Полацкае паходжаньне літоўскіх князёў

Полацкае паходжаньне літоўскіх князёў — адна з гіпотэзаў паходжаньня вялікіх князёў літоўскіх. Паводле яе, Міндоўг і пазьнейшыя Гедзімінавічы паходзілі з роду Рагвалодавічаў (Ізяславічаў Полацкіх).

Гіпотэза грунтуецца на наступным паведамленьні Васкрасенскага летапісу (сярэдзіна XVI ст.)[1][a]:

  Въ лето 6637. Пріиде на Полотцкіе князи на Рогволодовичи князь великій Мьстиславъ Володимировичь Манамашь, и Полтескъ взялъ, а Рогволодовичи забежали въ Царьградъ. Литва въ ту пору дань даяше княземхъ Полотцкымъ, а владома своими гедманы: а городы Литовьскіе тогда, иже суть ныне за кралемъ, обладаны князьми Кіевьскими, иные Черниговьскими, иные Смоленьскими, иные Полотцкими. И оттоле Вильня приложися дань даяти королю Угорьскому за страхованіе великого князя Мьстислава Володимеровича, и Вильняне взяша собе изъ Царяграда князя Полотцкого Ростислава Рогволодовича детей, Давила кнзя да брата его Мовколда князя, и той на Вильне пръвый князь Давилъ, братъ Мовколдовъ болшой; а дети его: Видъ, его же люди волкомъ звали, да Ердень князь. А Ерденевъ сынъ крестился, былъ ввладыко во Тфери, которой на Петра на чюдотворца волненіе учинилъ, звали его Андреем, писалъ на чюдотворца лживые словеса. А у Мовколда князя сынъ Миндовгъ…  

Такім парадкам, паводле Васкрасенскага летапісу, існавала Віленскае княства — удзел Полацкай зямлі, а яго князем быў Расьціслаў Рагвалодавіч. Па 1129 годзе, калі полацкіх Рагвалодавічаў, у тым ліку і Расьціслава, выслалі зь семʼямі ў Бізантыю, жыхары Вільні запрасілі сабе на княжаньне зь Бізантыі сыноў Расьціслава — Маўкольда і Давіла. Маўкольд, паводле летапісу, бацька Міндоўга, а Давіл — бацька Віда і, такім спосабам, продак усіх Гедзімінавічаў. Па сьмерці Міндоўга і Войшалка, то бок згасаньня роду Маўкольда, род Давіла пераняў уладу ў Літве.

Зь іншага боку, на падставе візуальнага падабенства частка гісторыкаў выводзіць герб Гедзімінавічаў Калюмны ад знакаў Рурыкавічаў, так званых «трызубцаў»[3]. Відаць, сьпярша Калюмны былі гербавым знакам Полацкага княства, разам з далучэньнем якога яны перайшлі да Вялікага Княства Літоўскага[4][5].

Апроч таго, Рагвалодавічы атаясамліваюцца зь ліцьвінамі ў літоўскім (беларускім) перакладзе пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага: «…бо Феафіл Полацак узяў <…> па Васілю Рагвалодзе [унуку Ўсяслава Полацкага], каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[6][7]. А ў выдадзеных у 1780 годзе пры Імпэратарскай акадэміі навук «Тапаграфічных заўвагаў» да падарожжа маскоўскай гаспадыні Кацярыны II у «Беларускія намесьніцтвы» зазначалася, што Полацак «заставаўся Літоўскай сталіцай да пабудовы Гедзімінам места Вільні»[8].

Гісторык Мікола Ермаловіч, абапіраючыся на тое, што ліцьвіны (літва) часта бралі ўдзел у выправах полацкіх князёў, лічыў, што літва знаходзілася ў васальнай залежнасьці ад Полацку. Ён прызнаваў сапраўднасць зьвестак з Васкрасенскага летапісу, сьцьвярджаючы, што з 1170-х гадоў (ад князя Расьціслава) можна гаварыць пра існаваньне Віленскага ўдзелу ў Полацкім княстве[9].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ У маскоўскім зборніку рукапісны кніг XVII стагодзьдзя месьціцца наступны выпіс («Выписано из летописца вкратце московских князей и бояр и приезжих князей и бояр и розных государств и дворян и детей боярских и приезжих и московских родов»): «В лето 6839-го после Батыева пленения первые великие князи литовские, князь великий Гедимон от полоцких князей»[2]
  1. ^ ПСРЛ. Т. 7. — СПб., 1856. С. 164—165.
  2. ^ Тысячная книга 1550 г. и Дворцовая тетрадь 50-х годов XVI в. — М.-Л., 1950. С. 45.
  3. ^ Вяроўкін-Шэлюта У. «Калюмны» // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 38.
  4. ^ Вяроўкін-Шэлюта У. «Калюмны» // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 21.
  5. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 42.
  6. ^ ГСБМ. Вып. 17. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 66.
  7. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14, 37.
  8. ^ Топографические примечании на знатнейшие места путешествия Её Императорского Величества в Белорусские наместничества. — СПб., 1780. С. 48.
  9. ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Менск, 2000. С. 135—136.

Літаратура

рэдагаваць
  • Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Менск: Беллітфонд, 2000. — 435 с. : іл. ISBN 985-6576-08-3.
  • Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. — Менск: «Бацькаўшчына». 1994. — 92 с.