Цэнтральная разьведвальная ўправа

(Перанакіравана з «ЦРУ ЗША»)

Цэнтра́льная разьве́двальная ўпра́ва[1] ЗША (ЦРУ, анг. CIA) — агенцтва Фэдэральнага ўраду ЗША, асноўнай функцыяй якога зьяўляецца збор і аналіз інфармацыі аб дзейнасьці замежных арганізацыяў і грамадзянаў. Асноўны орган зьнешняй выведкі і контравыведкі ЗША. Штаб-кватэра ЦРУ знаходзіцца ў разьмешчаным недалёка ад Вашынгтону горадзе Лэнглі, Вірджынія. ЦРУ ўваходзіць у разьведвальную супольнасьць ЗША, якой кіруе Дырэктар нацыянальнай выведкі.

Цэнтральная разьведвальная ўправа
анг. Central Intelligence Agency

Эмблема
Краіна ЗША
Створаная 18 верасьня 1947 (77 гадоў таму)
Юрысдыкцыя Кіраўнік дзяржаўнай выведкі ЗША(en)
Штаб-кватэра Лэнглі(en) (акруга Фэрфакс(en), штат Вірджынія)
Бюджэт $15 млрд (2013)
Сярэдняя колькасьць супрацоўнікаў 21 575 (2013)
Папярэдняя служба Ведамства стратэгічных службаў ЗША(en)
Кіраўнік Джон Брэнан
cia.gov

На 2016 г. ЦРУ налічвала —

Мінуўшчына

рэдагаваць

18 верасьня 1947 г. у г. Вашынгтон (акруга Калюмбія) заснавалі Цэнтральную разьведвальную ўправу (ЦРУ) паводле Закона аб дзяржаўнай бясьпецы, які прэзыдэнт ЗША Гары Труман (1945—1953) падпісаў 26 ліпеня 1947 году. 17 сьнежня 1947 году Рада дзяржаўнай бясьпекі ЗША(en) дазволіла ЦРУ праводзіць таемныя мерапрыемствы(en). 1 верасьня 1948 г. ЦРУ заснавала Аддзел узгадненьня паводзінаў на чале з Фрэнкам Ўіснэрам(en) (1948—1952) для правядзеньня таемных мерапрыемстваў. 19 жніўня 1953 году ў Іране адбыўся дзяржаўны пераварот пры ўдзеле ЦРУ(en), які скінуў прэм’ер-міністра Мухамэда Мосадэга(en) (1951—1953). 28 чэрвеня 1954 году кіраваны ЦРУ пераварот у Гватэмале зрынуў прэзыдэнта Хакоба Арбэнса(es) (1951—1954). 4 ліпеня 1956 году ЦРУ зладзіла першы ўдалы палёт самалёта-выведніка «У-2» над СССР, распрацоўку якога прэзыдэнт ЗША Дўайт Эйзэнгаўэр (1953—1961) зацьвердзіў 25 лістапада 1954 году. У ноч на 18 траўня 1958 году над востравам Амбон (вобласьць Малуку, Інданэзія) самалёт-зьнішчальнік П-51 «Мустанг»(en) Паветранага войска Інданэзіі зьбіў бамбавік А-26 «Захопнік»(en) з амэрыканскім лётчыкам Аленам Поўпам(en). У выніку выкрыўся ўдзел ЦРУ ў паўстаньні руху «Ўсеагульнага змаганьня народу»(id) на ўсходзе Інданэзіі.

1 траўня 1960 г. пад Сьвярдлоўскам (Расейская СФСР, СССР) з савецкага зэнітнага ракетнага комплекса С-75 «Дзьвіна»(ru) зьбілі(ru) самалёт-выведнік ЦРУ «У-2» зь лётчыкам Гары Паўэрсам (1929—1977). 18 жніўня 1960 году адбыўся першы ўдалы палёт спадарожніка фатавыведкі «Карона»(en), распрацоўку якога ЦРУ пачало 4 сьнежня 1957 году сумесна з Паветраным войскам ЗША. 18 студзеня 1961 году ЦРУ адчыніла Дзяржаўны асяродак тлумачэньня фатаздымкаў(en) (ДАТФ) на чале з Артурам Лундалем(en) (1915—1992). У ноч на 17 красавіка 1961 году ЦРУ зладзіла высадку на поўдні Кубы ў заліве Сьвіней 1334 кубінскіх паўстанцаў (2506-я штурмавая брыгада(es)) на чале з капітанам Хасэ Пэрэсам-Санраманам(en) (1930—1989). Да канца 19 красавіка 1961 г. на ўсходзе заліва Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Кубы на чале з прэм’ер-міністрам Фідэлем Кастрам (1959—1976) забілі 114 і паланілі 1189 паўстанцаў у бітве(pl) пад Хіронам(es) (правінцыя Матансас).

6 верасьня 1961 г. ЦРУ і Паветранае войска ЗША ўтварылі Дзяржаўнае ведамства распазнаваньня(en) на чале з Ёсіфам Харыкам(uk) (1961—1965), каб кіраваць выведвальнымі спадарожнікамі. 20 верасьня 1960 г. у Лэнглі(en) (акруга Фэрфакс(en), штат Вірджынія) адчынілася новая галаўная сядзіба ЦРУ, першы камень у будынак якой заклаў прэзыдэнт Эйзэнгаўэр 3 лістапада 1959 году. На будаўніцтва пайшлі $46 млн, вылучаныя Эйзэхгаўэрам 4 жніўня 1955 году. 30 красавіка 1962 г. самалёт-выведнік ЦРУ «А-12»(en) ажыцьцявіў першы службовы палёт. 14 кастрычніка 1962 году на захадзе Кубы самалёт ЦРУ «У-2» выявіў пры аблёце гораду Сан-Крыстабаль(es) (прав. Пінар-дэль-Рыё; цяпер прав. Артэміса(es)) пляцоўку з савецкімі балістычнымі ракетамі «Р-12»(ru), што дазвалялі нанесьці ўдар ядравай зброяй па ЗША. У выніку пачаўся Кубінскі ракетны крызіс, які скончыўся 28 кастрычніка вывадам савецкай ядравай зброі з Кубы.

16 траўня 1963 г. у Маскве (СССР) расстралялі палкоўніка Галоўнай выведвальнай управы Генштабу СССР Алега Пянькоўскага(ru) (1919—1963) за шпіянаж на карысьць ЦРУ. 5 жніўня 1963 г. ЦРУ ўтварыла Кіраўніцтва навукі і тэхналёгіі(en) на чале з Альбэртам Ўіланам, у якім цягам 1960-х гадоў распрацавалі літ-іённую батарэю для выведвальных спадарожнікаў і прыладаў назіраньня[3]. 1 ліпеня 1968 г. у Паўднёвым Віетнаме ЦРУ далучылася да міжведамасных захадаў «Падтрымкі грамадзянскіх дзеяньняў і пераваротнага разьвіцьця»(en) (ПГДПР), каб паспрыяць адыходу сялянства ад падтрымкі Народнага фронту вызваленьня(vi) ў ходзе вайны ў Віетнаме (1959—1975).

1 верасьня 1970 г. ЦРУ стварыла першыя кампутарныя файлы аб згоньніках і тэрарыстах. 17 чэрвеня 1972 г. у вашынгтонскай гасьцініцы «Ўотэргейт»(en) (анг. water gate — водная брама(en)) арыштавалі 5 былых супрацоўнікаў ЦРУ за ўзлом сядзібы Дэмакратычнага краёвага камітэту(pl). Ўотэргейцкі скандал 1972—1974 гадоў прывёў да прызнаньня судом віноўнымі 48 чыноўнікаў, у тым ліку да турэмнага зьняволеньня 25 зь іх разам з галоўным пракурорам ЗША Рычардам Кляйндынстам(en) (1972—1973). У выніку 9 жніўня 1974 году прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан (1969—1974) падаў у адстаўку.

У верасьні 1973 г. кіраўніцтва ЦРУ на загад свайго кіраўніка ад 7 траўня склала справаздачу з памятак на 693 старонкі аб пазастатутных дзеяньнях ЦРУ з 1950-х гадоў, якая атрымала мянушку «Сямейныя каштоўнасьці»(en). 18 сакавіка 1974 г. каліфарнійская газэта «Лос-Анджэлескія часы»(en) выкрыла буравое судна(en) ЦРУ «Гломар Адкрывальнік»(en) у ажыцьцяўленьні пад’ёму на поўначы Ціхага акіяну рэшткаў патанулай савецкай падлодкі «К-129»(ru), якая мела на ўзбраеньні балістычныя ракеты «Р-21»(ru). 23 сьнежня 1975 г. у Атэнах (Грэцыя) удзельнікі Рэвалюцыйнай арганізацыі 17 лістапада(el) расстралялі начальніка мясцовага пастарунка ЦРУ Рычарда Ўэлча(en) (1929—1975). 18 лютага 1976 году прэзыдэнт ЗША Джэралд Форд (1974—1977) Выканаўчым загадам(en) № 11905 забараніў ЦРУ забіваць кіраўнікоў урадаў. 19 сакавіка 1976 г. Адборны камітэт Сэнату ЗША па выведцы, заснаваны 1 сакавіка, атрымаў паўнамоцтвы нагляду за выведвальнымі службамі. 14 ліпеня 1977 г. Палата прадстаўнікоў ЗША стварыла Пастаянны адборны камітэт па выведцы на чале з Эдвардам Боландам адмыслова для нагляду над ЦРУ.

28 студзеня 1980 г. 2 супрацоўнікі ЦРУ таемна вывезьлі з Ірана 6 амэрыканскіх дыпляматаў, якія схаваліся ў доме канадзкага амбасадара Кенэта Тэйлара(en) (1977—1980) пасьля захопу амбасады ЗША ў Тэгеране Мусульманскімі навучэнцамі-пасьлядоўнікамі лініі імама(en) 4 лістапада 1979 году (Захоп амэрыканскіх закладнікаў у Іране). 23 чэрвеня 1982 г. прэзыдэнт ЗША Роналд Рэйган (1981—1989) падпісаў Закон аб ахове выведніцкай тоеснасьці, што забараніў раскрыцьцё імёнаў таемных выведнікаў. 2 лютага 1986 г. ЦРУ стварыла Супрацьтэрарыстычны асяродак(en). 7 жніўня 1987 г. СССР надаў прытулак былому супрацоўніку ЦРУ ў Маскве Эдварду Говарду(en) (1980—1983), які зьвярнуўся ў савецкую амбасаду ў Хэльсынкі (Фінляндыя) пасьля ўцёкаў з ЗША ад нагляду ФБР 21 верасьня 1985 году. 4 красавіка 1988 г. ЦРУ заснавала Супрацьвыведкавы асяродак(en).

У пачатку траўня 1990 г. ЦРУ выдала памятку з папярэджаньнем аб хуткім ірацкім уварваньні(en) у Кувэйт, якое пачалося 2 жніўня 1990 году (вайна ў Пэрсыдзкім заліве 1990—1991 гадоў). У сакавіку 1991 г. адчынілі два 6-павярховыя будынкі для галаўной сядзібы ЦРУ(en) (Лэнглі, штат Вірджынія), будаўніцтва якіх пачалі 24 траўня 1984 г. пры ўрачыстым удзеле прэзыдэнта Рэйгана. 1 сакавіка 1992 г. ЦРУ заснавала Аддзел вайсковых справаў для ўзгадненьня дзеяньняў зь Міністэрствам абароны ЗША. 25 студзеня 1993 г. пакістанскі перасяленец Мір Казі(en) (1964—2002) застрэліў 2 супрацоўнікаў ЦРУ на выезьдзе з галаўной сядзібы, за што 14 лістапада 2002 году атрымаў сьмяротную кару атрутай у Грынсьвілскай турме (Джэрат(en), штат Вірджынія). 21 лютага 1994 г. Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША арыштавала аналітыка супрацьвыведкі ЦРУ Олдрыча Эймса(en) (у ЦРУ з 1962 г.) за шпіянаж на карысьць Расеі з красавіка 1985 году. 28 красавіка 1994 г. Эймс прызнаў сваю віну і атрымаў судовы вырак да пажыцьцёвага зьняволеньня ў Аленвудзкай фэдэральнай турме (Саюзная акруга(en), штат Пэнсыльванія). 16 лістапада 1996 г. на Вашынгтонскім лётнішчы імя Далеса(en) ФБР арыштавала начальніка аддзяленьня ЦРУ Гаральда Нікалсана(en) (у ЦРУ з 1980 г.) за шпіянаж на карысьць Службы зьнешняй разьведкі Расеі(ru) з траўня 1994 году. 5 чэрвеня 1997 г. Нікалсана выраклі да 23 гадоў зьняволеньня[4].

У лютым 2003 г. прадпрыемства ЦРУ In-Q-Tel(en) (Арлінгтан, штат Вірджынія) зрабіла ўкладаньне ў распрацоўніка трохвымернай фотамапы Зямлі Keyhole(en) (анг. keyhole — «замочная шчыліна»), якога 27 кастрычніка 2004 г. набыў «Гугл» для стварэньня праграмы «Гугл Зямля»[3].

Кіраўнікі

рэдагаваць
  1. ^ ЦРУ (Цэнтральная разьведвальная ўправа) // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  2. ^ Аддзелы ЦРУ (анг.) // Цэнтральная разьведвальная ўправа, 5 студзеня 2016 г. Праверана 1 красавіка 2016 г.
  3. ^ а б Уплыў ЦРУ на тэхналёгію (анг.) // Цэнтральная разьведвальная ўправа, 14 лютага 2014 г. Праверана 1 красавіка 2016 г.
  4. ^ Часапіс (анг.) // Цэнтральная разьведвальная ўправа, 21 лістапада 2012 г. Праверана 1 красавіка 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць