Раіса Жук-Грышкевіч
Раі́са Мікала́еўна Жук-Грышке́віч (22 кастрычніка 1919, Пружаны, Беларусь — 2 красавіка 2009, Бэры, Канада) — актыўная дзяячка беларускай эміграцыі.
Раіса Жук-Грышкевіч | |
Імя пры нараджэньні | Раіса Жукоўская |
---|---|
Дата нараджэньня | 22 кастрычніка 1919 |
Месца нараджэньня | Пружаны, Беларусь |
Дата сьмерці | 2 красавіка 2009 (89 гадоў) |
Месца сьмерці | Бэры, Канада |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | стаматоляг, грамадзкая дзяячка |
Сябра ў | Згуртаваньне беларусаў Канады, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, Задзіночанне беларускіх жанчын Канады[d], Беларускі інстытут навукі і мастацтва і Міжнародная асацыяцыя беларусістаў |
Бацька | Мікола Жукоўскі |
Маці | Надзея Маярэвіч |
Муж | Вінцэнт Жук-Грышкевіч |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзілася Раіса Жукоўская 22 кастрычніка 1919 году ў Пружане ў сям’і Міколы Жукоўскага і Надзеі Меярэвіч. Скончыла тут польскую пачатковую школу і гімназію імя Адама Міцкевіча. У 1938 годзе паступіла ў Беларускую гімназію ў Вільні. Пасьля прыходу ў Заходнюю Беларусь бальшавікоў працавала настаўніцай беларускай мовы ў Пружанах, пасьля была накіраваная ў Смаляніцу.
У 1942 годзе была вывезеная на работу ў Нямеччыну. Пасьля сканчэньня вайны трапіла ў лягер для перамешчаных асобаў брытанскай акупацыйнай зоны ў месьце Ватэнштэце[1]. Тут Раіса была сьцяжной жаночага скаўтынгу і пэўны час працавала ў лякарні. Потым выехала ў Марбург вучыцца на дантыстку.
У 1949 року зьехала ў Канаду. Паколькі эўрапейскія дыплёмы ў галіне мэдыцыны там не прызнаваліся, вымушаная была вучыцца наноў. У 1954 годзе скончыла ўнівэрсытэт у Таронта і атрымала дыплём доктара дантычнай хірургіі. Адначасна з вучобай на дантыста наведвала курсы беларусазнаўства, адкрытыя пры ўнівэрсытэце В. Жук-Грышкевічам. Працавала стаматолягам да 1990 году.
4 верасьня 1953[2] выйшла замуж за доктара Таронцкага ўнівэрсытэту Вінцука Жук-Грышкевіча, які быў тады заступнікам Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка.
Зь першых дзён жыцьця ў Канадзе стала сябрам Згуртаваньня беларусаў Канады, была сярод ягоных фундатараў. Шмат гадоў узначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, выдавала ягоны друкаваны орган «Камунікаты». У 1965—1975 гадах узначальвала Задзіночаньне беларускіх жанчын Канады, была сакратаром-скарбнікам Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе, сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Ад 1978 году сяброўка Рады БНР. Разам з мужам у 1988 годзе ў Мідлэндзе на плошчы Мучанікаў усталявалі Памятны крыж тысячагодзьдзя хрысьціянства ў Беларусі. З 1997 году — сябра Прэзыдыюму Рады БНР.
Выдала кнігі «Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (Таронта, 1993) і «Род Жукоўскіх-Меярэвічаў». У рамках Выдавецкага камітэту Згуртаваньня беларусаў Канады спрычынілася да выданьня двух падручнікаў беларускае мовы аўтарства сястры Валянціны Пашкевіч.
У ліпені 1993 была ўдзельніцай першага зьезду беларусаў сьвету ў Менску. Падчас таго прыезду ў Беларусь наведала і родныя Пружаны[3]. У 1995 прыняла ўдзел у другім Міжнародным кангрэсе беларусістаў у Менску.
Раіса Жук-Грышкевіч жыла ў мясцовасьці Бэры, дзе памерла 2 красавіка 2009 году. 4 красавіка яе пахавалі каля мужа на беларускіх могілках Нью-Брансўік у штаце Нью-Джэрзі ў ЗША.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Барыс Рагуля. Беларускае студэнцтва на чужыне. Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Праверана 23 лістапада 2011 г.
- ^ Раіса Жук-Грышкевіч (студзень 2003) Вінцэнт Жук-Грышкевіч. «Новы час». Праверана 21 чэрвеня 2009 г.
- ^ Раіса Жук-Грышкевіч (2005) На Бацькаўшчыне. Беларускі грамадзка-культурны часопіс «Czasopis». Праверана 21 чэрвеня 2009 г.
Літаратура
рэдагаваць- Здановіч І. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — С. 32—34.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьРаіса Жук-Грышкевіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Сурвіла, Івонка (9 красавіка 2009) Івонка Сурвіла памяці Раісы Жук-Грышкевіч Камэнтары. «Наша Ніва». Праверана 21 чэрвеня 2009 г.
- Алесь Дашчынскі (3 красавіка 2009) Раіса Жук-Грышкевіч Вянок памяці. Радыё «Свабода». Праверана 21 чэрвеня 2009 г.