Ніжні замак (Вільня)

рэзыдэнцыя вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх у складзе комплексу віленскіх замкаў
(Перанакіравана з «Палац вялікіх князёў літоўскіх»)
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палац вялікіх князёў літоўскіх
лет. Lietuvos valdovų rūmai
Дольны замак па аднаўленьні
Дольны замак па аднаўленьні
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°41′09″ пн. ш. 25°17′21″ у. д. / 54.68583° пн. ш. 25.28917° у. д. / 54.68583; 25.28917Каардынаты: 54°41′09″ пн. ш. 25°17′21″ у. д. / 54.68583° пн. ш. 25.28917° у. д. / 54.68583; 25.28917
Архітэктурны стыль Адраджэньне
Аўтар праекту Барталямэа Бэрэччы[d]
Статус Ахоўная зона
Сайт valdovurumai.lt (лет.)
Палац вялікіх князёў літоўскіх на мапе Летувы
Палац вялікіх князёў літоўскіх
Палац вялікіх князёў літоўскіх
Палац вялікіх князёў літоўскіх
Палац вялікіх князёў літоўскіх на Вікісховішчы

Ніжні або Дольны замак, таксама Віленскі палац вялікіх князёў — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XVII стагодзьдзяў у Вільні, рэзыдэнцыя гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага ў другой чвэрці XVI — сярэдзіне XVII ст. Знаходзіцца ў Старым Месьце каля Катэдры, на Катэдральным пляцы[a]. Твор архітэктуры позьняй готыкі, рэнэсансу і раньняга барока. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Уваходзіць у комплекс віленскіх замкаў. Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай улады Расейскай імпэрыі загадалі зьнішчыць палац гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага, у 2009 годзе скончылася яго адбудова. Тут разьмясьціўся Нацыянальны музэй Палац вялікіх князёў літоўскіх.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Мураваны Дольны замак у Вільні збудавалі за часамі вялікага князя Аляксандра ў позьнегатычным стылі[1]. Аднак няма гістарычна дакладных зьвестак пра тое, што ў XIV—XV стагодзьдзях тут была рэзыдэнцыя вялікіх князёў. Тым часам у другой палове XIV — пачатку XV ст. 3-павярховы княскі палац збудавалі ў Верхнім замку, раней жа рэзыдэнцыйныя функцыі, магчыма, выконваў мураваны будынак, збудаваны на мяжы XIII і XIV стагодзьдзяў каля заходняй падэшвы Замкавай гары.

 
Жыгімонт Стары
 
Віленскія замкі, з мапы 1581 г.

Вялікі князь Жыгімонт Стары загадаў рэканструяваць Дольны замак у рэзыдэнцыю вялікіх князёў у рэнэсансным стылі, будаўнічыя працы даручылі архітэктарам Барталамеа Берэці, Бэрнарзіна Дзанобі дэ Дж'яноцісу і Бэнэдыкту з Сандаміру. Усходні і паўднёвы флігелі палаца скончылі ўжо ў 1520—1530-я гады[2]. У час пажару 1530 году, які зьнішчыў значную частку места, палац ацалеў.

 
Віленскія замкі з боку Замкавай вуліцы, 1796 г.
 
Жыгімонт Аўгуст

За часамі Жыгімонта Аўгуста ў 1544 годзе збудавалі новае крыло Дольнага замка, якое сталі называць Новым палацам. Будаўнічымі працамі кіраваў Джавані Чыні пры ўдзеле Джамарыі Москі і Філіпа Барталамеа да Ф'есоле. У 1544—1548 гадох Жыгімонт Аўгуст жыў у палацы, ён заснаваў тут вялікую бібліятэку і багатую калекцыю твораў мастацтва. 4 кастрычніка 1562 году тут адбылося вясельле сястры вялікага князя Кацярыны Ягелонкі і швэдзкага прынца герцага фінлядзкага Яна, а таксама рыцарскі турнір у двары палаца з нагоды ўрачыстасьці. Пазьней тут спыняліся і жылі каралі і вялікія князі Стэфан Баторы, Жыгімонт Ваза, Уладзіслаў Ваза[3].

У 1610 годзе замак згарэў[4], але неўзабаве яго аднавілі ў стылі маньерызму з выкарыстаньнем шматкаляровага мармуру і пясковіку. У 1624 годзе замак перабудавалі пад кіраўніцтвам Кастантэ Тэнкалы ў стылі раньняга барока. У 1634 годзе тут адбыліся першыя ў Вялікім Княстве Літоўскім опэрныя спэктаклі.

За часамі вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1655—1661 гадоў маскоўскія войскі значна пашкодзілі замак, па чым ён ужо ня мог выконваць функцыі каралеўскай рэзыдэнцыі. Каля 100 гадоў будынак прастаяў без рамонту. У 1766 годзе згодна з пастановай Сойму Рэчы Паспалітай памяшканьні замка здалі ў арэнду і тут пасялілся 25 радзінаў, якія зрабілі рамонт сваім коштам.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Віленскія замкі ў час руйнаваньня расейскімі ўладамі

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1799 годзе расейскі губэрнатар Іван Фрызель загадаў прадаць замак купцу з Крамянчуку, які разабраў яго ў 1800—1801 гадох. Атрыманую цэглу выкарысталі пры будаваньні дамоў. Захавалася толькі частка ўсходняга крыла, якую набыў і перабудаваў пад жылы дом жыдоўскі купец Абрам Шлосбэрг.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў на месцы замка збудавалі расейскую цытадэль (яе роў глыбінёй 2,4 мэтра перасёк тэрыторыю замка[5]).

Найноўшы час

рэдагаваць
 
Адбудова замка

У 1955—1964 гадох тэрыторыю замка дасьледавалі археолягі, але яго сыстэматычнае вывучэньня ў 1987 годзе Інстытутам кансэрвацыі помнікаў, з 1988 году дасьледаваньні працягнуў Інстытут гісторыі Летувы. У 1989 годзе выяўленыя археолягамі рэшкі замка накрылі дахам з шклаплясту і зрабілі даступнымі для наведнікаў.

У 2001 годзе Летувіскі Сойм пастанавіў аднавіць замак у якасьці рэзыдэнцыі прэзыдэнта. Будаўнічыя працы пачаліся ў 2002 годзе, а 17 сакавіка 2004 году, прэм’ер-міністар Альгірдас Бразаўскас і мэр Вільні Артурас Зуокас урачыста заклалі першы камень у яго падмурак. 6 ліпеня 2009 году адбылося сымбалічнае адкрыцьцё замку ў час сьвяткаваньня тысячагодзьдзя першага гістарычнага ўпаміну пра Літву. Кошт рэканструкцыі, які пачаткова ацэньваўся крыху большым за 100 мільёнаў літаў, у выніку перавысіў 176 мільёнаў. Адбудова замка крытыкуецца праз тое, што наяўных гістарычных і іканаграфічных зьвестак бракавала дзеля навукова абгрунтаванага аднаўленьня.

Архітэктура

рэдагаваць

Помнік архітэктуры позьняй готыкі, рэнэсану і раньняга барока, прыклад італьянскага palazzo нерэгулярнага тыпу. На захадзе замак далучаўся да Катэдры, на ўсходзе — пачынаўся сад.

У пэрыяд росквіту меў у пляне форму няправільнага пяцікутніка, велічныя 3-павярховыя ўсходняе і паўднёвае крылы выходзілі аркадным кружганкам ва ўнутраны двор памерамі 50 на 50 мэтраў. Усе будынкі завяршаліся рэнэсансным атыкам. Па аднаўленьні інтэр’ер ўсходняга крыла атрымаў гатычнае афармленьне, паўднёвага крыла — рэнэсанснае, а паўднёва-заходняга — у стылі раньняга барока.

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Афіцыйны адрас — Katedros a. 3
  1. ^ Fischinger A. Pałac króla Aleksandra na Wawelu // Rocznik Krakowski. Nr. 56, 1990. S. 79—93.
  2. ^ Torbus T. Die Untere Burg zu Wilna (Vilnius) und ihre moglichen vorbilder // Castella Maris Baltici. Nr. 6. — Wilnius, 2003. S. 201—210.
  3. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 419.
  4. ^ Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juljusza Kłosa Prof. Uniwersytetu St. Batorego. — Wilno, 1937. S. 21.
  5. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 420.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць