Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны

бібліятэка ў Лёндане (Вялікабрытанія)
(Перанакіравана з «Скарынінскі цэнтар»)

Бібліятэ́ка й музэ́й імя Франці́шка Скары́ны (па-ангельску: Francis Skaryna Belarusian Library and Museum; таксама: Скарынаўка[1]) — адзіная па-за межамі Беларусі бібліятэка, што спэцыялізуецца ў галіне беларусазнаўства. З 1971 г. — незалежная ўстанова, якой валодае дабрачынны фонд. Разам зь Беларускай каталіцкай місіяй, Англа-беларускім таварыствам і «Часопісам беларускіх дасьледаваньняў» зрабіла значны ўнёсак у заахвочваньне беларусазнаўчых дасьледаваньняў у Вялікабрытаніі ды іншых краінах у другой палове ХХ стагодзьдзя.[2]

Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны
Беларуская бібліятэка ў Лёндане
Беларуская бібліятэка ў Лёндане
Абрэвіятура Скарынаўка
Дата ўтварэньня 15 траўня 1971 (53 гады таму)
Тып Бібліятэка
Юрыдычны статус Дабрачынны фонд
Мэта Захаваньне беларускіх артыфактаў, умацаваньне беларускага жыцьця ў Вялікабрытаніі, садзеяньне беларусазнаўчым дасьледваньням, папулярызацыя ведаў пра Беларусь
Месцазнаходжаньне Англія, Вялікі Лёндан, Барнэт, вул. Холдэн, д. 37
Асноўныя асобы Аляксандар Надсан, Чэслаў Сіповіч, Леў Гарошка
Кіроўны орган Бібліятэчная рада
Сайт http://www.skaryna.org


Калекцыі

рэдагаваць

Бібліятэка

рэдагаваць

Кніжная калекцыя налічвае каля 30 тыс. асобнікаў. Найболей поўна прадстаўленыя гісторыя, літаратура, мова, рэлігія, нацыянальны й рэгіянальны фальклёр, бібліяграфія, музыка й мастацтва. Пераважная большасьць выданьняў — на беларускай мове, таксама вялікая кольскасьць — на расейскай і польскай, менш — па-нямецку, па-француску й на іншых мовах. Збор публікацыяў — кніжных і пэрыядычных — беларускай паваеннай дыяспары зьяўляецца адным з найбольш поўных у сьвеце.[3]

Бібліятэка мае каля 20 старадрукаў — выданьняў, што выйшлі да ХІХ стагодзьдзя. У тым ліку невялікі фрагмэнт Кніг Царстваў Скарыны, два Статуты Вялікага Княства Літоўскага, «Хроніка эўрапэйскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, «Сабраніе прыпадкаў» супрасельскага друку, «Гісторыя Літвы» Альбэрта Каяловіча і шэраг рэлігійных кніг беларускага друку.[4] Іх дапаўняе вялікі збор копіяў беларускіх старадрукаў на мікрафільмах, набытых ад іншых эўрапэйскіх біблітэкаў і музэяў.[5]

Збор першых выданьняў беларускіх аўтараў пачатку ХХ стаг. і кнігаў, выдадзеных у Заходняй Беларусі, налічвае сотні адзінак.

Ад 1950-х гадоў Беларуская каталіцкая місія выпісвала асноўныя беларускамоўныя пэрыядычныя выданьні Савецкай Беларусі. Яны сталі часткай збору Скарынаўкі, разам з амаль 200 іншымі пэрыядычнымі выданьнямі Заходняй Беларусі і дыяспары.[5]

Картаграфічная калекцыя зьмяшчае болей за 100 мапаў Беларусі, амаль палова зь іх XVI-XVIII стгодзьдзяў.[5]

Беларуская музыка на кружэлках зьбіралася сыстэматычна. Калекцыя запісаў на аўдыёкасэтах і CD-плытках 1990-х і пачатку 2000-х гадоў фрагмэнтарная, з ухілам на фольк, рок ды клясычную музыку.

Значны архіў зьяўляецца найменей вывучанай часткай калекцыі. Ён зьмяшчае некалькі дзясяткаў старажытных рукапісаў ад XV стагодьдзя і пазьней,[4] царкоўныя дакумэнты XVIII-XX стагодзьдзяў, матэрыялы пэрыяду Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), архівы беларускіх арганізацыяў і выбітных асобаў паваеннай дыяспары розных краінаў.[5] Калекцыя здымкаў вельмі значная. Яна збольшага адлюстроўвае беларускае жыцьцё ў Вялікай Брытаніі, а таксама некаторых іншых краінаў, другой паловы ХХ стагодзьдзя.[5]

Музэйная калекцыя займае адзін пакой у будынку Скарынаўкі. У ёй можна пабачыць слуцкія паясы і арнат рыма-каталіцкага сьвятара, пашыты з гарадзенскага пояса XVIII стагодзьдзя. Невялікую калекцыю манэтаў, у тым ліку Вялікага княства Літоўскага, і банкнотаў 1918 году, выпушчаных мясцовымі ўладамі ў Слуцку, Магілёве і Гомелі. Калекцыю марак часоў Беларускай Народнай Рэспублікі, савецкіх марак зь беларускімі матывамі і знакаў пошты ЗБВБ, якая нядоўга дзейнічала падчас страйку паштавікоў Вялікабрытаніі. Тут таксама ёсць прыклады беларускага рэлігійнага мастацтва, а таксама рэчы Ларысы Геніюш і айца Язэпа Германовіча з часоў іх увязьненьня ў савецкіх лягерах.[5]

Калекцыя выяўленчага мастацтва разьмешчана ў будынках Скарынаўкі й Беларускай каталіцкай місіі. У ёй ёсьць творы Казіміра Кастравіцкага, Пётры Сергіевіча, Віктара Жаўняровіча, Пётры Мірановіча, У. Шыманца, Міхася Наўмовіча, М. Саўкі-Міхальскага, М. Паўлоўскага, Георгія Паплаўскага, Барыса Заборава.[4][6]

Дзейнасьць

рэдагаваць

Установа мае характар дасьледчыцкага цэнтру. Пра візыт, у тым ліку для экскурсіі, неабходна дамовіцца загадзя. Дасьледчыкам з па-за Лёндану прапануецца разьмяшчэньне й візавая падтрымка.[7]

Скарынаўка арганізуе лекцыі, працоўні па рэдагаваньні Вікіпэдыі[8] і вядзе кніжны клюб.[9] Яна суарганізуе штогадовую беларусазнаўчую канфэрэнцыю ў Лёндане.[10]

Гісторыя

рэдагаваць

Пачаткі Скарынаўкі зьвязаныя перадусім зь дзейнасьцю каталіцкага сьвятара Чэслава Сіповіча, які ў 1947 г. заснаваў у Лёндане Беларускую каталіцкую місію.[11] У 1949 г. місія перабралася ў вялікі будынак, Марыян Гаўз, якім тады валодалі літоўскія айцы марыяне. Першапачаткова невялікая — ад дзьвюхсот да трохсот тамоў, — бібліятэка Чэслава Сіповіча разьмясьцілася на другім паверсе будынку. Акрамя самога Ч. Сіповіча бібліятэкай карысталіся суайчыньнікі і дасьледнікі, зацікаўленыя беларусазнаўчымі тэмамі. У гэтым жа пакоі адбываліся пасяджэньні Беларускага хрысьціянскага акадэміцкага аб’яднаньня «Жыцьцё» (створана ў 1947 г.) і Беларускага акадэміцкага каталіцкага аб’яднаньня «Рунь» (створана ў 1949 г.) — арганізацыяў, якія меліся гуртаваць студэнтаў і адукаваных суайчыньнікаў.[12] Адначасова Згуртаваньне Беларусаў Вялікай Брытаніі арганізавала ўласную бібліятэку — Беларускую бібліятэку і архіў імя Францыска Скарыны. З часам ейная невялікая калекцыя была далучана да бібліятэкі ў Марыян Гаўз.[5]

Сярод прычынаў для набыцьця ў 1950-х гадох Марыян Гаўзу — часткова на ахвяраваньні суайчыньнікаў у дыяспары — ва ўласнасьць Беларускай каталіцкай місіі Ч. Сіповіч называў "бібліятэку, архівы й музэй, вылучна беларускага зьместу або зьвязанага зь беларусаведай".[13] У 1955 г. Чэслаў Сіповіч разьмясьціў у газэце «Бацькаўшчына» абвестку пра стварэньне пры місіі "агульнага беларускага" архіву, музэя й бібліятэкі.[14]

Bibliotheca alboruthena

рэдагаваць

У канцы 1950-х гадоў бібліятэка пачала выпісваць пэрыядычныя выданьні зь Беларусі. Памер ейнай калекцыі ў 1950-х гадох павялічыўся ў дзесяць разоў і яна ўключала таксама каштоўныя рукапісы й старыя мапы.[5] У 1958 г. яна стала называцца лацінскай назвай Bibliotheca alboruthena. У 1960 г. грэка-каталіцкі сьвятар Леў Гарошка пераехаў у Лёндан і далучыў да бібліятэкі ўласны багаты кнігазбор.[12] Кнігазбор у выніку павялічыўся да 5000 асобнікаў.[5] У 1960 г. Чэслаў Сіповіч быў прызначаны біскупам і перабраўся ў Рым. Кіраўніцтва бібліятэкай перайшло да а. Льва Гарошкі.[12]

1960-я былі гадамі значнага росту інтарэсу да беларусазнаўства ў Вялікабрытаніі, а Bibliotheca alboruthena, разам з Англа-беларускім таварыствам — важным сродкам садзейнічаньня даследаваньням. Калі ў 1965 г. Англа-беларускае таварыства пачало выдаваць «Часопіс беларускіх дасьледаваньняў» — першы англамоўны беларусазнаўчы навуковы часопіс — амаль усе аўтары першага нумару былі тым ці іншым чынам зьвязаныя зь бібліятэкай.[2] Арнольд Макмілін карыстаўся бібліятэкай для дактарату пра беларускую літаратурную мову XIX стагодзьдзя,[2] а Вера Рыч — для першай анталёгіі беларускай літаратуры ў перакладзе на ангельскую мову.[15] У 1968 г. кніжная калекцыя налічвала больш за 6500 асобнікаў[16] і тады была зробленая першая спроба каталягізаваць яе.[12]

Стварэньне самастойнай установы

рэдагаваць
 
Ліст аб перадачы архіву С. Яновіча для захаваньня ў Бібліятэцы імя Ф. Скарыны. Вялікабрытанія, Лёндан. 8 верасьня 1981 году.

У 1970-м годзе быў набыты асобны будынак для калекцыі, якая ўжо не зьмяшчалася ў памяшканьнях Марыян Гаўз. Для гэтага быў абвешчаны збор ахвяраванняў сярод суайчыньнікаў.[5] Рамонт будынку і пераезд заняў больш за год. За гэты час зьмяніўся "бібліятэкар" — кіраўнік установы. Ім стаў айцец Аляксандар Надсан.

Афіцыйнае адкрыцьцё бібліятэкі адбылося 15 траўня 1971 году з удзелам брытанскага філёляга, папулярызатара беларусістыкі Робэрта Оці. Спачатку яе ўзначальвала Бібліятэчная рада, а ў 1979 г. быў створаны дабрачынны фонд, які стаў уласьнікам установы. Ім кіруе Апякунская рада (па-ангельску: Board of Trustees).

  1. ^ Ляднёва, А.С. Скарынаўка // Беларуская мінуўшчына. — 1993. — № 2. — P. 55–57.
  2. ^ а б в Ivanou, Ihar (2018). "Professor Arnold McMillin and the Skaryna Library in London: Their Role in the Promotion of Belarusian Studies". In Dingley, Jim (ed.). Between the lands from Poland to Russia via Belarus and Ukraine: a journey through cinema, history, literature, memory and music : papers from the Symposium to mark the 75th birthday of Prof. Arnold McMillin. School of Slavonic and East European Studies, University College London, 23-25 June 2016. Olsztyn: Centrum badań Europy Wschodniej. стар. 87–102.
  3. ^  Ivanou, Ihar Baltic and Slavonic libraries in Britain: their place in developing group identity and the life of émigré communities. — London: Manifold, 2006. — 82 p.. — ISBN 0901067156
  4. ^ а б в Nadson, Alexander Guide to the Library (анг.). Francis Skaryna Belarusian Library and Museum.
  5. ^ а б в г д е ё ж з і  Гардзіенка, Наталля Беларусы ў Вялікабрытаніі. — Мінск: Медысонт, 2010. — ISBN 978-985-6887-63-8
  6. ^ Забораў і Беларуская бібліятэка ў Лондане (бел.). Беларуская бібліятэка й музэй імя Францішка Скарыны (2021-01-25).
  7. ^ Навуковыя даследаванні і карыстанне гасцявым памяшканнем нашай бібліятэкі (бел.)
  8. ^ Ігар Іваноў (2016-03-17) У Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане рэдагуюць Вікіпедыю і праводзяць заняткі з дзецьмі
  9. ^ Belarusian Readers' Group @ Francis Skaryna Library London (бел.)
  10. ^ 6th Annual ‘Belarusian Studies in the 21st Century’ Conference (анг.)
  11. ^ Алесь Нешчарда Акно на Захадзе // Наша гісторыя. — 2021. — № 5. — P. 36-41. — ISSN 2617-2305.
  12. ^ а б в г The Francis Skaryna Byelorussian Library and Museum (Anglo-Byelorussian Historical papers no.1). — London: Anglo-Byelorussian Society, 1971.
  13. ^  Надсан, Аляксандар "Новая Друя" // Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус. — Менск: БедФранс, 2004. — ISBN 985-6425-28-X
  14. ^ Сіповіч, Ч. а. Абвестка // Бацькаўшчына. — 1955. — № 9(239).
  15. ^  Rich, Vera Like water, like fire: an anthology of Byelorussian poetry from 1828 to the present day.. — London: Allen and Unwin, 1971. — P. 9. — ISBN 0-04-891041-4
  16. ^  Dingley, Jim The Francis Skaryna Byelorussian Library and Museum. — London: 1991.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць