Мацей Сулькевіч
Маце́й Сульке́віч (па-польску: Maciej Sulkiewicz, па-азэрбайджанску: Süleyman bəy Sulkeviç, таксама вядомы як Магамэт Сулейманавіч Сулькевіч, Сулейман Сулькевіч і Мамэд бэк Сулькевіч, 20 ліпеня 1865, маёнтак Кемейшы, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер вёска Кемейшы, Вярэнаўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 15 ліпеня 1920, Баку, Азэрбайджанская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) — расейскі і азэрбайджанскі вайсковец, крымскататарскі дзеяч, генэрал-лейтэнант[1].
Мацей (Магамэт) Сулькевіч Мацей Аляксандравіч Сулькевіч | |
20 ліпеня 1865 — 15 ліпеня 1920 | |
Месца нараджэньня | маёнтак Кемейшы, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер в. Кемейшы, Вярэнаўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь |
---|---|
Месца сьмерці | Баку, АССР |
Прыналежнасьць | Расейская імпэрыя, Расейская рэспубліка, Крымская Народная Рэспубліка, Азэрбайджанская Дэмакратычная Рэспубліка |
Род войскаў | пяхота |
Гады службы | 1883—1920 |
Званьне | генэрал-лейтэнант |
Камандаваў | Модлінскі 57-й пяхотны полк, 33-я пяхотная дывізія, 37-й армейскі корпус, 1-й Мусульманскі корпус |
Бітвы/войны | Расейска-японская вайна Першая сусьветная вайна Вайна за незалежнасьць Азэрбайджана |
Узнагароды | Ордэн Сьвятога Станіслава 1 ступені, Ордэн Сьвятога Станіслава 3 ступені, Ордэн Сьвятога Ўладзімера 2 ступені, Ордэн Сьвятога Ўладзімера 3 ступені, Ордэн Сьвятога Ўладзімера 4 ступені, Ордэн Сьвятой Ганны 2 ступені, Залатая зброя «За адвагу» |
Юнацтва
рэдагавацьМацей Сулькевіч нарадзіўся ў сям’і нашчадкавых шляхцічаў Віленскай губэрні, паводле нацыянальнасьці — беларускі татарын. Ягоны бацька, Аляксандар Сулькевіч, даслужыўся да чыну падпалкоўніка ў гусарскім палку[2][3].
Будучы нашчадкам татарскіх арыстакратычных сем’яў Вялікага Княства Літоўскага, Мацей Сулькевіч прысьвяціў сваё жыцьцё ваеннай кар’еры. Атрымаўшы агульную адукацыю ў Міхайлаўскім кадэцкім корпусе ў Варонежы, паступіў у Міхайлаўскую ваенную вучэльню у Пецярбургу.
Па заканчэньні вучэльні па першым разрадзе падпаручнік Сулькевіч быў накіраваны ў 6-ю артылерыйскую брыгаду. З 3 кастрычніка 1889 году паручнік Сулькевіч — слухач Мікалаеўскай акадэміі генэральнага штабу. У ліпені 1894 году за выдатныя посьпехі ў навуках у акадэміі яму быў нададзены чын штабс-капітана.
Служба ў расейскім войску
рэдагаваць20 ліпеня 1894 году Мацей Сулькевіч атрымаў званьне капітана. Прадпісаньнем камандуючага войскамі Адэскай ваеннай акругі № 5084 быў накіраваны ў штаб 7-го армейскага корпусу. У 1899 годзе атрымаў Ордэн Сьвятога Станіслава. У тым жа годзе становіцца падпалкоўнікам. У 1902 годзе Мацей Сулькевіч выдаў у Адэсе на свае сродкі кнігу «Дасьледаваньне паходжаньня й цяперашняе становішча літоўскіх татараў» польскага ўсходазнаўца, прафэсара Пецярбурскага ўнівэрсытэту Антона Мухлінскага (1808—1877).
У 1903 годзе быў прызначаны начальнікам штабу 15-й пяхотнай дывізіі. 6 сьнежня 1903 году Сулькевіч атрымаў званьне палкоўніка. Падчас расейска-японскай вайны служыў у 8-м армейскім корпусе. Быў удзельнікам Мукдэнскай бітвы. У чэрвені 1905 прызначаны камандзірам 57-го пяхотнага Модлінскага палку. Быў узнагароджаны ордэнам Сьвятой Ганны 2-й ступені зь мячамі, ордэнам Сьвятога Ўладзімера 4-й ступені зь мячамі й бантам. 20 траўня 1907 году ўзнагароджаны залатой зброяй з надпісам «За адвагу»[4].
Увосень 1910 году Мацей Сулькевіч становіцца генэрал-маёрам. Празь некаторы час прызначаны генэрал-кватэрмайстарам штабу Іркуцкай ваеннай акругі. Быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Ўладзімера 2-й і 3-яй ступеняў. У 1915 годзе быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Станіслава 1-й ступені. 26 красавіка 1916 году Мацею Сулькевічу было нададзенае званьне генэрал-лейтэнанта. У кастрычніку 1917 году афіцэр Генэральнага Штабу генэрал-лейтэнант Сулькевіч быў вылучаны на пост камандзіра 1-га Мусульманскага корпусу, які плянаваў сфармаваць Часовы ўрад.
Крымскі краявы ўрад
рэдагавацьУ 1918 годзе Мацей Сулькевіч прыехаў у Крым, дзе 25 чэрвеня 1918 году стаў прэм’ер-міністрам, міністрам унутраных і вайсковых справаў першага Крымскага краявога ўраду[5].
Мацей Сулькевіч прызначыў Асана Сабры Айвазава (1878—1938) амбасадарам Крыму ў Асманскай імпэрыі й наладзіў сувязі з мусульманскімі краінамі, утворанымі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі. Вядомы ў Крыме як Сулейман-паша. Імкнуўся склікаць Крымскі курултай (устаноўчы збор), які б абвясьціў стварэньне крымскататарскай дзяржавы[1].
Пасьля сыходу з Крыму нямецкіх акупацыйных войскаў урад Сулькевіча 15 лістапада 1918 году перадаў уладу другому Крымскаму краявому ўраду на чале з Саламонам Крымам[6].
Служба ў Азэрбайджане
рэдагавацьУ сьнежні 1918 году Мацей Сулькевіч прыбыў у Азэрбайджан, дзе быў вядомы як Мамэд-бэк. Камандаваў 1-м Мусульманскім корпусам[7]. 26 сакавіка 1919 году загадам № 147 па вайсковым ведамстве генэрал-лейтэнант Сулькевіч быў прызначаны начальнікам Генэральнага штабу ўзброеных сіл Азэрбайджану[8]. Мар’ям, жонка Мацея Сулькевіча, працавала ў школе для дзяўчын Гаджы Тагіева й была актыўным чальцом Дабрачыннай арганізацыі бакінскіх мусульманак. Мацей Сулькевіч згуляў вялікую ролю ў стварэньні ваеннага зьвязу паміж Грузіяй і АДР.
Расстрэл
рэдагавацьУ траўні 1920 году Мацей Сулькевіч быў арыштаваны ВЧК. Апошнія дні перад расстрэлам ён правёў у Баілаўскай турме. 15 ліпеня Сулькевіч быў расстраляны за «контрарэвалюцыйную дзейнасьць». Мамэд Эмін Расулзадзэ успамінае ў сваёй кнізе:
…Чалавек, які сядзеў разам зь ім, Мэхмэдам Алі бэкам, казаў: «Генэралу загадалі ісьці за чэкістамі. Мы зразумелі, што надышоў яго час сьмерці. Мы не адважваліся паглядзець яму ў вочы, не маглі знайсьці патрэбных словаў. Генэрал Сулькевіч апярэдзіў нас, сказаўшы, ціхім, але ўпэўненым голасам, словы, якія я ніколі не забуду: „Шчасьлівы, што паміраю салдатам мусульманскага войска. Бывайце!“» | ||
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б МАРАКОЎ Л. Сулькевіч Мацей Аляксандравіч
- ^ Залесский К. А. Кто был кто в Первой мировой войне. — М.: АСТ, 2003. — С. 576
- ^ Сулькевич М. А.
- ^ Исмаилов Э. Э. Золотое оружие с надписью «За храбрость». Списки кавалеров. 1788—1913. — М., 2007, с. 390
- ^ Александр Пученков «Независимый Крым в 1918 году»
- ^ ХРОНОС — всемирная история в Интернете. Крымское краевое правительство.
- ^ НАЗИРЛИ Ш. Служение Отечеству //Зеркало.аз.(недаступная спасылка)
- ^ Азербайджанская Демократическая Республика (1918—1920). Армия. (Документы и материалы). Баку, 1998, с.86.
Літаратура
рэдагаваць- Залесский К. А. Кто был кто в ПМВ.
- Назирли Шамистан — Расстрелянные генералы Азербайджана. Güllələnmiş Azərbaycan Generalları — 2-е изд. — М. Баку. — 2006 г. — 655 стр.
- ХРОНОС — всемирная история в Интернете. Сулькевич Матвей Александрович.
- «1K»: Новости Украины и Крыма N 75: Литовский татарин, который хотел примирить всех
- Гасырлар авазы — Эхо веков. Научно-документальный журнал. Российский генэрал Сулейман Сулькевич
- Крым в XX веке. «Без победителей». К 75-летию окончания Гражданской войны.
- Республиканский комитет по охране культурного насьледия Автономной Республики Крым. Под командой Сулькевича и Шнейдера(недаступная спасылка)
- Неизьвестные страницы из жизни генэрал-лейтенанта М. Сулькевича
- КРЫМСКОЕ КРАЕВОЕ ПРАВИТЕЛЬСТВО ГЕНЕРАЛА М. А. СУЛЬКЕВИЧА
- Сулькевич Масей (Мухаммед бек) — генэрал-лейтенант, начальник Генштаба Национальной Армии АДР
- Биография по материалам журнала «Татарстан»(недаступная спасылка)