Марэ́ля[1][2], таксама абрыко́с[3] (па-лацінску: Prunus armeniaca) — пладовае дрэва з роду сьліва сямейства ружавых.

Марэля
Плады марэлі
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
КлясаДвудольныя
АтрадРужакветныя
СямействаРужавыя
ПадсямействаСьлівовыя
РодСьліва
ПадродPrunus
СэкцыяArmeniaca
ВідМарэля
Бінамінальная намэнклятура
Prunus armeniaca
Арэал
Культывацыя ў сьвеце

Батанічнае апісаньне

рэдагаваць
 
Марэля. Батанічнае аздабленьне першага тому журнала Джона Ліндлі Pomological Magazine
 
Плод расьліны
 
Курага
 
Георг Флегель. Галіна марэлі (Дармштат)

Дрэва вышынёй да 8 мэтраў.
Лісьце яйкападобнае або эліптычнае, дробназубчастае.
Кветкі белыя ці ружовыя, распускаюцца раней за лісьце.
Плод — мясістая касьцянка жаўтавата-чырвонага колеру, мае добрыя смакавыя якасьці.
Костка тоўстая, гладкая.

Хімічны склад

рэдагаваць

Плады ўтрымліваюць цукар, арганічныя кіслоты, карацін, вітамін С.

Культывацыя

рэдагаваць

Марэля была вядомая ў Армэніі з даўніх часоў і культывавалася там так доўга, што большасьць навукоўцаў лічаць Армэнію радзімай гэтай расьліны[4]. Менавіта навуковая назва Prunus armeniaca паходзіць з гэткіх высноў. Падчас археалягічных раскопак у мястэчку Гарні ў Армэніі было знойдзена насеньне марэлі, якое па часу адносіцца да пэрыяду меднага стагодзьдзя[5]. Аднак, паводле цэнтру разнастайнасьці Вавілава, першая культывацыя марэлі пачалася ў Кітаі, па іншым крыніцам — у Індыі каля 3 000 гадоў да н.ч.[6]

На Беларусі марэля звычайная культывуецца аматарамі. Вядомая зь сярэдзіны ХІХ ст., завезеная ў паўднёвыя рэгіёны (на Берасьцейшчыну й Гомельшчыну) з Украіны. Адчувальная да вясновых замаразкаў, ва ўмовах Беларусі пладаносіць 6-7 разоў на 10 гадоў, жыве 20-25, максымум да 40 гадоў. Пачынае пладаносіць на 4-5-ы год. Плады высьпяваюць у ліпені-жніўні. Выведзеныя пэрспэктыўныя гібрыды прыдатныя для культывацыі на поўдні й паўднёвым захадзе Беларусі.

Выкарыстаньне

рэдагаваць

Плады марэляў ужываюцца як у сьвежым, так і ў сушаным выглядзе: урук — сушаныя цэлыя плады з косткаю, кайса — цэлыя плады бяз косткі, курага — плод марэлі бяз косткі, падзелены напалову. Хворым цукровым дыябэтам варта абмяжоўваць ужываньне марэляў з-за высокага ўтрыманьня ў іх цукру.

З марэляў падрыхтоўваюць сьпіртны напой — марэлевую гарэлку, марэлевы сок падвяргаецца закісаньню й потым перагонцы.

Насеньне (косткі) ўжываюцца ў ежу падобна мігдалам, а пры адцісканьні зь іх атрымліваюць малако (па-француску: Huille de marmotte). Насеньне таксама выкарыстоўваецца для вытворчасьці тлустага алею, які ўжываецца ў мэдыцыне ў якасьці растваральніку.

Зь перапаленых костачак марэлі робіцца туш.

У кітайскай нацыянальнай мэдыцыне насеньне марэлі ўжываюцца ў якасьці заспакаяльнага сродку пры кашлі, ікаўцы. У Кітаі прымаюць насеньне марэлі ў спалучэньні зь іншымі лекавымі расьлінамі пры бранхіце, трахеіце, лярынгіце, кохліку.

Нацёкі з натуральных расколін марэлевых дрэваў засыхаюць на паветры, утвараючы так званую марэлевую камедзь. Здробненая ў парашок (белага ці жоўтага колеру) марэлевая камедзь выкарыстоўваецца ў мэдыцыне як паўнавартасны заменьнік гуміарабіку. Па эмульгуючай здольнасьці, устойлівасьці прыгатаваных на ёй алейных эмульсій і грузкасьці яна пераўзыходзіць гуміарабік. Ужываюць марэлевую камедзь часам як ахінальнае.

Драўніна марэлевага дрэва выкарыстоўваецца народамі Каўказа для вырабу музычных прыладаў, такіх як дудук, шві, зурна.

  1. ^ Абрикос // Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік / Укладальнік: Вацлаў Ластоўскі. — Коўна: Міністэрства Беларускіх Спраў у Літве, 1924.
  2. ^ Абрикос // Кароткі расейска-беларускі фармакалагічны слоўнік / Уклад. С. Прыхожы, А. Стасевіч, А. Юркін, А. Сітнік, І. Каваленка. — Менск: Тэхналогія, 1995.
  3. ^ Абрикос // Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928.
  4. ^ VII сымпозіюм ISHS па ўдакладненьню культывацыі марэляў (анг.)
  5. ^ B. Arakelyan, Excavations at Garni, 1949-50 in Contributions to the Archaeology of Armenia, (Henry Field, ed.), Cambridge, 1968, page 29.
  6. ^ Huxley, A., ed. (1992). New RHS Dictionary of Gardening 1: 203—205. Macmillan ISBN 0-333-47494-5.