Крама (гурт)
Кра́ма — беларускі рок-гурт. Заснаваны ў 1991 годзе на базе гурту «Рокіс».
Крама | |
«Крама» на «Басовішчы-2008» | |
Гады | 1991 — цяпер |
---|---|
Месца ўтварэньня | Менск |
Мова | беларуская |
Жанр | рок |
Выдавец | GO-Records, West Records, БМАgroup |
Зьвязаныя праекты | Рокіс, Mojo Blues |
Удзельнікі | Ігар Варашкевіч Андрэй Краўцэвіч Андрэй Лявончык Аляксандар Ванькевіч Аляксандр Манецкі |
Былыя ўдзельнікі | |
kramaband.by |
Гісторыя
рэдагавацьЗьяўленьне (1991)
рэдагавацьБудучы лідэр гурту «Крама» быў вядомы ў беларускім рок-асяродзьдзі ад сярэдзіны 1980-х, калі сьпяваў у легендарным гурце «Бонда». Але калі апошні распаўся, Ігар вырашыў зьехаць у родныя Баранавічы, дзе з 1990 году жыў зь сям’ёю ды працаваў па спэцыяльнасьці — мастаком. Раптам улетку 1991 году яму патэлефанаваў Ільля Шэўчык і запрасіў сьпяваць у гурт «Рокіс». Варашкевіч вагаўся, таму хутка астатнія ўдзельнікі «Рокіс» вырашылі прыехаць да яго ў Баранавічы.
Празь некалькі месяцаў «Рокіс» з Варашкевічам ужо запісаў альбом «Народжаны тут». Па словах самога сьпевака, гэта быў вельмі ненатуральны ва ўсіх сэнсах прадукт, далей працаваць над якім ён не жадаў. Але падчас году, які Ігар жыў у Баранавічах перад выклікам у «Рокіс», ён запісваў для сябе на гітары нейкія мэлёдыі. Менавіта тады зьявіліся «Што дапаможа нам», «Камэндант», «Бяжы хлопец» ды інш. Неяк падчас рэпэтыцыяў гэтыя мэлёдыі былі прадэманстраваныя гурту й прыйшліся даспадобы.
Хутка «Рокіс» на студыі «Песьняроў» запісаў чатыры песьні: «Бяжы хлопец», «Здраднік», «За куфлем піва», «Выпі са мной да дна». Гэта была іншая музыка, таму Варашкевіч прапанаваў зьмяніць назву, што і было зроблена, нягледзячы на тое, што падабалася гэта ня ўсім. Назва «Крама» была сярод варыянтаў яшчэ падчас пошуку назову для «Бонды» напрыканцы 1984 году.
1991—1999
рэдагавацьДалей былі тры вельмі пасьпяховыя альбомы за тры гады («Хворы на Rock-n-Roll» 1993, «Гэй, там, налівай!» 1994, «Камэндант» 1995) і багата гітоў. У 1994 годзе «Крама» атрымала на радзіме «Рок-карону», а таксама была пераможцай расейскага фэстывалю «Пакаленьне» ў Маскве, у наступны год гурт шмат гастраляваў па Польшчы. Пікавымі Ігар Варашкевіч лічыць 1995—1996 гады, якія былі найбольш творчым ды рок-н-рольным часам для гурту. Апошнім яскравым момантам гэтага пэрыяду стаўся канцэрт да 5-годзьдзя гурту.
Потым пачаліся праблемы. Прадвесьнікам гэтага быў сыход адразу пасьля 5-годзьдзя бас-гітарыста Руслана Праўды. Пагоршылася атмасфэра ў гурце, пачаўся творчы заняпад. Дадавала суму асабістае жыцьцё Ігара: памёр яго дзед, потым бацька, потым бабуля, потым ён разышоўся з жонкай.
У 1999 годзе гітарыст Ільля Шэўчык сышоў з гурту дзеля таго, каб распачаць сумесны з Аляксеем Казлоўскім музычны праект «Mojo Blues» падобнай да Крамы стылістыкі, але ангельскамоўны.
Дыск «Што дапаможа нам» (1998) не выратаваў, бо гучаў так, быццам быў запісаны пад прымусам. Напрыканцы тысячагодзьдзя Варашкевіч наогул зьбіраўся скончыць сваю музычную кар’еру. «На мяне вельмі ціснула, што ўсе кпяць з нас з прычыны, што нашая музыка не мяняецца. Быццам хацелі, каб мы зайгралі хардкор, — распавядае Ігар. — Але потым я зразумеў, што мы граем традыцыйную музыку, якая, нягледзячы на нязьменнасьць нейкіх прынцыпаў, невычарпальная. Між іншым, ў яе межах можна зрабіць шмат новага, але галоўная мэта — каб новыя песьні былі шчырымі ды больш цікавымі. Дзіўна, што да гэтай прастой высновы давялося так доўга ісьці»[1]. Вынікам новага ўздыму стаў пяты альбом «Хавайся ў бульбу» (2001).
1999 — цяпер
рэдагавацьІдэя запісаць лепшыя песьні «Крамы» чакала свайго часу шмат гадоў. Асноўнай нагодай на гэта была вельмі дрэнная якасьць раньніх запісаў. У нейкі момант прыйшоў час на рэалізацыю даўняй мары. Дапамагчы зьдзейсьніць гэтую мару вызваліся музыкі гурту Apple Tea на чале зь Ігарам Сацэвічам — параілі студыю, зрабілі некаторыя аранжыроўкі ды зайгралі на шэрагу песень.
Матэрыял для дыску Варашкевіч абіраў сам. Большасьць песень на ім — зь першага альбому «Хворы на рок-н-рол» — 5 з 14. Але нягледзячы на гэта, на складанцы хапіла месца для прадстаўнікоў усіх студыйных плытак «Крамы», прычым ня толькі гітоў.
Музыкі зьявіліся на зборным канцэрце ў падтрымку выпуску сэрыі складанак «Песьні свабоды», на які сабраліся ўдзельнікі Neuro Dubel, N.R.M., Indiga, Hair Peace Salon і шэрагу іншых знакамітых беларускіх рок-калектываў, які адбыўся на плошчы Бангалор 25 жніўня 2006 году.[2]
У 2007 годзе выйшаў чарговы дыск калектыву, «Усё жыцьцё — дзіўны сон».
Узнагароды
рэдагавацьГран-пры нацыянальнага рок-фэстывалю ў Берасьці (1993, сумесна з гуртом «Вакзал»)[3]. Гурт узнагароджаны першай вялікай рок-каронай на «Рок-каранацыі’94». Атрымлівалі малыя рок-кароны ў намінацыях «За вернасьць жанру» (1995), «Традыцыі ды сучаснасьць» (1999), «Лепшы альбом» (альбом «Хавайся ў бульбу», 2001), «Блюз-рок выканаўца» (2004—2005).
Музычны стыль
рэдагаваць«Крама» ёсьць ледзь не адзіным беларускім гуртом, што пасьлядоўна прытрымліваецца ў сваёй творчасьці курсу на клясычны рок, узорам якога ёсьць пераважна ангельскія гурты кшталту Rolling Stones, Deep Purple і The Beatles.
Тэксты
рэдагавацьАбсалютная большасьць раньніх тэкстаў гурту напісаны Зьмітром Лукашуком, гіты пачынаючы з 2001 года — Настай Гулак.
Негалосная забарона
рэдагавацьПасьля выступу з нагоды дзесяцігодзьдзя ўладараньня Аляксандра Лукашэнкі стос беларускіх гуртоў трапілі пад негалосную забарону, празь якую, у прыватнасьці, ня мелі мажлівасьці ратавацца на большасьці радыёстанцыяў і атрымоўвалі адмову на спробы выступіць на большасьці канцэртавых пляцовак краіны. Так, на запыт аб прычынах недазволу канцэртаў «Крамы» аднойчы быў атрыманы адказ аб «нізкім мастацкім узроўні» творчасьці гурту[4]. Падчас гэтых падзеяў гурт меўся выступаць па-за межамі краіны ці на невялікіх і даволі прыватных імпрэзах. Праз пэўны час частка гэтых музыкаў была запрошаная да тагачаснага ідэёлага адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага, падчас гутаркі зь якім, у прыватнасьці, было атрымана абяцаньне скасаваць так званыя «чорныя сьпісы» для прысутных гуртоў[5].
Ад таго часу «Крама» сапраўды неаднойчы выступала на даволі буйных імпрэзах кшталту «Рока па вакацыях-2008» і «BelaMusic-2009», таму можна лічыць забарону сапраўды прыпыненай.
Дыскаграфія
рэдагавацьАльбомы
рэдагаваць- Хворы на Rock-n-Roll (MC, 1993);
- Vodka on Ice (CD, 1993, перавыдадзены ў 2003);
- Гэй там налівай! (MC, 1994);
- Камэндант (MC, 1995);
- Што дапаможа нам[6] (MC, 1998);
- Хавайся ў бульбу (CD, 2001);
- Усё жыцьцё — дзіўны сон (CD, 2007);
- «Белая вада(be)» (CD, 2014).
- «Зацьменны блюз» (2021)
Складанкі
рэдагаваць- Наваполацкі канцэрт — Live-1996 (2004)
- Будзь разам з намі — The Best (2005)
Самотнікі
рэдагаваць- «Enjoy the Silence» (2003)
Удзел у складанках
рэдагаваць- Песьнярок (1997)
- Вольныя танцы: слухай сваё (1999)
- Вольныя танцы: альтэрнатыва_by (2001)
- Сэрца Эўропы in rock (2001)
- Personal Depeche (2002)
- Наша музыка 1 (2003)
- Генералы айчыннага року (2004)
- Прэм'ер Тузін 2005 (2005)
- Песьні свабоды (2006)
- Чарнобыльскі вецер (2006)
- Дыхаць! (2006)
- Песьні свабоды-2 (2006)
- Не заганяйся (2007)
- Песьні свабоды-3 (2007)
- Прэм'ер Тузін 2007 (2008) — «Неба — лёс арла»
- Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New (2009) – «Słuchaj Mianie», «Stary Sabaka»
Удзельнікі
рэдагаваць- Ігар Варашкевіч: сьпеў, губны гармонік, акустычная гітара
- Андрэй Лявончык: клявішы, бэк-вакал
- Андрэй Краўцэвіч: гітара[7]
- Аляксандар Ванькевіч: бас-гітара, бэк-вакал
- Аляксандр Манецкі: бубны (з 2016)[8][9].
Былыя ўдзельнікі
рэдагаваць- Аляксандар «Газ» Газізаў: гітара, бэк-вакал
- Анатоль Горбач: бубны
- Ігар Сацэвіч: бас-гітара, бэк-вакал
- Аляксандар Сапега: бубны, бэк-вакал
- Ільля Шэўчык: гітара
- Андрэй Філатаў: бубны (2013[10])
- Сяржук Трухановіч: гітара (1993—2018[11])
- Андрэй Цераховіч: бубны (2013)[10]
Літаратура
рэдагаваць- Д.П. «КРАМА» // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — С. 142–143. — 368 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-6783-42-8
Крыніцы
рэдагаваць- ^ http://westrecords.by/artists.asp?artid=98&subid=12
- ^ СЛЭП (2006-08-31) 25 жніўня, пл. Бангалор, “Песні Свабоды” | Записи в рубрике 25 жніўня, пл. Бангалор, “Песні Свабоды” | Дзёньнік : LiveInternet - Российский Сервис Онлайн-Дневников (бел.) Праверана 2018-11-18 г.
- ^ Смірноў, А. Цудоўная сямёрка // Витебский курьер. — 1993. — № 25. — С. 4.
- ^ https://web.archive.org/web/20070912035859/http://www.belradio.fm/by/122/reports/4417/
- ^ https://web.archive.org/web/20071223183316/http://news.tut.by/98438.html
- ^ Падчас працы над альбомам апошні меў назву «Лянівыя танцы»
- ^ КРАМА - About. Facebook. Праверана 27 кастрычніка 2019 г.
- ^ Ігар Карней (12 лістапада 2016) Ігар Варашкевіч: Заўсёды ганарыўся пачуцьцём гумару, а цяпер ня сьмешна — задзяўбла стабільнасьць. Радыё Свабода.
- ^ Геннадий Шостак (24.11.2018) Вечер приятных неожиданностей (презентация макси-сингла группы КРАМА, бар "Coyote", Минск, 17.11.2018) (рас.). Наш НеФормат.
- ^ а б Ілля Маліноўскі (5 верасьня 2013) З гурта "Крама" сышоў бубнач Андрэй Філатаў. euroradio.fm.
- ^ Гітарыст Сяргей Трухановіч пакідае "Краму". euroradio.fm (14.11.2018).
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьКрама (гурт) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў