Маньчжурская мова

мова Паўночна-Ўсходняга Кітаю

Маньчжу́рская мова (саманазва: ᠮᠠᠨᠵᡠ ᡤᡳᠰᡠᠨ, трансьл. manǯu gisun) — мова тунгуса-маньчжурскае галіны алтайскае моўнае сям’і, на якой размаўляюць у паўночна-ўсходнім Кітаі (правінцыя Хэйлунцьзян). Першапачаткова — мова тунгуса-маньчжурскага народу маньчжураў, які дыспэрсна жыве на паўночным усходзе Кітаю. На цяперашні момант колькасьць маньчжураў складае прыкладна 10 млн чал., аднак на маньчжурскай мове размаўляе менш за 70 чалавек (без уліку носьбітаў сібінскае мовы, якая можа лічыцца дыялектам маньчжурскае мовы), што зьвязана з гістарычна працяглай і трывалай кітаізацыяй маньчжураў, пры якой яны захавалі нацыянальную ідэнтычнасьць, але страцілі мову. Дыялектам маньчжурскае мовы можа лічыцца сібінская мова, на якой размаўляе прыкладна 40 тыс. чал., аднак яе носьбіты жывуць у іншай частцы Кітаю (заходняя частка СУАР) і маюць этнічныя адрозьненьні ад маньчжураў[2].

Маньчжурская мова
ᠮᠠᠨᠵᡠ ᡤᡳᠰᡠᠨ
Ужываецца ў Кітаі
Рэгіён правінцыя Хэйлунцьзян
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Алтайская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Дапаможная мова ў
Статус: 8б амаль вымерлая[d][1]
Пісьмо Manchu alphabet[d] і старамангольскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-2(Б) mnc
ISO 639-2(Т) mnc
ISO 639-3 mnc
Гэты артыкул зьмяшчае тэкст з выкарыстаньнем старамангольскай пісьмовасьці.
Без падтрымкі дадзенага віду пісьмовасьці замест ейных знакаў на вашай прыладзе адлюстроўвацьмуцца пытальнікі, квадраты або іншыя сымбалі.

У марфалягічным дачыненьні адносіцца да аглютынацыйных моваў, з фанэтычнага пункту гледжаньня дэманструе абмежаваную гармонію галосных.

Паходзіць ад чжурчжэньскае мовы, якая фактычна зьяўляецца храналягічным этапам разьвіцьця маньчжурскае мовы (зьмена назвы зьвязаная з успрыняцьцем сярэднявечнымі чжурчжэнямі этноніму маньчжуры). Мае запазычаньні мангольскага ды кітайскага паходжаньня. Пісьмовасьць мовы запазычаная ад старамангольскай і запісваецца зьверху ўніз з разьмяшчэньнем вэртыкальных радкоў зьлева направа.

Маньчжурская мова ня мае катэгорыі роду ў адрозьненьне ад індаэўрапейскіх моваў (напрыклад, беларускай), аднак некаторыя словы з плоцевымі паказчыкамі адрозьніваюцца паводле адпаведнасьці галоснага a аднаго слова галоснаму e ў іншых словах: напрыклад, ama («бацька») — eme («маці»).

Пісьмовасьць

рэдагаваць

З 1599 году была ўведзеная пісьмовасьць на аснове старамангольскае пісьмовасьці, у 1632 годзе яна была рэфармаваная згодна з асаблівасьцямі маньчжурскае мовы. Для словаў маньчжурскае мовы існуе лацінізацыя, распрацаваная нямецкім лінгвістам Паўлем Георгам фон Мэлендофрам падчас апісаньня ім маньчжурскае граматыкі.

Продкі маньчжураў, чжурчжэні, выкарыстоўвалі асобную пісьмовасьць, што паходзіць праз кіданьскую пісьмовасьць ад кітайскіх герогліфаў, з-за чаго між сучаснай маньчжурскай пісьмовасьцю і пісьмовасьцю чжурчжэняў не існуе ніякай сувязі.

Для трансьлітарацыі маньчжурскае мовы таксама могуць выкарыстоўвацца элемэнты кітайскае пісьмовасьці[3]. Пры гэтым варыянце трансьлітарацыі ўсе маньчжурскія галосныя, а таксама склады, што пачынаюцца з зычнага, пазначаюцца адным сымбалем; у выпадку, калі склад сканчваецца на гукі r, k, s, t, p, I, m, выкарыстоўваюцца асаблівыя двайныя спалучэньні з прычыны адсутнасьці ў кітайскай мове падобных складоў. Нягледзячы на альфабэтны характар маньчжурскае пісьмовасьці, раней маньчжуры вывучалі асобныя склады маньчжурскае мовы, што тлумачылася пісьмовым кітайскім уплывам.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Паўночна-ўсходні Кітай. Чырвоным — правінцыі Хэйлунцьзян, Цьзілін, Ляанін. Ружовым — частка аўтаномнага раёну Ўнутраная Манголія.
 
Стэла часоў імпэратара Кансі на маньчжурскай мове з кітайскім перакладам.

Гістарычна маньчжурская мова, апрача народнага ўжытку, зьяўлялася галоўнай мовай імпэратарскага двару дынастыі Цын, аднак зь цягам часу маньчжурскія чыноўнікі сталі ўспрымаць кітайскую культуру як культуру большасьці насельніцтва імпэрыі Цын, з-за чаго пачаўся працэс заняпаду мовы. Спрабуючы захаваць маньчжурскую ідэнтычнасьць, цынскі ўрад увёў моўныя курсы і экзамэны для вайскоўцаў, прапаноўваючы разнастайныя ўзнагароды для тых, хто атрымліваў посьпехі пры вывучэньні мовы. Так, ужо пяты маньчжурскі імпэратар Юнчжэн выказваў думку, што ў выпадку адсутнасьці заахвочваньня вывучэньня мовы, маньчжурская мова ня будзе перадавацца наступным пакаленьням[4]. Тым ня менш, серад цынскіх вайскоўцаў выкарыстаньне мовы стала значна скарачацца ўжо ў XVIII ст. Гістарычна задакумэнтавана, што ў 1776 годзе імпэратар Цяньлун быў вельмі ўзрушаны чыноўнікам Гуаэрмінам, які, нягледзячы на сваё паходжаньне з маньчжурскіх тэрыторыяў, не разумеў маньчжурскага маўленьня імпэратара[5]. На пэрыяд ХІХ ст. вольнае валоданьне мовай страцілі чыноўнікі пры імпэратарскім двары. Так, імпэратар Цьзяцын, які кіраваў з 1796 па 1820 гады, скардзіўся, што яго чыноўнікі ня могуць чытаць і пісаць па-маньчжурску[4]. Архівы атраду Хулань, што на поўначы правінцыі Хэйлунцьзян, паказвалі, што толькі 1% яго чальцоў маглі чытаць па-маньчжурску, ня больш за 0,2% маглі размаўляць на мове[4].

Тым ня менш, у 19061907 гадох цынскія адукацыйныя і вайсковыя чыноўнікі настойвалі на патрэбе вывучэньня ў школах маньчжурскае мовы і працягваньня вусных экзамэнаў па мове серад чыноўнікаў, якія ацэньвалі ўменьні жаўнераў[6], а афіцыйныя дакумэнты пэрыяду пачатку існаваньня дынастыі публікаваліся выключна па-маньчжурску[7]. Выкарыстаньне маньчжурскае мовы адзначаецца і ў другой палове ХІХ ст., калі на ёй аддаваліся каманды ў войску[4].

У сучасных архівах захоўваецца значная колькасьць маньчжурамоўных афіцыйных дакумэнтаў, маньчжурскія надпісы дагэтуль захоўваюцца ўнутры Забароненага гораду, што ў Пэкіне.

Замежныя дасьледаваньні

рэдагаваць

Шэраг эўрапейскіх дасьледчыкаў XVIII ст., сутыкнуўшыся зь цяжкасьцямі ў разуменьні кітайскае пісьмовасьці, зьвярнулі ўвагу на маньчжурскія пераклады кітайскіх дакумэнтаў і літаратурных твораў як альтэрнатыву для іх разуменьня. Серад іх адзначаюцца, у прыватнасьці, францускія дасьледчыкі Жазэф-Ан-Мары дэ Майрыяк дэ Мая і Жан Жазэф Мары Аніё[8].

У пачатку XVIII ст., пасьля заснаваньня расейскае духоўнае місіі ў Пэкіне, маньчжурскую мову пачалі дасьледаваць расейцы[9]. Прыкладам, Іларыёнам Расохінам быў выдадзены пераклад працы «Гісторыя ў пяці частках пра заваёву кітайскім ханам Канхіем калкаскага й элецкага народу, які качуе ў Вялікай Тартарыі», а таксама быў перакладзены шэраг прававых дакумэнтаў і маньчжурска-кітайскі слоўнік. Напрыканцы 1830- гадоў Георгіем Розавым было перакладзенае апісаньне гісторыі маньчжурскае дынастыі Цьзінь[10]. З XVIII ст. у Іркуцку існавала школа па навучаньні перакладчыкаў з маньчжурскае мовы[10].

У 1844 годзе адным з эўрапейскіх аўтараў было заўважана, што транскрыпцыя кітайскіх словаў маньчжурскай пісьмовасьцю, якую можна было адшукаць у кітайска-маньчжурскіх слоўніках, была больш пасьлядоўнай і правільнай за супярэчлівыя раманізацыі, якія ў тыя часы выкарыстоўваліся ў ангельскіх або францускіх кнігах[8].

Сучасная сытуацыя

рэдагаваць

На цяперашні момант застаецца вельмі невялікая колькасьць носьбітаў маньчжурскае мовы, тэрыторыя гістарычнае Маньчжурыі зьяўляецца поўнасьцю кітаізаванай. Паводле стану на 2007 год, у вёсцы Санцьзяцьзі павету Фуюй правінцыі Хэйлунцьзян пражывае васямнаццаць носьбітаў мовы пажылога ўзросту[11]. Партал Ethnologue падае лічбу ў 20 чалавек паводле стану на гэты ж год, спасылаючыся на (Bradley 2007)[12]. Некалькі носьбітаў мовы таксама пражываюць у сяле Даўцьзя раёну Айхуэй акругі Хэйхэ правінцыі Хэйлунцьзян.

Даволі стабільным застаецца становішча сібінскай мовы, распаўсюджанай у Ілі-Казаскай аўтаномнай акрузе Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну і на якой размаўляюць сібо — група маньчжураў, адпраўленая на гэтыя тэрыторыі ў 1764 годзе ў якасьці чальцоў вайсковага гарнізону. Сучасная сібінская мова даволі блізкая да маньчжурскай, хоць між імі і маюцца некаторыя адрозьненьні ў пісьмовасьці і вымаўленьні. Мова выкладаецца ў мясцовых навучальных установах, існуюць тэлеперадачы па-сібінску, на мове выходзіць газэта Чапчал сэркін. У Ілі-Казаскай аўтаномнай акрузе Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну існуе Чапчал-Сібінскі аўтаномны павет.

За апошнім часам органы ўлады правінцыяў Ляанін, Цьзілін і Хэйлунцьзян, якія месьцяцца на тэрыторыі гістарычнае Маньчжурыі, арганізуюць дапамогу па выкладаньні маньчжурскае мовы ў школах[13][14][15]. Існуе вывучэньне мовы ў вышэйшых навучальных установах, а таксама ў некаторых прыватных школах[16].

Ва ўсходнім Кітаі існуюць групы энтузіястаў, якія спрабуюць адрадзіць мову з дапамогаю наяўных слоўнікаў і падручнікаў і нават візытаў у Чапчальскі павет[16]. Зьяўляюцца маньчжурскія добраахвотнікі, якія пачынаюць выкладаць мову з мэтай яе адраджэньня[17][18][19][20], а таксама людзі, якія зноў вывучылі мову дзякуючы прынятым захадам[21][22].

Лінгвістычная характарыстыка

рэдагаваць

Дыялекты

рэдагаваць

Існавала два асноўных дыялекты — паўночны ды паўднёвы, літаратурная мова заснаваная на паўднёвым. Зь іншых маньчжурскіх дыялектаў таксама адзначаліся паўночна-ўсходні (на паўночным усходзе Кітаю) і сібінскі, які ня мае значных адрозьненьняў ад літаратурнае мовы

Граматыка

рэдагаваць
  • Сынтаксіс:

Галоўныя члены сказу ў маньчжурскай мове заўсёды цягнуцца да канцу сказу, праз што структура сказу ў маньчжурскай мове будуецца паводле схемы SOV (дзейнік-дапаўненьне-выказьнік). Маньчжурскі сынтаксіс мае падабенствы з сынтаксісамі карэйскай ды японскай, што зьяўляецца адным з аргумэнтаў на карысьць існаваньня алтайскае моўнае сям’і.

  • Склон:

У маньчжурскай мове існуе шэсьць склонаў, пры гэтым адзін зь іх існуе толькі ў клясычнай форме мовы. Склоны маркіруюцца часьціцай, якай можа запісвацца як з назоўнікам, для якога выкарыстоўваецца склон, так і асобна ад яго. Часьціцы не падпарадкоўваюцца гармоніі галосных.

    • Назоўны — не пазначаецца канчаткам;
    • Вінавальны — пазначаецца канчаткам -be;
    • Родна-творны — пазначаецца канчаткам -i або, у выпадку заканчэньня слова на -ng, ягоным аляморфам -ni. Выкарыстоўваецца для ўказаньня валоданьня або ўказаньня сродка ажыцьцяўленьня якой-небудзь апэрацыі (напр., abka-i cira — «асоба імпэратара», wang-ni moo — «дрэва караля»);
    • Давальна-мясцовы — пазначаецца канчаткам -de. Выкарыстоўваецца для ўказаньня месцазнаходжаньня, часу, месца або ўскоснага дапаўненьня. У сучаснай размоўнай сібінскай мове выкарыстоўваецца толькі як пазначэньне мясцовага склону;
    • Аблятыў (сыходны, адкладальны) — выкарыстоўваецца для ўказаньня паходжаньня якога-небудзь дзеяньня або як аснова для параўнаньня. Пазначаецца канчаткам -ci, прычым гэты канчатак у сібінскай мове выкарыстоўваецца для давальнага склону;
    • Пралятыў — зрэдку выкарыстоўваецца ў клясычнай маньчжурскай для ўказаньня паходжаньня таго ці іншага дзеяньня. Пазначаецца канчаткам -deri, якая ў сібінскай мове мае функцыю пазначэньня аблятыву.

Фанэтыка

рэдагаваць
  • Зычныя:

У гукавым ладзе маньчжурскае мовы адзначаецца 20 зычных гукаў. Іх ужываньне мае некаторыя асаблівасьці.

Зычны /p/ сустракаецца рэдка, узьнікаючы ў асноўным у запазычаньнях або гукаперайманьнях. У старажытных формах мовы таксама існавала спалучэньне /ps/, якое зь цягам часу спрасьцілася да зычнага /f/. Гук /ŋ/ сустракаецца толькі ў запазычаньнях з кітайскае мовы і гукаперайманьнях. Для гэтага гуку ў маньчжурскай пісьмовасьці не існуе асобнага сымбаля, з прычыны чаго ён пазначаецца спалучэньнем сымбаляў для [n] і [k]. Палятальны насавы [ɲ] пазначаецца спалучэньнем сымбаляў для [n] і [i] і часта разглядаецца як фанэматычная пасьлядоўнасьць /n/ ды /j/. У тунгуса-маньчжурскім гістарычным мовазнаўстве існуе меркаваньне пра даўні гістарычны характар гэтага гуку.

У раньнім пэрыядзе разьвіцьця мовы супрацьпастаўленьне звонкіх b, d, g, j і глухіх p, t, k, c засноўвалася на прыдыханьні або напружанасьці, што асаблівым чынам апісвалася ў раньніх апісаньнях мовы носьбітамі моваў Эўропы.

/s/ у маньчжурскай мове серад большасьці носьбітаў набывае афрыкатнае вымаўленьне і рэалізуецца як [ts].

Маньчжурскія зычныя:

Лябіяльныя Зубныя Палятальныя Вэлярныя
Насавыя m n ɲ ŋ
Выбухныя глухія p t k
звонкія b d ɡ
Фрыкатывы f s ʃ x
Ратычныя r
Апраксыманты l j w
  • Галосныя:

Сыстэма галосных у маньчжурскай мове мае шэраг вызначаных асаблівасьцяў.

Так, толькі два галосныя гукі, [i] ды [u] могуць зьяўляцца побач зь любым іншым галосным або галоснымі гукамі. Галосны пярэдняга шэрагу [e] (таксама можа рэалізоўвацца як /ɤ/) ня можа ўзьнікаць у словах з галоснымі задняга шэрагу [o], [a]. Галосны, які транскрыбуецца як [ū], у некаторых выпадках зьяўляецца побач з галосным пярэдняга шэрагу [e], аднак вымаўленьне гэтага галоснага падвяргаецца дыскусіям. Эрых Гаўэр, нямецкі сыноляг і маньчжурыст, мяркуе, што гэты галосны рэалізуецца як агублены галосны пярэдняга шэрагу ў пачатку словаў і як неагублены галосны задняга шэрагу ў сярэдзіне[23]. Ўільям Осьцін лічыць, што гэты галосны зьяўляецца агубленым галосным сярэдняга ўздыму[24]. У сібінскай мове гэты гук рэалізоўваецца як [u].

Маньчжурскія галосныя:

нэўтральныя пярэдняга
шэрагу
задняга
шэрагу
i o
u ʊ (ū)
e a
  • У запазычаньнях:

Для маньчжурскае мовы характэрнае ўспрыманьне значнае колькасьці гукаў кітайскае мовы, якія засвоіліся разам з запазычаньнямі з гэтае мовы, у адрозьненьне ад іншых моваў, якія пры запазычаньні словаў звычайна прыстасоўваюць гукі іншае мовы пад свой гукавы лад (як, напрыклад, у беларускай). Маньчжурская пісьмовасьць мае асаблівыя сымбалі для адлюстраваньня падобных запазычаных гукаў з запазычанае лексыкі. Серад падобных сымбаляў — знак для пазначэньня неагубленага галоснага высокага ўздыму (звычайна трансьлітаруецца як y) у такіх словах як sy («будысцкі храм») і SycuwanСычуань»). Маюцца знакі для асаблівых кітайскіх афрыкатаў у запазычаньнях накшталт dzengse («апэльсін», ад кітайскага chéngzi) і tsunцаля», ад кітайскага cùn).

  • Гармонія галосных:

Зьява існаваньня ў маньчжурскай мове гармоніі галосных мае традыцыю тлумачэньня ў межах кітайскае філязофскае традыцыі. Склады з галоснымі гукамі пярэдняга шэрагу атаясамліваліся з інь, у той час як склады з галоснымі задняга шэрагу зьвязваліся зь ян. Гэты сымбалізм узьнікнуў з прычыны асаблівасьці адрозьніваньня мужчынскіх і жаночых назоўнікаў у маньчжурскай мове, у якой жаночыя назоўнікі звычайна зьмяшчаюць толькі галосныя пярэдняга шэрагу, мужчынскія назоўнікі — задняга. Такім чынам, у мове існуе шэраг словаў, плоць якіх адрозьніваецца толькі зьменай адных галосных іншымі: hehe — «жанчына», haha — «мужчына»; eme — «маці», ama — «бацька» і г. д.

У папулярнай культуры

рэдагаваць

Маньчжурская мова гучыць у карэйскім фільме «Вайна стрэлаў», на якой у фільме размаўлялі героі актораў Ру Сун-рона і Мон Хэ-вон. Таксама мова сустракаецца ў кітайскім фільме «Лятаючыя мячы драконавай брамы», дзе маньчжурская мова згадваецца як тартарская.

У рамане The Way We Live Now ангельскага пісьменьніка Энтані Тролапа апісваецца сцэна, у якой кітайскі імпэратар, які ўдзельнічае ва ўрачыстым абедзе з нагоды кітайскага імпэратара ў Лёндане, вымушаны есьці моўчкі праз адсутнасьць маньчжурска-ангельскага перакладчыка.

  1. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Ma, Yin. Die nationalen Minderheiten in China. — Beijing: Verlag für fremdsprachige Literatur, 1990. — С. 250. — ISBN 7-119-00010-1
  3. ^ Wm. H. Allen & Company. The Asiatic Journal and Monthly Miscellany. — 1837 Т. 23. — С. 197.
  4. ^ а б в г Edward J. M. Rhoads. Manchus & Han: Ethnic Relations and Political Power in Late Qing and Early Republican China, 1861–1928. — University of Washington Press,, 2000. — С. 52-54. — ISBN 0-295-98040-0
  5. ^ Yu Hsiao-jung. Manchu Rule over China and the Attriion of the Manchu Language.
  6. ^ Rhoads (2000), ст. 95.
  7. ^ David Lague (17 сакавіка 2007) Manchu Language Lives Mostly in Archives (анг.) The New York Times Праверана 28 сьнежня 2013 г.
  8. ^ а б Elijah Coleman Bridgman, Samuel Wells Willaims. The Chinese Repository. — 1844 Т. 13.
  9. ^ Liliya M. Gorelova. Manchu Grammar. — Leiden: Brill, 2002. — ISBN 90-04-12307-5
  10. ^ а б Российская академия наук, сибирское отделение. История золотой империи. — Новосибирск: 1998. — ISBN 5-7803-0037-2
  11. ^ David Lague (18 сакавіка 2007) Chinese Village Struggles to Save Dying Language (анг.) The New York Times Праверана 28 сьнежня 2013 г.
  12. ^ Manchu | Ethnologue
  13. ^ https://archive.is/20130102104216/http://www.ln.chinanews.com/html/2012-03-20/457675.html
  14. ^ http://www.chinanews.com/edu/2011/10-29/3423577.shtml
  15. ^ http://edu.sina.com.cn/zxx/2012-03-22/1435332134.shtml
  16. ^ а б Ian Johnson. In China, the Forgotten Manchu Seek to Rekindle Their Glory (анг.) The Wall Street Journal Праверана 28 сьнежня 2013 г.
  17. ^ https://web.archive.org/web/20160304061247/http://www.mzb.com.cn/zgmzb/html/2011-07/29/content_78793.htm
  18. ^ https://archive.is/20130125220202/http://big5.ifeng.com/gate/big5/news.ifeng.com/gundong/detail_2011_12/12/11251077_0.shtml
  19. ^ https://web.archive.org/web/20130513190300/http://i.syd.com.cn/content/2011-12/05/content_25882720.htm
  20. ^ https://web.archive.org/web/20130513105009/http://bjwb.bjd.com.cn/html/2012-03/03/node_17.htm
  21. ^ https://web.archive.org/web/20131228235225/http://liaoning.nen.com.cn/liaoning/178/3607178.shtml
  22. ^ https://web.archive.org/web/20130513094153/http://bjwb.bjd.com.cn/html/2012-03/03/content_55839.htm
  23. ^ Li (2000), ст. 17.
  24. ^ Austin, William M. Indiana University Publications, Vol. 13 // The Phonemics and Morphophonemese of Manchu / Nicholas Poppe. — American Studies in Altaic Linguistics. — Bloomington IN. — Т. Uralic and Altaic Series. — С. 17.

Літаратура

рэдагаваць
  • Gorelova, Liliya M. 2002. Manchu Grammar. Brill Academic Publishers ISBN 90-04-12307-5
  • Haenisch, Erich. 1961. Mandschu-Grammatik. Leipzig: Veb Verlag Enzyklopädie
  • Li, Gertraude Roth. 2000. Manchu: A Textbook for Reading Documents. University of Hawai’i Press, Honolulu, ISBN 0-8248-2206-4
  • Möllendorff, Paul Georg von. 1892. A Manchu Grammar: With Analysed Texts. Shanghai.
  • Norman, Jerry. 1974. «Structure of Sibe Morphology»"", Central Asian Journal.
  • Norman, Jerry. 1978. A Concise Manchu-English Lexicon, University of Washington Press, Seattle.
  • Norman, Jerry. 2013. A Comprehensive Manchu-English Dictionary, Harvard University Press (Asia Center), Cambridge ISBN 9780674072138.
  • Ramsey, S. Robert. 1987. The Languages of China. Princeton University Press, Princeton New Jersey ISBN 0-691-06694-9
  • Tulisow, Jerzy. 2000. Język mandżurski, Języki Azjii i Afryki, Dialog, Warszawa, 192 ст. ISBN 83-88238-53-1

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць