Францішак Рамейка

Франці́шак Раме́йка (11 ліпеня 1885[1], вёска Нецькі, цяпер у Мядзельскім раёне Менскай вобласьці, Беларусь[2] — 16 чэрвеня 1931, Вільня, Другая Рэч Паспалітая) — беларускі каталіцкі сьвятар-адраджэнец(be), грамадзкі дзяяч.

Францішак Рамейка
Род дзейнасьці сьвятар
Дата нараджэньня 11 ліпеня 1885
Месца нараджэньня Сьцяг Расейскай імпэрыі Нецькі
Дата сьмерці 16 чэрвеня 1931 (45 гадоў)
Месца сьмерці Сьцяг Польшчы Вільня
Прычына сьмерці агнястрэльная рана
Месца пахаваньня Бэрнардынскія могілкі
Альма-матэр Сэмінарыя сьвятога Язэпа
Занятак сьвятар-адраджэнец і грамадзкі дзяяч
Бацька Андрэй Рамейка
Маці Антаніна Янцэвіч

ЖыцьцяпісРэдагаваць

Нарадзіўся Францішак у сялянскай сям’і каталікоў Андрэя Рамейкі і Антаніны зь Янцэвічаў.

У лістападзе 1903 году вытрымаў іспыт на званьне аптэкарскага вучня пры экзамэнацыйнай камісіі Маскоўскае навучальнае акругі. У 1905—1909 — студэнт духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Вільні.

У 1909 прызначаны вікарыем касьцёлу бэрнардынаў у Вільні. Нейкі час служыў у Іўі Ашмянскага павету. У 1910—1913 служыў пробашчам парафіі сьв. Аляксея ў Сяльцы, а ў 1913—1921 — у парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Шарашове[3] (абедзьве ў Пружанскім павеце Гарадзенскае губэрні).

За польскім часам служыў у парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у Задарожжы.[3] У 1928 годзе за сваю дзейнасьць па пашырэньні выкарыстаньня беларускае мовы ў Каталіцкай Царкве і паўсядзённым жыцьці парафіянаў быў часова пазбаўлены права займацца душпастырскай дзейнасьцю. Гэта адбілася на ягоным псыхічным стане.

У 1929—1931 — сьвятар у кемелішкаўскай парафіі Нараджэньня Найсьвяцейшае Панны Марыі[3].

16 чэрвеня 1931 Францішак Рамейка прыехаў у Вільню ў госьці да Адама Станкевіча. Не дачакаўшыся таго, застрэліўся ў ягоным кабінэце. Пахаваны на Бэрнардынскіх могілках Вільні.

ДзейнасьцьРэдагаваць

Падчас служэньня ў парафіі ў Сяльцы Францішак Рамейка займаўся будаўніцтвам мясцовага мураванага касьцёлу сьв. Аляксея, якое было скончына ў 1912 годзе. Газэта «Наша ніва» ў 1912 годзе (№ 32) паведамляла пра гэта наступнае: «У самым мястэчку Сяльцы есьць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касьцёл у стылю готыка-раманскім; …Будуе гэты касьцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус».

Выступаў за шырокае ўжываньне беларускай мовы ў набажэнствах. У 1925 годзе сярод іншых беларускіх сьвятароў падпісаў мэмарандум да Канфэрэнцыі польскіх біскупаў, які патрабаваў увядзеньня выкладаньня беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў духоўных сэмінарыях і інш.[4].

Матэрыяльна падтрымліваў выданьне беларускіх каталіцкіх часопісаў і газэтаў («Biełarus», «Biełaruskaja krynica» і інш.), займаўся распаўсюдам беларускіх друкаваных выданьняў.

Крыніцы і заўвагіРэдагаваць

  1. ^ паводле іншых зьвестак — у 1886
  2. ^ Я. Драўніцкі. Змагар за родную мову // Наша слова. — 2006. — № 12 (748).
  3. ^ а б в Леанід Маракоў. Святыні Беларусі, што згадваюцца ў даведніку, і святары, якія ў іх служылі Даведнікі пісьменніка, гісторыка, энцыклапедыста Леаніда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі» Праверана 8 сьнежня 2012 г.
  4. ^ Натальля Анофранка, Алег Гардзіенка. Агляд моўнай палітыкі Рыма-каталіцкага касьцёла ў Беларусі ў XX ст. // Terra historica. — 2002. — № 1.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць