Турфа́н (Турпа́н, па-кітайску: 吐魯番, па-ўйгурску: تۇرپان شەھىرى) — горад ва ўсходняй частцы Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну Кітаю. Плошча 69 324 км², насельніцтва каля 570 000 чалавек (2004). У старажытныя часы і ў эпоху Сярэднявечча праз Турфан пралягала паўночная галіна Вялікага Шаўковага шляху. Ад часоў дынастыі Заходняя Хань (206 да н. э. — 8 год н. э.), Турфан становіцца значным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Заходняга Кітаю. Сучасныя Турфан і Кашгар — адзіныя зь вялікіх гарадоў Сіньцьзяну, у якіх яшчэ захаваліся адметныя рысы традыцыйнай уйгурскай культуры.

Вуліца ў Турфане

Як сьведчаць кітайскія летапісныя крыніцы, першымі вядомымі жыхарамі Турфанскай катлавіны былі сагдыйцы — старажытны ўсходне-іранскі этнас. Сагдыйцы добра ведалі тэхніку кярызнага абвадненьня, а таму пасьпяхова валодалі майстэрствам ажыўленьня пустынь. Кітайцы ж праніклі ў Турфан толькі ў II ст. да н. э., сустрэўшы там нешматлікі самастойны этнас, які атрымаў назву чэшы[1].

Руіны гарадзішча Цьзяохэ.

Горад славіцца сваім сусьветнавядомым салодкім белым турфанскім вінаградам бяз костак, а таксама сакавітымі хамійскімі дынямі.

Геаграфія і клімат

рэдагаваць

Турфан ляжыць на адлегласьці 150 км ад Урумчы, сталіцы Сіньцьзяну. Турфанская нізіна зьяўляецца самым гарачым рэгіёнам Кітаю, а Турфан самым знойным месцам краіны, за што гэтыя мясьціны таксама называюць вогнены край альбо вогненая зямля. Турфанская катлавіна таксама зьяўляецца самым нізкім месцам Кітаю пааодле вышыні над узроўнем мора і самым нізкім месцам Зямлі пасьля Мёртвага мора. Вышыня самага нізкага месца катлавіны, берагавой лініі вакол возера Айдын-куль, складае 154,50 м ніжэй за ўзровень мора.

Дастаткова распаўсюджаным у Турфанскай даліне фэномэнам зьяўляюцца моцныя ветры — арканы — хуткасьцю вышэй за 32,6 м/с (12 балаў). Моцныя паветраныя патокі, якія ўзьнікаюць у выніку значнага перападу ціску паветра паміж далінай і зьнешнімі зонамі павялічанага ціску, накіроўваюцца з паўночнага захаду празь Цяньшань у Турфанскую катлавіну. Таму штогод на працягу 30-40 дзён над Турфанам праносяцца ветры сілай у 8 і больш балаў. 19 траўня 1977 году над Турфанскай далінай прайшоў аркан, моц якога дасягала 50 м/с. У 1949 пачалі прымацца першыя меры па ахове аазісу ад моцных вятроў, і былі закладзеныя лесаполасы з 30 мільёнамі дрэваў.[2]

Дэмаграфія

рэдагаваць
Народ/этнас Колькасьць Суадносіны
Уйгуры 385.546 70,01%
Хань 128.313 23,3%
Хуэй 35.140 6,38%
Казахі 321 0,06%
Туцьзя 274 0,05%
Маньчжуры 254 0,04%
Манголы 158 0,03%
Ту 154 0,03%
Тыбэтцы 105 0,02%
Мяо 98 0,02%
Чжуаны 88 0,02%
Дунгане 79 0,01%
Іншыя 201 0,04%

Адпаведна з апошнім перапісам насельніцтва у 2000 годзе насельніцтва Турфану складала 251 652 чалавек, зь якіх 70,38% — уйгуры. Шчыльнасьць насельніцтва — 7,94 чалавек/км².

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць

Уваходзіць у склад Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну Кітаю, у складзе якога ўваходзіць у аднайменны павет аднайменнай акругі.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Вялікі шаўковы шлях у I ст.

Аднымі зь першых навакольлі Турфану тахары, якія прыйшлі ў рэгіён каля ІІ тыс. да н. э. і ўрэшце былі асыміляваныя пасьля ўварваньня цюрак (продкаў уйгураў) каля ІХ ст. н. э. Тахары пакінулі па сабе вялікія аб’ёмы пісьмовых помнікаў на рэлігійную й культурную тэматыку, расьпісных насьценных пячорных твораў. Таксама гэты ж народ вядомы дзякуючы тахарскім муміям (добра захаваныя муміфікаваныя трупы эўрапэоіднага насельніцтва), апрача таго, тахары, хутчэй за ўсё, сталі распаўсюджвальнікамі будызму ва Ўсходняй Азіі.

Доўгі час Турфан быў цэнтрам урадлівага аазісу, вада ў які падавалася з дапамогай кярызаў — гідратэхнічнай сыстэмы падземных каналаў, а таксама важным гандлёвым цэнтрам. У 840 годзе пасьля заняпаду Трэцяга ўйгурскага каганату ўйгуры заснавалі дзяржаву з цэнтрам у Турфане на тэрыторыі Ўсходняга Туркестану[3]. У 1420 годзе Турфан падпарадкавалі сабе манголы, пасьля чаго горад пачаў інтэнсіўна ісламізавацца.

З XVIII стагодзьдзя мясцовыя ўйгурскія кіраўнікі прызнаюць васалітэт цынскае дынастыі Кітаю, хоць гэты рэгіён зь перапынкамі кіраваўся Кітаем і раней.

Мусульманскае паўстаньне ў Сіньцьзяне: у красавіку 1931 году насельніцтва Турфану падтрымала стыхійныя выступы пад кіраўніцтвам байскіх вярхоў і купецтва, мэтай паўстаньня было ўтварэньне незалежнай ісламскай рэспублікі. У 1932 горад быў захоплены атрадамі Шэн Шыцая пры падтрымцы казакоў[4].

Гістарычныя помнікі

рэдагаваць
 
Мінарэт Іміна

Гарадзішча Цьзяохэ (кіт. 交河故城). Знаходзіцца за 10 км ад Турфану. Заснавальнікамі старажытнага гораду былі чэшы, першыя жыхары Турфанскай даліны. Знаходзіцца на месцы раздваеньня ракі. Зьнішчана манголамі ў 13 стагодзьдзі.

Гарадзішча Гаочан (кіт. 高昌故城). На месцы сёньняшняга гарадзішча Гаочан стаяў старажытны горад. Гарадзішча знаходзіцца за 30 км на паўднёвым захадзе ад сучаснага Турфану. Гаочан быў заснаваны ў 1 стагодзьдзі да н. э. Зьнішчаны пажарам у час вайны ў 14 стагодзьдзі.

Мінарэт Іміна. Помнік мусульманскага дойлідзтва. Будаўніцтва мінарэту было завершанае ў 1778 годзе ў часы княжаньня Сулеймана, сына Іміна. Мінарэт Іміна аб’яўлены ахоўваемым помнікам дзяржаўнага значэньня.

Базыкліцкія пячоры (кіт. 柏孜克里克千佛洞). Базыкліцкія пячоры тысячы Буддаў знаходзяцца на адлегласьці 45 км ад Турфану. Узьніклі ў 5-9 стагодзьдзях н. э. паміж гарадамі Турфан і Шаньшань (Лаўлань) на паўночным усходзе пустыні Такла-Макан.

Краявіды

рэдагаваць
 
Вогненая гара

Вогненая гара (кіт. 火焰山). Знаходзіцца за 10 км ад гораду. Даўжыня з захаду на ўсход каля 98 км, шырыня каля 10 м. Шырокую вядомасьць і папулярнасьць сярод турыстаў Вогненая гара набыла між іншым дзякуючы клясычнаму раману кітайскай літаратуры «Падарожжа на Захад».

Айдын-куль (кіт. 艾丁湖). Возера Айдын-куль зьяўляецца самым нізкім месцам Кітаю. Дабрацца да гэтых мясьцінаў летам амаль што немагчыма: возера з усіх бакоў абступаюць багністыя балоты, тэмпэратура паверхні якіх падымаецца да 70 градусаў Цэльсія[5]. Альтытуда возера Айдын-куль — каля 155 м ніжэй за ўзровень мора.

Вінаградная даліна (кіт. 葡萄沟)

Эканоміка

рэдагаваць

Вінаградарства: 75% сукупнай вытворчасьці разынак Кітаю. Пераважная большасьць насельніцтва Турфанскай даліны — мусульмане, таму амаль што ўвесь турфанскі вінаград перапрацоўваецца на разынкі, нязначная доля перапрацоўваецца на віно.

Карысныя выкапні:

  • Вугаль: Турфан-Хамійскае вугальнае радовішча ўваходзіць у склад 10 буйнейшых у сьвеце вугальных басэйнаў, запасы вуглю басэйну дасягаюць 500 мільярдаў тон.
  • Нафта: Перапрацоўка сыравіны з Турфан-Хамійскага нафтавага радовішча.

Транспарт

рэдагаваць

Чыгунка: Турфан называюць перадапошнім чыгуначным вакзалам Кітаю. Бліжэйшы аэрапорт знаходзіцца ва Ўрумчы.

У I ст. да н. э. у Турфан пачаў пранікаць будызм, рэлігія паступова набывала папулярнасьць сярод насельніцтва, а ў IV стагодзьдзі будызм атрымаў статус дзяржаўнай рэлігіі ў рэгіёне.

Турфанскія фрагмэнты

рэдагаваць
 
Уйгурскія прынцы, фрагмэнт фрэскі з Базыкліцкай пячоры нумар 9, захоўваецца ў Музэі індыйскай культуры ў Бэрліне

Паміж 1902 і 1914 гадамі па ініцыятыве дырэктара індыйскага аддзелу музэю этнаграфіі ў Бэрліне Альбэрта Грунвэдэля былі зьдзейстненыя чатыры нямецкія экспэдыцыі ў Турфан. У арганізацыі экспэдыцыяў таксама актыўна ўдзельнічаў нямецкі цюрколяг Альбэрт фон Ле Кок. У выніку турфанскіх экспэдыцыяў вучонымі было прывезена ў Бэрлін звыш тысячы фрагмэнтаў прадметаў жывапісу і іншых мастацкіх аб’ектаў, а таксама звыш 40 000 тэкставых фрагмэнтаў, якія сёньня захоўваюцца ў Бэрлінскім музэі індыйскай культуры.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Турфансховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Відэаматэрыялы

рэдагаваць