваных студэнтамі. У 2007 г. сайт зьмяніў назоў на generation.by. 3 сьнежня 2001 г. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь на позву Міністэрства юстыцыі пазбавіў ЗБС рэгістрацыі. У 2006—2007 гг. ЗБС рабіў на Эўрарадыё перадачу «СтудФармат». У пачатку 2007 г. выдаў складанку «Не заганяйся» з 11 беларускамоўнымі песьнямі музычных гуртоў. У лістападзе 2008 г. у выніку конкурсу выдалі зборнік студэнцкай паэзіі «Незавершанасьць» з 30 вершаў пераможцаў[5].
Старшыні рады ЗБСРэдагаваць
- Ігар Міхно (1989)
- Аляксей Глушко
- Антоні Бокун
- Алесь Міхалевіч
- Крысьціна Вітушка (1999—2002)
- Вольга Кузьміч (2002—2005)
- Алена Талапіла (2005—2007)
- Яўген Іванюк (2007-2012)
- Настася Доль (2012 — гэты час)
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Аляксандра Дынько. На месцы легендарнага Задзіночаньня беларускіх студэнтаў адкрылася кавярня, якая адмаўляецца абслугоўваць Барака Абаму // Радыё «Свабода», 18 студзеня 2016 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
- ^ Студэнцкая думка // Вэб-архіў «Вытокі», 2016 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
- ^ Гісторыя беларускага самвыдату: «Студэнцкая думка» // Мэдыякрытыка.by, 30 сьнежня 2015 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
- ^ Часопісу «Студэнцкая Думка» — 10 год // Пакаленьне Y, 14 красавіка 2009 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
- ^ Нашая гісторыя // Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, 23 сьнежня 2013 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
ЛітаратураРэдагаваць
- Vitali Silitski, Jan Zaprudnik The A to Z of Belarus (The A to Z Guide Series). — Lanham: Scarecrow Press, 2010. — С. 290–291. — 470 с. — ISBN 978-0-8108-7200-4
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
- Магілёўская суполка ЗБС
- Пакаленьне Y
- Студэнцкая думка // Вэб-архіў «Вытокі», 2016 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
- Студэнцкая думка // «Kamunikat.org», 2016 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |