Пётра Мірановіч
Пётра Мірано́віч (21 верасьня 1902, в. Стрэмкі Піедруйская воласьць Краслаўскі павет, Латвія — 20 сьнежня 1990, Бруклін, Нью-Ёрк, ЗША) — выбітны беларускі мастак.
Пётра Мірановіч | |
Дата нараджэньня | 21 верасьня 1902 |
---|---|
Месца нараджэньня | в. Стрэмкі Піедруйская воласьць Краслаўскі павет |
Дата сьмерці | 20 сьнежня 1990 |
Месца сьмерці | Нью-Ёрк |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | маляр |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Мірановіч.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1922 скончыў Краслаўскую латыскую асноўную школу, у 1926 Даўгаўпілскую Дзяржаўную Беларускую гімназію. У 1926 паступіў у Латвійскую акадэмію мастацтваў. З 1928 па 1933 навучаўся ў майстэрні дэкаратыўнага жывапісу ў прафэсара Яніса Кугі, а з 1933 да 1937 — у майстэрні фігуральнага жывапісу ў прафэсара Гедэрта Эліяса. У 1937 скончыў акадэмію, дыплёмнаю працаю была карціна «У сялянскай хаце».
Пасьля сканчэньня акадэміі жыцьцё мастака было зьвязана з пэдагагічнаю дзейнасьцю, ён працаваў настаўнікам маляваньня, а пазьней інспэктарам беларускіх школ, зьяўляўся сябрам Таварыства беларускіх настаўнікаў Латвіі.
Са жніўня 1941 намесьнік Беларускага камітэту (у сакавіку 1942 пераназваны ў «аб’яднаньне»), які заснаваў ў Рызе Канстанцін Езавітаў[1].
У 1944—1945 Мірановіч вучыўся ў Венскай акадэміі мастацтваў у Аўстрыі. З 1950 разам зь сям’ёй жыў у Брукліне, (Нью-Ёрк, ЗША).
Праца
рэдагавацьТворчасьць мастака ў раньні пэрыяд была прысьвечана пэйзажам Латгаліі, рацэ Даўгаве, а таксама тэматыцы вясковага жыцьця латгальскіх беларусаў, партрэтам беларускай інтэлігенцыі. Пётрам Мірановічам быў намаляваны абраз Божай Маці для алтара Піедруйскага касьцёла. На 4-ай мастацкай выставе Фонда культуры Латвіі ў 1937 яго карціны «Латгалачка», «Вяртаньне дамоў», «Вандраваньне», «Адліга» ды «Рака Айвіекстэ» экспанаваліся разам з працамі вядомых латыскіх мастакоў Я.Кугі, Г.Эліяса, В.Пурвіта, Я.Тылберга і інш. Паўстала і цэльная партрэтная галерэя створаных ім вобразаў — Скарына, Сапега, Каліноўскі, Купала, якая пазьней была падоўжана выявамі выдатных асобаў нашага часу: Арсеньнева, Салавей, Сядура, Сахараў.
У амэрыканскі пэрыяд жыцьця Мірановічам было напісана шмат партрэтаў беларускіх эмігрантаў, пэйзажаў Латгаліі, намаляваных па накідах і фатаздымках, прывезеных мастаком, а таксама карціна «Беларускія эмігранты», якая экспанавалася на розных амэрыканскіх выставах і атрымала вялікую папулярнасьць. Да апошніх дзён свайго жыцьця мастак удзельнічаў у шматлікіх мастацкіх выставах, чытаў лекцыі, пісаў артыкулы пра беларускую культуру і асьвету, афармляў розныя выставы. У 1964 у Нью-Ёрку адбылася яго пэрсанальная мастацкая выстава, якую арганізаваў Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва[2]. На гэтай выставе экспанаваліся 63 працы мастака.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай і нямецка-фашысцкай акупацыі (1940—1945) Эрык Екабсонс, Беларускі Гістарычны Агляд, 2006 Т.13 Сш. 2
- ^ Два мастакі — два лёсы(недаступная спасылка) Сяргей Гвазьдзёў, Новы Час
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Пётра Мірановіч Сьвітанак
- ПЕТРА МІРАНОВІЧ УЛАДЗІМЕР СЯДУРА