Юры Попка

беларускі нацыяналіст, выдавец, пісьменьнік

Ю́ры (Яго́р) По́пка (7 кастрычніка 1912, хутар Высокі Груд Пружанскага павету, Расейская імпэрыя — 29 красавіка 1990, Ляймэн, Нямеччына) — беларускі нацыяналіст, выдавец, пісьменьнік. Псэўданімы: Б. Жубровіч, Юры Жывіца.

Юры Попка
1950 год
1950 год
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Б. Жубровіч, Юры Жывіца
Нарадзіўся 7 кастрычніка 1912
хутар Высокі Груд, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня
Памёр 1 (29) красавіка 1990
Ляймэн, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, Нямеччына
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці журналіст, рэдактар, выдавец
Мова беларуская
Дэбют «Восеньню» (1938)

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся на хутары Высокі Груд Гарадзечанскай воласьці (Пружанскі павет). Бацька — Сымон Попка зь вёскі Брады, маці — Ганна Іванюковіч з Прылуччыны. Меў чатырох старэйшых сясьцёр: Марылю (памерла ў маладым узросьце), Антаніну, Юлю й Серафіму.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны сям’я выехала ва Ўкраіну, у Харкаўскую губэрню. Адсюль бацька зьехаў у Мурманск на працу. Пасьля сканчэньня вайны вярнуліся ў Высокі Груд.

Юры захапіўся беларускасьцю падчас навучаньня ў польскай гімназіі, набываў беларускія газэты, календары. У 30-я рокі скантактаваўся зь беларускімі студэнтамі Віленскай гімназіі.

Падчас нямецкае акупацыі ўзначальваў аддзел працы і сацыяльнага забесьпячэньня ў Пружанах, заснавальнік і старшыня Пружанскага аддзелу Беларускага Камітэту (1943—1944). Аддзел разьмяшчаўся на рагу Царкоўнай і Гімназіяльнай вуліцаў. За час ягонай дзейнасьці былі адчыненыя беларуская васьміклясная школа ў Пружанах (заняла будынак былой польскай гімназіі), школы ў Арабніках, Чахцы, Агародніках, Купічах, Дабучыне. 27 чэрвеня 1944 року Юры Попка браў удзел у Другім Ўсебеларускім кангрэсе ў Менску[1]. 11 ліпеня 1944 ў сувязі з надыходам Чырвонай арміі выехаў на захад.

Працаваў на фабрыцы ў Цьвітаве, у баўэра ў Шусэнрыдзе(de) (каля Бібэраху-на-Рысе, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг). Пасьля адкрыцьця лягераў УНРРА пераехаў у Бібэрах-Бэргергаўзэн, пасьля ў Віндзбэрг.

Актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці беларускае эміграцыі ў Нямеччыне. Сябра замежнага сэктару БНП, кіраўнік нацыяналістычнае арганізацыі «Згуртаваньне беларускіх патрыётаў». У 1952—1954 — кіраўнік палітычна-прапагандысцкага аддзелу Галоўнага штабу Беларускага Вызвольнага Фронту (пад псэўданімам Б. Жубровіч).

У 1971 року пераехаў у Ляймэн(de) (пад Гайдэльбэргам), дзе заснаваў ва ўласнай кватэры на Гётэштрасэ, 1 беларускі музэй. Адкрыцьцё адбылося 15 сакавіка 1982 року з удзелам мясцовых беларусаў і мэра Ляймэна Г. Эрхбара. Экспанаты для яго былі сабраныя з усяе Заходняе Нямеччыны: паясы, убраньне, лапці, лыжкі, посуд, кнігі[2]. Выстаўленыя ўзнагароды заснавальніка, атрыманыя ад кіраўніцтва БЦР на эміграцыі, мандат і пасьведчаньне дэлегата II Усебеларускага кангрэсу (1944), творы і пэрыядычныя выданьні, якія выходзілі пад рэдакцыяй Юрыя Попкі і інш.

 
Помнік загінулым у 1939—1945 беларусам

У 1987 на могілках у раёне Ляймэну Санкт-Ільгене ягонымі стараньнямі быў усталяваны помнік загінулым у 1939—1945 беларусам. Заснаваны ім Інстытут беларусаведы меў на мэце заахвочваньне дасьледаваньняў па гісторыі Беларусі. Тут выдаваліся кнігі Попкі і іншых эміграцыйных беларускіх аўтараў, а ад 1986 року і друкаваны орган «Весткі Інстытута беларусаведы».

 
Магіла Ю. Попкі

Памёр у 1990 року. Пахаваны на могілках Санкт-Ільгену. На надмагільлі напісаны аповед жыцьця памерлага: «Пасьля Другой усясьветнай вайны мая Радзіма была акупаваная ды падзеленая саветамі-расейцамі й палякамі. У знак пратэсту я не вярнуўся на сваю Радзіму. Аднак сваёй Бацькаўшчыне я застаўся верным. У маім сэрцы й маёй душы да апошніх дзён. На сваёй новай Радзіме, Нямеччыне, у Санкт-Ільгэне я выказваю ўдзячнасьць усім маім сябрам. Жыве Беларусь!»[3]

Сваю маёмасьць запаведаў «самастойнай беларускай дзяржаве»:

  Горад Ляймэн — часовы ўладар маёй маёмасьці. Сапраўдным уладаром станецца самастойная беларуская дзяржава, у якой будзе жыць беларускі народ… Гэтая самастойная беларуская дзяржава мусіць быць незалежнай ад палітыкі іншых краін… Акрамя майго прыватнага дому, дзе месьціцца музэй, я маю яшчэ два дамы. Прыбыткі, што будзе атрымліваць горад Ляймэн за гэтую нерухомасьць, мусяць пакрываць кошты для патрэбаў музэю, беларускага помніка й дагляду за маёй магілай. Рэшта мусіць накіроўвацца на культурныя патрэбы майго народу за мяжой і ў Беларусі, на фінансавую падтрымку «Нямецка‑беларускай арганізацыі сумеснай працы ў галіне культуры», выплату ганарараў ці прэмій пісьменьнікам, мастакам, журналістам ці выдаўцам кніг, што дэманструюць наш беларускі дух, культуру, гісторыю, сёньняшні трагічны час для беларускага народу.  

—Юры Попка

Пасьля ягонай сьмерці экспанаты беларускага музэю з кватэры пераведзеныя ў ляймэнскі краязнаўчы музэй, які таксама знаходзіўся ў раёне Санкт-Ільген. Музэю больш няма.[4]

Літаратурная дзейнасьць рэдагаваць

Першы літаратурны твор «Восеньню» надрукаваў у 1938 року ў часопісе «Шлях моладзі», першы артыкул «Пазнавайма родны край!» — тамсама ў 1939. У 1942—1944 — адзін з аўтараў штотыднёвай беларускамоўнай беластоцкай газэты «Новая дарога».

Друкаваўся пад псэўданімам Юры Жывіца. Ва ўласных творах адлюстраваў барацьбу беларускіх партызанаў і падпольнікаў за незалежнасьць Беларусі ў ваенныя і пасьляваенныя рокі.

На эміграцыі заняўся найперш выдавецкай дзейнасьцю. У Рэгенсбургу ў 1947 распачаў выхад бюлетэню «Adradћeńnie» разам зь Янкам Чарнецкім і Станіславам Грынкевічам[5]. Выдаваў таксама газэты і часопісы «Наш сьцяг», «Вехі», «Беларуская праўда». Празь нейкі час рэдагаваў бюлетэні Беларускай Цэнтральнай Рады.

Юры Попка значыцца суаўтарам «Этнаграфічнае мапы Беларусі», на якой да Беларусі аднесеныя Падляшша і ўся паўночная Чарнігаўшчына разам з Чарнігавым[6].

Бібліяграфія рэдагаваць

  • Жывіца, Юрый. Пушча шуміць: аповесьць. — 1963.[7]
  • Радаслаў Астроўскі — Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, ягонае жыцьцё, праца і змаганьне. — ФРН: «Вехі», 1964.
  • Летапіс Віленскай беларускай гімназіі, 1919—1944: зборная праца / рэд[актар] Юры Жывіца. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — ФРН: 1983.[8]
  • Juri Živiza. Śviecić u tumanie: [Roman aus dem Leben des weißruthenischen Volkes, 1939―1949] = Сьвеціць у тумане / aus dem Weißruthenischen von Ferdinand Neureiter. — 1985.
  • Juri Popko, Johannes Paulus (Papa, II.). Briefe an Papst Wojtyla: in bjeloruss. u. dt. Sprache. — Verl. Viechi, 1986.
  • Ostroŭski, R. Bjelorussland im X bis XVI Jahrhundert / aus der bjelorussischen Sprache von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1986. — 37 с.
  • Das Igor-Lied: eine Heldendichtung. Übertragung von Rainer Maria Rilke, der neubjelorussische Text von Ryhor Baradulin mit Vorwort von Jazep Biełavieżski / Übersetzung von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1987. — 73 с.
  • Juri Popko. Briefe an Papst Wojtyla in bjelorussischer und deutscher Sprache Dokumente in bjelorussischer und polnischer Sprache: die Zwei Gesichter des Papstes. — 2. — Bjelorussische Wahrheit, 1988. — 54 с.
  • Juri Popko. Die Wurzeln der bjelorussischen (weißruthenischen) Nation und Kultur / Redakteur Juri Popko; Übersätzung von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussische Institut, 1988. — 132 с.

Крыніцы і заўвагі рэдагаваць

  1. ^ С. К. Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Беларуская палічкаПраверана 16 студзеня 2012 г.
  2. ^ Дзьмітры Крывашэй. Беларусь — краіна эмігрантаў?. Stowarzyszenie Wschodnioeuropejskie Centrum Demokratyczne. Праверана 26 сьнежня 2011 г.
  3. ^ Аляксандар Адзінец. Запавет эмігранта(недаступная спасылка)
  4. ^ Башарымава, Алеся (6 красавіка 2015) Лёс стагоддзя ў лёсе чалавека. Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». — Там быў наш беларускі музей, які арганізаваў у сваёй кватэры наш выдатны пісьменнік Юрый Попка (Жывіца) <…> На жаль, Юрый Попка памёр, і музея больш няма. Праверана 24 жніўня 2018 г.
  5. ^ Юрэвіч Лявон. Бацькаўшчына Гісторыя газэтаў «Бацькаўшчына» й «Беларус» (1947—2000). КамунікатПраверана 26 сьнежня 2011 г.
  6. ^ Володимир Леонюк. Попко Юрій // Словник Берестейщини. — Львів: Видавнича фірма «Афіша», 1996. — С. 252. — ISBN 966-95063-0-1
  7. ^ Запрос: a001="BY-NLB-ar106778" Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 26 сьнежня 2011 г.
  8. ^ Віленская беларуская гімназія Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 26 сьнежня 2011 г.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць