Робэрт Оці (10 кастрычніка 1914 – 17 жніўня 1978) – сябра Брытанскай Акадэміі, ангельскі філёляг, які спэцыялізаваўся па славянскім мовам, і папулярызатар беларусістыкі ў англамоўным сьвеце.

Робэрт Оці
Robert Auty
Род дзейнасьці філёляг, беларусіст
Дата нараджэньня 10 кастрычніка 1914(1914-10-10)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 18 жніўня 1978(1978-08-18)[1][2][3] (63 гады)
Месца вучобы
Занятак акадэмік, філёляг, hungarologist, славіст
Навуковая сфэра філялёгія
Месца працы
Узнагароды

Раньняе жыцьцё і адукацыя

рэдагаваць

Робэрт Оці нарадзіўся 10 кастрычніка 1914 г.[4] у Ротэрэме[5] ў сям’і школьнага настаўніка[6]. Скончыў гімназію Ротэрэма, затым вывучаў сучасныя і сярэднявечныя мовы ва ўнівэрсытэце Кэмбрыджа. Скончыў дактарантуру ў Мюнстэрскім унівэрсытэце, падчас якой засяродзіўся на нямецкай мове[5].

У 1937 г. Оці быў прызначаны асыстэнтам выкладчыка ў Кэмбрыдзкім унівэрсытэце. У 1939–1943 гадах працаваў ва ўрадзе Чэхаславакіі ў выгнаньні, а астатнюю частку Другой сусьветнай вайны правёў у Міністэрстве замежных справаў[5]. Яго праца падчас вайны выклікала ў яго цікавасьць да славяназнаўства[6]. У 1945 г. ён вярнуўся ў Кэмбрыдзкі ўнівэрсытэт, а ў 1962 г. перайшоў у Лёнданскі ўнівэрсытэт, каб атрымаць прафэсарскую ступень параўнальнай філялёгіі славянскіх моваў. У 1965 г. Оці заняў пасаду прафэсара параўнальнай славянскай філялёгіі ў Оксфардзкім унівэрсытэце[5]. Аўтар больш як двух дзясяткаў артыкулаў і Дапаможніка па стараславянскай мове[4].

Папулярызатар беларусістыкі

рэдагаваць

Оці быў актыўным папулярызатарам беларусістыкі ў Вялікабрытаніі і англамоўным сьвеце, які таксама натхніў іншых, больш маладых брытанскіх навукоўцаў, такіх як Арнольд Макмілін, займацца гэтай сфэрай. «Оці заахвоціў мяне займацца беларускай літаратурай», – казаў Макміллін[7].

У 1965 г. Оці стаў адным з заснавальнікаў англамоўнага Часопіса Беларусістыкі (Journal of Belarusian Studies), і напісаў уступ да першага нумара часопіса, у якім адзначыў:

“Беларусы – адна з трох нацыяў, якія складаюць усходнеславянскі этнас. Нягледзячы на тое, што яны ніколі не атрымлівалі, нават ад спэцыялістаў, той самай ступені ўвагі, якая была нададзеная расейскаму і ўкраінскаму народам, беларуская мова і культура ўяўляюць вялікі інтарэс і цалкам заслугоўваюць таго, каб пра іх даведалася больш шырокая грамадзкасьць. У эпоху ўсё большай аднастайнасьці, асабліва ў сфэры матэрыяльнай цывілізацыі, асобныя нацыянальныя культуры адыгрываюць важную ролю як экспанэнты бясконцай разнастайнасьці чалавечага духу, і часопіс варта вітаць як крыніцу інфармацыі для чытачоў-неспэцыялістаў пра адзін малавядомы ўсходнеэўрапейскі народ і яго ўклад у цывілізацыю.

Беларуская мова сёньня заяўляецца адной з дванаццаці славянскіх моваў, якія дасягнулі стабілізаваных і агульнапрынятых пісьмовых формаў і выкарыстоўваюцца ў літаратурных і адміністрацыйных мэтах, а таксама ў штодзённым ужытку. Блізкая да расейскай і ўкраінскай моваў, тым не менш, выразна ад іх адрозьніваецца. Нягледзячы на тое, што беларуская літаратурная мова склалася ў цяперашнім выглядзе на працягу мінулага стагоддзя, яна можа азірнуцца на доўгую гісторыю, адзначаную мноствам складаных пэрыпэтый. Нават у некаторых тэкстах ХІІІ стагоддзя, якія захаваліся на усходнеславянскай тэрыторыі, навукоўцы могуць выявіць некаторыя асаблівасьці, якія паказваюць на беларускую мову, якую мы ведаем.

У ХV-ХVІ стагоддзях мова канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага хоць і была зьліцьцём розных моўных элемэнтаў, тым не менш выяўляла шмат беларускіх рысаў. Такім чынам, калі ў пачатку XIX стагоддзя беларусы пачалі ўсьведамляць уласную нацыянальнасьць, як і многія іншыя народы Усходняй Эўропы, яны маглі азірнуцца на пэўную нацыянальную моўную традыцыю, а мова зьяўляецца асновай нацыянальнай культуры.

Старонкі гэтага нумара Часопіса сьведчаць пра разнастайнасьць і жывасьць беларускіх культурных дасягненьняў. Яго з цікавасьцю прачытаюць усе, хто больш чым павярхоўна цікавіцца Усходняй Эўропай.”[8][9]

 
Мемарыяльная дошка аб адкрыцьці Беларускай бібліятэкі і музэя імя Францішка Скарыны ў Лёндане ў 1971

У 1971 г. Оці ўрачыста адкрыў Беларускую бібліятэку і музэй Францыска Скарыны, адну з найбуйнейшых беларускіх бібліятэк за межамі Беларусі, – мерапрыемства, адзначанае памятнай дошкай з імем Оці ля ўваходу ў бібліятэку[10].

Оці памёр 17 жніўня 1978 г. Ангельска-беларускае таварыства пісала, што яно «шмат у чым абавязана» Оці і «сьмерць такога выбітнага прыхільніка зьявілася вельмі сумнай стратай»[11].

  1. ^ а б Oxford Dictionary of National Biography (анг.) / C. MatthewOxford: OUP, 2004.
  2. ^ а б в Folejewski Z. Robert Auty, 1914-1978 (анг.)Association for Slavic, East European, and Eurasian Studies, 1978. — ISSN 0037-6779; 2325-7784
  3. ^ а б Brozović D., Ladan T. Robert Auty // Hrvatska enciklopedija (харв.)LZMK, 1999. — 9272 с.
  4. ^ а б Джэральд Стоўн, «Оці, Робэрт (1914—1978)», Оксфардзкі слоўнік нацыянальнай біяграфіі  Gerald Stone, «Auty, Robert (1914—1978)», The Oxford Dictionary of National Biography (online ed., Oxford University Press, 2004). Retrieved 27 April 2021
  5. ^ а б в г Леанард Форстэр, «Робэрт Оці, 1916—1978», Leonard Forster, «Robert Auty, 1916—1978», Proceedings of the British Academy, vol. 67 (1982), p. 339
  6. ^ а б «Прафесар Робэрт Оці», Prof. Robert Auty", The Times (London), 19 August 1978, p. 14
  7. ^ Arnold Mcmillin: “When Belarusians came, they started with the library”[Арнольд Макмілін: «Калі беларусы прыйшлі, пачалі з бібліятэкі»], 16 чэрвеня 2016, Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны
  8. ^ Paula Borowska "The Journal of Belarusian Studies: Between Belarus and the West" (Паўла Бароўская "Часопіс Беларусістыкі: паміж Беларусьсю і Захадам"), 20 чэрвеня 2013
  9. ^ Robert Auty "Introduction" [Робэрта Оці "Уступ"]
  10. ^ Guide to the library. How the library was established[Гід па бібліятэцы. Як была створаная бібліятэка]
  11. ^ Гадавая справаздача за 1977-78 Старшыні Ангельска-Беларускага Таварыства