Царква Дабравешчаньня Багародзіцы і манастыр базылянаў (Малыя Ляды)

Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы і манастыр базылянаў
Дабравешчанская царква
Дабравешчанская царква
Краіна Беларусь
Вёска Малыя Ляды
Каардынаты 53°47′29″ пн. ш. 28°05′16″ у. д. / 53.79139° пн. ш. 28.08778° у. д. / 53.79139; 28.08778Каардынаты: 53°47′29″ пн. ш. 28°05′16″ у. д. / 53.79139° пн. ш. 28.08778° у. д. / 53.79139; 28.08778
Канфэсія праваслаўе
Эпархія Барысаўская япархія[d] 
Архітэктурны стыль барока
Дата заснаваньня 1732
Статус Ахоўная зона
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы і манастыр базылянаў на мапе Беларусі
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы і манастыр базылянаў
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы і манастыр базылянаў
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы і манастыр базылянаў
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы і манастыр базылянаў на Вікісховішчы

Царква Дабравешчаньня Багародзіцы (Зьвеставаньня) і манастыр базылянаў — помнік архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў у Малых Лядах. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне гістарычнага мястэчка. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Лядаўскага базылянскага манастыра складаецца з царквы і жылога корпуса.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Паводле паданьня, у XVII ст. аднаму зь жыхароў Малых Лядаў у сьне зьявілася Маці Божая, якая загадала яму збудаваць царкву ў гонар Багародзіцы на месцы зьяўленьня яе абраза. Першую драўляную царкву пры базылянскім манастыры збудавалі ў 1732 годзе з фундацыі ваяводы менскага Крыштапа Станіслава Завішы і яго жонкі Тэрэзы з Тышкевічаў. На ўтрыманьне манастыра Завішы ахвяравалі вёскі Грыву і Слабодку, асобны фальварак і 4 тыс злотых. Пазьней ахвяраваньні на манастыр рабілі ўдава Ігнація Завішы Марцыбэла з Агінскіх (10 тыс. злотых), Ю. Ільлініч і А. Беніцкі.

У 1792 годзе пачалося будаваньне мураванай царквы (скончаная ў 1794 годзе[1]).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), каля Малыя Ляды апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр працягваў дзеяць як уніяцкі. У 1811—1850 гадох вялося будаваньне мураванага жылога корпуса. Пры манастыры існавалі курсы маральнай тэалёгіі для манахаў, школа для сьвецкіх асобаў (у 1809 годзе — 38 вучняў, у 1819 годзе — 143), шпіталь.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынкі манастыра ў Сьвятога Пасаду і перадалі іх у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Новы манастыр узьвялі ў 3-ю клясу, а школу ператварылі ў павятовую духоўную вучэльню, выпускнікам якога давалася права паступаць ува ўнівэрсытэт. На месцы зьяўленьня цудоўнага абраза паставілі капліцу, да якой штогод учыняліся хрэсныя хады. Манастыр капітальна адрамантавалі ў 1878 і 1898—1899 гадох (пашырылі іканастас, зрабілі новы дах, надбудавалі купал-цыбуліну). У 1900 годзе галоўную царкву манастыра зноў рэканструявалі і асьвяцілі.

Найноўшы час

рэдагаваць

У 1918 годзе бальшавікі зачынілі манастыр. У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. У Другую сусьветную вайну царква зноў пачала дзеяць, але па вайне ў 1950-я гады яе зноў зачынілі.

У 1994 годзе комлекс перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У 2000-я гады над дахам царквы надбудавалі вялікі пазалочаны купал-цыбуліну.

Архітэктура

рэдагаваць

Царква — 3-нэфавая базыліка з прастакутнай апсыдай, накрытая 2-схільным дахам. Да алтарнай часткі далучаюцца дзьве прастакутныя закрысьціі. Галоўны фасад гарызантальна падзяляецца прафіляванымі карнізамі, вэртыкальна — пілястрамі і завяршаецца фігурным атыкавым франтонам з валютамі. Роўніцы паміж пілястрамі праразаюцца высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Цэнтральная частка вылучаецца парталам галоўнага ўваходу і здвоеным акном. Бакавыя фасады дэкаруюцца роўнымі пілястрамі, франтонамі і нішамі.

Унутраная прастора падзяляецца на тры нэфы чатырма квадратнымі ў пляне слупамі. Цэнтральны нэф перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі, бакавыя нэфы — крыжовымі скляпеньнямі. Сьцены падзяляюцца пілястрамі і паўкалёнамі карынфскага ордэра. Над уваходам — хоры на круглых слупах. Сьцены бакавых нэфаў і алтарнай часткі дэкаруюцца размалёўкай, выкананай у тэхніцы грызайль.

Галоўны алтар мае выгляд калянады на высокіх устоях, 2-і ярус — у выглядзе аркавага атыка. Раней апсыду вылучаў іканастас, падзелены на 3 ярусы прафіляванымі карнізамі і арнамэнтальнымі фрызамі. Верхні ярус іканастаса меў 8 абразоў апосталаў у кілепадобных аркавых рамах. Цэнтральны абраз «Благавешчаньне» знаходзіўся ў 3-лопасьцевай кілепадобнай бізантыйскай арцы. Існаваў прыдзел у імя сьвятога князя Ўсевалада. Шанаваўся абраз «Маці Божая Жыровіцкая» (копія XVIII—XIX стагодзьдзяў абраза Жыровіцкай Прачысьценскай царквы).

Манастырскі корпус

рэдагаваць

Манастырскі жылы корпус — 1-павярховы Г-падобны ў пляне будынак, накрыты 2-схільным дахам. Галоўны ўваход апярэзваецца высокім мураваным ганкам. Цокальны паверх вылучаецца гарызантальнай цягай, якая ідзе ўсім пэрымэтрам будынку. Тоўстыя сьцены праразаюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі. Фасады дэкаруюцца лапаткамі, філёнгавымі нішамі, рустам і завяршаюцца карнізам. Мае галерэйны плян. Памяшканьні ў цокальным паверсе перакрываюцца крыжовымі скляпеньнямі.

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Габрусь Т. Лядаўскі Дабравешчанскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 234.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000579