118-ы батальён дапаможнай паліцыі
118-ы батальён дапаможнай паліцыі, 118-ы ахоўны паліцэйскі батальён (па-нямецку: SchutzmannschaftsBtl 118) — падразьдзяленьне нямецкай дапаможнай «ахоўнай паліцыі» (ням. Schutzpolizei), сфармаванае ў ліпені 1942 у Кіеве на аснове аднае з ротаў 115-га ахоўнага паліцэйскага батальёну з ваеннапалонных Чырвонай Арміі[1].
118-ы батальён дапаможнай паліцыі | |
SchutzmannschaftsBtl 118 | |
Гады існаваньня | 1942—1944 |
---|---|
Краіны | Трэці райх, СССР, Францыя |
Уваходзіць у | шуцманшафт (украінская дапаможная паліцыя) |
Войны | Другая сусьветная вайна |
Дзейны камандзір | маёр Смоўскі, маёр Іван Шудра |
Вядомыя камандзіры |
камандзіры ротаў: гаўптман Ганс Вёльке, Віньніцкі; узводныя: лейтэнант Мялешка, Пасічнык, Р. Васюра (да сьнежня 1942); начальнікі штабу: Карніец, Р. Васюра (ад сьнежня 1942) |
Камандоўца — штурмбанфюрэр Эрых Кернэр, начальнік штабу — Рыгор Васюра. Батальён налічваў каля 500 жаўнераў, падзеленых паміж 3 ротамі, кожная рота — на 3 узводы, кожны ўзвод складаўся зь некалькіх аддзяленьняў па 10-13 чалавек.
У канцы 1942 пераведзены ў Менск, пасьля ў Плешчаніцы. Забойства савецкімі партызанамі шэфа аднае з ротаў капітана Ганса Вёльке (алімпійскага чэмпіёна і ўлюбёнца Гітлера) сталася прычынай масавага гвалту 22 сакавіка 1943 часткай батальёну пад камандаваньнем начальніка штабу Рыгора Васюры разам з зондэр-злучэньнем СС «Дырлевангер» (ням. SS-Sonderregiment «Dirlewanger») у беларускай вёсцы Хатынь.
У ліпені 1943 году 118-ы ахоўны батальён знаходзіўся ў Наваградку (Генэральная акруга Беларусь) цягам 2 тыдняў. Адтуль батальён накіравалі ў Налібоцкую пушчу для ўдзелу ў апэрацыі «Герман» супраць партызанаў. 118-ы батальён разам з 1-й матарызаванай брыгадай ахоўных атрадаў наступаў з боку Любчы праз Іўе і Карэлічы. У Лучынскім бары Налібоцкай пушчы, каля вёскі Каменная Слабада карнікі са 118-га батальёну закідалі гранатамі 3 зямлянкі з паўсотняй габрэяў, якія хаваліся ў іх сем’ямі. У жніўні—верасьні 1943 году 118-ы батальён удзельнічаў у карнай апэрацыі «Вандсбэрг» у Ліпічанскай пушчы на землях Слонімскага, Зьдзецельскага і Мастоўскага раёнаў Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Пасьля апэрацыі штаб батальёну разьмясьцілі ў Слоніме, а яго роты — у ваколіцах вёсак Альбярцін і Дзераўная. Шэф батальёну Эрых Кёрнэр зрабіў справаздачу за апэрацыю перад генкамісарам Беларусі Вільгельмам Кубэ. Тады ж 118-ы батальён перайменавалі ў 63-і, а рудыя латвійскія даваенныя мундзіры жаўнераў зьмянілі на нямецкія мундзіры з карычневым каўняром. 1 кастрычніка 1943 году 63-і ахоўны батальён перавялі ў Ліду. У 1-й палове ліпеня 1944 году 63-і батальён знаходзіўся ў Горадні (Усходняя Прусія). Пры адступленьні нямецкага войска прыбыў у Ломжу (Беластоцкая вобласьць, Беларуская ССР). Адтуль 63-і батальён перакінулі ў Страсбург (вобласьць Бадэн-Эльзас, Нямецкая дзяржава), ён разам з 62-м батальёнам увайшоў у склад паліцэйскай брыгады СС «Зілінг». Яе разьмясьцілі ў вайсковым гарадку Вальдагон пад Бэзансонам (Францыя)[2].
Там жаўнераў увялі ў склад 30-й грэнадэрскай дывізіі СС (2-й расейскай) (ням. 30.Waffen-Grenadier-Division der SS (russische Nr. 2)). У баёх супраць францускіх партызанаў новае падразьдзяленьне ўдзелу не прымала, практычна ў поўным складзе перайшло на бок францускага руху супраціву. Зь іх быў сфармаваны 2-і ўкраінскі батальён імя Тараса Шаўчэнкі (па-француску: Le 2 Bataillon Ukrainien des Forces Francaices de L’Interier, Groupement Frontiere, Sous-Region D.2.)[3].
Пасьля вайны некаторыя з байцоў працягвалі службу ў Замежным легіёне Францыі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://web.archive.org/web/20110821055357/http://www.khatyn.by/ru/genocide/expeditions/polic118
- ^ Яўген Далідовіч, Сьвятлана Марозава. Крывавы сьлед хатынскіх катаў // Зьвязда : газэта. — 18 кастрычніка 2013. — № 197 (27562). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Андрій Дуда, Володимир Старик. БУКОВИНСЬКИЙ КУРІНЬ в боях за Українську Державність: 1918—1941-1944
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Генерал-лейтенант юстиции С. С. Максимов. История одного предательства.