Прыме́тнік — часьціна мовы, якая абазначае прымету прадмета і адказвае на пытаньні які? чый?

Да гэтай часьціны мовы належаць словы, якія абазначаюць:

  • якасьць прадмета (зялёны сьцяг, цёмная ноч, адважны воін, чарговая зьмена),
  • адносіны яго да іншых прадметаў
    • паводле матэрыялу — залаты гадзіньнік, драўляны ложак;
    • паводле прызначэньня — студэнцкі інтэрнат, гарадзкая плошча;
    • паводле складу ўдзельнікаў — рабочы сход, настаўніцкая канфэрэнцыя;
    • паводле месцазнаходжаньня — гарадзенскія тэатры, сельскі сход;
    • паводле часу — сьвяточны канцэрт, восеньскі вечар,
  • прыналежнасьць прадмета (братаў дзёньнік, Верына кніга, буслава гняздо).

Прыметнік звычайна паясьняе назоўнік і граматычна залежыць ад яго. Прыметнікі зьмяняюцца па родах, ліках і склонах. Роды, лікі й склоны прыметнікаў залежаць ад назоўніка: ясны дзень, ясная раніца, яснае неба, ясныя дні.

У сказе прыметнік часьцей за ўсё бывае азначэньнем: Ідзе вясна ў шумлівых водах, у звонкім срэбры ручаёў і разьлівае мяккі подых, як песьню нейкую бяз слоў. (Якуб Колас).

Прыметнік можа быць і выказьнікам або можа ўваходзіць у склад выказьніка: Ночы ўлетку прыгожыя. (В. Каваль). Неба гэтымі днямі сінела чыстае й глыбокае. (Іван Мележ).

Падзел прыметнікаў

рэдагаваць

Паводле свайго значэньня й граматычных асаблівасьцей прыметнікі падзяляюцца на тры разрады:

  • якасныя
  • адносныя
  • прыналежныя

Якасныя прыметнікі

рэдагаваць

Якасныя прыметнікі абазначаюць такія прыметы, якія могуць праяўляцца ў прадметах у большай або меншай ступені: малады хлопец, брат маладзейшы за сястру, самы малады з настаўнікаў.

Якасныя прыметнікі характарызуюцца пэўнымі граматычнымі асаблівасьцямі. Яны могуць мець:

  • ступені параўнаньня — вышэйшую (прыгожы — прыгажэйшы, больш прыгожы) і найвышэйшую (найпрыгажэйшы, самы прыгожы);
  • ужываюцца з памяншальна-ласкавымі ўстаўкамі (малы — маленькі, маленечкі, малюсенькі, малюпасенькі);
  • абазначае непаўнату якасьці (мутны — мутнаваты, бледны — бледнаваты, сіні — сіняваты);
  • спалучацца з прыслоўямі (вельмі добры, надзвычай важны).

Некаторыя якасныя прыметнікі могуць мець кароткую вымову[a]: Узяўся за гуж — не кажы што ня дуж. (Прыказка). Повен падпечак белых авечак. (Загадка).

Адносныя прыметнікі

рэдагаваць

Адносныя прыметнікі абазначаюць прыметы прадметаў паводле іх адносін да іншых прадметаў і зьяваў: каменная сьцяна (сьцяна з каменю), драўляныя лыжкі (лыжкі зь дзерава), пісьмовы стол (стол для пісьма), зарэчныя лугі (лугі за ракою), дзіцячы сьмех (сьмех дзяцей).

Пры пераносным ужываньні адносныя прыметнікі могуць набываць значэньні якасных. Параўнайце: залаты пярсьцёнак і залатая восень, каменны мост і каменнае сэрца.

Прыналежныя прыметнікі

рэдагаваць

Прыналежныя прыметнікі абазначаюць прыналежнасьць прадмета пэўнай асобе або жывой істоце: матчына радасьць, Віцеў сшытак, вавёрчына дупло. Такія прыметнікі ўтвараюцца ад асновы назоўнікаў мужчынскага роду пры дапамозе ўставак -оў, -ёў, -аў, -еў (бацькаў кажух, лесьнікоў дом, братаў сшытак, Андрэеў дзядзька) і ад асновы назоўнікаў жаночага роду пры дапамозе ўставак -ін, -ын (Надзін партфель, сестрына сукенка, ластаўчына гняздо).

Скланеньні прыметнікаў. Правапіс іх склонавых канчаткаў

рэдагаваць

Якасныя і адносныя прыметнікі скланяюцца аднолькава. Іх склонавыя канчаткі залежаць ад апошняга зычнага асновы і націску.

Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду ў адзіночным ліку ва ўсіх склонах, апрача назоўнага і вінавальнага, маюць аднолькавыя канчаткі. У родным склоне пасьля цьвердых і зацьвярдзелых зычных пішацца канчатак -ога (пад націскам) або -ага (не пад націскам), пасьля мяккіх — -яга, а ў давальным склоне адпаведна — -ому, -аму, -яму. У творным і месным склонах пасьля цьвердых і зацьвярдзелых зычных пішацца -ым, пасьля мяккіх і г, к, х — -ім.

Прыметнікі жаночага роду ў родным, давальным, творным і месным склонах маюць канчаткі -ой (пад націскам), -ай (не пад націскам пасьля цьвёрдых і зацьвярдзелыхх зычных), -яй (пасьля мяккіх зычных). У родным склоне могуць быць розныя канчаткі -ое (-ае), -яе: густое травы, вясёлае пары, раньняе вясны, а ў творным — -ою (-аю), -яю: густою травою, вясёлаю парою, раньняю вясною. Поўныя канчаткі творнага склону прыметнікаў жаночага роду трэба адрозьніваць ад сугучных зь імі канчаткаў вінавальнага склону -ую, -юю. Адрозьніць гэта дапамагае пытальны займеньнік: траву (якую?) сакавітую, летнюю; травою (якою?) сакавітую, летняю.

У множным ліку канчаткі прыметнікаў залежаць ад характару асновы:

  • пасьля цьвердых і зацьвярдзелых зычных пішацца -ыя (новыя, густыя, старыя),
  • пасьля мяккіх і г, к, х — -ія (раньнія, дарагія, блізкія, ціхія),

У родным і месным склонах пішуцца канчаткі -ых, -іх, у давальным -ым, -ім, у творным — -ымі, -імі.

Прыналежныя прыметнікі

рэдагаваць

Прыналежныя прыметнікі мужчынскага роду ў назоўным склоне адзіночнага ліку маюць ніякі канчатак[b] (бацькаў падарунак, Зосьчын твар), у вінавальным склоне іх канчатак залежыць ад адушаўлёнасьці — неадушаўлёнасьці назоўніка (бачу бацькаў падарунак, але бацькавага брата; Зосьчын твар, але Зосьчынага сына). Прыналежныя прыметнікі ніякага роду ў назоўным склоне адзіночнага ліку маюць канчатак (пад націскам), (не пад націскам): даччыно паліто, дзедава пісьмо; у жаночым родзе — (матчына песьня, Андрэева радасьць). Такія ж канчаткі маюць прыметнікі ў вінавальным склоне: прачытаў даччыно пісьмо, апрануў дзедава паліто (ніякі род), слухаў матчыну песьню, падзяляю Андрэеву радасьць (жаночы род).

Ва ўсіх іншых склонах прыналежныя прыметнікі маюць канчаткі, ўласьцівыя якасным і адносным прыметнікам: бацькавага падарунка, бацькаваму падарунку, бацькавым падарункам, у бацькавым падарунку; матчынай песьні, матчынаю песьняю і г. д.

Правапіс некаторых уставак прыметнікаў

рэдагаваць

Прыметнікі могуць утварацца:

  • ад назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў і іншых часьцін мовы (вёска — вясковы, крыніца — крынічны, мэтал — мэталічны, жах — жахлівы, пазнаваць — пазнавальны, працаваць — працоўны),
  • для ўтварэньня ацэнкі (стары — старэнькі; вялікі — вялізны, велізарны; шырокі — шырачэзны; высокі — высачэнны).

Устаўкі ацэнкі -еньк-, -эньк-, -аньк- пішуцца зь мяккім знакам: маладзенькі, старэнькі, прыгожанькі. Мяккі знак пішацца таксама перад устаўкаю -ск- у прыметніках утвораных ад назваў месяцаў і пор году на -нь: студзеньскі, ліпеньскі, жнівеньскі, чэрвеньскі, восеньскі. У іншых прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -нь, мяккі знак ня пішацца: конскі, Любанскі, Астраханскі, Смаргонскі.

У прыметніках, утвораных ад назоўнікаў, аснова каторых канчаецца на н, а ад назоўнікаў на -мя, пішацца 'нн: лімон — лімонны, камень — каменны, глыбіня — глыбінны, семя — семянны (але: полымя — палымяны). Два знакі н пішуцца й ва ўстаўцы -енн- (-энн-): абедзенны, вогненны, страшэнны. Прыметнікі з устаўкаю -ан- (-ян-), -ін- (-ын-) пішуцца з адным н: бляшаны, драўляны, духмяны, дзяціны, птушыны, пчаліны.

У прыметніках, утвораных пры дапамозе ўстаўкі -ск- ад назоўнікаў, аснова якіх канчаецца на с, пішацца адзін знак с (адбываецца зьліцьцё зычных): беларус — беларускі, Кузбас — кузбаскі. Зьліцьцё с з папярэднім зычным адбываецца і тады, калі аснова назоўніка канчаецца на ц, т, ч, к (у такім выпадку пішацца ц): Камянец — камянецкі, рыбак — рыбацкі, брат — брацкі, ткач — ткацкі, Самойлавічы — самойлавіцкі. У прыметніках утвораных ад земскіх назваў з асновай г, х, з, ж, ш пішацца ўстаўка -ск-: арэнбурскі, казаская, француская, нясьвіскі, добрускі і г. д. З устаўкаю -зк- пішуцца прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў з асновай на д: швэдзкая, гарадзкі, пэрсыдзкая, людзкі.

У прыналежных прыметніках і прозьвішчах, утвораных ад назоўнікаў мужчынскага роду зь мяккай асновай, пішацца ўстаўка -еў (-ев-): Пецеў сьцізорык, Сяргеевы канькі; Васільеў Іван Андрэевіч, Афанасьеў Мікалай Антонавіч.

  1. ^ або Форму
  2. ^ Або нулявы канчатак